Горад у нябёсах
Шрифт:
— Я пайду, — Антак усхапіўся з месца.
(Яго так моцна ахапіла адзінота і невыказны сум, што вочы набрынялі вільгаццю. Не раўнуючы, як камяк снегу, які патрапіў у невялікую асеннюю калюжынку. Дастаткова аднаго дотыку пальца, і з наздраватай паверхні лёгенька зацурчыць струменьчык. Гэта ў снежнага камяка. Антаку ж дастаткова было зараз пачуць любое слова са Светчыных вуснаў, і скоціцца слязіна роспачы. Па кім, з-за чаго? Урэшце, каго закарцела яму аплакаць? Самога сябе, свой унутраны раздрай, расхрыстанасць і непрытульнасць душы?.. Ён жа, дзякуй Богу, не маленькі ўжо хлопчык, сэрца якога балючараніць беспадстаўны вокрык бацькі, грубае слова старэйшых падшыванцаў або выпадкова згледзены пад плотам скалечаны верабейка? Не, ён не маленькі хлопчык, але яму адзінока, а-дзі-но-ка! у гэтым свеце. Жорсткім і непрадказальным... Антака не ратуе ад адзіноты і горад у нябёсах. Ён, велікарослы
Перуновіч не помніў, як выйшаў за дзверы Светчынай кватэры, як пакінуў цёплы пад’езд з густымі і здушлівымі пахамі смеццеправода, не мог прыгадаць і той хвіліны, калі ўнурыўся ў працятую халадэчу позняга вечара. Ён ішоў па заснежаным тратуары быццам апоены зеллем чараўніка, які — вось хітрун! — зрабіў настой такім густым, што, як сербанеш яго, затуманьваецца, а лепш сказаць — адключаецца свядомасць. Рэальнасць, усё вакольнае адсоўваецца, паглынаецца прорвай падсвядомасці, а на першы план выплывае, зноў жа ў той падсвядомасці — ранейшае, тое, што драмала альбо спала ці ліпела вугольчыкам. Мо рэальнасць, каб выслабаніць для сябе месца, выцесніла балючае і невырашальнае на паверхню?.. Але хто можа пацвердзіць альбо абвергнуць тую каламуць з размаітых думак, што, нібы паравінне над кіпенем, гойсала зараз пад чарапным скляпеннем Антакавай галавы:
(Чаму мы ў сваёй бальшыні — самаеды? З-за чаго, хто асудзіў нас на страшную хваробу — бяспамяцтва? Няўжо лягчэй жывецца мільёнам, калі яны не помняць, ад якога кораня паходзяць, што было за плячыма дзядоў і прадзедаў, чым валодалі Продкі і што страцілі нашчадкі?.. А мо, забыўшыся на дзень учарашні, прасцей сустракаць раніцу заўтрашняга дня?.. Вой, Божа ўсемагутны, магчыма, і горад у нябёсах узнік таму, што мы, занядбаўшы сваю гісторыю, выціснулі са сваіх душ Дух вялікасці і няскоранасці, прагналі з сэрцаў Памяць пра Продкаў, і Яны, нашы Продкі, дзеля таго, каб не пакінуць нас безабароннымі ў гэтым жорсткім свеце, стварылі, заснавалі горад у нябё¬сах, горад над намі. Іўсё дзеля аднаго — засцерагчы нас, нашчадкаў, як Багародзіца сваім Покрывам, чалавецтва, так нашы Продкі нас, — ад знікнення і фізічнага вымірання. Бо яны яшчэ маюць спадзеў на наша Духоўнае адраджэнне... Няўжо ж мы настолькі сляпыя і глухія, каб не бачыць горад у нябёсах, не чуць голас Продкаў. Яны аберагаюць нас, а мы ахвоча і штодзённа адводзім вочы, каб неўгледзець, прайсці міма... Мы як бязродныя, бо бязродным — прасцей жыць, няма абавязкаў Я, ён, яны (мы — агулам): нікому нічога не абавязаны... Што гаварыць пра Продкаў: мы забылі нашых бацькоў. Яны, нашы матулі і таты, там, у вёсках, а мы — прадаўжальнікі роду (чыйго, якога?) у гарадах, жывём у кватэрах і не чуем іх уздыхаў, крокаў бяссоння ў апусцелых хатах, па рыпучых масніцах. Мы, іх дзеці, навучыліся грэбаваць зямлёй, на якой узраслі, саромеемся бацькоўскай апраткі... Апраўданне адно: яныўжо сваё аджылі, пражылі дадзенае і адведзенаезвыш... Дзе ж тут памятаць пра Продкаў... Ого, спыніся, перавядзі дух, бо панесла цябе, вобразна кажучы, — па грудках ды выбоінах...)
Антак ачомаўся ў той момант, калі таксоўка прытармозіла збоч дарогі. Аказваецца, Перуновіч, думаючы пра сваё, машынальна лавіў машыну, каб усё ж дабрацца дамоў. Ва ўтульнасці салона, на заднім сядзенні, праз некалькі хвілін пачалі паколваць пальцы рук. Бо ён, выйшаўшы ад Светкі Літоўкі, у сваім паўзабыцці не нацягнуў пальчаткі.
— Разатры, — пачуўся голас.
Антак няспешна
і нязмушана павярнуў галаву ўлева. Побач з ім сядзела Г анэлька ў летняй, нязвычнай яго воку, сукенцы.— Балюча? — спачувальна спытала.
— Не так, каб вельмі.
— Пацярпі, зараз пройдзе.
— Ведаю.
— Калі хочаш, давай я сагрэю.
Хлопец недаверліва працягнуў ёй адну руку і адразу ж адчуў, як ад пазногцяў, з самых кончыкаў пальцаў пабегла цеплыня: лёгкая і прыемная.
— Ну што, лепей?
— Ага.
— Вось бачыш, — паненка ўсміхнулася. — А ты, недарэка, думаў, калі мы ў нашым горадзе бяскроўныя, то ледзяшамі жывём... — яна крышку памаўчала, не выпускаючы далонь хлопца са сваіх рук. — Чаму так спалохаўся, калі пачуў ад Светкі пра краіну Продкаў? Кінуўся, нібы ачмурэлы, з гасціннай кватэры? Дзівак ты, Антак. Здаецца, пара табе да ўсяго прызвычаіцца. Вось жа не дзівішся, што побач з табою еду. А то пачуў ад іншага пра наш горад і запанікаваў, быццам жарабя перад землятрусам. Некаторыя пытанні не вымагаюць адказаў. Многае варта ўспрымаць як дадзенасць. Ва ўсім тваім душэўным раздраі добра адно: урэшце, Антак, ты пачаў задумвацца: хто ты (мы ўсе разам), адкуль і дзеля чаго? Навошта існуе горад у нябёсах? Згадзіся, без яго жылося б табе значна прасцей. Сам жа думаў пра гэта.
— Не перабольшвай, — хлопец выслабаніў руку з далоняў Г анэлькі.
— Я не перабольшваю, проста — ведаю.
— Дазволь спытаць... — Антак прамовіў і ў тую ж хвіліну падумаў, а ці варта?
— Смялей, Перуновіч, — падбадзёрыла дзяўчына.
— Адкуль пра горад у нябёсах ведае Светка?
— Усё вельмі банальна: яна нарадзілася з гэтым веданнем.
— Як?
— Калі маеш магутную, не збачэнскую генетычную памяць, то нікуды не падзенешся, а будзеш жыць у цесненькай сувязі з краінай Продкаў.
— Чаму ж тады я так позна пабачыў Горад? І то, даруй Божа, у найцяжэйшую хвіліну, калі страціў роднага чалавека, сваю бабулю. Яна адзіная разумела і любіла мяне.
— Вось-вось, яна і паказала табе горад, краіну Продкаў. Каб не зрабіўся аблудай на сваёй зямлі, не страціў назаўсёды Радзіму. Цяпер жа людзі нараджаюцца са слабой пупавінай.
— І мая бабуля ведала пра краіну Продкаў? — у Антака перахапіла дыханне.
— Так, заўсёды.
— І бачыла горад у нябёсах?
— Яна ў ім жыла, не пакідаючы хаты.
— Чаму ж раней нічога мне не гаварыла?
— Ты быў не гатовы для ўспрымання. Усяму свой час, дарагі хлопчык, — Г анэлька ўсміхнулася. Перуновіч заўважыў гэта крайком вока. Ці, як гаворыцца, бакавым зрокам.
— Дарэчы, — Г анэлька цясней прытулілася да хлопца і асцярожна паклала галаву на яго плячо, — як толькі прыедзеш дамоў, уключы камп’ютэр — на тваёй электроннай пошце вісіць ліст ад Светкі. Не забудзься.
— Не люблю Інтэрнет. Сусветная сметніца...
— Навошта хлусіць і мне, і сабе? Часам ад манітора цябе хоць за вушы цягні, а не адарвеш.
— Бывае, — нехацькі пагадзіўся Антак.
— І яшчэ: не хвалюйся за Таццяну, яна народзіць здаровенькае немаўля. Яно ад першых сваіх дзён будзе ведаць пра краіну Продкаў, наш горад у нябёсах.
— Ты ўпэўненая?
— Абсалютна. Ага, ледзь не забылася. Не крыўдуй задужа на Юрку. Ён, па вялікім рахунку, ні ў чым не вінаваты. Ты разумееш, пра што кажу... Ды і адмерана яму няшмат, — Ганэлька ўтаропілася ў лабавое шкло таксоўкі.
— Чаму прымоўкла? — лёгенька таргануў плечуком Антак. — Гаворыш пра ўсё так, быццам развітваешся са мною.
— Развітваюся, даражэнькі, развітваюся, — дзяўчына выпрасталася, крышку пасунулася ад Перуновіча.
— Не жартуй, а то спалохаюся.
— Я сур’ёзная, як ніколі. І гэта не выбух эмоцый.
— Патлумач.
— Дужа доўга давядзецца гаварыць. Ды і наўрад ці будзе цікава табе. А калі некалькімі словамі, то калі ласка. З’явіўся новы чалавек тут, у вашым горадзе, які, як і ты некалі — стаў відушчым. Яму я патрэбная больш як табе. Ён разгублены і на мяжы самагубства.
— А як жа твае словы пра каханне? — у грудзях Антака зараджаліся злосць і адчай. — Ты ж упэўнівала, што мы — адно цэлае. Ты — маё няспраўджанае каханне.
— Не будзь эгаістам. Існуюць моманты, калі агульнае неабходна ставіць вышэй за асабістае. Я не гавару, што развітваемся назаўсёды, але ж і будучыні ў нас нямашака.
— Не разумею...
— Навошта прыкідвацца лупавокім ягняткам? Усё выдатна разумееш.
Перуновіч схапіўся за апошні, як яму здавалася, моцны і важны аргумент:
— Ты ж абяцала сустрэчу з бабуляй. Не аспрэчвай, я помню.
— Антачак, ну не гуляйся ў дзяцінства. Табе гэта ні на кропельку не пасуе. Будзь жа ва ўсім дарослы і сур’ёзны. А то яшчэ незнарок зарумзаеш ды слёзы па шчоках размажаш. Няма ў мяне насоўкі, а сам жа не маеш у кішэні.