Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Крыніцы

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

Разышліся, калі электрастанцыя спыніла працу i пагасла святло.

21

Лемяшэвіча радавалі тыя дзелавыя, шчырыя i адначасова сяброўскія адносіны, якія мацнелі паміж ім i мясцовымі кіраўнікамі, работнікамі МТС, а таксама паміж ім i калгаснікамі. Асабліва прыемнымі сталі гэтыя адносіны пасля таго, як на чале калгаса стаў Валатовіч. Цяпер Лемяшэвіч наведваў канцылярыю штодзень, прысутнічаў на ўсіх пасяджэннях, сходах i ведаў усё, што робіцца ў калгасе. І з людзьмі знаёміўся бліжэй, пазнаваў усе тайны складаных вясковых узаемаадносін. Так, напрыклад, ён даведаўся, што Снегірыха з незапомных часоў не любіць Касцянкоў, хоць знешне заўсёды прыветлівая з кожным з ix. А чаму не любіць — ніхто растлумачыць не мог. Але, даведаўшыся аб гэтым, ён падумаў, што адносіны Снегірыхі да Касцянкоў, напэўна, уплываюць на адносіны Раісы да Аляксея.

Ён

з вялікай цікавасцю i сур'ёзнасцю сачыў за пачуццямі Алёшы, за яго каханнем, i яму ўсё больш не падабаліся паводзіны Раісы.

Наогул, у школе ў яго заставалася значна больш нявырашанага i незразумелага, чым у грамадскай працы. Асабліва не задавальняла яго становішча ў педкалектыве. Знешне быццам усё i добра, як належыць: усе працуюць добрасумленна, не паклёпнічаюць адзін на аднаго, не займаюцца дробязнымі сваркамі; адным словам, як бы сказалі інспектары, — вучэбна-выхаваўчы працэс арганізаваны правільна. Але Міхась Кірылавіч інтуітыўна адчуваў, што адзінага калектыву, у высокім разуменні гэтага слова, няма, што ўсе яго спробы з'яднаць, здружыць настаўнікаў так, як здружыўся сам ён з Валатовічам, з Полазам, разбіваюдца аб нейкае патаемнае супрацьдзеянне. Нехта ці нешта перашкаджала гэтай еднасці i маналітнасці, больш таго, здавалася, што нават знутры раз'ядала, падточвала тое, што яму ўдавалася стварыць. Ён не быў упэўнены, што гэта — нехта, хутчэй схіляўся да таго, што гэта — нешта. Але што?

Лемяшэвіч, праўда, ведаў, што не надта любіць яго Арэшкін i што чалавек гэты здольны пры выпадку ўбрыкнуць знянацку. Але i яго Лемяшэвіч не мог падазраваць у нейкіх махінацыях. Па-першае, ён не верыў, што Арэшкін, які вельмі рэдка да каго-небудзь з калег заходзіць на кватэру i амаль ні з кім не дружыць блізка, здольны праводзіць такую работу. Па-другое, навошта гэта яму? Ён добра ведае, што дырэктарам такой школы яго ніколі не прызначаць, а завучам яму жывецца спакайней i нават з матэрыяльнага боку больш выгодна. Ставіць нейкую далёкую мэту ён наўрад ці здольны — баязлівец. Лемяшэвіч пераканаўся ў гэтым.

Пасля выпадку з гурткамі Арэшкін пачаў працаваць i ў школе больш акуратна, i ў грамадскай рабоце актывізаваўся. Увогуле, Лемяшэвіч не мог сказаць, што ў яго дрэнны завуч. З недахопамі? Але ў каго ix няма недахопаў, чалавечых слабасцей? Лемяшэвіч не мог толькі дараваць яму кватаранцтва ў Снегірыхі i неўзабаве пасля размовы з самой Аксінняй Хвядосаўнай пагутарыў на гэтую тэму i з ім. Лемяшэвіч сказаў яму прыкладна тое ж, што i Снегірысе, — аб адарванасці Раісы ад калектыву, дадаў яшчэ — аб каханні Алёшы, аб тым, што ў хлопца ў такім узросце могуць узнікнуць самыя непажаданыя фантазіі i таму было б лепш, каб ён, Віктар Паўлавіч, rieрабраўся на новую кватэру. Мала хіба добрых хат у вёсцы?

Лемяшэвіч гаварыў спакойна i вельмі тактоўна, як педагог з педагогам. Але Арэшкін раптам збялеў, нервова перасмыкнуўся, аслабіў гальштук i, заікаючыся ад хваля вання, спытаў:

— А вы… вы не адчуваеце, Міхась Кірылавіч, што абражаеце мяне?.. Я дзесяць год працую, i ніхто не папракнуў мяне… А вы… такое падазрэнне… Такое бруднае падазрэнне! — Ён закрыў у адчаі твар рукамі i застагнаў: — Божа мой! Завошта?

Лемяшэвіч не паверыў у шчырасць яго роспачы i засердаваў:

— Пакіньце, Віктар Паўлавіч, гэты фарс. Ніхто вас не падазрае ні ў чым. Глупства. Але вы як педагог маглі б падумаць пра пачуцці вучня.

— Вучня! Я павінен залежаць ад капрызаў, ад глупстваў кожнага вучня? — Ён адняў ад твару рукі i гаварыў раздражнёна. — Дайце мне кватэру — i я з радасцю буду жыць адзін. Не можаце? А? Дык дазвольце мне самому выбіраць, у каго мне кватараваць, каб было дёпла, чыста, утульна… Я дзесяць год кватарую, i амаль усюды был i вучні. Каму стала ад гэтага дрэнна? А? Тысячи вясковых настаўнікаў кватаруюць у сваіх вучняў…

— Мы не разумеем адзін аднаго, — пачынаў страчваць цярпенне Лемяшэвіч.

— Але, я сапраўды не разумею вас. Не разумею вашай павышанай цікавасці да захапленняў… глупстваў дзяцей. Няхай вучацца i не займаюцца глупствам! Гэта не даводзіць да дабра.

— Аляксей — не дзіця, Paica — таксама. У гэтым ваша памылка, i ў гэтым наша прынцыповая нязгода. Ведаеце, давайце пагутарым на гэтую тэму на педсавеце… Паспрачаемся, успомнім Макаранку, — мірна прапанаваў Лемяшэвіч.

Арэшкін адразу пасля гэтых слоў змяніўся — ні абразы, ні спалоху. Адразу загаварыў, як роўны з роўным, як завуч з дырэктарам, — сур'сзна, настойліва:

— Не раю я вам, Міхась Кірылавіч, рабіць гэта. У нас? Што вы! Не зразумеюць, разнясуць па вёсцы. Назаўтра ўсе вучні будуць ведаць… Перакруцяць усё… І кепска будзе тым вучням, каго мы ўпамянём у гэтай сувязі. Засмяюць… Паверце майму вопыту. А?

Невядома чаму, але Лемяшэвіч згадзіўся, i яны, пагутарыўшы пра іншыя школьныя справы, разышліся мірна, ветліва, i здавалася Лемяшэвічу, што пасля гэтай размовы неяк нават зблізіліся.

Не мог Лемяшэвіч знайсці тое нешта, якое магло б перашкаджаць згуртаваншо калектыву.

Усё, здавалася, i шло як мае быць, ніхто не меў права лічыць сябе пакрыўджаным. Кавальчукі прасілі дадатковыя гадзіны — ён даў ім гэтыя гадзіны, хоць не разумеў i здзіўляўся, адкуль прагнасць у гэтых двух маладых людзей, выхаванцаў інстытута: яны імкнуліся зарабіць як мага больш i лічылі кожную капейку. Як ні адзін з яго папярэднікаў, ён забяспечыў кватэры настаўнікаў палівам; самі яны дзякавалі яму за гэта. Хіба толькі магло не задавальняць асобных настаўнікаў, што занадта многа даводзілася працаваць. Некаторыя звыкліся з тым, як было раней: адчытаў — i дадому. А цяпер — i піянерская, i камсамольская работа, i гурткі, i работа сярод бацькоў, i — галоўнае — складаныя абавязкі агітатараў. Выканання гэтых абавязкаў Лемяшэвіч патрабаваў з не меншай настойлівасцю, чым выканання школьнай праграмы. Гэтага патрабавала жыццё. З'явіліся рашэнні партыі, якія ўскалыхнулі ўсю краіну. Лемяшэвіч добра разумеў, што ў нялёгкай i пачэснай барацьбе народа за ўздым сельскай гаспадаркі вясковая інтэлігенцыя і, у прыватнасці, настаўнікі абавязаны быць на пярэдняй лініі, у адным страю з непасрэднымі выканаўцамі — калгаснікамі, механізатарамі. Ён верыў у магутную еілу слова i, не ў прыклад некаторым скептыкам, яшчэ з партызанскіх часоў ставіўся да агітацыі з пашанай. Ён не мог сказаць, што большасць настаўнікаў яго школы была іншай думкі.

Але яму прыгадвалася адна нарада, на якой ён крытыкаваў многіх за слабую работу на агітацыйных участках. Тады, на здзіўленне яму, самая актыўная ў школе, самая энергічная i ініцыятыўная ў рабоце з вучнямі Вольга Калінаўна амаль са слязамі ў голасе сказала:

— Не магу я так працаваць, як вы патрабуеце… Не магу… Не выходзіць у мяне, i ўсё. Сяджу, сяджу, рыхтуюся, а прыйду, пачну гаварыць — нудна, нецікава, сама адчуваю гэта… Людзі пазяхаюць…

Лемяшэвіч ніколі раней не думаў, што настаўнік, які цудоўна можа гутарыць з дзецьмі, губляецца перад дарослымі. Ён змяніў тон, пачаў расказваць, як лепш правесці гутарку. A Даніла Платонавіч параіў Вользе Калінаўне пайсці паслухаць, як гутарыць з людзьмі Наталля Пятроўна.

— Я слухала Марозаву. У яе — шчаслівая прафесія. Яна з кожным чалавекам, як з сябрам, i аб усім умее расказачь проста… Учора яна расказвала пра пастанову, а гаварыла пра здароўе людзей…

А Прыходчанка пасля гэтай нарады падышла да Лемяшэвіча i сам-насам сказала:

— Я буду працаваць, але замяніце мне, калі ласка, участак. На гэтай ферме — адны бабы. Не люблю баб. — Яна вымавіла апошнія словы з такой знявагай да той палавіны чалавечага роду, да якой належала сама, што гэта проста ашаламіла Міхася Кірылавіча. Не ведаючы, што адказаць, ён паабяцаў пагутарыць з Полазам, каб яе перавялі агітатарам у якую-небудзь будаўнічую брыгаду, дзе адны мужчыны. А пасля ён думаў над яе словамі, абураўся i быў нездаволены сабой, што даў такое абяцанне. Гэтая жанчына не раз ужо здзіўляла яго надзвычайнай супярэчлівасцю свайго характару: то яна выказвала разумныя думкі, выяўляла разумную ініцыятыву, то раптам гаварыла i рабіла страшэнныя глупствы. Праўда, у гэтых яе словах не было нічога дзіўнага: йна не любіла жанчын таму, што жанчыны не любілі яе, зуб за зуб, як кажуць. Але Лемяшэвіч успомніў, як яму скардзілася Вольга Калінаўна, даводзячы, што Прыходчанка заніжае вучаніцам адзнакі, што нельга паверыць i пагадзіцца, каб па такіх прадметах, як руская мова i літаратура, сярэднія вучні паспявалі лепш за самых здольных вучаніц. Тады Лемяшэвіч не надаў гэтаму асаблівай увагі, пажартаваў нават i супакоіў маладую настаўніцу. А цяпер, пасля парады, сам праверыў класныя журналы i пераканаўся, што гэта, бадай, сапраўды так. Але паспрабуй заікніся такой Марыне Астапаўне, што варта павышаць адзнакі!

І, аднак, усё гэта не магло быць прычынай ненармальных адносін у калектыве. Прычына ў нечым іншым. Але ў чым? «А магчыма, што i няма яе, магчыма, усё гэта мне здаецца», — думаў ён.

* * *

Неяк надвячоркам Лемяшэвіч зайшоў да Данілы Платонавіча. У апошні час ён да старога наведваўся не так часта, як у першыя месяцы, асабліва да пачатку навучальнага года. Набралася пямала рознай работы, нагрузак, з'явілася многа новых знаёмых, з якімі яго звязвала грамадская праца, як, напрыклад, з Валатовічам, які цяпер часта заходзіў вечарамі, i яны абмяркоўвалі калгасныя справы, спрачаліся, пілі чай, гулялі ў шахматы. Мацнела дружба з Сяргеем Касцянком. Лемяшэвіч з прыемнасцю хадзіў у МТС на сходы, парады i нават часта ў вольны час ездзіў з галоўным інжынерам у брыгады, у іншыя калгасы, дзе, дарэчы, пры выпадку знаёміўся ca школамі, з радасцю пераконваючыся, што ў яго школе многае лепш, што i калектыў, якім ён не зусім здаволены, таксама лепшы, дружнейшы. Магчыма, сам Даніла Платонавіч крыху быў вінаваты, што ў Лемяшэвіча аслабла цікавасць да яго. Малады дырэктар спадзяваўся, што гэты стары, вопытны педагог будзе i надалей яго бліжэйшым памочнікам, дарадцам — будзе вырашаць усе спрэчкі, памагаць, раіць, вучыць маладых настаўнікаў, у тым ліку i яго, Лемяшэвіча.

Поделиться с друзьями: