Дзевяць
Шрифт:
У паветры адчуваўся агідны прысмак вельмі хімічнага. Ён прыгадаў дачку.
— Нясмачна пахне, тата, — сказала яна і адвярнулася. Яны ішлі па парку. — Чаму ад дзядзі нясмачна пахне?
— Дзядзя — бомж.
— Гэта такая праца?
Плынь машын на шашы не спынялася ні на хвіліну. З рыкам праляталі вялізныя фуры, гружаныя легкавымі аўтамабілямі.
— А як дачку завуць? — сказаў ён уголас.
Памяць зноў прачынілася:
— Так, Леначка. Бомж — гэта такая праца.
— А ён ня
Ён зрабіў некалькі крокаў да наступнай запіскі.
«Патэлефануй. Тэл 975-414».
Неба было зацягнута шэрай смугою, скрозь якую ледзь прасьвечвала сонца. Хімічны прысмак у паветры ўзмацняўся. У роце гарчыла. Сэрца забілася, лоб пакрыўся потам, ён ішоў даволі хутка, часам спатыкаючыся і лаючыся ў адказ на няроўнасьці сьцежкі. Зь цяжкасьцю пераваліўшы праз пагорак, спыніўся, схапіўся за левы бок і пачаў лавіць ротам паветра.
Плот выгнуўся, і наперадзе паказалася Слова. Яно пачыналася праз мэтраў пяцьдзясят. Ён адразу прыгадаў пойла са зьмяёй і тлустымі герогліфамі на этыкетцы, такімі самымі чорнымі, як і Слова. Жаўтлявую цягучую вадкасьць залівалі ў талерку, поўную яркіх фруктаў, падпальвалі і празь нейкі час разьлівалі па піялах. Яшчэ ён выразна прыгадаў твар таго хлопца, які прыйшоў на стрэлку.
— Віктар, — назваўся ён. А перамоўнік замест прывітаньня адразу заявіў, што праблему можна вырашыць двума спосабамі — сумленна або напалам.
— Што такое «сумленна»?
— Калі рызыкі ўсе твае.
— Значыць, кідок?
У хлопца крыху прыўзьняліся бровы:
— А напалам?
У бары былі яшчэ дзьве гарылы, якія ў далёкім канцы рабілі выгляд, што захоплена размаўляюць. Віктар урэзаў перамоўніку ў лоб. Двое ўскочылі. Хлопец яшчэ не пасьпеў асесьці, як зялёная бутэлька разьбілася аб ягоную галаву. Віктару заламалі рукі. Ён зарыпеў зубамі ад болю, брыкнуў нагой і трапіў. Хватка аслабла, кінуўся на падлогу і выхапіў гранату.
— Ну, сукі, — ён часта дыхаў, пераводзячы позірк з адной гарылы на другую. Яны спыніліся. На іх тварах зьявіліся прыкметы чалавечых эмоцыяў. З-за стойкі вызірнула бармэнка і адразу зьнікла.
— Граната не сапраўдная, — сказаў адзін.
Яны зрабілі маленькі крок насустрач.
— У пекле овэрдрафтаў ня будзе, — Віктар зрабіў выгляд, што вырывае кольца. Гарылы адступілі.
— Ня будзе, — паўтарыў ён дзеля большай пераканаўчасьці і ўстаў, не выпускаючы лімонку з рук. Гарылы ўважліва сачылі за ягонымі рухамі. Ён тыцнуў нагой перамоўніка. Той застагнаў. Ён павольна адступаў, трымаючы гранату за кольца.
— Добра, — сказала адна з гарылаў, выцягнуўшы наперад далоні. — Супакойся.
Яны ўзяліся паднімаць перамоўніка. Той мыкаў. Віктар паказаў на крэсла, яны пасадзілі яго, плюхнулі ў твар вадою і ўсталі па баках. Ён зрабіў знак, каб адышлі.
— Вунь туды. Да сьценачкі.
Віктар яшчэ раз азірнуўся. Канца й краю няма гэтаму плоту. «А Бога няма!» было напісана на чарговым шматку, прылепленым да дошкі празрыстым скотчам. Ён паспрабаваў запомніць нумар, запісаны буйнымі лічбамі, некалькі разоў паўтарыў яго ўголас, зразумеў, што няма сэнсу, і сунуў запіску ў кішэню. Зрабіў некалькі крокаў і апынуўся проста перад
Словам. Яно зараз жа адбілася ўнутры сьценак чэрапа, націснула на ледзь заўважны рычажок, і нешта ўстала на свае месцы.Яны патэлефанавалі і сказалі, што гатовыя сустрэцца. Віктар папярэдзіў жонку, што можа быць усякае. Яна села і бязгучна заплакала. Ён надзеў прынесеную некалі вельмі-вельмі даўно са службы бронекамізэльку, жонка выцерла вочы і спыталася, ці трэба нечым дапамагчы.
— Буду ваяваць.
Стрэлку забілі ў «Бoлце». Ён пад'ехаў на паўгадзіны раней, зайшоў у суседні будынак бібліятэкі, падняўся на апошні паверх, дастаў бінокль і агледзеўся. Aдна машына зь дзьвюма гарыламі ўжо на стаянцы. Віктар зірнуў на торбу, там ляжалі докі. Пад'ехала срэбная «паджэра», зь яе выскачыў перамоўнік, увайшоў у бар, адразу ж выбег і пачаў азірацца. Зараз жа зазваніў тэлефон.
— У заторы стаю, — адказаў Віктар. — Яшчэ хвілін трыццаць.
Перамоўнік вярнуўся да машыны і пачаў пра нешта гаварыць з кіроўцам, зрэдку нецярпліва паглядаючы на гадзіньнік. Віктар дастаў з унутранай кішэні пінжака востра заточаную адвёртку з масіўным тронкам і спрытна пакруціў яе пальцамі. Яшчэ раз зірнуў у бінокль, некалькі разоў гучна ўздыхнуў, сунуў адвёртку ў кішэню пінжака і пайшоў уніз.
Побач каля плота валялася бляшанка з рэшткамі засохлай чорнай фарбы. Віктар падчапіў бляшанку. Яна прыліпла да наска чаравіка. Блін! Ён пару разоў трасянуў нагой.
— Значыць, вырашаем так, — сказаў ён, калі ўбачыў, што перамоўнік расплюшчыў вочы. — Твае прыносяць бабло, я аддаю докі, і мы адзін на аднаго ня крыўдзімся.
— Ой, бля… — перамоўнік трымаўся за макушку.
— Ясна? — яшчэ раз спытаўся Віктар. Ён сунуў перамоўніку ў руку тэлефон. Хлопец, усё яшчэ стогнучы, набраў нумар.
— Нясіце валізку, — запатрабаваў ён.
Нарэшце бляшанка адляпілася ад абутку і адкацілася ў траву.
— Зрабі мне выпіць, — Віктар перагнуўся праз стойку.
Бармэнка сядзела на падлозе. Даўгія каштанавыя валасы былі перахопленыя стужкай з выявай вінтоў.
— Я… у мяне… — у яе дрыжалі вусны. — Перапынак. На абед. Казёл.
Віктар паклаў гранату побач з кейсам на стойку:
— Што?
Бармэнка ўстала, схапіла ручнік і пачала нэрвова праціраць келіх.
— Можа, чаго іншага жадаеце? Нажы пакідаць кухонныя? Пастраляць з гарматы?
Келіх лопнуў. Яна кінула яго ў сьметніцу, скоса зірнула на гранату, узяла чарку і наліла дрыготкімі рукамі гарэлкі. Каля чаркі ўтварылася невялічкая лужынка.
Віктар не адказаў, выпіў залпам і жэстам папрасіў яшчэ.
Ён трымаў другую чарку ў руцэ. Бармэнка дастала глыбокую талерку і пачала азартна крышыць туды яркія фрукты. Зьняла з паліцы бутэльку, запячатаную сургучом, са зьмейкай усярэдзіне і чорнымі герогліфамі на этыкетцы, страсянула, перш чым адкаркаваць, выліла зьмесьціва ў талерку і падпаліла.
— Супчык, — яна зачарпнула вадкасьць вялікай лыжкай, наліла ў піялу і паставіла перад ім.
Смак быў прыемны, нядаўкі. Ён выцер вусны сурвэткай, пасьля ўсё закруцілася, бармэнка паплыла, зьявілася пустка і Слова.