Крыніцы
Шрифт:
— Прачытайце i скажыце сваю думку, Даніла Платонавіч.
— Хто гэта пісаў? — спытаў ён, прачытаўшы пісьмо.
— Калектыўна.
— Калектыўна i так дрэнна? Доўга, блытана i такім высокім штылем, быццам оду складаеце.
Арэшкін запярэчыў:
— Мы выказалі свае пачуцці…
— Ну, калі ўжо вы выказалі ix, — Даніла Платонавіч кінуў позірк на Лемяшэвіча, — то i мы, відаць, маем права выказацца.
Ён дастаў са старога пацёртага партфеля аркуш паперы i прачытаў на імя сакратара абкома (настаўнікі пісалі ў рэдакцыю) пісьмо, у якім не было ніякіх залішніх пахвал ні Лемяшэвічу, ні Полазу, ніякіх гучных слоў, а быў рашучы пратэст супроць хлусні i паклёпу на сумленных людзей.
— І я! — адгукнуўся з парога Адам Бушыла.
— Дазвольце i мне, — папрасіў Кавальчук.
— Таварышы, я думаю, мы ўсе падпішам гэтае пісьмо? А? — жвава звярнуўся да калег Арэшкін. — Даніла Платонавіч мудра выказаў нашу агульную думку.
Лемяшэвіч глянуў на гадзіннік.
— Пара званіць, Дар'я Пракопаўна, — кінуў ён i пайшоу у кабінет, поўны супярэчлівых пачуццяў, з нейкім непрыемным асадкам на душы.
Радасна было ад шчырай падтрымкі i ад таго новага, што раптам адкрыў ён у многіх з настаўнікаў. Яно давала права спадзявацца, што калектыў па-сапраўднаму згуртуецца. Чаму разам з гэтым было непрыемна — ён ніяк не мог зразумець.
У класе абмеркаванне гэтай падзеі праходзіла куды больш бурна, са спрэчкамі, узаемнымі папрокамі. Калі Паўлік Варанец паспрабаваў выказаць думку, што друка валі не проста так, а, мабыць, належным чынам праверыўшы, у яго паляцелі скамечаная папера, крэйда, мокрая ануча.
— Дурань! Значыцца, па-твойму, i Даніла Платонавіч злодзей?
Паўлік мусіў неадкладна змяніць сваю думку.
Валодзя Полаз на поўны голас філасофстваваў аб поддаст людзей, якія пішуць ананімныя пісьмы, i аб нікчэмнасці тых, хто падтрымлівае паклёпнікаў нават у думках.
— У нашым грамадстве паклёпнікаў трэба асуджаць да вышэйшай меры… Што, не? Паклёпнік — гэта той жа дыверсант. І калі, напрыклад, у нашым калгасе завяліся такія, мы не маем права спаць спакойна!
— А ты думаеш, што гэта напісаў хто-небудзь з Крыніц? — спытаў хітры Лявон Цялуша, жадаючы даведацца, каго падазраюць Валодзеў бацька, Раўнаполец i ўсе іншыя дарослыя.
— Не сумняваюся! Ёсць там такія дэталі, якія мог ведаць толькі наш чалавек.
— А хто? На каго ты думаеш?
У гэты час у клас увайшоў Алёша Касцянок, i ўсе на момант пераключылі ўвагу на яго. Так мімаволі пераключалі ўвагу на кожнага, бо многія пачыналі выказвацца з парога. Але Алёша, прывітаўшыся, моўчкі ішоў да сваёй парты. Увага да яго пабольшала, калі ўсім прыйшло на думку, што Касцянок, напэўна, i сёння, як заўсёды, снедаў за адным сталом з дырэктарам.
— Дык на каго ж ты думаеш? Хто гэта мог зрабіць? — паўтарыў сваё пытанне Лявон, калі Алёша сеў побач з ім.
Валодзя Полаз сумеўся.
— Хто? Хіба мала такіх! Ёсць яшчэ ў нас…
— Акрамя Арэшкі, гэтага ніхто не мог зрабіць, — спакойна сказаў Алёша, вельмі нечакана для ўсіх i для самога сябе; калі ўжо сказаў, тады спахапіўся, успомніў, як Сяргей i Міхась Кірылавіч сурова загадвалі Адаму, каб той трымаў язык за зубамі. Алёша ніяк пасля не мог зразумець, чаму ў яго, чалавека не балбатлівага, вырвалася гэта. Няўжо таму, што ён ненавідзеў Арэшкіна?
Клас на момант прыціх. Каця, якая стаяла каля дошкі, падышла да дзвярэй i шчыльней прычыніла ix. А Рая раптам падхапілася, дрыжачым голасам крыкнула:
— Сам ты паклёпнік няшчасны! Якое ты маеш права? Якое,? Віктар Паўлавіч абураўся больш… больш, чым усе вы! Ён пісьмо напісаў, каб настаўнікі падпісалі… Як вам не сорамна!.. — з вачэй яе пырснулі слёзы, i яна кінулася да дзвярэй. Але дарогу ёй загарадзіла Каця, i ў адзін міг каля ix апынуліся Валодзя, Лявон, Пятро, Павел.
— Сядай, Рая, на месца i нервы свае не паказвай нам! — рашуча запатрабаваў Валодзя.
— Згаджаемся, што Алёша
сказаў глупства, i забудзем пра гэта. Забудзем усе! — мудра загадаў Лявон.Зашумелі дзяўчаты:
— Райка! Апомніся!
— Ты разумная дзяўчына, Рая, i ты разумееш… — паважна, як бацька ці настаўнік, дыпламатычна гаварыў Лявон, — павінна зразумець, што гэта можа абразіць Віктара Паўлавіча, якога ўсе мы вельмі i вельмі паважаем…
Рая нарэшце зразумела, што пра яе падумалі аднакласнікі. Страшэнна збянтэжаная, яна вярнулася за сваю парту, закрылася хусткай.
Лявон падміргнуў класу i ўзняў рукі, патрабуючы цішыні.
— Алёша, колькі там на тваім будзільніку да пачатку заняткаў? Тры? Дзеці, прашу сесці на месца! Дастаньце вашы падручнікі i падрыхтуйцеся да ўрока. Школьныя правілы забылі, чэрці паласатыя! Колькі я вас вучыць буду! Вось… На свеце існуе адна фізіка — i больш нічога! І ўсё падпарадкоўваецца законам фізікі!..
Ад Арэшкіна, калі ён зайшоў у клас (першы ўрок быў яго), не схаваліся заплаканыя вочы Раісы, яе ўсхваляванасць i насцярожанасць класа. Пасля, дома, ён паспрабаваў даведацца ў яе, што адбылося ў класе раніцой, перад урокамі. Яна не сказала, выдумала нейкую наіўную прычыну, нейкую спрэчку з-за згубленай бібліятэчнай кнігі. Арэш'кін, вядома, не паверыў i папрасіў Аксінню Хвядосаўну, каб тая пацікавілася, чым усхвалявана дачка.
— Маці павінна заўсёды ведаць, што на сэрцы ў дачкі, дарагая Аксіння Хвядосаўна.
Раіса сказала маці праўду, i тая, па сваёй сялянскай прастаце, а яшчэ i таму, што не любіла Касцянкоў, перадала ўсё Віктару Паўлавічу.
23
Раней было так: МТС — сама па сабе, а вёска, калгас, сельсавет — сам i па сабе, i сувязь паміж імі абмяжоўвалася афіцыйнымі адносінамі: дагавор, які абавязваў адзін бок узараць пэўную плошчу, пасеяць, зжаць, другі — выдзеліць прычэпшчыкаў, падвезці гаручае, ваду, забяспечыць харчамі трактарыстаў. Больш калгас ад МТС, па сутнасці, нічога не патрабаваў, таксама як i МТС ад калгаса. A паколькі i брыгадзір трактарнай брыгады i трактарысты звычайна былі мясцовыя, то ніхто ix у вёсцы i не лічыў за рабочых — калгаснікі, як i ўсе. І самі яны звязваліся з МТС толькі па вытворчай лініі: норма, запасныя часткі, гаручае.
Інтэлігенцыя жыла i працавала таксама неяк адасоблена. Настаўнікі ніколі не заглядалі на станцыю, механікі прыходзілі хіба толькі на кінакарціну ў няўтульны i халодны клуб.
Зараз пакрысе ўсё мянялася, хоць, вядома, не без цяжкасцей. Пачалося з трактарыстаў: у калгас цяпер прыходзілі пастаянныя рабочыя дзяржаўнага прадпрыемства. Натуральна, што гэта дысцыплінавала людзей, павышала ix адказнасць за зробленую працу. Да таго ж калі раней з надыходам зімы сувязь калгаса з МТС амаль парывалася зусім, то цяпер яна нават пашырылася. Вярнуліся з поля на сядзібу станцыі трактары — прыйшла ў калгас брыгада па механізацыі ферм, прыйшлі аграном, заатэхнік, электрык, i нават на рамонце клуба працавалі цесляры з МТС.
Вядома, змены гэтыя не адбыліся самі па сабе толькі ў выніку таго, што з'явілася мудрая пастанова. Дзе не было ініцыятыўных людзей, там не было i сур'ёзных змен. У Крыніцах такія людзі з'явіліся i ў МТС, i ў калгасе. Яны неслі новыя пачынанні.
Павел Іванавіч Валатовіч не прамінуў ніводнага сходу, ніводнай вытворчай нарады механізатараў. Ён заклікаў Рашчэню, партарганізацыю, увесь калектыў:
— Пачніце па-новаму з калгаса, на тэрыторыі якога вы знаходзіцеся. Бо калі вы ў нас не пачнеце працаваць па-новаму — не пачаць вам нідзе. А мы з свайго боку зробім усё, што трэба, каб выканаць рашэнні партыі. І давайце дамовімся: ніякіх скідак i ўступак адзін аднаму…