Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Горад у нябёсах

Казлоў Анатоль

Шрифт:

— Светка, хачу пагаварыць сур’ёзна, а ты на жарцікі ды кепікі паварочваеш. Вельмі ж тэма далікатная. — Антак задуменна зморшчыў высокі лоб з радзімкай над правым брывом. — Не хачу, каб пасля пачутага пачала пазбягаць мяне ці раіць запісацца да псіхіятра...

— Ды ўрэшце пра што ты гаворыш? Пакуль не магу ўцяміць! Пра якое вар’яцтва, псіхіятраў талдычыш? Пачынай пра ўсё па парадку апавядаць, не рабі за мяне высновы, — Светка надзьмула губы, як дзіця, і сурова зірнула спадылба на госця.

— Карацей, шаноўная мая Літоўка, над нашым зямным горадам, так, гэтым гора¬дам, у якім мы з табою жывём, існуе другі горад — горад у нябёсах. Вось як, — хлопец утаропіў позірк у суразмоўцу, чакаючы яе рэакцыю на толькі што пачутае.

— Ну і што? Шхай сабе існуе.

— Ты не зразумела. Я бачу гэты горад, нават быў у ім. Там у мяне ёсць

знаёмая. Можна сказаць — сяброўка. Як яна запэўнівае — маё няспраўджанае каханне з мінулага. Цябе, даражэнькая, і цяпер нічагусенькі не здзіўляе? — Антак прыліп позіркам да Светчынага твару. Яна маўчала, не выказваючы ні здзіўлення, ні заклапочанасці, ніякіх зрухаў, ніводная рысачка не шалахнулася, і брывом не павяла. — Чаго маўчыш? Скажы хоць нешта.

— Не адзін ты шчаслівы такі, каб бачыць краіну Продкаў.

— Што? — Антак ускочыў з канапы і агаломшана застыў на месцы. Ягоныя губы бязгучна варушыліся. Ён быў падобны да нямка, які сіліцца вымавіць найпрасцейшае слова, толькі ж яно не даецца, а правальваецца ў прадонне гартані. Урэшце хлопец ледзь чутна спытаў: — Ты ведаеш пра краіну Продкаў, пра горад у нябёсах? — на твары ў небаракі змяшалася гама пачуццяў: ці то ён быў рады, ці наадварот — расчараваны ўшчэнт; не зразумець.

— Сядай, а то стоячы нагадваеш гругана, — прамовіла Светка без усялякіх эмоцый.

Антак паслухмяна апусціўся на канапу. Ён у нечым зараз быў падобны да дзіцяці,

у якога дачасна выведалі сакрэт і не далі нечаканасцю здзівіць дарослых.

— Не перажывай, — хрумснуўшы скрыльком яблыка, супакойвала Светка. — Мне шкада, што расчаравала цябе, парушыла веру ў тваю выключнасць і абранасць. Але ж, — жыццё поўніцца нечаканасцямі.

— І даўно ведаеш пра той горад?

— Гадоў з пяці, калі яшчэ вялізныя банты насіла на рэдзенькіх косках.

— Увесь час бачыш горад у нябёсах, і ён не перашкаджае табе жыць? Не назаляе штодзённа? Можаш бачыць зоркі і месячык на небе, а не пабудовы і людзей-зданяў? Ну, раскажы, — ледзь не шэптам выдыхнуў Антак.

— Не ўскладняй. Усё проста: трэба жыць бязгрэшна, адухоўлена, па прынцыпах людской маралі, без зайздрасці ў сэрцы, з цеплынёй ды спагадай у вачах, і жыхары з краіны Продкаў назаляць не будуць. Яны робяцца саюзнікамі і памагатымі ў тваім жыцці. Горад у нябёсах, як ты кажаш, гэта абсалют, ідэал, тое, што некалі існавала на безграхоўнай зямлі...

— Зыходзячы з тваіх слоў, атрымліваецца, што горад у нябёсах — Біблейскі Рай. Я так разумею.

— У нейкім сэнсе, — хітнула галавою Светка. — Але не блытай між сабою — бачнае і нябачнае. Краіна Продкаў — месца святых старэйшын. Асоб, якія дапамагаюць нам жыць і выжыць, не скаціцца ў апраметную. Яны карэкціруюць існасць няўлоўна і ненадакучліва.

