Архіпелаг Беларусь
Шрифт:
— Тэкст варты, каб над ім задумацца, але не толькі ў тых аспектах, што нам прапанаваў Аляксандр Салжаніцын. І найбольш нецікавы з іх той, што вынікае з яго сённяшняга перакладу на беларускую мову, а менавіта: актуальны ці неактуальны ён для беларускай цяпершчыны? Відавочна, сёння на Беларусі казань «Жыць без ілжы» амаль гэтаксама актуальная, як і для савецкага чалавека ў пару «брэжнеўскага застою». Бо перад кожным з беларусаў зноў паўстала праблема: гаварыць ці не гаварыць праўду, маўчаць ці не маўчаць. Ці хаця б маўчаць няпраўду… Але мяне гэтая прамова турбуе зусім іншым.
Аляксандр Салжаніцын спадзяваўся, што калі адзін, два, а потым і ў мностве людзі пачнуць жыць не «по лжи», гэта значыць, калі не змогуць гаварыць праўду, то хаця б будуць асцерагацца гаварыць няпраўду, каб не ўдзельнічаць у татальнай хлусні, арганізаванай уладамі, дык гэтым свет адразу пераменіцца да лепшага.
Прамінулі
Аляксандр Салжаніцын піша: калі мы не можам выйсці на плошчу, калі мы не маем права вольна выбіраць сабе кіраўніцтва, дык давайце хаця б не будзем з гэтага самі сабе хлусіць. Гэта значыць, ён быў упэўнены, што з магчымасці вольнага выбару кіраўніцтва і публічна праўдзівага слова мы адразу здабудзем вартае чалавека жыццё.
Не здабылі. І плошчы для мітынгаў адкрытыя, і праўдзіваму слову хапае месца ў публічнай прасторы, і на выбарах каго хочаш выбірай (усё роўна выбярэш «Пуціна»), а праўды як не было раней, гэтаксама няма і цяпер.
Чаму так? Не ведаю. Можа рэч у тым, што праўда існуе дзеля змагання за жыццё, а не для ўласна жыцця.
Сяргей Дубавец: Дарэчы, у беларускай літаратурнай класіцы нічога падобнага на гэты тэкст няма. І тут зноў Салжаніцын вядзе нас да вывучэння ў саміх сабе той расійскай саборнасці, таго ўсеагульнага яднання людзей у духоўным ачышчэнні, якога беларусы ніколі не ведалі ані ў сваёй літаратуры, ані ў сваёй гісторыі…
І яшчэ. Перачытваючы гэты дысідэнцкі тэкст савецкай пары, я раптам зразумеў, чаму сёння ён стаў хрэстаматыйным у выданнях РПЦ. Бо гаворка ў ім не пра што іншае, як пра выратаванне душы.
— Аднак пры гэтым тэкст Аляксандра Салжаніцына страшэнна заідэлагізаваны. Яго рыгарыстыка палохае: калі ты жывеш не па праўдзе, калі ты, крый Божа, выступіў на камуністычным сходзе, валок транспарант на майскай дэманстрацыі ці зрабіўся сябрам партыі альбо хаця б камсамолу — значыць да канца свету гарэць табе ў «салжаніцынаўскім» пекле. Але ж гэткі самы радыкальны падыход да чалавека культывавалі і інквізіцыя, і бальшавікі, і ўвогуле ўсе таталітарныя ідэалогіі.
Калі этычны імператыў дапасоўваецца не да самога сябе, а да некага іншага, ён з этычнага адразу ператвараецца ў ідэалагічны. Калі б Аляксандр Салжаніцын гэты зварот напісаў як уласны этычны кодэкс (маўляў: усё, з 12 лютага 1974 года я буду жыць адно паводле праўды) — тады б меўся высокі маральны чын. Аднак тут мы маем нешта цалкам супрацьлеглае, а менавіта жорстка сфармуляванае патрабаванне да іншых: хопіць хлусіць! Гэта значыць ён патрабуе ад усіх астатніх, каб яны разумелі жыццё і паводзілі сябе ў жыцці адпаведна яго, Аляксандра Салжаніцына, крытэрыяў. Што, далікатна кажучы, і ёсць праявай адвечнай таталітарнай сутвы расійскага чалавека, на якой толькі і мог ўскаласіцца спрэс рэпрэсіўны бальшавізм.
Будзем карэктнымі, сам Аляксандр Салжаніцын абраны ім маральны фармат сцвердзіў усім сваім жыццём. Але той не абы-які грамадзянскі і літаратурны талент, што ён атрымаў ад уласнага кону не ёсць шараговай падзеяй і таму сфармаваны гэтым талентам кодэкс паводзінаў не можа быць ні натуральнай мерай, ні актуальнай задачай шараговага чалавека. Шчыра кажучы, асабіста для мяне рэпрэсіўная ідэалогія тэксту «Жыць без ілжы» патэнцыйна выглядае ці не больш страшнай за камуністычную.
І апошняе… Чалавек зрабіўся чалавекам перадусім таму, што раўнуючы з астатнімі жывымі відамі меў неверагодна магутны «ген» адаптацыі. І калі б чалавек у сваёй асноўнай масе не мог прыстасоўвацца да самых неспрыяльных і проста такі ганебных абставінаў, то як від, а тым болей як проста такі фантастычная цывілізацыя, ніколі не паўстаў бы. Таму кожная этычная максіма, якая патрабуе, каб людзі насуперак свайму адаптацыйнаму імператыву выступалі супраць паноўных канстантаў знадворкавага свету, выдае на правакацыю. І дзякаваць Богу, што
нават у эру дамінавання этычных дактрынаў (хрысціянства) чалавек у сваім цэлым не паддаўся на гэтую правакацыю. Бо тады ад нас ужо пэўна не засталося б і знаку.Павел Савоська: Ці можна ўпэўнена сказаць, што Беларусь мае сусветна вядомага пісьменніка? Ці, магчыма, яго няма? Ва ўсякім разе, на жаль, лаўрэатам Нобелеўскай прэміі ніхто не стаў…
— Не можа быць сусветна вядомага пісьменніка ў краіне, якую мала хто ў свеце ведае. Калі ўся краіна з працай і творчасцю дзесяцімільённага народа ніяк не можа прыдбаць сабе пазнавальнае імя, то як можна спадзявацца, што гэта зробіць адзін чалавек? Дарэчы, сусветна знакамітых пісьменнікаў не так ужо і шмат, асабліва калі параўноўваць з колькасцю моваў. Ды і ўвогуле, сёння кожнае з’яўленне на літаратурным небасхіле новай «сусветнай зоркі» залежыць ад столькіх суб’ектыўных фактараў, што даволі праблематычна вызначаць у гэтай справе нейкія аб’ектыўныя крытэрыі. Скажам, я ўпэўнены, што калі б Кузьма Чорны, з тымі яго набыткамі, што мы маем, здзяйсняў сябе ў французскай літаратуры, дык, напэўна, быў бы сярод нобелеўскіх лаўрэатаў. Трохі перабольшваючы заўважу, што ў Францыі таго часу ці не кожны больш-менш адметны пісьменнік атрымліваў прэмію Нобеля.
«Архэ»: Чаму Васілю Быкаву не далі Нобелеўскай прэміі?
— Дзіўная рэч, у калізіі «Быкаў — Нобель», якая разгортвалася цягам колькіх там гадоў, я ні разу не чуў пытання: «А з чаго гэта Васілю Быкаву мусяць даць Нобелеўскую прэмію?» Здаецца, не толькі ў адэптаў пісьменніка, але і ў ягоных антаганістаў ніколі не было асаблівага сумневу, што ён варты такога статусу (менавіта так, бо Нобелеўская прэмія ўжо даўно не ўзнагарода, а вяршыннае месца ў іерархіі сучасных элітаў). Таму кожны год, пасля чарговага ўручэння «Нобеля» не-Быкаву, усчыналіся дыскусіі: маўляў, з якіх такіх інтрыгаў нашага чалавека зноў «пракінулі»? Бо нават калі не звяртаць увагі на a priori зададзеную сакральнасць «феномена Быкава», то для ўганаравання хапала і проста фармальных падставаў: агульны наклад кніжак перасягнуў тры мільёны (а яшчэ да выхаду кніжак усе апавяданні і аповесці не ў адзін мільён былі паасобку надрукаваныя ў газетах ды часопісах), ягоная проза перакладалася на паўсотню моваў свету, а ў колькіх краінах друкавалася — дык і ўвогуле як падлічыць? Не забудземся і на тое, што гэта не займальная белетрыстыка, а, так бы мовіць, «высокая літаратура», да таго ж псіхалагічна «цяжкая» ў чытве, і таму кожны экземпляр тут мусіць быць падвышаны на парадак адносна камерцыйных чытанак.
Версіяў тых прычынаў, з якіх Нобелеўскі камітэт (з яго шматлікімі экспертамі) упарта не зважаў на Быкава, было болей чым даволі. Тут і «камуністычнае» мінулае пісьменніка, і ягоны «нацыяналізм», і слабое «лобі», і малая знанасць у свеце беларускай літаратуры, як і самой Беларусі… Але ўсе пералічаныя (і ў мностве не пералічаныя) версіі — гэта ўсяго толькі вольная гульня інтэрпрэтацыяў на полі праблемы, параметраў якой ніхто не ведае (натуральна, акрамя тых, хто ведае). Вось чаму апошнім часам кожны новы «лаўрэат» для літаратурнай грамадскасці гэтаксама нечаканы (і непрадказальны), як адкрыццё Амерыкі (выключэннем — у сэнсе «чаканасці» — быў хіба толькі Гюнтэр Грас).
У праблеме Нобелеўскай прэміі старонняму чалавеку зразумела пакуль адно — цяпер узнагарода залежыць не столькі ад творчасці як эстэтычнай дзейнасці таго ці іншага літаратара, колькі ад шматлікіх ускосных прычынаў, часам зусім і не звязаных з творцам і ягоным творывам. І гэта цалкам слушна. За стагоддзе свайго існавання прэмія Нобеля набрыняла такім значэннем і ўвабралася ў такі статус, што было б марнатраўствам аддаваць увесь назапашаны капітал аднаму асобнаму чалавеку (з чалавека хопіць і грашовых адсоткаў гэтага капіталу). Адсюль толькі фармальна «Нобелем» узнагароджваюць некага персанальна, а насамрэч гэта прэмія кантыненту, рэгіёну, краіне, чорным, жоўтым, мусульманам, гэбраям, дысідэнтам, сексуальным мяншыням…
З гэтага вынікае, што праблему «Быкаў — Нобель» будзе лагічна перафармуляваць на праблему «Беларусь — Нобель» і, адпаведна, задацца пытаннем, чаму Беларусі не далі Нобелеўскай прэміі? А як толькі мы гэтак запытаемся, дык атрымаем два варыянты адказу.
Першы: не далі таму, што і не мелі намеру даваць. Вунь колькі ў чарзе стаіць, дзе ж на ўсіх «нобеляў» набярэшся?
Другі: не далі таму, што некаму гэтага вельмі моцна не хацелася.
Абвінавачвайце мяне як і ў чым заўгодна: у непавазе да «прэзумпцыі невінаватасці», логіка-спекулятыўным валюнтарызме, дэманізацыі анты-беларускіх сілаў (і г. д. і да т. п.), але я схіляюся да другога варыянта.