Дзевяць
Шрифт:
Дзімка надзьмуў шчокі, пачырванеў, вылупіў вочы і дзьмухнуў. Віктар адразу зразумеў, што гуку ня будзе, але на ўсялякі выпадак, каб не пакрыўдзіць партнэра, крыкнуў.
— ААААА!
Недзе ўгары пачуўся хруст, абодва прыгнуліся і пачалі азірацца. З дуба ўпала галінка.
— О! — узрадаваўся Дзімка. — Атрымалася.
Яны нахіліліся. Галінка была дарэшты згнілая.
— Так нават банкаўскую ячэйку не раскрыеш, — засьмяяўся Віктар, — зараз я паспрабую.
Дзімка перадаў рог. Віктар уцягнуў як мага больш паветра ў лёгкія.
— УРА!!! — пачуўся над самым вухам Дзімкаў рык.
Зноў закалыхалася, затрэслася трава.
— Добра, — сказаў
Ён пайшоў да машыны, каб пакласьці трубу назад у футарал. Раптам проста з-пад ног нешта выскачыла. Ад нечаканасьці ён ледзь не ўпусьціў ношу. Гэтае нешта пабегла ў бок будынку.
— Бачыў? — Віктар павярнуўся да Дзімкі.
— Пацук, — абыякава сказаў Дзімка, падняў камень зь зямлі і кінуў яму ўсьлед. Віктар адчыніў заднія дзьверы, з машыны на яго выскачыў яшчэ адзін пацук. Ён ледзь ухіліўся.
— Што гэта было?
Дзімка напружана глядзеў у бок дому з ружовымі сьценамі. Травы не было. Замест яе стаяла суцэльная шэрая маса, якая калыхалася. А яна ж жывая, падумаў Віктар. Ён пакруціў галавой па баках. Пацукі ня рухаліся, нечага чакалі. У Віктара перасохла ў роце. Колькі іх там? Тысячы? Мільёны?
Дзімка ўжо ўзьлез на капот і глядзеў у бінокль.
— У нас джып, — прамовіў ён, як Віктару падалося, неяк ня надта ўпэўнена і сеў на сядзеньне кіроўцы.
Зароў рухавік, машына накіравалася проста ў шэрую сьцяну. Пачулася чвяканьне, піск, шыбы пачалі пакрывацца вадкай гразьзю з чырванаватым адценьнем. Хуткасьць упала, аўтамабіль павяло ўбок, ён пачаў завальвацца.
— Тармазі, — закрычаў Віктар, — тармазі!
Дзімка ўчапіўся ў руль, пальцы зьбялелі. Ён зрабіўся мокрым, лоб разьдзяліла папярэчная складка, вочы шалёна засьвяціліся, крылы носа расшырыліся. Рухавік чмыхнуў і заглух.
— Вось які пабочны эфэкт, — прамовіў Віктар, але словы ня выйшлі. У горле булькатала, сэрца выскоквала.
Дзімка выгнуўся і спрабаваў дацягнуцца да футарала з трубой.
«Калі будуць падыходзіць да мяне ліхадзеі, супраціўнікі і ворагі мае, каб зжэрці плоць маю, то самі яны спатыкнуцца і ўпадуць, — заплюшчыў вочы і зашаптаў сам сабе Віктар. — Калі ўзброіцца супраць мяне полк, сэрца маё не збаіцца; калі здарыцца супраць мяне вайна, на гэта я спадзяюся».
Аўтамабіль мякка пагойдваўся сярод жывога шэрага мора, паступова патанаючы ў яго бяздоньні. Пацукі ўзлазілі адзін на аднаго, вынюхвалі, выглядвалі. У машыне зрабілася зусім цёмна. Было чуваць, як торкаюцца морды ў шыбіны, як сотні кіпцюркоў скрабуць па дне, як ззаду напіраюць новыя, нецярпліва пішчаць і пакусваюць хвасты і вушы пярэднім, як ужо пакаштавалі на смак гуму колаў і незадаволена адплёўваюцца. На Віктара накочваліся хвалі насякомых, якія беглі па скуры ад самых кончыкаў пальцаў на нагах да макушкі.
— Крычы, — пачуў ён, — крычы…
Натужліва соп Дзімка, круціўся, крактаў, лаяўся. Скрыгат па дне ўзмоцніўся, зрабіўся гучным, нясьцерпным.
— Крычы, бля!
Да Віктара дайшло, што гэта яму. Ён раскрыў рот.
Крыку не атрымалася — з горла выйшла сіпеньне. Віктар зажмурыўся. Яшчэ адна спроба.
— ААА!
Джып рэзка тарганула ўбок. Зьявіўся цяжкі гук, быццам нізка ляцеў самалёт, да якога прымяшаўся тонкі піск. Шалёна засьвістаў вецер. Пацукоў пачало зьдзімаць. Зрабілася сьвятлей, і дробныя расколіны пабеглі па шыбінах. Дзімку званітавала, ён закрыў вушы далонямі. Джып няспынна трэсла, стойкі прагнуліся. Пасыпаліся асколкі
шкла. Успышка асьвятліла перакрыўленыя фізіяноміі. У Віктара йшла кроў з носа. Ён адчуў, што абмачыўся.Джып узьняло ў паветра, машына праляцела некалькі мэтраў і ўпала на колы. Вецер сьціх, гукі зьніклі, ледзь варушылася трава. Дзімка зусім белы, увесь у ванітах усьміхаўся сьсінелымі вуснамі.
Віктар паглядзеў, куды партнэр паказваў пальцам. Справа ляжаў з коранем вырваны дуб. Магутная каранёвая сыстэма нагадвала грэцкую скульптурную кампазыцыю. Канцы каранёў уздрыгвалі, быццам засьпетая зьнянацку гіганцкая гідра.
Дзімка заціснуў рог паміж каленяў і пяшчотна лашчыў яго, не перастаючы ўсьміхацца.
Слова хвалявалася, вілося, закручвалася ў сьпіраль, спрабавала саскочыць, уцячы, схавацца, сесьці на ізьмену. Пасьля Яно супакоілася і пачало дзяліцца. Зьявіліся словы, словы, словы. Іх зрабілася вельмі шмат, і яны пачалі мільгацець. Яму гэта надакучыла, ён расплюшчыў вочы і ўбачыў чаравікі. Звычайныя карычневыя чаравікі. Яны яму не спадабаліся. Нейкі час ён іх разглядаў, пасьля падняў галаву. Далоні ўпіраліся ў дошкі, а паміж імі ў шчыліне тырчала скручаная ў трубачку паперка. Ён дастаў яе.
«Хачу быць жанчынай. Філіп».
Плот быў даўгі. Пацямнелае ад часу дрэва, іржавыя плешкі цьвікоў. Скрозь шчыліны была відаць пустка, зялёная трава, удалечыні калыхаліся таполі. Нічога цікавага.
За сьпінай, па шашы з шалёнай хуткасьцю лёталі машыны. Кабрыялет прытармазіў, зь яго паказалася палкая брунэтка і нешта спытала. Ён не зразумеў, але на ўсялякі выпадак махнуў рукой. Кабрыялет памчаўся далей.
Яшчэ адзін шматок паперы, на якім нязграбным почыркам выведзена:
«Нафта 100. Пятро».
Нарэшце нешта прыгадалася. Нехта падае, і ён хапае бутэльку са стойкі. Стоп. Значыць, быў бар. Ён заплюшчыў вочы і паспрабаваў больш выразна пракруціць у памяці той момант. Але, апрача зялёнай бутэлькі, нічога не зьявілася. Нават твар чэла, якому ўрэзаў, некуды сплыў.
— Іваныч, — сказаў ён уголас, быццам спрабуючы голас на смак. Гук аказаўся зусім хрыплым і таксама не спадабаўся. Ён набраў у лёгкія больш паветра і тут жа закашляўся. Зрабіў яшчэ адну спробу.
— Іваныч!
Ён спалохаўся, уцягнуў галаву ў плечы, азірнуўся, але нікога навокал не было, калі не лічыць машын на шашы. Чортаў плот не зьбіраўся канчацца. Ён зь цяжкасьцю ўзьняўся на насып, стаў на ўзбочыне і пачаў галасаваць. Ну хоць бы адна сука… Праз паўгадзіны адчуў патрэбу адліць і зноў спусьціўся. Захацелся піць, курыць, пачало круціцца ў галаве, і зрабілася млосна. Больш паднімацца да шашы ён ня стаў і пайшоў па сьцежцы.
А Іваныч, можа быць, зусім не імя, а прозьвішча. Або наагул імя па бацьку. Тады што?
— Сонька мяне не кахае. Тэл. 3964745193, — ён выцягнуў чарговую запіску і нечакана адчуў, што ў кішэні нешта ёсьць. Пашпарт, ёлы-палы! Са старонкі глядзеў пахмурны, засяроджаны твар. Тыповы даўн. Сарабан Віктар Іванавіч, прапісаны ў Менску. І дзеці ёсьць. Дачка і сын. Некалькі візаў. Літва, Турцыя, Польшча. Ён яшчэ раз зірнуў на фатаграфію. Значыць, Віктар Іванавіч. Прыемна пазнаёміцца. Бэ-э-э… А каторая гадзіна.