Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Чарнобыльская малітва

Алексиевич Светлана Александровна

Шрифт:

Вярнулася з могілак, хуценька званю на пост медсястры: "Як ён там?" — "Пятнаццаць хвілін назад памёр". Што? Я ўсю ноч у яго Толькі на тры гадзінкі адлучылася! Стала ля акна і крычала: "Чаму? За што?" Глядзела на неба і крычала… На ўсю гасцініцу… Да мяне баяліся падысці… Апамяталася: апошні разок яго пабачу! Пабачу

Скацілася з прыступак… Ён ляжаў яшчэ ў баракамеры, не забралі… апошнія словы ягоныя: "Люся! Люсечка!" — "Толькі што адышлася. Зараз прыбяжыць", — супакоіла медсястра. Уздыхнуў і аціх…

Ужо я ад яго не адарвалася… Ішла з ім да труны… Хоць запомніла не саму труну, а вялікі поліэтыленавы пакет… Гэты пакет… У моргу спыталіся: "Хочаце, мы пакажам вам, у што яго апранем". Хачу! Апранулі ў парадную форму, фуражку наверх на грудзі паклалі. Абуць не абулі, не

падабралі абутку, бо ногі распухлі… Парадную форму таксама разрэзалі, нацягнуць не маглі, цэлага цела ўжо не было… Усё — рана… У бальніцы апошнія два дні… Падыму яго руку, а косць хістаецца, матляецца косць, цела ад яе адышло… Крупінкі лёгкага, крупінкі печані ішлі праз рот… Захліпаўся сваімі вантробамі… Абкручу руку бінтом і засуну яму ў рот, усё гэта з яго выграбаю… Пра гэта немагчыма расказаць! Пра гэта немагчыма напісаць! Гэта ўсё такое роднае… Такое любімае… Ніводзін памер абутку нельга было нацягнуць… Паклалі ў труну босага…

На маіх вачах… У параднай форме яго засунулі ў цэлафанавы мех і завязалі… I гэты мех паклалі ўжо ў драўляную труну… А труну яшчэ адным мехам абвязалі… Цэлафан празрысты, але тоўсты, як цырата… I ўжо ўсё гэта памясцілі ў цынкавую труну… Уціснулі… Адна фуражка наверсе засталася…

З 'ехаліся ўсе… Ягоныя бацькі, мае бацькі… Купілі ў Маскве чорныя хусткі… Нас прымала надзвычайная камісія. I ўсім гаварылі адно і гое ж, што аддаць вам целы вашых мужоў, вашых сыноў мы не можам, яны вельмі радыеактыўныя і будуць пахаваны на маскоўскіх могілках асаблівым чынам. У запаяных цынкавых трунах, пад бетоннымі плітамі. I вы павінны гэты дакумент падпісаць… Калі хто-небудзь абураўся, хацеў павезці труну на радзіму, яго пераконвалі, што яны, маўляў, героі і цяпер сям'і ўжо не належаць. Яны ўжо дзяржаўныя людзі… належаць дзяржаве.

Селі ў катафалк… Сваякі і нейкія вайсковыя людзі. Палкоўнік з рацыяй… Па рацыі перадаюць: "Чакайце нашых загадаў! Чакайце!" Дзве ці тры гадзіны калясілі па Маскве, па кругавой дарозе. Зноў у Маскву вяртаемся… Па рацыі: "На могілкі ўезд не дазваляем. Могілкі атакуюць замежныя карэспандэнты. Яшчэ пачакайце". Бацькі маўчаць… Хустка ў мамы чорная… Я адчуваю, што трачу прытомнасць Са мной істэрыка: "Чаму майго мужа трэба ад некага хаваць? Ён — хто? Забойца? Злачынца? Крымінальнік? Каго мы вязём на могілкі?" Мама: "Ціха, ціха, дачушка". Гладзіць мяне па галаве… Палкоўнік перадае: "Дазвольце следаваць на могілкі. З жонкай істэрыка". На могілках нас абкружылі салдаты… Ішлі пад канвоем… I труну неслі… Нікога не пусцілі… Адны мы былі… Засыпалі ўмомант. "Хутка! Хутка!" — камандаваў афіцэр. Нават не далі труну абняць… I — адразу ў аўтобусы… Усё крадком…

Умомант купілі і прынеслі зваротныя білеты… На наступны дзень. Увесь час з намі быў нейкі чалавек у цывільным, з вайсковай выпраўкай, не дазволіў нават выйсці з гасцініцы і купіць што-небудзь на дарогу. Барані Бог, каб мы з кім-небудзь загаварылі, асабліва я Быццам я тады магла гаварыць, я ўжо нават плакаць не магла. Дзяжурная, як мы выходзілі, пералічыла ўсе ручнікі, усе прасціны… туі жа іх складвалі ў поліэтыленавы мех. Напэўна, спалілі… За гасцініцу мы самі заплацілі… За чатырнаццаць сутак…

Клініка прамянёвай хваробы — чатырнаццаць сутак… За чатырнаццаць сутак чалавек памірае…

Дома я заснула. Зайшла ў хату і павалілася на ложак. Спала я трое сутак… Прыехала "Хуткая дапамога". "Не, — сказаў урач, — яна не памёрла. Яна прачнецца. Гэта такі страшны сон".

Мне было дваццаць тры гады…

Я памятаю сон… Прыходзіць да мяне мая бабуля-нябожчыца, у тым адзенні, у якім мы яе пахавалі. I прыбірае ёлку. "Бабуля, чаму ў нас ёлка? Цяпер жа лета?" — "Гэтак трэба. Хутка твой Васечка да мяне прыйдзе. А ён вырас сярод лесу". Я памятаю сон… Вася прыходзіць у белым і кліча Наташу. Нашу дзяўчынку, якую я яшчэ не нарадзіла. Яна ўжо вялікая. Падрасла. Ён падкідвае яе пад столь, яны смяюцца… А я гляджу на іх і думаю, што шчасце — гэта так проста. Я сню… Мы брыдзём з ім па вадзе. Доўга-доўга ідзём… Прасіў, напэўна, каб я не плакала… Даваў знак. Адтуль…Зверху… (Заціхае надоўга.)

Праз два месяцы я прыехала ў Маскву. З вакзала — на могілкі Да яго! I там на могілках

у мяне пачаліся патугі… Толькі я з ім загаварыла… Выклікалі "хуткую"… Раджала я ўтойжаАнгеліныВасільеўны Гуськовай. Яна мяне яшчэ тады папярэджвала: "Раджаць прыязджай да нас". На два тыдні раней часу нарадзіла…

Мне паказалі… Дзяўчынка… "Наташачка, — паклікала я. — Тата назваў цябе Наташачкай". З выгляду здаровае дзіцятка. Ручкі, ножкі… А ў яе цыроз печані… У печані — дваццаць восем рэнтгенаў… прыроджаны парок сэрца… Цераз чатыры гадзіны сказалі, што дзяўчынка памёрла… I зноў, што мы вам яе не аддадзім! Як гэта не аддасцё? Гэта я вам яе не аддам! Вы хочаце яе забраць для навукі, а я ненавіджу вашу навуку! Ненавіджу! Яна забрала ў мяне спачатку яго, а цяпер яшчэ хоча… Не аддам! Я пахаваю яе сама. Побач з ім… (Маўчыць.)

Усё не тыя словы я кажу… Не такія… Нельга мне крычаць пасля інсульту. I плакаць няможна. Таму і словы не такія… Але скажу… Яшчэ ніхто не ведае… Калі я не аддала ім сваю дзяўчынку… Нашу дзяўчынку… Тады яны прынеслі мне драўляную скрыначку: "Яна — там". Я паглядзела… Яе спавілі… Яна у пялёнках… I тады я заплакала: "Пакладзіце яе ў яго ў нагах. Скажыце, што гэта наша Наташачка".

Там, на магілцы, не напісана: Наташа Ігнаценка… там толькі ягонае імя… Яна ж была без імя, без анічога…

Я прыходжу да іх заўсёды з двума букетамі: адзін — яму, другі — у куточку кладу ёй. Поўзаю ля магілы на каленях… Заўсёды на каленях…

… У Кіеве мне далі кватэру. У вялікім доме, дзе цяпер жывуць усе, хто з атамнай станцыі. Кватэра вялікая, двухпакаёвая, пра якую мы з Васем марылі. А я вар'яцела ў ёй! У кожным куце, куды ні зірну — усюды ён… Пачала рамонт, абы не сядзець, абы не думаць. I гэтак два гады… Сню сон… Мы ідзём з ім, а ён ідзе басанож… "Чаму ты заўсёды неабуты?" — "Бо ў мяне нічога няма". Пайшла ў царкву… Бацюшка мяне навучыў: "Трэба купіць тапачкі вялікага памеру і пакласці каму-небудзь у труну. Напісаць запіску — што гэта яму". Я гэтак і зрабіла… Прыехала ў Маскву і адразу — у царкву. У Маскве я да яго бліжэй… Ён там ляжыць, на Міцінскіх могілках… Апавядаю служку, што да чаго, што мне трэба тапачкі перадаць. Пытаецца: "А вядома табе, як гэта рабіць трэба?" Растлумачыў… Тут якраз унеслі ў царкву адпяваць нейкага дзядулю. Я падыходжу да труны, падымаю накідачку і кладу туды тапачкі. "А запіску ты напісала?" — "Але, напісала, але не сказала, на якіх могілках ён ляжыць". — "Там яны ўсе ў адным свеце. Знойдуць яго".

У мяне ніякага жадання да жыцця не было. Уначы стаю ля акна, гляджу на неба: "Васечка, што мне рабіць? Я не хачу без цябе жыць". Удзень іду міма дзіцячага садка, прыпынюся і стаю… Глядзела б ды глядзела на дзяцей… Я вар'яцела! I пачала па начах прасіць: "Васечка, я нараджу дзіцятка. Я ўжо баюся быць адной. Не вытрываю болей, Васечка!!" А другім разам гэтак папрашу: "Васечка, мне не трэба мужчыны. Лепшага за цябе для мяне няма. Я хачу дзіцятка".

Мне было дваццаць пяць гадоў…

Я знайшла мужчыну… Я ўсё яму адкрыла. Усю праўду. Мы сустракаліся, але я ніколі яго да сябе ў хату не клікала. У хату не магла. Там — Вася…

Рабіла я кандытарам… Ляплю торт, а слёзы коцяцца… Я не плачу, а слёзы коцяцца… Адзінае, аб чым дзяўчатак прасіла: "Не шкадуйце мяне. Будзеце шкадаваць, я сыду". Я хацела быць, як усе…

Прынеслі мне Васеў ордэн… Чырвонага колеру… Я глядзець на яго доўга не магла… Слёзы коцяцца…

… Нарадзіла хлопчыка. Цяпер у мяне ёсць хтосьці, кім я дыхаю і жыву. Ён усё-ўсё разумее: "Мамачка, калі я паеду да бабулі на два дні, ты дыхаць зможаш?" Не змагу! Баюся на дзянёк з ім разлучыцца. Мы ішлі па вуліцы… I я, адчуваю, валюся… Тады мяне разбіў інсульт… Там, на вуліцы… "Мамачка, табе вадзічкі даць?" — "Не, ты стой ля мяне. Нікуды не адыходзься". I ўхапіла яго за руку. Далей не памятаю… расплюшчыла вочы ў бальніцы… Але гэтак яго ўхапіла, што ўрачы ледзь расціснулі мае пальцы. У яго рука доўга была сіняя. Цяпер выходзім з дому: "Мамачка, толькі не хапай мяне за руку. Я нікуды ад цябе не пайду". Ён таксама хварэе: два тыдні ў школе, два дома з урачом. Вось гэтак і жывём. Баімся адно за аднаго. А ў кожным куточку Вася. Яго фатаграфіі… Начамі з ім размаўляю і размаўляю…

Поделиться с друзьями: