Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Чужая бацькаўшчына

Адамчик Вячеслав

Шрифт:

— А ты глядзi, а то папраўдзе забалiць, i знахар не паможа, — сказаў ён, адводзячы вочы i кусаючы нiжнюю губу. Твар i шыя ў яго пачалi налiвацца тугою злой чырванню.

— Не страш бабу адным, калi яна двох не баiцца! — цыркнуў сабе пад ногi слiнай невысокi, усяго па плячо Лiтавару, з ружаватымi гладкiмi шчокамi, як у дзяўчацi, бо, пэўна, яшчэ не галiўся, малодшы тут за ўсiх хлопцаў Жэнiк Рэпка. Лiтавара ён не вельмi баяўся — тут сядзеў яшчэ яго брат, гэткi ж дробны, як ён сам, толькi белы, як злiнялы прусак, вуграваты Сяргей. Гэта былi Рэпкi, цi Каты, як брахалi на iх у вёсцы. Каты жылi ў Прылуках — так называлiся тыя хутары на пяць хат, што былi за рэчкаю, — але штодня

прыходзiлi ў Верасава на сяло. Старшы, Сяргей Рэпка, што цяпер маўчаў, ад злосцi адно ўгiнаючы голаў i скоса зiркаючы на Лiтавара, таксама пробаваў хадзiць да Хрысцi. I на спаса, калi ў Прылуках была вечарынка, ён, п’яны, схапiўшы бязмен, пераймаў Лiтавара на кладцы — той падводзiў дадому Хрысцю. Ноч была позняя — зжоўк поўны, як налiты яснасцю, месяц, усё сцяжэла ад расы, прэсны холад падымаўся з балота, нiбы браўся мароз.

Сцiшна булькала на вiрах рэчка: вада ў ёй была поўная, з берагамi, i, здаецца, густая, нiбы растоплены тлушч. Кот змёрз, схаваўшыся на другi бок кладкi за кустом i трымаючы нагатове бязмен — алавянаю булавою ўверх. Але Лiтавара ён тады не пабiў, толькi перапалохаў Хрысцю; яна iшла першаю i, скочыўшы з высокае кладкi, што ляжала мiж камлёў старое вярбы, на бераг, наткнулася на яго. Кот сп’яна цi то разгубiўся, цi то не ўскораў размахнуцца бязменам, як яго за абедзве рукi схапiў Лiтавар i, крутнуўшы кругом сябе, вырваў бязмен i пхнуў на куст — там акурат канчаўся бераг. Кот, ломячы пераспелую высокую крапiву i разложыстую лодзьму i абвальваючы дзярно з пяском, паехаў у рэчку i з цемнаты, з-пад берага ўжо, заенчыў:

— Ну, Чад, я табе не дарую!

Лiтавар яшчэ пастаяў, паглядзеў, як боўтаецца каля берага Кот, хватаецца недзе за карэннi, каб вылезцi, i пабег даганяць Хрысцю.

Бязмен застаўся ў Лiтавара, па яго нiхто не прыходзiў. З таго разу Каты не паказвалiся ў Верасаве, можа, знарок, а можа — не. Сёння яны былi ўдвух i прыйшлi не так сабе, бо старшы з iх, Сяргей, схаваўшыся за праснiцу, каб не было вiдаць Лiтавару, маргаў Жэнiку белым выцвiлым брывом: «Не бойся, калi што».

— I праўда, нешта галава разбалелася, — падняў шапку Жэнiк Рэпка, падгладжваючы пад яе рассыпаныя на два рады валасы.

— Можа, у с… лягчэй!.. — не стрываў ужо стары Корсак, высунуўшы з-за плiты лысую да вушэй — толькi на патылiцы чорны вянок — галаву. Ён сядзеў на лаве, каля нiзкае, з выцертым ужо мелам, печы, трымаючы валёнак — падшываў сырамятным, недзе са старых чаравiкаў, лапiкам стаптаную ўжо да дзiркi пяту.

Каты пераглянулiся: старэйшы з iх, што сядзеў каля акна ў шарачковым з закручанымi кляпамi пiнжаку, матнуў галавою:

— Хадзем.

— А нiхто i не просiць, каб ты тут сядзеў. Iдзi, свет адчынены, — Корсак ссунуўся з лавы, трымаючы высмалены, з жоўтай плямай на галянiшчы, валёнак — на дратве целяпалася i блiскала тоўстая iголка.

Каты пасунулiся з хаты, прыгрукнуўшы за сабою дзвярмi, аж у лямпе падскочыў жоўты язычок агню.

— Баба з воза — каню лягчэй, — сказаў Корсак, калi ў сенях аб кручок дзынкнула клямка.

Сяло маўчала — усе ведалi, што стары Корсак процi, каб нехта з Катоў сватаўся да Хрысцi. Каты ў Верасаве павагi не мелi. На iх, як на людзей, не зважалi яшчэ здаўна. Каты былi бедныя, казалi, што яшчэ за паншчынаю ў iхняга прадзеда, бо ленаваўся рабiць, пан адабраў палавiну надзелу. Цяпер у Катоў асталася шастуха — шостая частка валокi, па цяперашнiх мерах — тры гектары з нечым, ды i тая не зямля, адна камянiца. А на голага сабакi брэшуць. I калi ў Верасаве была якая пакража — падазрэнне падала заўсёды на Катоў. А за руку, як кажуць, злавiлi таго самага iхняга прадзеда — ён у Мондрых, некалi першых

на ўсё Верасава багатыроў, краў са свiрна, з глыбокiх засекаў, збожжа, пракруцiўшы свярдзёлкам у сцяне дзiркi.

Паздзекавацца ды пасмяяцца з Катоў у Верасаве любiў кожны. Яны ж, людзi i пунтовыя i заядлыя, помсцiлi па-свойму. Iхнi бацька, Рэпка Адам, астаўшыся пры паляках солтысам, пачаў удаваць людзей: палякi тады пабралi ў вёецы коней i збiлi да паўсмерцi Корсака — ён схаваў жарабiцу, перагарадзiўшы хлеў яшчэ адной глухою сцяною. За гэта Катам ужо дараваць не маглi.

— У, Катэ, у, кашэчнiкi! — стары Корсак заварушыўся каля печы, мусiць, спомнiўшы сваю даўнейшую злосць.

— Цi не досiць?! — аказаўся ўжо Мiця, не залюбiўшы, што бацька не перастае сварыцца. — Пагаварыў, i досiць!..

— Яны некалi ўсю вёску баламуцiлi i цяпер во, — Корсак нагнуўся да iголкi, што вытыркнулася з валёнка, выцягнуў яе зубамi i хацеў нешта сказаць яшчэ, але ў сенях штосьцi загрукацела, як падаў пусты кубелец цi дзежка, i зазвiнела парожняе вядро.

— Хто ж гэта заблудзiўся? — засмяялася Хрысця i, вылезшы з-за калаўротка, адчынiла дзверы.

У сенях стаяў Iмполь, крыва i сарамлiва ўсмiхаючыся, што не знайшоў дзвярэй.

— А мне бог ведае што падалося, — сказала Хрысця, убачыўшы i пазнаўшы Алесiнага малацьбiта. — Заходзь жа ў хату, — i адняла ад клямкi руку.

Усё сяло глядзела туды, на парог. Дзяўчаты ўжо зналi, што да Радзiвонавай Алесi нанялiся малацiць чужыя мужчыны — адзiн з iх малады i надта ж харошы хлопец. Расказала Хрысця, а некаторыя дападныя ўскоралi падцiкавiць самi i цяпер таўклi, штурхалi адна адну локцем пад бок: «Глядзi, хто прыйшоў».

Iмполь убачыў, што з-за кожнае праснiцы блiшчаць, выглядаючы, вочы, i закруцiўся сярод хаты, шукаючы, дзе гэта дзецца, i сагнуўся, як гнецца вялiкi чалавек, нiбыта саромеючыся свайго росту.

— Садзецеся, — хлопцы рассунулiся на лаве, ляпнуўшы рукою на пустое месца.

Iмполь абвёў вачыма хату i дастаў пачак папярос, выстаўляючы яго хлопцам: да яго нават здалёк пацягнулiся рукi — тытунь быў дарагi, а свайго садзiць не давалi — i хлопцы былi ласыя пажывiцца чужым ды дармовым.

У хаце запахла саладжавым сiнiм дымам, пах яго быў нязвыклы пасля ўдушлiвае махоркi. Гэтакiм пахучым, лёгкiм дымам у верасаўскiх хатах пахла толькi ў свята, калi хлопцы, нават i тыя, хто не курыў, дзеля фасону куплялi ў мястэчку папяросы.

— Ну i запыхкалi, — папярхнуўшыся дымам, Мiця падышоў да печы i адкрыў у комiне верхнiк.

— Вой, якi далiкатны. А мне дак хораша пахне, — азвалася дзеўка, у якой, мусiць, самлела рука — патрымай яе перад носам, скубучы кудзелю.

— I праўда, што ж гэта за папяросы? — нацягнуўшы падшыты валёнак i ўсё тупаючы нагою i гледзячы на яе, пракульгаў, бо другая была босая, да Iмполя стары Улас. — Дай жа я сапсую адну.

— Курэце, дзядзька, курэце, — Iмполь абмацаў кiшэнi, зноў шукаючы пачак папярос.

— Гэй, курцы, цi чулi, што было пад Пiнскам? — выйшаўшы на сярэдзiну хаты, спытаўся Мiця.

— Не, а што?

— Не выдумляй, — дзяўчаты нават перасталi прасцi, прыпыняючы за кола свае калаўроткi.

— А во паслухайце, — Мiця падступiўся, дастаў з-пад бэлькi скручаную ў трубку газету, разгарнуў яе, прыжмурыўшыся, пачаў чытаць: — «Нязвыклы выпадак здарыўся пад Пiнскам. Мяшканцы хутара Глуша Каленiк Талерка i Аўдоцця Мядзведзь вязлi хрысцiць дзiця. Удома кумоў так напаiлi, што толькi каля цэрквы яны агледзелiся, што згубiлi дзiця. За вярсты тры ад хутара яго знайшоў Дзямян Калета з Сваловiч. Яно ляжала жывое ды здаровае збоку дарогi. На трэцi дзень у Глушы нанава спраўлялi хрэсьбiны».

Поделиться с друзьями: