Крыніцы
Шрифт:
— Што ты мне тыцкаеш Прыходчанку! — яшчэ больш узлаваўся Павел Паўлавіч. — Ты на сябе паглядзі! З нас больш смяюцца, чым з яе!
Мая Любаміраўна пабялела, у яе ажно дух заняло.
— Дык ты раўняеш мяне з ёй! Нягоднік! — І ў мужа паляцеў падручнік геаметрыі для сёмага класа.
Кніга балюча стукнула яго па носе. Мая Любаміраўна кінулася на ложак i ўткнулася тварам у падушку. Істэрыка такая паўтаралася не раз, але падручнікам яна кідалася ўпершыню, i гэта страшэнна пакрыўдзіла спакойнага, рахманага Паўла Паўлавіча. Яму да слёз стала шкада сябе, бездапаможнага, прыгнечанага, i жыццё
«Не, так далей жыць нельга! Яна пераканаецца, што ў мяне хопіць сілы волі. Я давяду ёй!» І ён сам паверыў у сваю сілу, рашучасць i адчуў палёгку, нават знікла злосць на жонку: яна слабая, бязвольная жанчына, апанаваная ідэяй пераехаць у горад i набыць там уласны домік, што з яе возьмеш! Паглядзеўшы ў люстэрка на свой прыпухлы нос, Павел. Паўлавіч сунуў у кішэню газету i пачаў апранацца. Перайначваць сваё жыццё ён пачне зараз жа, неадкладна!
Мая Любаміраўна ляжала, усхліпвала, але ўпотай пільна сачыла за мужам. І як толькі ён пайшоў да дзвярэй, яна кінулася за ім, ухапілася за плечы.
— Не пушчу! Не пушчу нікуды! Буду крычаць!
A ў другой палавіне хаты жылі яго бацькі, якія i так ужо насцярожана прыслухоўваліся да лаянкі i ў душы радаваліся — радаваліся першаму пратэсту сына супроць жончынага прыгнёту.
Павел Паўлавіч разгубіўся, паверыўшы, што яна сапраўды здольна закрычаць, i мусіў пайсці на кампраміс.
— Супакойся. Што за глупства! Я схаджу да Лемяшэвіча, трэба чалавека падтрымаць.
— У такую цемру! Нікуды не пойдзеш! Не пушчу! — Яны жылі на пасёлку, кіламетры за два ад Крыніц.
Адчуваючы, як знікае яго рашучасць, Павел Паўлавіч, каб моральна падтрымаць сябе, зноў узлаваўся.
— Пусці! Што гэта за жыццё! Па двор выйсці — трэба дазвол у ж он к i браць!
Мая Любаміраўна, убачыўшы, што ён начынае гневацца не на жарт, адразу змяніла тактыку: ласкава абняла, пацалавала ў вуха.
— Даруй мне, Пашык, калі я вінавата. Даруй. Я нешта дрэнна адчуваю сябе. Нервы. Пашкадуй мяне — не ідзі. Я ж памру, пакуль дачакаюся цябе. Такая ноч!
Яму сапраўды стала шкада яе, i ён велікадушна згадзіўся застацца дома.
— Добра, я не пайду зараз. Але я не буду маўчаць — так i ведай! Я за праўду жыцця не пашкад. ую! Я заўтра ж прапаную ўсім настаўнікам напісаць калектыўнае пісьмо ў рэдакцыю, — гаварыў ён, распранаючыся.
Яна маўчала.
У той жа вечар Бародка зайшоў да Марыны. Ён даўно не наведваўся ўжо i таму прагна абняў яе на парозе, як толькі яна адчыніла, пацалаваў у пухлыя гарачыя губы. Распрануўшыся, яшчэ раз моцна прытуліў да сябе.
— Засумаваў я, Марынка, па табе. Харошая мая! Толькі каля цябе i адпачываю.
Яна шчасліва смяялася i гладзіла мяккай рукой яго калючыя халодныя шчокі.
— Не вельмі ж ты спяшаўся!
— Справы, Марынка, справы — галава кружыцца! Бачыш, пагаліцца няма калі, паабедаць па-людску…
— Галодны?
— Галодны.
Яна вызвалілася з яго абдымкаў i накіравалася ў другі пакой, які служыў за кухню. Ён пайшоў следам.
— Я памагу табе.
— Распалі пліту.
Яна рэзала сала, хлеб, крышыла гуркі, накладвала ў талерку марынаваныя грыбы. А ён стаяў на каленях i шчапаў з тоўстага сасновага палена
лучыну, клаў яе ў пліту, пасля з бярозавага кругляка абдзёр бяросту, падпаліў. Бяроста затрашчала, скруцілася, начадзіла пахучым дымам. Ён трымаў яе ў руцэ i любаваўся, як яна разгараецца. Марына Астапаўна з усмешкай назірала за ім, за яго дзіцячай гульнёй з агнём.— А я i не пачула, як ты пад'ехаў,— сказала яна, калі ён нарэшце ўсунуў бяросту ў пліту.
— А я прыйшоў.— