Дзевяць
Шрифт:
— Каця. Мне хутка будзе пяць гадоў. А вас?
Гмурман не чакаў пытаньня і крыху разгубіўся.
— Мяне можна называць Барыс Львовіч. Хай Сеня возьме ледзянец.
Хлопчык нерашуча муляўся.
— Малады чалавек, — падбадзёрыў яго Гмурман, — глядзіце, пасьля пашкадуеце.
Сеня зрабіў маленькі крок да бляшанай скрынкі, якая ляжала на прылаўку каля чорнага пакета. Каця дакорліва пакруціла галавой. Хлопчык адступіў.
— Яму нельга салодкае, — строга сказала Каця, — ён у шпіталі ляжаў.
Гмурман спачувальна ўздыхнуў.
— Ох, як нядобра.
Ён
— Ну дык вось, — ён павярнуўся і паказаў на паліцы, даючы зразумець, што гатовы распачаць дзелавую частку: — Людзі сюды здаюць рэчы.
На паліцах уперамежку ляжалі парцалянавыя сабакі, кітайскія вазы, антыкварныя відэакамэры. Невялікая мініятура малавядомага мастака галяндзкай школы суседнічала з парусьнікам, які быў зь любасьцю ўціснуты ў бутэльку з вузкім рыльцам. Рэчаў было шмат, яны былі розныя. Наборы сталовага срэбра чаргаваліся з падзорнымі трубамі ручной работы, цяжкі што не падняць камінны гадзіньнік суседнічаў з альбомамі, напханымі паштовымі маркамі.
Хлопчык падышоў да прылаўка, зьняў пакет. У слоіку плавала невялікая рыбка. Гмурман узьняў акуляры на лоб, падсьлепавата прыжмурыўся, пасьля апусьціў іх і павярнуўся да хлопчыка.
— Гэта табе дзе? — спытаўся ён. — Гэта табе заапарк?
Хлопчык зьлёгку пляснуў сястру далоньню па сьцягну. «Я ж казаў», — зашыпеў ён.
— Адчапіся, — Каця павярнулася да Гмурмана. — Яна ўмее гаварыць.
Гмурман паглядзеў на Кацю, пасьля на слоік. Звычайная залатая рыбка.
— Вядома, — ён дазволіў сабе крыху ўсьміхнуцца. Сапраўдны талент расьце на суседняй вуліцы. Шыкоўная зьмена. Сеня глядзеў у падлогу.
— Яна сказала… — працягнула Каця, але Сеня зноў паспрабаваў яе абарваць. — Адчапіся!
Каця павярнулася і ўдарыла брата па плячы. Гмурман цярпліва чакаў.
— Яна сказала, што толькі адно засталося.
Каця для большай пераканаўчасьці ўзьняла ўгару ўказальны палец. Сеня моцна таргануў сястру за сукенку. Каця ўдарыла брата па патыліцы.
— Дзеці, — Гмурман сабраў бровы да пераносься, паспрабаваў прыбраць з голасу рыпучы старэчы гук, — тут вам не спартовы бокс. Тут вам лямбард.
Хлопчык апусьціў галаву яшчэ ніжэй і гучна засоп.
— Так ня пойдзе, — Гмурман, трымаючыся за печань, выйшаў з-за прылаўка. Ён дастаў з кішэні камізэлькі чыстую насоўку і прыклаў яе да Сеневага носа.
— Налягайце, малады чалавек, — ён глядзеў на паліцы, — не саромцеся.
Каця засьмяялася, брат бліснуў вачыма.
— Мы будзем чысьціць каналізацыю, ці што? — спытаўся Гмурман, ён ужо бачыў тое, што шукаў. — Выганяйце соплі!
Сеня пачаў з усяе сілы трубіць.
— Выдатны вынік, — канстатаваў Гмурман, калі ў носе нічога не засталося. Ён зьняў з паліцы падробныя дуэльныя пісталеты.
— Ведаеш, хто такі Пушкін?
У хлопчыка бліснулі вочы, калі ён убачыў зброю.
— Гэта Джэк Верабей? — хлопчык падняў галаву.
Гмурман працягнуў футарал. Пісталеты былі ўдвая лягчэйшыя за сапраўдныя.
— Вывучай.
А сам тым часам прыклаў насоўку чыстым
канцом да Кацінага носа.— Праверым, што ў вас робіцца ў дзірачках, мілая паненка.
Каця з гатовасьцю пачала смаркацца.
— Выдатны вынік, — паўтарыў Гмурман. Шаркаючы і трымаючыся за печань, ён вярнуўся за стойку. — Працягнем.
— А яна, — хлопчык паказаў пісталетам на сястру, — яна захацела ляльку. Як Барбі, толькі каб яшчэ лепшая.
Сеня прыцэліўся ў парцалянавую кампазыцыю «Баваўнаробы абмяркоўваюць праект сталінскай канстытуцыі».
— А ён ёй адразу галаву адламаў, — паскардзілася Каця. — У яе вочкі і згасьлі. Яна ніпаякому больш не размаўляе. Ні добры дзень, ні сэнк'ю.
— Бах-бах, — Сеня стрэліў, баваўнаробы, відаць, яму адказалі, і ён прыгнуўся. Кулі прасьвісталі каля галавы.
— А ён папрасіў у рыбкі марозіва — і зьеў. А яму нельга.
— Ты таксама ела, — Сеня працягваў адстрэльвацца.
— Я трошкі, — дзяўчынка зьвярнулася да Гмурмана, — зусім трошкі, — яна разьвяла далонькі. — А ён — цэлае вядзерца.
Барыс Львовіч зразумела ўсьміхнуўся: «Я з табой, Каця». Сеня працягваў ухіляцца ад уяўных куляў.
— Нічога ня трошкі.
Яго, здаецца, паранілі, але ён мужна выглядаў цэль.
— Ты дрэнны!
Гмурман убачыў, што Каця сабралася плакаць, і пасьпяшаўся ўмяшацца.
— Ты зробіш мне дзірку ў пячонцы, тэрарыст, — Гмурман жэстам запатрабаваў, каб ён спыніў страляніну.
Хлопчык насупіўся, пакруціў пісталет і неахвотна паклаў яго на прылавак.
— А яна сказала, — Каця паказала на слоік, — што яшчэ можна толькі адно ў яе прасіць. А ён, — Каця тыцнула ў брата пальцам, — хоча пажарную машыну.
— Вялікую? — на ўсялякі выпадак перапытаў Гмурман.
— Так, — Каця асуджальна паглядзела на брата.
— Я ў цырк не хачу, — хлопчык надзьмуўся.
— У цырку прыгожа, — Каця летуценна паглядзела на столь, — там прынцэсы.
Яна ўдарыла брата па плячы. Ён скрывіўся ад болю і пачаў яго расьціраць.
— Нічога там не прыгожа, — Сеня паспрабаваў ударыць у адказ, але Каця ўхілілася і пачала бегаць вакол яго:
— Прыгожа! Прыгожа!
Яна лётала як шалёная. Гмурман узьняў акуляры на лоб. «Бедныя мужчыны, — падумаў ён, гледзячы, як разьвіваюцца яе кудзеркі, — у вас засталося ўсяго дванаццаць, у скрайнім выпадку, трынаццаць спакойных гадоў».
— Дзеці! — ён пляснуў у далоні. Каця не зьвярнула ўвагі. — Што ты лётаеш, як Абэбэ Бікіла ад свайго начальніка. Перастань, а то мне зробіцца дрэнна ў вочным дне.
Каця спынілася.
— Дык што вы хочаце, каб я ня мог адмовіцца? — спытаўся Барыс Львовіч.
Дзеці паглядзелі адно на аднаго.
— Хочам, каб яна была ў вас, — пачала Каця.
Гмурман глянуў на рыбку. Тое, што адбывалася за межамі слоіка, яе відавочна не датычыла.
— Гэта вы самі прыдумалі? — спытаўся ён.
— Так, — сказаў Сеня.
— Не, — тупнула ножкай Каця, — гэта рыбка сказала.
— А што яшчэ сказала рыбка? — пацікавіўся Гмурман.
— Што, калі мы вырасьцем, вы нам яе аддасьцё, — сказалі дзеці адначасна.