Шрифт:
Гістарычная даведка
"… Трэба найперш разарваць заслону невядомасці, што акаляе Беларусь. Бо ж для свету мы terra incognita — невядомая, нязведаная зямля. Пра Чарнобыль ведаюць усе, але толькі ў сувязі з Украінай і Расіяй. "Белая Расія" — гэтак прыкладна гучыць назва нашай краіны на англійскай мове".
"На тэрыторыі Беларусі няма ніводнай атамнай станцыі. З дзейных АЭС на прасцягах былога СССР геаграфічна да беларускай мяжы бліжэй за ўсё размешчаны АЭС з рэактарамі тыпу РБМК: з поўначы — Ігналінская, з усходу — Смаленская, з поўдня — Чарнобыльская…
26 красавіка 1986 г. у 1 гадз. 23 хв. 58 сек. серыя выбухаў разбурыла рэактар
Для маленькай Беларусі (насельніцтва 10 млн. чалавек) яна з'явілася нацыянальным бедствам. У гады Вялікай Айчыннай вайны нямецкія фашысты знішчылі на беларускай зямлі 619 вёсак разам з іх жыхарамі. Пасля Чарнобыля краіна страціла 485 вёсак і пасёлкаў: 70 з іх ужо навек пахаваны ў зямлі. У вайну загінуў кожны чацвёрты беларус, сёння кожны пяты жыве на заражанай тэрыторыі. Гэта 2,1 млн. чалавек, з іх — 700 тыс. дзяцей. Сярод фактараў дэмаграфічнага згасання радыяцыя займае галоўнае месца. У Гомельскай і Магілёўскай абласцях (найбольш пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы) смяротнасць перавысіла нараджальнасць на 20 %.
У выніку катастрофы ў атмасферу выкінута 50x106 Ки радыенуклідаў, з іх 70 % выпала на Беларусь: 23 % яе тэрыторыі заражаны радыенуклідамі са шчыльнасцю больш чым 1Ки/км2 па цэзію-137. Для параўнання: на Украіне заражана 4,8 % тэрыторыі, у Расіі — 0,5 %. Плошча сельгасугоддзяў са шчыльнасцю забруджвання ад 1 і больш Ки/м2 складае болей як 1,8 млн. гектараў, стронцыем-90 са шчыльнасцю 0,3 і больш Ки/м2 — каля 0,5 млн. гектараў. З сельгасужытку выведзена 264 тыс. гектараў зямлі. Беларусь — краіна лясоў. Але 26 % лясоў і больш чым палова лугоў у поймах рэк Прыпяць, Днепр, Сож адносяцца да зоны радыеактыўнага забруджвання…
Як вынік пастаяннага ўздзеяння малых дозаў радыяцыі з кожным годам у краіне павялічваецца колькасць хворых на ракавыя захворванні, разумовую адсталасць, нервова-псіхічныя расстройствы і генетычныя мутацыі…"
З6. "Чарнобыль". "Беларуская энцыклапедыя", 1996. Сс. 7, 24, 49, 101, 149.
"Па дадзеных назіранняў, 29 красавіка 1986 года высокі радыяцыйны фон быў зарэгістраваны ў Польшчы, Германіі, Аўстрыі, Румыніі, 30 красавіка — у Швейцарыі і Паўночнай Італіі, 1–2 мая — у Францыі, Бельгіі, Нідэрландах, Вялікабрытаніі, паўночнай Грэцыі, 3 мая — у Ізраілі, Кувейце, Турцыі…
Закінутыя на вялікую вышыню газападобныя і лятучыя рэчывы распаўсюджваліся глабальна: 2 мая яны зарэгістраваны ў Японіі, 4 мая — у Кітаі, 5-га — у Індыі, 5 і 6 мая — у ЗША і Канадзе.
Менш за тыдзень спатрэбілася, каб Чарнобыль стаўся праблемай усяго свету…"
З6. "Наступствы Чарнобыльскай аварыі ў Беларусі".
Мінск. Міжнародны вышэйшы Сахараўскі каледж па радыеэкалогіі. 1992 г. С. 82.
"Чацвёрты рэактар, мянуемы аб'ектам "Сховішча", па-ранейшаму зберагае ў сваім свінцова-жалезабетонным чэраве каля 20 тон ядзернага паліва. Што з імі адбываецца сёння, не ведае ніхто.
Саркафаг будавалі спехам, канструкцыя унікальная, напэўна, інжынеры-распрацоўшчыкі з Піцера могуць ёю ганарыцца. Аднак манціравалі яго "дыстанцыйна", пліты стыкавалі з дапамогаю робатаў і верталётаў — адсюль і шчыліны. Сёння, згодна з некаторымі дадзенымі, агульная плошча зазораў і трэшчын большая за 200 квадратных метраў, з іх працягваюць вырывацца радыеактыўныя аэразолі…
Ці можа саркафаг разбурыцца? На гэта таксама ніхто не адкажа, дагэтуль немагчыма дапяць да многіх вузлоў і канструкцыяў, каб уведаць, які ў іх запас надзейнасці. Затое ўсе разумеюць: разбурэнне "Сховішча" прывяло б да наступстваў нават страшнейшых, чым у 1986-м…"
Часопіс "Огонек", № 17, красавік 1996 г.
Самотны чалавечы голас
"Я не ведаю, пра што расказваць… Пра смерць ці пра каханне? Ці гэта адно і тое ж… Пра што?
… Мы нядаўна пабраліся. Яшчэ хадзілі па вуліцы
і трымаліся за рукі, нават калі ў краму йшлі… Я казала яму: "Я кахаю цябе". Але я не ведала яшчэ, як яго кахала… Не ўяўляла… Жылі мы ў інтэрнаце пажарнай часткі, дзе ён служыў. На другім паверсе. I там яшчэ тры маладыя сям'і, на ўсіх адна кухня. А ўнізе, на першым паверсе стаялі машыны. Чырвоныя пажарныя машыны. Гэта была яго служба. Заўсёды я ў курсе: дзе ён, што з ім? Сярод начы чую нейкі шум. Вызірнулаў акно. Ён убачыў мяне: "Зачыні фортачкі і лягай спаць. На станцыі пажар. Я хутка буду".Самога выбуху я не бачыла. Толькі полымя. Усё нібы свяцілася… Усё неба… Высокае полымя. Чад. Гарачыня страшэнная. А яго ўсё няма і няма. Чад ад таго, што бітум гарэў, дах станцыі быў заліты бітумам. Хадзілі, пасля прыгадваў, як па смале. Збівалі полымя. Гарэў графіт. Яго скідвалі нагамі… Паехалі яны без брызентавых касцюмаў, як былі ў адных сарочках, так і паехалі. Іх не папярэдзілі, іх выклікалі на звычайны пажар…
Чатыры гадзіны… Пяць гадзін… Шэсць. А шостай мы з ім збіраліся ехаць да ягоных бацькоў. Садзіць бульбу. Ад горада Прыпяць да вёскі Спярыжжа, дзе жылі ягоныя бацькі, сорак кіламетраў. Сеяць, араць… Яго любімы занятак… Маці часта прыгадвала, як не хацелі яны з бацькам адпускаць яго ў горад, нават новую хату паставілі. Забралі ў армію. Служыў у Маскве ў пажарных войсках і як вярнуўся: толькі ў пажарнікі! Нічога іншага не прызнаваў. (Маўчыць.)
Часам, быццам чую ягоны голас… Жывы… нават фотакарткі гэтак на мяне не ўздзейнічаюць, як голас. Але ён ніколі мяне не кліча… I ў сне… Гэта я яго клічу…
Сем гадзін… А сёмай мне перадалі, што ён у бальніцы. Я пабегла, але вакол бальніцы ўжо стаяла кружком міліцыя, нікога не пускалі. Адны машыны "Хуткай дапамогі" заязджалі. Міліцыянеры крычалі: машыны зашкальваюць, не падыходзьце. Не адна я, усе жонкі прыбеглі, усе, у каго мужы той ноччу апынуліся на станцыі. Я кінулася шукаць сваю знаёмую, яна рабіла ўрачом у гэтай бальніцы. Ухапіла яе за халат, як яна выходзіла з машыны: "Прапусці мяне!" — "Не магу! З імі бяда! З імі ўсімі бяда". Трымаю яе: "Толькі глянуць". — "Добра, — кажа, — тады пабеглі. На пятнаццаць-дваццаць хвілін". Я ўбачыла яго… Ацёклы ўвесь, апухлы… Вачэй амаль няма… "Трэба малака. Шмат малака! — сказала мне знаёмая. — Каб яны выпілі хоць бы па тры літры". — "Але ж ён не п'е малако". — "Цяпер будзе піць". Многія ўрачы, медсёстры, асабліва санітаркі гэтай бальніцы праз нейкі час захварэюць… Памруць… Але ніхто тады гэтага не ведаў…
А дзесятай раніцы памёр аператар Шышанок… Ён памёр першым… У першы дзень… Мы даведаліся, што пад руінамі застаўся другі — Валера Хадзямчук. Яго так і не дасталі. Забетанавалі. Але мы яшчэ не ведалі, што ўсе яны — першыя…
Пытаюся: "Васечка, што рабіць?" — "Едзь адсюль! Едзь! У цябе будзе дзіця". А я цяжарная. Толькі ж як я пакіну яго? Просіць: "Едзь! Ратуй дзіця!" — "Спачатку я павінна прынесці табе малака, а пасля вырашым".
Прыбягае мая сяброўка Таня Кібянок… Яе муж у гэтай самай палаце… З ёй ейны бацька, ён на машыне. Мы сядаем і едзем у бліжэйшую вёску па малако. За кіламетры тры ад горада… Купляем шмат трохлітровых слоікаў з малаком… Шэсць — каб на ўсіх хапіла… Але ад малака іх страшэнна ванітавала… Увесь час абміралі, ім ставілі кропельніцы. Урачы чамусьці ўсё паўтаралі, што яны атруціліся газамі, ніхто не гаварыў пра радыяцыю. А горад запоўніўся ваеннай тэхнікай, перагарадзілі ўсе дарогі… Перасталі хадзіць электрычкі, цягнікі… Мылі вуліцы нейкім белым парашком… Я непакоілася, як жа мне заўтра ў вёску патрапіць, каб купіць яму сырадою? Ніхто не гаварыў пра радыяцыю… Толькі вайскоўцы хадзілі ў рэспіратарах… Гараджане неслі хлеб з крамаў, адкрытыя пакуначкі з булачкамі… Пірожныя ляжалі на латках…
Увечары ў бальніцу не прапусцілі… Мора людское вакол… Я стаяла насупраць ягонага акна, ён падышоў і штосьці мне крычаў. З такім адчаем! У натоўпе хтосьці пачуў: уначы іх павязуць у Маскву. Жонкі ўсе збіліся ў адну купку. Парашылі: паедзем з імі. Пусціце нас да нашых мужоў! Не маеце права! Біліся, драпаліся. Салдаты, ужо стаялі салдаты, нас адштурхоўвалі. Тады выйшаў урач і пацвердзіў, што яны паляцяць на самалёце ў Маскву, але нам трэба прынесці ім адзенне, — тое, у якім яны былі на станцыі, згарэла. Аўтобусы ўжо не хадзілі, і мы бегма праз увесь горад. Прыбеглі з сумкамі, а самалёт паляцеў ужо… Нас спецыяльна падманулі… Каб мы не галасілі, не плакалі…