Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Горад у нябёсах

Казлоў Анатоль

Шрифт:

— Падымайся на хадулі. Сядзіш, быццам зэк на зоне, людзям замінаеш, — твар у Танькі свяціўся маладзіком марознай ночы. Але не халодны бляск зыходзіў ад дзяўчыны, а цеплыня і спагада. Антак бачыў нешта падобнае на тварах жанчын, што стаяць па горадзе са скрынкамі пад крыжыкамі ды збіраюць ахвяраванні на рамонт храмаў.

— Адкуль столькі шчасця ў цябе? — выпростваючыся, спытаў хлопец. — Мо і са мною падзелішся?

— Ага, колькі хочаш бяры. Сядзіш тут пнём, а лепш бы выпаўз на паверхню, паглядзеў, якое цудоўнае надвор’е: завіруха, снег вальсуе. Даўно такога не бачыла. Здаецца, нібы вярнулася ў дзяцінства, калі і неба было вышэйшае, і вада з калодзежа салодкая,

нібы сіроп...

— Ну-ну, не распальвайся, а то ўзляціш і напорашся на ледзяшы-сталактыты пад столлю.

— Якія ледзяшы? — прыўзняла галаву Танька. — Крый Божа, нешта не тое з табою, хлопец. Умееш ты настрой сапсаваць.

— Не хвалюйся, пажартаваў я. Сляпы не ўбачыць, а глухі не пачуе. Шчаслівая ты мая!

— Колькі цябе ведаю, а не магу зразумець, калі гаворыш сур’ёзна, а калі жартуеш. Можаш усё паставіць з ног на галаву. Я ж не адзін раз ужо гаварыла: навучыся радавацца, жыць проста і без зацыклівання, бачыць у белым — белае, а ў чорным — зноў-такі белае з дамешкам шэрага, і не болей.

— Ага, разумніца, так і зраблю, — хітнуў галавою Антак. — Лепш скажы, адкуль бяжыш?

— Была ў платнай жаночай кансультацыі. Не паверыш: я цяжарная! — Танька юлою крутнулася перад хлопцам. — Глядзі на будучую маці.

— З-за гэтага зіхаціш наваксаваным ботам, дурніца! А хто бацька, хоць ведаеш?

— Ы-ы, — расплылася ва ўсмешцы. — Якая разніца...

— Вялікая: адзін мае, а другі дразніцца.

— Давай, Перуновіч, без пашляціны. Не бойся, не ад цябе малое будзе. Ты ж у нас асцярожны: калі кахацца, то з гумовым чахлом, а перад пагулянкаю актываванага вугалю наглытаешся. Усё хочаш пры поўнай памяці заставацца. Страшышся хоць на гадзіну застацца самім сабою. Не бойся жыцця, кавалер! — Таццяна схапіла Антака за руку і пацягнула ў вірлівую людскую плынь, што кіравала да выхада з падземнага перахода.

Паўсотня крокаў, і вось яны ў няшчадных абдымках зімы.

— Глядзі, якая прыгажосць! — нахіліўшыся да вуха хлопца, крычыць Таццяна. — Дыхай на поўную грудзіну, радуйся, будзь шчаслівым!

— Вар’ятка, — шэпча сабе пад нос Перуновіч, — зусім з глуздоў з’ехала.

А вецер паддзімае снежную каламуць пад апратку, абпальвае сцюдзёнымі языкамі твар, дабіраецца да ног.

(Мне ў штанах мутарна і зябка, а ёй у калготах кайф.)

— Прагуляемся?! — не то пытае, не то загадвае ашалелая ад шчасця маладзічка.

— Без мяне, шаноўная, — захінаючы далонню твар, выгуквае Перуновіч. — Яшчэ не ўсіх дурных машыны пазбівалі. Давай, дзейнічай, Танюха.

— Нудны ты, — шморгае яна за рукаў Антака. — Калі будзем стаяць, то ператворымся ў сумёт. Пайшлі!

— Куды і навошта?

— Прастаўлю кілішак за маю радасць і для сугрэву. Ад такой прапановы, думаю, не адмовішся.

Перуновіч хвіліну вагаецца. Калі шчыра прызнацца, яму не хочацца ні стограмоўкі, ні пустых размоў з эйфарычнай Танькай. Ён ужо наперад ведае, што будзе і чым усё скончыцца: соплі, слёзы, скаргі на лёс і адзіноту, на бацькоў, якія ні капейчынай не дапамагаюць, каб выжыць ёй у горадзе. Гэта пакуль што Танька не думае, як збіраецца жыць з дзіцём на чужой, нанятай кватэры. Як адначасова гадаваць малое і працаваць, каб за ўсё плаціць...

(Але не будзе ніякага дзіцяці. Яўжо бачу мясціну ў горадзе над горадам, дзе завісне і пачне беспрытульна разгульваць маленькая душа. Ёй не наканавана ніколі падрасці і пасталець. Яна пушыстым кацянём змусіцца вандраваць па падаконнях ніжняга горада, зазіраць праз шыбы ў кватэры з калыскамі, у якіх бязвінна пасопваюць народжаныя немаўляці. Яна будзе гуляць і забаўляцца, а дзеці ў плоці ўсміхацца ёй і цягнуцца

ручкамі... )

— Не завісай камп’ютэрам, Перуновіч! — Танька штурхае плячом у плячо хлопца, бярэ пад руку і, перагінаючыся, кіруе да ўвахода ў бліжэйшае кафэ «Бярозка». Дзверы лёгка адчыняюцца, і за спінай застаецца віхурысты дзень. Ён і яна ў цеплыні і ўтульнасці. Зала напаўпустая, вольных столікаў з дзесятак на выбар. Прысаджваюцца ў кутнім. Таньчына паліто і Антакава куртка побач, на вешалцы. Пацярушыстыя сняжынкі ператвараюцца ў малюпасенькія кроплі і брыльянціста зіхацяць ад кідкага святла насценнага бра.

Некалькі хвілін яны сядзяць моўчкі. Таццяна разглядвае свае пазногці, Антак прыклеіўся позіркам да намаляванай бярозкі на супрацьлеглай сцяне. Прымітыўна-халтурны малюнак навяваў успамін пра лета і выклікаў незразумелую шчымлівую сумоту па нечым даўно і незваротна страчаным, якога, магчыма, увогуле і не было, не надаралася ў жыцці. Іншым разам так бывае: зірнеш выпадкова на нешта ці на некага, і сэрца апануе глыбокая і бяздонная туга. Яна захлынае з галавой, атульвае ўсё цела, да апошняй клетачкі. І што самае горшае — не разумееш, чаму, а падсвядомасць не хоча раскрываць таямніцу. У гэтым стане добра адно — праз пару хвілін незразумелае адчуванне сплывае, і ты пачуваеш сябе быццам прасветленым і абноўленым.

(А, можа, я перабольшваю: не кожнаму выпадае адчуць такі момант. «Так, не кожнаму, — чуе Перуновіч, — гэта прыкмета чалавечай незалежнасці. Такія людзі заўсёды самі па сабе. Яны не ўмеюць, ды ім і не дадзена прагінацца перад дурнотай, няхай і пры ўяўнай ці наяўнай уладзе. Такія, як ты, ад нараджэння ўсвядомілі: нельга пражыць усё жыццё баючыся. А калі больш правільна сфармуляваць, то гучыць гэта так: не жыві баючыся кожны дзень, інакш згубіш сябе і ўжо не будзеш мець права выбару, якім надзелены ад пачатку. Бо ўсе роўныя адзін перад адным. Шкадуй тых, хто жыве ілюзорнасцю...»)

— Так і прасядзім да закрыцця? — Танька ляпнула далонькай па століку. — Сёння ты тармазнуты нейкі, а я хачу свята, цэлы абярэмак радасці, каб захлынуцца ў ёй. Зрабі для мяне гэты дзень непаўторным, запамінальным да глыбокай старасці.

— Ці не замнога хочаш, красуня? — Антак скептычна скрывіў губы.

— Я будучая маці, а цяжарным ні ў чым не адмаўляюць. Ці не вучылі цябе гэтаму, га?

Дык што, узяць і станчыць на стале, ці набіць фэйс афіцыянту, які завошкаўся ў падсобцы з кухаркаю?

— Прымітыўна, Перуновіч. Такое выветрываецца з галавы праз пару-тройку дзён. А я хачу запомніць нашу пасядзелку да старасці. Чуеш?

— Не напружвайся, Танюш. Старасць табе не пагражае, павер на слова.

— Дубіна, — яна пасміхнулася, не зразумеўшы сутнасць сказанага. — Ведаю, што і ў семдзесят застануся такой жа прывабнай. У нашым родзе ўсе жанчыны ад старасці загавораныя. Мая маці і цяпер выглядае гадоў на дваццаць пяць маладзейшай за свой узрост. Магу пахваліцца, што і айчым усяго на сем гадоў старэйшы за мяне. А такое пра нешта ды гаворыць.

— Ого, першы раз загаварыла пра сваю сям’ю за ўвесь час нашага знаёмства.

— Спыніся. Табе няма ніякай справы да маёй сям’і.

— І я пра тое ж думаю. Толькі падкрэслю: не мною пачата гаворка.

— Надакучыла. Афіцыянт! — гукнула Танька.

У тую ж хвіліну перад столікам з’явіўся даўгалыгі, як смык, маладзён і звычна-завучана нахіліў галаву: маўляў, чаго хоча шаноўнае панства?

Танька, не пытаючыся ў Антака, рабіла заказ.

Праз некалькі столікаў ад іхняга прыглушана гаманілі дзве расчырванелыя кабеты. Цяжка было зразумець: яны нешта абмяркоўваюць ці, наадварот, — спрачаюцца.

Поделиться с друзьями: