Дзевяць
Шрифт:
Гмурман дастаў беласьнежную насоўку і выцер ёю шкельцы акуляраў.
Лейтэнант аказаўся ўпартым.
— Ён увайшоў у банк, — Жыгалка паказаў, як рабаўнік увайшоў, — дастаў пісталет, — лейтэнант дастаў свой пісталет, — наставіў яго на супрацоўніцу, — ён наставіў пісталет на Гмурмана, — і запатрабаваў не гатоўку, а ключы ад ячэек.
Ён убачыў, як у Гмурмана паехалі бровы ўгару ад зьдзіўленьня.
— У банку ёсьць дублікаты ад усіх сэйфаў, — падміргнуў лейтэнант.
Бровы Гмурмана вярнуліся на былое месца.
— Дзяўчынка зь перапуду схавалася пад стол, хоць іх і інструктуюць у выпадку абрабаваньня аддаць усё. Ён раззлаваўся, выстраліў. Але, дзякуй Богу, прамазаў.
Квітанцыя вашага лямбарду была ў яго ў кішэні, — працягваў ён, хаваючы пісталет. — Сьцяпанава Марта Яўгенаўна, чый пашпарт быў пададзены, калі вы пісалі заклад, учыніла самагубства два месяцы таму. Марта Яўгенаўна на гэтым сьвеце была вядомай варажбіткай, з сур'ёзнай кліентурай. Да яе прыяжджалі з усёй краіны. Кажуць, яна кансультавала Адміністрацыю Прэзыдэнта і нават асабіста Самога… — Жыгалка скасіў вочы ўгору. — Адзіны сын Ягор. Цяперашняе месца знаходжаньня — наш аддзел крыміналістычнай экспэртызы. Ён цяпер у лядоўні зь дзіркай у грудзях, якую зрабіў ахоўнік пяцьсот чатырнаццатага аддзяленьня Беларусбанку з свайго «дзюка». Калі ня знойдуцца іншыя сваякі, будзе пахаваны на Паўночных могілках за наш з вамі кошт.
Гмурман працягваў непарушна глядзець на лейтэнанта. Сьпіч не зрабіў на яго ні найменшага ўражаньня.
Яна хавала твар у хустку і моцна перажывала. У яе былі рудыя валасы і прыгожыя спалоханыя вочы, дакладна такія самыя вочы былі ў хлопца, які зь ёй прыехаў. Ён паставіў карціну (яна была ў тым самым радне, што ляжала цяпер на крэсьле) і астатні час напружана маўчаў.
Яна вельмі не хацела разгортваць тканіну. Згадзілася паказаць толькі ражок, але Гмурман усё ж настаяў. Ён не знайшоў у карціне нічога дзіўнага… Павешаная жанчына выглядала вельмі натуралістычна. Тоўстая вяроўка, галава павернута набок, зблытаныя даўгія валасы, босыя ступакі, белая начная кашуля. Жанчына вісела сьпінай, здавалася, што трагедыя здарылася толькі што і яна працягвае гайдацца па інэрцыі… Арыгінальнасьць палягала ў тым, што карціна была напісаная на люстэрку, а не на палатне, і любы, хто на яе глядзеў, ствараў фон, на якім разгортвалася дзея. Крыху нязвыкла, вядома. На аматара.
Гаспадыня нэрвавалася, кусала вусны і крыху супакоілася, калі карціну зноў прыкрылі.
— На колькі гадоў вы хочаце здаць яе ў заклад? — Гмурман адарваўся ад запісу і паглядзеў на Марту Яўгенаўну.
Прыгожая, яна ведала сабе цану і, напэўна, дагэтуль круціла галовы, але цяпер ёй было не да таго. Чорныя кругі пад вачыма, заўважная дрыготка ў руках. Яна пацікавілася, які максымальны тэрмін магчымы і, пачуўшы, што пяць гадоў, згодна заківала.
Гмурман падаў квітанцыю, выпісаў дакумэнт для банку, яна расьпісалася, на квіток нават не зірнула, працягнула свайму спадарожніку. У яго стварылася ўражаньне, што грошы ёй былі непатрэбныя. Хлопца, які яе суправаджаў, Гмурман зусім ня памятаў, але быў упэўнены, што гэта быў сын.
Ягор, значыць, яго звалі, падумаў ён.
— Мы патаемна праверылі ўсе ячэйкі ў банку, — пад сакрэтам паведаміў лейтэнант, — там было шмат цікавага. Усяго разам гадоў на сто пяцьдзясят — дзвесьце.
— Мяне ў нечым падазраюць? — спытаўся Гмурман на ўсялякі выпадак.
— Я не магу выключыць таго факту, — Жыгалка ўважліва глядзеў на старога, — што частка злачынцаў на свабодзе, і вам можа пагражаць…
— Малады чалавек, — перапыніў Гмурман, — прыходзьце заўтра. З ордэрам.
Стары падняў анучку, якая валялася на
падлозе, і паклаў на крэсла, да якога была прыхіленая карціна. Ён аглядаў яе каля месяца таму, калі страхавая кампанія патрабавала правесьці інвэнтарызацыю ў лямбардзе. Гмурман адгарнуў тканіну, пабачыў пад шклом краявід з магільнай плітой, вянкамі, чыгуннай агароджай і адразу прыкрыў выяву, нават не прачытаўшы выгравіраваныя даты.Лейтэнант выцягнуў цыгарэты і азірнуўся, шукаючы попельніцу. Гмурман тыцнуў у таблічку «Не курыць» і кіўнуў на дзьверы. Жыгалка ўстаў у дзьвярным праёме. На дарозе гулялі дзеці. Яны вішчалі, ганялі на ролікавых каньках, у руках у іх былі клюшкі. Лейтэнант адварочваўся, выпускаў дым на двор і працягваў глядзець на карціну.
— Дакладна месца злачынства. Адзін да аднаго. Адсюль зусім відавочна…
Жыгалка выкінуў недапалак і вярнуўся ў пакой. Гмурман падсунуў фатэль і паглыбіўся ў свае ўліковыя кнігі.
Лейтэнант памацаў пальцам шкло, агледзеў раму, перавярнуў карціну. З тыльнага боку нічога не было. Ніякіх надпісаў, штампаў, датаў.
Звычайнае люстэрка.
— У лябараторыі разьбяруцца, — Жыгалка выпрастаўся, калені хруснулі, і пайшоў да выхаду.
Гмурман на імгненьне адарваўся ад запісаў.
— Да пабачэньня, малады чалавек.
Яму не адказалі, дзьверы зачыніліся.
Гмурман паглядзеў у акно. Лейтэнант дагаварыў па тэлефоне, сеў у шэрую таёту і на шалёнай хуткасьці рвануў. Дзеці расступіліся, пачакалі, пакуль машына праедзе, і працягнулі высьвятляць адносіны сьценка на сьценку. У шлемах, налакотніках, накаленьніках, з клюшкамі наперавес.
Лета, падумаў Гмурман. Ён усьміхаўся. Ягоны ўнук гэтаксама ганяў па праезнай частцы, у такім самым шлеме, толькі на другім баку Зямлі, сярод кенгуру.
Стары раптам скеміў, што крэсла з прыхіленай карцінай усё яшчэ стаіць пасярэдзіне памяшканьня. Ён зашаркаў наводзіць парадак. Узяў радно і зірнуў на карціну, зьбіраючыся яе прыкрыць. Шэрая таёта коламі дагары, языкі полымя з капота, чорны дым. Насілкі, перавязаная галава, нерухома зьвешаная рука… У вольнай прасторы люстэрка адбіваліся Гмурманавы ногі ў мяккіх разношаных чаравіках і лёгкіх летніх нагавіцах шэрага колеру.
Стары пайшоў у другі пакой і вярнуўся з маленькім вазочкам. Крэкчучы, ён засунуў карціну ў радно і завёз туды, дзе яна пылілася раней. Ён не ўсьцягнуў яе на верхнюю паліцу, хоць і быў упэўнены, што заўтра па яе ніхто ня прыйдзе...
— Ёсьць хто жывы?
Яна празь нейкі час паказалася з-за стэлажа і пахмурна адказала:
— Няма.
— Гэта што? — спытаўся я.
Яна дастала з кішэні халата нататнік і пагартала.
— Гэта нямецкае. Тэрмін захаваньня канчаецца.
— Можна бліжэй паглядзець?
Яна зьняла з паліцы гэта, што сядзела на кукішках, пакруціла і падала мне.
— Нічога, — я таксама пакруціў гэта, — а вось.
Паміж лапаў была ўшытая маленечкая, ледзь заўважная бірка. Там было напісана на некалькіх невядомых мовах, у тым ліку радок вязьзю, падобнай да арабскай, і радок герогліфамі. Краіны вытворчасьці не было.
— А што гэта ўмее рабіць, тое самае, што і ўсе? Я падарунак шукаю арыгінальны.
— Мне не дакладвалі.
— Што ж ты прадаеш? — абурыўся я.
— Прадаю тое, што даюць, — нечакана пакрыўдзілася прадавачка, — і наагул — я тут на падменцы. Я абуткам гандлюю.