Чужая бацькаўшчына
Шрифт:
— Ах, лiха! Во, i не забiлася, — сказала некаторая з дзяўчат, зноў нацiскаючы нагою на понаж i слiнячы кудзелю.
— А што там пра Чэхаславацыю пiшацца? — Лiтавар адарваўся ад лавы, але не ўстаў, а толькi выцягнуў руку, просячы газету.
— Што? Восем гарадоў адышло да Венгрыi. Уся Падкарпацкая Русь.
Мiця адышоў да стала. Хлопцы абярнулiся, слухалi, што расказвае ён. Адно дзяўчат, мусiць, не абыходзiла гэтая палiтыка, яны сцiшана пралi, задумаўшыся пра нешта сваё: толькi каторая, бывае, няўзнак зыркала на Iмполя, у яе, сарваўшыся з рукi, падала i кацiлася пад лаву верацяно.
А кучаравая Сабiна, што аж з другога канца вёскi, паднялася з праснiцы i пачала абкручваць кругом
— Ой, i нам пара, — падхапiлiся астатнiя дзеўкi, забiраючы з сабою праснiцы з вялiкiмi бародамi недапрадзенай кудзелi.
Цiшком адзiн за адным кiнулiся ў сенi хлопцы, каб злавiць якую ды падвесцi дадому. У сенях падняўся вiск, быў чуваць сыты рогат Бронiся Лiтавара.
Iмполь выходзiў апошнiм. З iм ужо, каб прысунуць дзверы, накiнуўшы на галаву вялiкую суконную хустку, выбегла Хрысця.
Хлопцы з дзеўкамi смяялiся на вулiцы. Але раптоўна гэты рогат сцiх. Немы чужы крык працяў вясёлую цiш:
— А людзечкi, ая-ёй!
Iмполь дагадаўся, што некага б’юць. Тупацелi ногi, трашчаў плот — ламалi недзе частаколiны.
— А божачка, што там? — Хрысця злавiла Iмполеву руку.
— Б’юцца, — сказаў ён, чуючы, што яна дрыжыць не то ад холаду, не то ад страху.
На надворку валтузiлiся: нешта мякка i глуха вухкала, як у падушку, i нехта крактаў, нiбыта сек дровы.
— Iзноў, мусiць, гэтыя Катэ, — сказала яна, стаўшы на высокi парог i цiкуючы на надворак, — кругом яе галавы, ад белага месяца, стаяла сiняватая яснасць.
— Ой, не суньцеся ж хаця, — яна ўчапiлася Iмполю за рукаво, калi ён пераступiў парог. З-пад веснiкаў, угнуўшыся i без шапкi, уцякаў сюды Бронiк Лiтавар, твар у яго быў залiты крывёю — яна выдавала чорнаю, як гразь. I нехта нiжэйшы, трымаючы ў руках калок, насцiг яго каля хаты i з усяе моцы гахнуў па плячах — калок трэснуў, i адзiн канец, скачучы, як скача адсечанае ад калодкi палена, паляцеў аж пад парог.
— Ах, божачка, заб’е ж, — зноў немым голасам заенчыла дзеўка. Гэта была Сабiна — стрыечная Лiтаварава сястра.
Астатнiх дзяўчат i хлопцаў як ветрам змяло з Корсакавага надворка, кожны наравiў быць далей ад бяды. У веснiках толькi стаяў Жэнiк Рэпка, каб, на выпадак чаго, памагчы брату.
— Ну, Чадзiна… — Сяргей мацюкнуўся i, не выпускаючы з рук канец адламанага калка, спусцiўся з пакатага надворка да веснiкаў.
— I што гэта iм зноў тудака трэба? — крыкнуў туды, на вулiцу, Корсак Улас, выйшаўшы разам з Мiцем на двор.
— Хадзi i ты сюды, хадзi, — аказалiся з-за плота Каты.
— А ты паагрызайся болей! — Мiця саступiў з пляскатага каменя, што ляжаў каля парога. Рукi ў яго былi закладзеныя за спiну — ён хаваў ззаду нешта караткаватае, цi не жалезны прэнт.
Каты змоўклi. Высунулiся з цянька i пайшлi вулiцай, схаваўшыся за рогам чужое хаты. Адзiн дробна, з пералiвам, высвiстваў польку.
— Iдзi ў хату, Бронiсь, — сказаў Корсак, хаваючыся ў цёмных сенях. — Iдзi, абмыйся хоць.
— I праўда, Бронiк, — Сабiна з Хрысцяй пагналi Лiтавара ў хату.
Iмполь выйшаў на вулiцу, каля веснiкаў наступiўшы на нешта чорнае i мяккае, цi не на Лiтавараву шапку.
Вечар быў ясны — высока на полуднi стаяў белы месяц з сiняватым у сярэдзiне i бурым па краях кругам. На нечым шчыце ў аконцы блiшчаў асколак шкла. Пахла вострым марозам i чэрствым гаркаватым лiсцем. На звялай i шэрай, як ссыпанай соллю, траве пералiваўся, цьмяна мiгцеў iней. Каля чарнаты плота белым паскам ззяў малады ўчарашнi снег, што не растаў за дзень. Дужэў прымаразак — камянела зямля. Усё выдавала пустым, голым, i звон стаяў, як у парожняй дубовай бочцы. Так бывае позна ўвосень у сухi мароз. Толькi недзе ў хляве бляяла, акацiўшыся, авечка — там нехта свяцiў лiхтаром: у адчыненых дзвярах мiльгаў скупы
жоўты агонь. У канцы вулiцы чуўся злы, здушаны голас:— I яе, гадзiну, трэба правучыць…
Гаварылi, мусiць, пра Хрысцю. Падыходзячы блiжай i заварочваючы да Мондрых у двор, Iмполь прыслухаўся, але нiчога болей не распазнаў. З-за хлевушка высунулася i загаўкала, кiдаючыся да ног, аблавухая сучачка — яна яшчэ не асвойталася з чужымi ў хаце людзьмi. У вокнах раптам палахлiва затрапятаўся i патух агонь — гаспадыня, гатуючыся, пэўна, спаць, баялася, цi не падглядае хто.
Iмполь пастукаў у цёмнае, што адлiвала месячным бляскам, прадпечнае акно. За глухою шыбаю паказалася Алеся. Распушчаныя валасы падалi на плечы, глыбокi выраз сарочкi адкрываў цеплату грудзей.
V
Бацьку свайго Iмполь не помнiў. Расказвала мацi, што бацька быў рослы, кучаравы — ён, Iмполь, i крошкi па iм падабраў. Толькi бацька ганьбу невялiкую меў: на правай руцэ не хватала двух пальцаў — аджавала трыбаю сячкарнi. Праз гэтае калецтва яго i ў войска не ўзялi, таму жанiлiся яны з мацераю ў той год, як пачалася вайна. Людзi якраз у бежанства ўцякалi, спярша здалёк, недзе зпад Сувалак, — мазуры ўсё. А на другi год, калi фронт падышоў блiжай, ускораўшы пажаць толькi жыта, выправiлася ў дарогу iхняя вёска.
Але за вёрст дваццаць ад дому, ужо ў лесе, бежанцаў насцiг фронт: ззаду стралялi з гарматаў, нiбы хто грукаў вялiкiмi дзвярмi, аж дрыжала i прыгiналася ўсё. Звар’яцелыя ад страху людзi сталi падганяць коней, фурманкi збiлiся, заторыўшы дарогу. Ламалiся наладаваныя збожжам ды розным пажыткам вазы, iрвучы гужы, наравiлiся спуджаныя конi. Падняўся гвалт, крык. Рыкалi напрывязваныя да драбiнак каровы, выскачыўшы з вазоў, ляцелi на злом галавы авечкi, плакалi, адбiўшыся ад мацярок, дзецi.
Засцiгнутыя гэтай нечаканай стралянiнай, не ведаючы, куды дзецца, людзi пачалi варочацца дадому — найболей з малымi дзецьмi i старыя.
А маладзейшых страх гнаў далей, у гэтую невядомую прорву свету: гаварылi ўсе, што немцы гвалцяць дзяўчат, адразаюць iм грудзi.
Выбраўшыся з лесу i апярэджваючы адзiн аднаго, бежанцы ехалi полем, дратуючы няспелы, яшчэ сiвы авёс, лапушыстыя картоплi i белую, звiнючую ад пчол грэчку. Над дарогаю вiсеў, асядаючы ў збожжы, едкi, сухi пыл.
Быў канец жнiўня — стаяла пякучая, астатняя перад восенню гарачыня. Не ўставала, падбiўшыся хадою, быдла. Дух забiваў саладжавы смурод. Яго нясло ад спруцянелай, раздутай, як горы, скацiны. Яе нiхто не закопваў. Укiнуўся мор, памiралi людзi — пры дарогах аставалiся свежыя капцы магiлак з тонкiмi, высечанымi наспех сырымi крыжыкамi. Змучаныя, знэнджаныя дарогаю людзi сцякалiся ў Мiнск — тут iх ужо садзiлi на поезд. У вагоне i разрашылася Iмполева мацi — нарадзiўся Платон, старэйшы Iмполеў брат.
Бежанцаў прывязлi за Самару, у нейкi чужы, якога яны дагэтуль не чулi, горад Бугуруслан. Усё там было нязвыклае — людзi, iхняя гутарка i нават адзежа: кабеты насiлi сплеценыя ў поясе з доўгiх, у розны колер, аборак спаднiцы.
Iмполеў бацька рабiў на чыгунцы, «лячыў», перавязваючы дротам, старыя, патрэсканыя шпалы. Новых не хватала — iшла вайна, потым пачалася рэвалюцыя. Iмполеў бацька ўсё гэтаксама «лячыў» шпалы — чыгунка патрэбна была ўсiм.
Тут, якраз у гэту калатэчу, i знайшоўся Iмполь. Праз год-два ўсё ўляглося, але настаў голад. Дажджу не было з самае вясны. Першы раз захмурылася на Iлью, але дождж толькi папырскаў зямлю, запахла горкiм пылам, як пахне жалеза, i з хмары пасыпалiся чэрвi — сiвыя, з чорнымi галоўкамi, валаснi. Яны кiшэлi, скручваючыся ў клубок i прытка паднiмаючы свае чорныя галоўкi.