Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дзевяць

Ліпковіч Яўген

Шрифт:

— Які, кажаш, ювэлірны брэнд быў?

Міця не зразумеў.

— Смарагд…

— «Тыфані», здаецца, — Міця выцягнуў шыю, спрабуючы разгледзець, што ў брата ў руках.

Ігар працягнуў ключык. На ім было напісана «Тыфані». Міця адкрыў маленькі комп і залез у сетку.

— Палома Пікаса, — прачытаў ён, — распрацавала для «Тыфані» лінейку ўпрыгожаньняў, у тым ліку і ключы. Срэбра.

Ігар уставіў ключ у замок. Пачулася гудзеньне, нізкі гук, быццам недзе запрацаваў генэратар. Яны ўздрыгнулі і пераглянуліся. Выцягнулі ключ, і гук прапаў. У іх загарэліся вочы. Ігар паказаў галавой на фанэндаскоп і зноў уставіў ключ у замок. Сэйф загуў, як разварушаны вулей. Ігар пакруціў ручку зь дзяленьнямі.

— Ну? — Міця зноў пачаў дыхаць у патыліцу. — Ёсьць кантакт?

Ігар

крыху падаўся наперад.

— Слухай, — пачаў ён незадаволена. Міця адсунуўся. Ігар пачаў павольна паварочваць ключ. Гуд узмацніўся. Міця ўбачыў буйныя кроплі поту на братавым ілбе.

— Што з табой?

— Ня ведаю… — адказаў Ігар. — Не магу.

Міця не зразумеў.

— Што «не магу»?

— Не магу і ўсё.

Ігар пакруціў рукой, быццам адчыняў уяўны замок.

— Не разумею, — ён устаў. — Ніколі такога не было…

З братам рабілася нешта ня тое. Рухі сталіся няўпэўненымі, рукі заўважна дрыжалі. Ігар падышоў да сьцяны, абаперся сьпінай і павольна споўз уніз.

— Зараз…

Міця працягваў сядзець у той самай позе і з трывогай глядзеў на брата.

— Алергія нейкая, — Ігар сядзеў з апушчанымі павекамі, — прыступ, напэўна…

Міця павярнуўся да сэйфа, які ўсё яшчэ нізка гуў, і ўзяўся за ключ. Скрозь пальчатку адчуваўся дзіўны холад. Пачало паколваць у кончыках пальцаў, на лбе выступіў пот. Яго ахапіла гарачка, у галаве запульсавала. Застукалі зубы, мачавы пухір аказаўся перапоўнены, а ў вушы пачалі запіхваць вату. Яе рабілася ўсё болей і болей, яна забіла ўсю галаву, але яе працягвалі пхаць. Скрозь вату стала чуваць, як дробна завібравалі паліцы ў гандлёвай залі, а зусім побач жаласьліва замяўкала котка. Няма тут ніякай коткі. Няма, і ніколі не было. Міця сьціснуў зубы. Ён расплюшчыў вочы і ўбачыў бацьку зь перакошаным тварам, які замахваўся на яго папругай. Пасьля ўбачыў брата, які павіс у бацькі на руцэ. Бацька стрэс Ігара, і той ляжаў бяз руху на падлозе. З вуха выцек тонкі струменьчык крыві. Міця ўскочыў з канапы і кінуўся на бацьку. Павеяла тытунём і перагарам. Узьнятая папруга апусьцілася проста на галаву…

Сэрца працягвала шалёна біцца.

— Гэта не алергія… — зь цяжкасьцю выціснуў Міця.

Унутры сэйфа пстрыкнула.

Гмурману падалося, што ён ведае гэтага мужчыну. Тонкія вусікі, нос, падобны да дзьвярной ручкі, востры кадык, калючы позірк міндальных вачэй. Наведнік уважліва агледзеў памяшканьне, павольна прайшоў уздоўж паліц, затрымаўся каля партрэта рабіна, прыдзірліва ўглядваючыся ў подпіс. Урэшце падышоў да прылаўка, Гмурман адарваўся ад уліковых кніг.

— Слухаю вас.

Тонкія вусікі выклалі на прылавак скрыначку. «Тыфані энд Ко». Гмурман убачыў пярсьцёнак са смарагдам. Ён дастаў са стала вялікую лупу.

— Цудоўная праца, — сказаў ён праз пару хвілінаў.

— Гэтая рэч дасталася мне ад маці.

Гмурман прыгадаў. Маўрыцыё Леанарда. Або Леанарда Маўрыцыё. На афішы было напісана, што гіпнатызэр і ілюзіяніст. У гэтых артыстаў абсалютна немагчыма зразумець, дзе імя, дзе прозьвішча.

— Я б хацеў яго… — гіпнатызэр сумеўся.

— Ня бачу ніякіх праблем, — Гмурман узяў ініцыятыву ў свае рукі, — назавіце вашу суму.

Лічбы былі прамоўленыя. Нейкі час Гмурман сядзеў моўчкі, абдумваючы. Пасьля выбачыўся і выйшаў у другі пакой. Вярнуўся, трымаючы пад пахай ноўтбук, і пачаў нешта шукаць у інтэрнэце.

— Улічваючы абставіны, хацелася б, каб была захаваная канфідэнцыйнасьць, — парушыў маўчаньне артыст.