— Ага, дакарэкціраваліся! Чаму тады Чарнобыль ляснуў? Куды глядзелі твае старэйшыны? Колькі нашага люду ў зямлю сышло, па свеце разбеглася...

— Не ўсё і ім па сіле.

— Апраўдаць можна што заўгодна і каго заўгодна. Бачыш, і ў цябе вінаватых няма.

— Просталінейнасць — не сястра ісціны. Не заўсёды на простае пытанне мы маем такі ж прасцецкі адказ. Усё значна складаней, Антак.

— Добра. Чарнобыль не чапаем, — ад хвалявання ў хлопца заліло чырванню вушы. — Тады растлумач мне, недасведчанаму прасцячку: адкуль, з-за чаго такая бездухоўнасць, жывёльнасць у сённяшнім людскім асяроддзі. Асабліва ж сярод пакаленняў моладзі, сераднячкоў (нашых з табою аднагодкаў). Чаму ўсяму меркаю стаўся рубель... не, не рубель, а долар, еўра, залаты ланцужок з завушніцамі, іншамаркі апошніх мадэляў. На вуліцах вадзіцелі збіваюць пешаходаў на пераходных «зебрах», у небаракаў страляюць. Не перабівай, — Антак нахіліўся над часопісным столікам, — я пытаюся пра самае простае. А ты, мая Сівіла, патлумач хутараніну. Дык вось. З-за чаго на тэлеэкранах усіх, без перабольшвання, нас, гледачоў, нашпігоўваюць, быццам калядных гусяў, жорсткасцю і крывёю, гвалтам і забойствамі, нянавісцю адно да аднаго. І паўсюль закладваюць у падсвядомасць: каб табе выжыць — зніштож суседа, таго, хто побач, адбяры, украдзі, здрадзь. Толькі такія прынцыпы дадуць поспех у асабістым, прыватным жыцці. Дзе падзелася чалавекалюбства, самаахвярнасць? Светка, куды глядзяць твае (ці нашы) старэйшыны? Яны ж усё бачаць у сваім вышнім горадзе. Чаму хапугу і злодзею, беспрынцыповаму чынушу шэнціць, а сумленны і чысты душою чалавек працуе не пакладаючы рук, зарабляе на малако і хлеб? Чаму?

Супыніся на хвіліну. Перавядзі дух, — папрасіла Светка. — Папраўдзе, не на ўсе пытанні і я магу адказаць. Сёе-тое — ведаю, а пра нешта здагадваюся. Калі гаварыць пра моладзь, якую ты абвінавачваеш, то не ва ўсім яе віна. У большасці, такімі робяць іх старэйшыя. Бацькі, тыя ж настаўнікі, урэшце, мы з табою. Падумай, сённяшні прагрэс не на руку духоўнаму ўдасканаленню. Табе можа падацца парадоксам, але паглядзі: паўсюль будуюцца і адчыняюцца храмы, а наша духоўнасць апускаецца няўмольна, настойліва і, як ні балюча гэта ўсведамляць, — беззваротна.

— Ну, ты ўжо сказанула. Класная перспектыва. Тады навошта горад у нябёсах, га?

— Не перабівай. Я і сама саб’юся. Але, сённяшні чалавек заеўся, атлусцеў, выпусціў на пярэдні план жыцця жывёльны пачатак, так бы мовіць, інстынкт, орган насалоды. Так, я згодна, просценькая схема тлумачэння. Але яна беспамылковая. І цяпер скажы мне, як старэйшынам з краіны Продкаў адключыць мазгавыя звіліны тых, хто на зямлі, перабіць смак да фізічнай спатолі? Атлусцела-атрафіраваная падсвядомасць працуе на адно: я так хачу мне так падабаецца. Падзяліся са мною — ты часта гаворыш сабе словы: «я абавязаны»; «няхай будзе горш мне, чым яму»; «я павінен зрабіць»? Вось так, бачыш — задумаўся. І яшчэ, да слова, — знікла радзінная повязь між людзьмі. Дзеці забываюць бацькоў, а бацькі кідаюць дзяцей. Стрыечная роднасць не ў пашане. Сусед — не дружбак ці ў нечым дарадца, а найчасцей — вораг ці аб’ект для зайздрасці. Вось вам і наце, шаноўны. У нашым жыцці раскашуюць ідэалы Амерыкі, Захаду. Не, я нічагусенькі супраць іх не маю. Але зараз іхні стыль адносін у нашай сённяшняй рэальнасці. Ты ж памятаеш, як мы імкнуліся да гэтага. Вось і раскашуйце напоўніцу. Прыехала маці ў госці да цябе, а ты, Антачак, адпраўляеш яе ў гатэль. Каб не перашкаджала твайму ўкладу жыцця. Не назаляла сваёй прысутнасцю. А то, незнарок зблытае планы, не зможаш цялеснай уцехай заняцца. Бо ў нас на першым плане «я любімы» і «мае жаданні», а пра абавязак няхай Кудыкала думае.

— Вельмі ж ты згусціла фарбы. Калі і далей цягнуць ланцужок тваіх думак, то атрымліваецца, што ўсе мы — свалата бязродная, двухногія жывёліны. І вінаватыя ва ўсім Амерыка з Захадам. Яны апаганілі святло нашых душ.

— Не. Гэта адзін з аспектаў. Калі ж зірнуць на праблему з іншага боку, больш глыбока і шырэй, дык сённяшняя сітуацыя бездухоўнасці, ці бяздушша, — агульначалавечая. Можа, выключаючы толькі мусульман. У іх засталася і, дарэчы, умацоўваецца сваё, спрадвечна нацыянальнае, спаконвечнае.

— Не чапай мусульман, — папрасіў Антак. — Тут хоць бы ў нашанскім родным і кроўным разабрацца. Але мы збіліся з тропу, збочылі ад пачатай гаворкі. Ты мне так і не растлумачыла: дзеля чаго існуе горад у нябёсах? Ягоная роля ў зямным жыцці? То як?

— Які ж ты тлумны ды нудны, Антак. Пра гэта, наколькі ведаю, пытаўся ты і ў Анэлі. Даймаў яе...

— Ты знаёмая і з Г анэлькай? — у хлопца аж дыханне перахапіла. — Сёння вечар адкрыццяў. Думаў — цябе здзіўлю, ажно ты мяне агаломшваеш. І сапраўды, калі чакаеш, то сутыкаешся з нечаканасцю.

Светка нязмушана, але загадкава пазірала на хлопца. Тонкімі дагледжанымі пальцамі з пафарбаванымі ў бэзавы колер пазногцямі яна асцярожна ўзяла са сподка лустачку наскрылянага сыру. Не зводзячы вачэй з Антака, далікатна надкусіла. Была ў яе поглядзе нейкая таямніца, што хавалася ў глыбіні зрэнак і не жадала праступіць, выліцца праз пушыстыя вейкі, якія вячэрнім часам пазбавіліся ўрэшце чарнаты тушы.

Маўчала Светка, маўчаў і Антак. Яны чакалі нечага ці некага, што павінна было нарадзіцца з іхняга маўчання. Хоць што ці хто здолее нарадзіцца з бязмоўнай пустаты? Пусты слоік не спатоліць смагі. Маўчанне расцягвалася зжаванай гумкай у нязыркім асвятленні гасцёўні, выслізгвала ў вітальню, рабіла піруэт і паўз ванну-лазенку ўціскалася ў пеналападобную куханьку-варыўню. Антак вачыма бачыў пустату. А значыць, і слоік не можа лічыцца абсалютна пустым, хоць і не спатоліш ім смагі. Хлопца апанавала незразумелая няёмкасць, нават сорам... А за што, з-за чаго? За несказанае і нязробленае. Ні табе ж сварак ці звадак між імі двума не надаралася. Ды і недагаворанасць трапятала хісткім язычком свечкі, якую запаліла дзіцячая рука пад скляпеннямі храма пасля службы. Іхняя недагаворанасць хутчэй нагадвала бясслоўнае разуменне, бо сэрцы Антака і Светкі біліся ва унісон. Тук. Тук-тук. Перадых. Тук. Тук-тук. Перадых... І гэта ўсё памножанае на дваіх.

Поделиться с друзьями: