Чарнобыльская малітва
Шрифт:
Клініка вострай прамянёвай хваробы — чатырнаццаць дзён… За чатырнаццаць дзён чалавек памірае…
У гасцініцы ў першы ж дзень дазіметрысты мяне замервалі. Адзенне, сумка, кашалёк, туфлі — усё "палала". I ўсё гэта тут жа ў мяне забралі. Нават ніжнюю бялізну. Не ўзялі толькі грошы. Узамен выдалі бальнічны халат пяцьдзесят шостага памеру, а тапачкі сорак трэцяга. Адзенне, сказалі, можа, прывязём, а можа, і не, наўрад ці можна будзе яго "адчысціць". У такім выглядзе я і з'явілася перад ім. Спалохаўся: "Божачкі, што з табой?" А я ўсё-такі ўхітралася варыць булён. Ставіла кіпяцільнік у слоік… Туды кідала кавалачкі курыцы… Маленькія-маленькія… Пасля хтосьці аддаў мне сваю каструльку, здаецца, прыбіральшчыца ці дзяжурная гасцініцы. Нехта — дошчачку, на якой я крышыла свежую пятрушку. У бальнічным халаце сама я не магла выбрацца на рынак, нехта мне гэтае зяленіва прыносіў. Але ўсё марна, ён не мог
Дзевятага мая… Ён заўсёды мне казаў:"Ты не ўяўляеш, якая прыгожая Масква! Асабліва ў Дзень Перамогі, калі салют. Я хачу, каб ты ўбачыла". Сяджу ля яго ў палаце, расплюшчыў вочы:
— Цяпер дзень ці вечар?
— Дзевяць вечара.
— Адчыняй акно! Пачынаецца салют!
Я расчыніла акно. Восьмы паверх, увесь горад перад намі! Букет агню ўскінуўся ў неба.
— Ух ты!
— Я абяцаў табе, што пакажу Маскву. Я абяцаў, што па святах буду ўсё жыццё дарыць кветкі…
Азірнулася — дастае з-пад падушкі тры гваздзікі. Даў медсястры грошы — і яна купіла. Падбегла і цалую:
— Мой адзіны! Любы мой!
Разбурчэўся:
— Што табе кажуць урачы? Няможна мяне абдымаць! Няможна цалаваць!
Мне не дазвалялі яго абдымаць… Але я… Я падымала і саджала яго… Перасцілала пасцелю… Ставіла градуснік і вымала… Прыносіла і выносіла судна… Пра гэта ніхто нічога не гаварыў…
Добра, шго не ў палаце, а ў калідоры… У мяне закружылася галава, я ўхапілася за падаконнік… Міма ішоў урач, ён узяў мяне за руку. I нечакана:
— Вы цяжарная?
— Не-не! — Я гэтак пералякалася, каб нас хто-небудзь не пачуў.
— Не падманвайце, — уздыхнуў ён.
Я так разгубілася, што не паспела нічога ў яго папрасіць. Назаўтра мяне выклікаюць да загадчыцы. — Чаму вы мяне падманулі? — спытала яна.
— Вымушана была. Калі б сказала праўду — адправілі б дадому. Святая хлусня!
— Што ж вы нарабілі!!
— Але я з ім…
Усё жыццё я буду ўдзячна Ангеліне Васільеўне Гуськовай. Усё жыццё!
Іншыя жонкі таксама прыязджалі, але іх ужо не пусцілі. Былі са мной іхнія мамы… Мама Валодзі Правіка ўвесь час прасіла Бога: "Вазьмі лепш мяне".
Амерыканскі прафесар, доктар Гейл… Гэта ён рабіў аперацыю па перасадцы касцявога мозгу… Суцяшаў мяне: надзея ёсць, маленькая, але ёсць. Такі моцны арганізм, такі дужы хлопец! Выклікалі ўсіх яго сваякоў. Дзве сястры прыехалі з Беларусі, брат з Ленінграда, там служыў. Малодшая Наташа, ёй было чатырнаццаць гадоў, вельмі плакала і баялася. Але яе касцявы мозг падышоў лепш за ўсіх… (Змаўкае.) Я ўжо магу пра гэта распавядаць… Раней не магла… Я дзесяць гадоў маўчала… Дзесяць гадоў. (Змаўкае.)
Калі ён даведаўся, што касцявы мозг бяруць у ягонай малодшай сястрычкі, наадрэз адмовіўся: "Я лепей памру. Не чапайце яе, яна маленькая". Старэйшай сястры Людзе было дваццаць восем гадоў, яна сама медсястра, разумела, на што ідзе. "Толькі б ён жыў", — гаварыла яна. Я бачыла аперацыю. Яны ляжалі ўпобачкі на сталах… Там вялікае акно ў аперацыйным зале. Аперацыя доўжылася дзве гадзіны… Як скончылі, Людзе было горш, чым яму, у яе на грудзях васемнаццаць праколаў, цяжка ачуньвала пасля наркозу. I цяпер хварэе, на інваліднасці… Была прыгожая, моцная дзяўчына. Замуж не выйшла… А я тады кідалася з адной палаты ў другую, ад яго — да яе. Ён ляжаў ужо не ў звычайнай палаце, а ў спецыяльнай баракамеры, за празрыстай плёнкай, куды заходзіць не дазвалялася. Там такія спецыяльныя прыстасаванні ёсць, каб, не заходзячы пад плёнку, уводзіць уколы, ставіць катэтар… Але ўсё на ліпучках, на маланках, і я навучылася імі карыстацца… Адсоўваць… I прабірацца да яго… Ля ягонага ложка стаяла маленькае крэселка… Яму стала гэтак блага, што я ўжо не магла адысціся, ні на хвіліну. Клікаў мяне ўвесь час: "Люся, дзе ты? Люсечка!" Клікаў і клікаў… Іншыя баракамеры, дзе ляжалі нашы хлопцы, абслугоўвалі салдаты, бо штатныя санітары адмовіліся, патрабавалі ахоўнага адзення. Салдаты выносілі судна. Праціралі падлогу, мянялі пасцельную бялізну… Усё рабілі… Адкуль там узяліся салдаты? Не пыталася… Толькі ён… Ён… А штодня чую: памёр, памёр… Памёр Цішчура. Памёр Ціцянок. Памёр… Як малатком па цемечку…
Стул дваццаць пяць-трыццаць разоў за суткі. З крывёю і сліззю… Скура пачала трэскацца на руках, нагах… Усё пакрылася пухірамі… Калі ён паварочваў галаву, на падушцы заставаліся пасмачкі валасоў… Я спрабавала жартаваць: "Нават
зручна. Не трэба грабеньчыка насіць". Хутка іх усіх падстрыглі. Яго я стрыгла сама. Я ўсё хацела яму рабіць сама. Калі б я магла вытрываць фізічна, дык я усе дваццаць чатыры гадзіны не адыходзілася б ад яго. Мне кожнае хвіліны было шкада… I мінуткі тае было шкада… (Доўга маўчыць.) Прыехаў мой брат і спалохаўся: "Я цябе туды не пушчу!" А бацька кажа яму: "Такую хіба не пусціш? Ды яна ў акно ўлезе! Па пажарнай драбіне!"Адлучылася… Вяртаюся — на століку ў яго апельсін… Вялікі, не жоўты, а ружовы. Усміхаецца: "Мяне пачаставалі. Вазьмі сабе". А медсястра праз плёначку махае, што няможна гэты апельсін есці. Калі ўжо ля яго нейкі час паляжаў, яго не толькі есці — дакранацца да яго страшна. "Ну, з'еш, — просіць. — Ты ж любіш апельсіны". Я бяру апельсін у рукі. А ён у гэты час заплюшчвае вочы і засынае. Яму ўвесь час давалі ўколы, каб ён спаў. Наркотыкі. Медсястра глядзіць на мяне са страхам… А я? Я гатовая ўсё зрабіць, каб толькі ён не думаў аб смерці… I аб тым, што хвароба ягоная жахлівая, што я яго баюся… Урывак нейкай гаворкі… У мяне ў памяці… Хтосьці ўпрошвае: "Вы павінны не забываць: перад вамі ўжо не муж, не любімы чалавек, а радыеактыўны аб'ект з высокай шчыльнасцю заражэння. Вы ж не самазабойца. Вазьміце сябе ў рукі". А я як ненармальная: "Я яго кахаю! Я яго кахаю!" Ён спаў, я шаптала: "Я цябе кахаю!" Ішла бальнічным дваром: "Я цябе кахаю!" Несла судна: "Я цябе кахаю!" Успамінала, як мы з ім раней жылі… У нашым інтэрнаце… Ён засынаў уначы толькі тады, як возьме мяне за руку. У яго была такая звычка: у сне трымаць мяне за руку… Усю ноч…
А ў бальніцы я вазьму яго за руку і не адпускаю…
Ноч. Цішыня. Мы адны. Паглядзеў на мяне дапытліва-дапытліва і раптам кажа:
— Надта хачу ўбачыць наша дзіцятка. Якое яно?
— А як мы яго назавём?
— Ну, гэта ўжо ты сама прыдумаеш…
— Чаму я сама, калі нас двое?
— Тады, калі народзіцца хлопчык, хай будзе Вася, а калі дзяўчынка — Наташка.
— Чаму гэта Вася? У мяне ўжо ёсць адзін Вася. Ты! Мне другога не трэба.
Я яшчэ не ведала, як я кахала яго! Ён… Толькі ён… Як сляпая! Нават не адчувала штуршкоў пад сэрцам… Хоць была ўжо на шостым месяцы… Я думала, што ён унутры ўва мне, мой маленькі, і ён абаронены, ахаваны…
Пра тое, што начую ў яго ў баракамеры, ніхто з урачоў не ведаў. Не здагадваўся… Пускалі мяне медсёстры. Па першым часе таксама ўгаворвалі: "Ты — маладая. Што ты надумала? Гэта ўжо не чалавек, а рэактар. Згарыце разам". Я, як сабачка, бегала за імі… Гадзіны навылёт стаяла пад дзвярыма. Прасіла-ўмольвала… I тады яны: "Чорт з табой! Ты — ненармальная!" Ранічкою, за колькі хвілін да васьмі гадзін, калі пачынаўся ўрачэбны абыход, паказваюць мне праз плёнку: "Уцякай!" На гадзінку збегаю ў гасцініцу. А з дзевяці раніцы да дзевяці вечара ў мяне пропуск. Ногі ў мяне да каленяў пасінелі, распухлі, гэтак я стамлялася…
Пакуль з ім я… Гэтага не рабілі… Але, як адыходзілася, яго фатаграфавалі… Адзення аніякага. Голы. Адна танюсенькая прасцінка поверх. Я штодня мяняла гэтую прасцінку, а да вечара яна ўся ў крыві. Падымаю яго, і ў мяне на руках застаюцца шматочкі ягонай скуры, прыліпаюць. Прашу: "Любенькі! Дапамажы мне! Абапрыся на руку, на локаць, як можаш, каб я табе пасцель разгладзіла, не пакінула наверсе шва, складачкі". Любы рубчык — гэта ўжо рана на ім. Я зразала сабе пазногці да крыві, каб незнарок не драпануць яго. Ніхто з медсясцёр не мог падысці, дакрануцца, калі што-небудзь трэба было, клічуць мяне. I яны фатаграфавалі… Гаварылі, для навукі… А я ўсіх бы іх павыганяла адтуль! Крычала б! Біла! Як яны могуць! Усё маё… Усё любімае… Калі б я магла іх туды не пусціць! Калі б… Выйду з палаты ў калідор… I іду проста на сцяну, на канапу, бо не бачу іх. Кажу дзяжурнай сястры: "Ён памірае". Яна мне адказвае: "А што ты хочаш? Ён атрымаў тысячу шэсцьсот рэнтгенаў, а смяртэльная доза чатырыста. Ты сядзіш ля рэактара". Усё маё… Усё любімае…
Калі яны ўсе памёрлі, у бальніцы зрабілі рамонт… Сцены абдзіралі, узарвалі паркет і вынеслі… сталярку…
Далей… Апошняе… Памятаю ўспышкі… Абрыў…
Ноч сяджу ля яго на крэселку… У восем раніцы: "Васечка, я пайду. Я трошкі адпачну". Расплюшчыў і заплюшчыў вочы — адпусціў. Толькі дайду да гасцініцы, да свайго пакоя, лягу на падлогу, на ложку ляжаць не магла, гэтак усё балела, як ужо стукае санітарка: "Ідзі! Бяжы да яго! Кліча нясцерпна!" А той раніцаю Таня Кібянок мяне вельмі прасіла, умольвала: "Паедзем са мной на могілкі. Я без цябе не змагу". Той раніцаю хавалі Віцю Кібянка і Валодзю Правіка… З Віцем яны былі сябрукі… Мы дружылі сем'ямі… За дзень да выбуху разам сфатаграфаваліся ў нас у інтэрнаце. Такія яны, нашы мужы там прыгожыя! Вясёлыя! Апошні дзень нашага таго жыцця… Такія мы шчаслівыя!