— Гэты лямбард, — Гмурман не адрываўся ад экрана, — зачыняўся толькі адзін раз. У тую вайну былі патрэбныя партызаны, а не лямбарды.

Ён скончыў пошукі і зачыніў ноўтбук.

— А

дванаццатай вы будзеце канчаткова шчасьлівы. — Гіпнатызёр кіўнуў, і тонкія вусікі зьніклі за ўваходнымі дзьвярмі.

Апоўдні дзьверы лямбарду расчыніліся, Леанарда ўвайшоў, агледзеўся і зрабіў за сьпінай запрашальны жэст. Гмурман спакойна назіраў, як чатыры чалавекі ўнесьлі ў гандлёвую залю нешта цяжкае, прыкрытае ярка-сіняй тканінай з прышытымі па беражку залатымі кутасамі. Артыст эфэктным рухам сарваў покрыва.

— Дык я б запрасіў дзетак, — прабурчаў Гмурман, гледзячы на сэйф, — вам бы спадабаліся іхныя воплескі.

Леанарда Маўрыцыё наморшчыў кручкаваты нос, крыху зьбянтэжыўшыся.

— Не былі б вы так ласкавыя прыняць пярсьцёнак разам з гэтай скрыняй? — спытаўся артыст.

Аднекуль з паветра ён дастаў ключ і паклаў на прылавак. Тонкія вусікі разьехаліся ва ўсьмешцы.

Яны аформілі ўсе паперы, сапраўднае імя гіпнатызэра аказалася значна больш празаічным, чым тое, што друкавалі на афішах. Асыстэнты занесьлі сэйф у суседні пакой і выйшлі. Гіпнатызэр мімаходзь глянуў на распараджэньне для банку аб выдачы наяўных грошай.

— Гастролі ў Амэрыцы, — чамусьці пахваліўся ён перад адыходам.

Гмурману падалося, што ён зьбіраецца яшчэ нешта сказаць, але артыст выйшаў.

У другой палове дня нечакана прыйшлі правяральнікі з страхавой кампаніі, якія пратырчалі ў лямбардзе да канца тыдня. Пасьля зьявіліся пажарныя, а пасьля іх — фінансавая інспэкцыя. У Гмурмана пайшла галава кругам, ён забыўся пра сэйф, пярсьцёнак ляжаў у шуфлядзе пісьмовага стала. Але як толькі праверкі закончыліся, ён адразу ўставіў ключ у замок. Сэйф загуў, у Гмурмана ўсё зрабілася як у тумане. Разбомблены склад, вялізныя салдаты ў касках, якія гаварылі на незразумелай гартаннай мове. Гмурман спалохаўся, што яны зараз забяруць вядзерца, поўнае толькі што назьбіраных суніцаў, перамяшаных з цукрам, і прыціснуў яго мацней. Адзін салдат падняў вінтоўку і накіраваў яе на яго. Побач пырснулі аскепкі камення. Ён, прыціскаючы вядзерца з каштоўнай сумесьсю, пабег туды, дзе дымілася варонка ад авіябомбы. Нешта прасьвістала каля вуха, ён скаціўся ў яму, кароткія штонікі трэснулі на азадку, пачуўся нізкі гул самалётаў і завыла сырэна… Гмурман вырваў ключ і больш да сэйфа не датыкаўся.

Ён адагнаў успаміны і пайшоў усярэдзіну лямбарду. Міліцыянты расступіліся. Стары прашаркаў па гандлёвай залі, уважліва паглядзеў на паліцы і выйшаў у другі пакой.

Дзьверцы сэйфа адчыніліся, нават падалося, што рыпнулі. Гудзеньне зрабілася амаль нячутнае, Міця зазірнуў усярэдзіну. Задняй сьценкі не было, сьвяціў ліхтарык, і нечая рука шнарыла па паліцах. Было чуваць, як перамаўляюцца па-ангельску. Зьявіўся твар. Вялікі кручкаваты нос, тонкія вусікі. Калючыя вочы пільна аглядалі кожны мілімэтар мэталічнай шафы і нечакана ўперліся ў Міцю. Зь міндальных вочы імгненна зрабіліся круглымі, а вакол тонкіх вусікаў зьявіліся кропелькі поту. Ураз узьнік пісталет вялікага калібру. Міця зараз жа выхапіў свой дванаццацізарадны «дзюк».

Яны хвіліну моўчкі ўглядаліся адзін ў аднаго. У чалавека рухаўся востры кадык. Уверх-уніз. Апусьціліся павекі. Міргае, падумаў Міця. У яго самога пашырыліся ноздры, ён часта і дробна дыхаў. Цела трошкі, на мілімэтар, адсунулася назад. Яму здалося, што тонкія вусікі на сваім баку былі цяпер таксама трошкі далей. Свабодная рука асьцярожна намацала дзьверцы. Мэтал апёк холадам пальцы. Міця рабіў выгляд, што рухі яго не датычаць, гэта адбываецца незалежна, быццам нейкая самадзейнасьць органаў. Ён прымружыў павекі, глядзеў скрозь вейкі, расслаблена. У галаве панесьліся ўрыўкі малітваў, і, ня зводзячы позірку з калючых вачэй, ён з усяе сілы бразнуў дзьверцамі сэйфа. Гудзеньне спынілася, ён павярнуўся да брата, які ўсё яшчэ сядзеў бледны, як пэргамэнт.

Поделиться с друзьями: