Ціша
Шрифт:
Госць
Звычайна пад канец мая, калі ў Мінску ставала гарачыня, і душа і цела звыкла пачыналі бунтаваць («а час ляціць, а людзі на курортах, дачах, на прыродзе, а я… і г. д.»), адзін малады чалавек, па прозвішчы, скажам, Азіевіч, кідаў усё і хоць на пару дзянькоў вырываўся на Палессе, да былога сябра-аднакурсніка, які працаваў там настаўнікам у вёсцы. Паблізу вёскі было вялікае рыбнае возера.
У першы свой прыезд Азіевіч, як і сябар цяпер, быў звычайным настаўнікам, у другі — журналістам, а ў гэты, трэці —
Азіевічу падабалася гэтая вёсачка, уся ў садах, ваколіцы, падабалася наязджаць вось так, знянацку, падабалася, што сябар з жонкаю бегаюць вакол яго, не ведаючы дзе пасадзіць і чым дагадзіць, падабалася, калі аставаліся адны, жартам заляцацца да непрыгожай сябравай жонкі Лены, якая, хоць і вучылася некалі разам з Азіевічам у інстытуце ў адной групе, цяпер чамусьці пачала зваць яго на «вы» і не скідала яго рукі са свайго пляча, баючыся пакрыўдзіць.
Як толькі Азіевіч выйшаў з «Ікаруса» і ўбачыў знаёмыя хаткі у квецені сіняга і белага бэзу, як толькі ўдыхнуў у сябе пах веснавой нагрэтай зямлі, маладой травы, пачуў, як шчабеча нейкая птушка, як конь паўз плот каля агарода, пазвоньваючы цуглямі, скубе траву — так адразу стала лёгка і здорава! I яму, чалавеку гарадскому, захацелася хутчэй забыцца, скінуць з ног чаравікі, сцягнуць змакрэлыя ў душным аўтобусе шкарпэткі і прайсці басанож, пасядзець, паляжаць на траве, хоць на міг адчуць сябе звычайным вясковым дзядзькам, як вунь той, што сядзіць пад плотам і курыць…
Была якраз субота, выхадны. Настаўнік з жонкаю, як і заўсёды, узрадаваліся нечаканаму госцю, кінуліся збіраць на стол, і Азіевіч, седзячы на канапе ў прахалоднай верандзе, чуў, як яны там у хаце радзяцца, што найперш падаваць. Настаўнік гучным шэптам выгаворваў жонцы, каб зараз жа прыбрала са стала «гэтыя яйкі!», а паставіла «першае», потым паляндвічку, хрэн і не забылася на бярозавы квас — запіваць гарэлку.
Азіевіч адпачываў і лена думаў, што і на гэты раз у яго знаёмцаў перамен асаблівых няма, як жылі, так і жывуць. Адно хіба — настаўнік чамусьці адгадаваў бародку і стаў падобны на маладога рэвалюцыянера-марксіста, а яго непрыгожая Лена хадзіла цяжарная і ўжо неяк няёмка было жартаўліва да яе заляцацца. Урэшце яго запрасілі ў хату, прычым настаўнік з жонкаю селі толькі тады, калі Азіевіч сеў. Гаворкі дужа не вялі, падзакусілі добра — госць асабліва пахваліў боршч з маладога шчаўя; потым зморанага з дарогі, разамлелага ад трох добрых чарак самагонкі Азіевіча настаўнік правёў у кутні чысты пакойчык, прычыніў акно — каб камароў не наляцела, і госць улёгся ў мяккі ложак на свежыя, скрыпучыя ад крухмалу прасціны.
Спаў ён моцна, без сноў, і доўга, аж да вечара. Але прачнуўся ргптоўна — здалося, на яго нехта глядііць. Так і ёсць: малюсенькая беленькая дзяўчынка, як лялька, дачка гаспадароў, стаіць у дзвярах, прыціснулася да вушака і пазірае сінімі вочкамі. Азіевіч хацеў паклікаць яе, пагладзіць па галаве і сказаць штосьці ласкавае, але не змог успомніць, як яе завуць. Ён працягнуў руку, дзяўчынка спалохана крутнулася і ўцякла. «Пажыву тут з тыдзень, — падумаў Азіевіч, — адпачну па-людску… Хай ляснецца той горад».
Паўз дзверы, якія дзяўчынка пакінула расчыненымі, ціха прадыбаў настаўнік. Ён быў ужо ў рыбацкім адзенні. Азіевічу згадалася возера, камарыны звон, пранізлівае цёхканне салаўёў, ад якіх вушы закладвала, гразь, пот,
ды і ганялі там, возера было рыбхознае, наат курыць даводзілася ў рукаў, не кажучы, каб раскласці вогнішча ды зварыць юшкі… «Паспею яшчэ і на возера!»Ён заявіў настаўніку, што нешта не хочацца сёння нікуды ісці.
— А не хочацца, дык і не пойдзем, — адразу згадзіўся настаўнік і пайшоў пераапранацца.
Пад вечар зноў селі за сабраны па-новаму стол у меншай хаце. Настаўнік наліў сабе і госцю гарэлкі, жонцы і беленькай дачцэ-ляльцы — кампоту ў чаркі. Азіевіч агледзеў стол і пацёр рукі.
— За што я вас люблю, дык гэта за закусь! — сказаў ён, кладучы на хлеб дольку ружовай паляндвіцы і прынюхваючыся. — Я такую толькі аднойчы еў, у Мінску, у рэстаране «Сосны». А зрэшты, і гарэлка неблагая ў вас!
Лена заірдэелася. Азіевіч падняў руку з чаркаю і ўжо раскрыў губы, рыхтуючыся ўліць у рот пахвалены напой, як раптам настаўнік зрабіў усім знак замерці:
— Ціха! — і прыслухаўся. Азіевіч, якому было бліжэй, расхінуў фіранкі. Усе паглядзелі ў акно, у прыцемкі. Здалёк аднекуль данёсся грукат цягніка.
— «Кішынёў — Адэса», — прамовіў настаўнік і выпіў.
— «Адэса»! — перадражніла жонка, крутнуўшы каля скроні пальцам.
— Слухай, трэці раз прыязджаю і трэці раз зразумець не магу — нашто табе гэта? — спытаў Азіевіч, хрумстаючы пярынай зялёнай цыбулькі. — Ну, нашто ты цягнікі гэтыя ўгадваеш?
— Ён і сам не ведае.
— Так, — адказаў настаўнік. — Падумаеш, людзі жывуць, ездзяць сабе некуды, а ты сядзіш, як пень. Трыццаць гадоў, а на моры ніколі не быў, толькі па тэлевізары бачыў.
— Хто ж табе вінаваты? — уставіла Лена са звыклым дакорам. — З’ездзі на мора.
— Дай грошы, з’езджу, — у тон ёй, гэтак жа звыкла абазваўся настаўнік.
— Зарабі, тады дам…
Пілі, вядома, за госця, за тое, што праведвае, не забываецца. Як толькі Азіевіч адкрываў рот, настаўнік з жонкаю адразу змаўкалі. Госць балбатаў што хацеў і колькі хацеў. Калі ж яго язык стамляўся, ці рот быў заняты паляндвіцаю, тады і настаўнік спрабаваў выгаварыцца. Казаў нецікавыя рэчы, у асноўным скардзіўся, як надакучыла ўсё, як хацелася б з’ехаць куды вочы глядзяць — да самага мора, але нельга, дзеці, сям’я…
— Тут у Жыткавічы няма за што выбрацца, а ён — ехаць! — устаўляла тады Лена. — Не з тваімі грашыма.
Настаўнік яе ігнараваў, а Азіевічу далей расказваў, што вось-вось пойдзе на пенсію нейкі Пятровіч, і тады нічога не застанецца, як нейкаму Васільевічу — «дырэктарам», а яму, настаўніку, — «завучам».
— Ну і што твой завуч? — казала жонка. — Работы больш, а грошы такія ж самыя.
— Такія ды не такія…
Азіевічу ўсе гэтыя праблемы былі далёкія і чужыя. Ён, пражаваўшы, аслабаніўшы рот, умешваўся, перабіваў, смела даваў размове той кірунак, які хацеў. Настаўнік з жонкаю пакорліва пачыналі слухаць.
— …Ну, тады я — наце! — кідаю на стол «баксы»! Не помню ўжо, колькі. Ну, яны там забегалі… Ха! Слова такога не чулі, а сабраліся раскручваць!
— А што за такое слова? — спытала Лена. — I я не ведаю.
— Долары, цемната! — засмяяўся настаўнік.
— Долары, маркі, фунту… Ну, слухайце: карацей, я бац, раскручваю іх на сто сорак сем «баксаў», закаціліся ў «Сосны», прыязджаем, значыць, у «Сосны»…
Сядзелі доўга. Лена ўжо адвяла дачку спаць і цяпер сама клявала носам. Мужчыны пілі многа, але ад добрай закускі п’янелі мала. Пакурыць выходзілі на двор. Над галовамі роем, бы здурнелыя, не баючыся цыгарэтнага дыму, таўкліся-звінелі камары. Зусім блізка, у бэзавым кусце, спяваў салавей.