Крыніцы
Шрифт:
— Вы абраЖаеце мяне, Наталля Пятроўна, — горача сказаў Лемяшэвіч. — Што я магу падумаць? Пра вас? Каб вы ведалі, як я думаю… — Але ён не скончыў, схамянуўшыся, каб схаваць сваю збянтэжанасць, нахіліўся i пачаў размешваць вуголле ў грубцы.
З хаты Шаблюка яны выйшлі разам. Разам ішлі да кватэры Наталлі Пятроўны. Яна маўчала. A Лемяшэвіч, магчыма, гаварыў залішне многа; гэта — ад узрушанасці i ад несвядомага жадання паказаць, што фельетон яго мала кранае. І самога сябе ён сапраўды напачатку пераканаў, што хвалявацца няма з-за чаго. Не бывае ліха без дабра. Выпадак гэты памог яму зблізіцца, падружыцца з Наталляй Пятроўнай, да
На развітаннс Наталля Пятроўна моцна паціснула яму руку i ціха сказала:
— Даруйце мне, Міхась Кірылавіч. Я пазбягала вас зусім не таму.
— А чаму?
Яна не адказала. Пажадала добрай ночы, падзявочаму хутка, нібы баючыся, што ён спыніць, шмыгнула ў двор, стукнула весніцамі, зачыніла ix на засоўку.
Толькі дома, у сваёй пустой халасцяцкай кватэры, Лемяшэвіч адчуў, як яму балюча i крыўдна ад гэтай незаслужанай абразы. Цяпер, калі ўсё наладжвалася, усё ішло як мае быць, калі ён зведаў сапраўдную радасць ад працы, дружбы… Прачытаюць вучні, бацькі, настаўнікі. Што іншае не прачытаюць, а гэта прачытаюць усе, нават тыя, хто ніколі газету ў рукі не бярэ. І — розныя ёсць людзі! — адны зразумеюць правільна, a другія… павераць надрукаванаму слову. Як-ніяк — абласная газета. Асабліва — дзеці. Што падумаюць дзеці?
«Аднак хто гэта мог зрабіць? — думаў ён. — Бародка? Няўжо Бародка? Няўжо ён здольны так нізка, так подла адпомсціць? — у гэта не хацелася верыць. — Не можа быць. Не мог ён напісаць! Hi ў якім разе. Гэта ж легка выявіцца… Ён чалавек разумны. Аднак матэрыял такі не мог ісці без праверкі. Але хто i як правяраў? У Крыніцы карэспандэнты не прыязджалі. Значыць, рэдакцыя атрымала візу аўтарытэтнай асобы. Значыцца, зноў — Бародка… Няўжо ён? Больш ніхто пацвердзіць не мог».
Ад думак такіх ажно разбалелася галава. Прыйшоў Сяргей Касцянок.
— Я ўжо двойчы заходзіў,— сказаў ён. — Дзе ты быў? Чытаў? Што ты скажаш?
— Што сказаць? Непрыемная рэч, асабліва для нашага брата, настаўніка.
— Раўнапольцу непрыемна не менш, чым табе.
— Вядома. Але дарослым растлумачыць лягчэй. А вось калі маеш справу з дзецьмі… Тут, брат, цяжэй. Тым больш што я не святы, як i кожны з нас. Але, выпіваў. І вось уяві, што нейкая частка дзяцей паверыць, шго я прадаваў школьныя дошкі…
— Сапраўды. — Сяргей кінуў на канапу шапку i ўскудлачыў рукамі валасы. — Але хто мог зрабіць такую подласць, скажы мне? Адам крычыць i грыміць на ўсю хату, што гэта справа Арэшкіна, i рвецца пайсці «пагутарыць» з ім.
— Яшчэ не хапала глупстваў! Скажы яму, каб — ні слова! — Лемяшэвіч на момант задумаўся. — Арэшкін? Ведаеш, я менш за ўсё схільны думаць на яго. Мне чамусьці здаецца, што пра фельетон не мог не ведаць Бародка. А Арэшкін i Бародка… не, несумяшчальна.
— А чаму Бародка? — спахмурнеў Сяргей. — Ты проста неаб'ектыўны i злапамятны, Міхась. Ну, паспрачаліся вы… Ёсць у яго недахопы, як i ў мяне, i ў цябе, i ў кожнага з нас, смяротных. Але падумай: каб ён быў перакананы, што_ ўсё гэта праўда, ён даўно выцягнуў бы цябе на бюро… Ён, брат, патрыёт свайго раёна, i выносіць смецце з уласнай хаты — не ў яго характары. Яму ж трэба цяпер рэагаваць!
Лемяшэвіч не спрачаўся. Ён i сам разважаў амаль гэтак жа, i яму было нават прыемна, што Сяргей абараняе Бародку. Але якім тады чынам мог з'явіцца такі фельетон?
— Ды проста, — адказаў Сяргей на яго
пытанне. — Нехта напісаў пісьмо, a работнікі рэдакцыі зрабілі фельетон. Ім абы факт!— Без праверкі?
— Ды ліха ix ведае, як яны правяраюць. Ці мала яшчэ ў нас безадказнасці! Але за безадказнасць трэба біць! Біць бязлітасна, чорт вазьмі!
Пакуль яны гутарылі, прыбег Антон Раўнаполец, разгублены, спалоханы, з газетай у кішэні.
— Міхась Кірылавіч, што ж гэта такое? — дрыжачым голасам спытаў ён. — Гэта ж паклёп!
Да Лемяшэвіча пасля размовы з Сяргеем, яго сяброўскай падтрымкі вярнуўся спакой, i ён адказаў старшыні сельсавета жартам:
— A паколькі гэта паклёп, то няхай не спяць паклёпнікі. Няхай яны хвалююцца! А мы зробім толькі адзін вывад — ніколі не піць у краме!
Раўнаполец, крыху супакоіўшыся, лаяўся, камечачы ў руках газету:
— Свістун, каб ты век свістаў, не пераставаў, сукін сын, як ты свіснуў. Капелька! Каб над табой усё жыццё капала, не пераставала! Падлюга!..
22
Фельетон узварушыў усю вёску. У той вечар газету сапраўды чыталі ўсе, экземпляры яе пераходзілі з хаты ў хату, i людзі, якія не выпісвалі абласную газету, упершыню пашкадавалі. Многа было розных размоў, спрэчак, здагадак, але амаль усе прыходзілі да аднаго вываду: хлусня! Асабліва неспакойна было ў кватэрах настаўнікаў. Пакінуўшы свае неадкладныя справы — планы, сшыткі, праграмы, яны ішлі адзін да аднаго, каб «адвесці душу». Нават Арэшкін, які рэдка да каго наведваўся, з'явіўся да Вольгі Калінаўны, куды сышліся амаль усе настаўніцы, i горача выказаў там сваё абурэнне.
A дзе-нідзе фельетон выпрабоўваў адносіны людзей у сям'і i ў калектыве. Так здарылася ў Кавальчукоў.
Павел Паўлавіч прачытаў i закрычаў з неўласцівым яму запалам:
— Ды тэта ж усё хлусня! Ніякіх дошак ён не прадаваў! Не той чалавек Лемяшэвіч! Школа стала ў сто разоў лепшая!
Мая Любаміраўна цішком падкралася ззаду, абняла мужа за шыю.
— Чаго ты крычыш, Пашык! Наша справа — маўчаць ды слухаць.
— Як гэта — маўчаць! — Ён хутка павярнуўся, вызваліўся з яе абдымкаў.— Не, я маўчаць не буду! Хопіць! Я морду наб'ю, калі даведаюся, хто гэта зрабіў!
— Вой-ёй, як i герой! А адкуль ты ведаеш, што гэта няпраўда? Ходзіць ён з гэтымі старшынямі заўсёды i, вядома, выпівае. Маўчы лепш! Якая твая справа! — Голас яе загучаў уладна, рэзка i пагрозліва.
Павел Паўлавіч пакорліва схіліў галаву.
— Мне ні да чаго няма справы, жыву, як крот.
— Табе не падабаецца тваё жыццё? — са здзекам спытала Мая Любаміраўна.
Ён глянуў на жопку i — на здзіўленне ёй — са страшнай злосцю, злосцю, якой яна не бачыла ў ім ні разу, адказаў:
— Каб яно спрахла, такое жыццё!
— А мне яно падабаецца? Мне? — закрычала яна.
Але ён ужо выйшаў на нейкі момант з-пад яе ўлады i
нічога не хацеў чуць i разумець.
— З мяне людзі смяюцца! Бацька i маці не разумеюць… Быў чалавек як чалавек… a стаў — мяшок, панчоха з грашыма. Над капейкай дрыжу, людзей цураюся! На чорта мне твой дом, твой горад! Людзі i ў вёсцы жывуць па-чалавечаму! З горада едуць.
— Ну i ты жыві! Жыві! Ідзі гуляй! Бяжы да Лемяшэвіча, да Прыходчанкі! Табе ж жонка абрыдла, — ужо не крычала, а з пагардай i нянавісцю шыпела Мая Любаміраўна. — Жыві, як яны… А я не жадаю! Чуеш ты? Не жадаю!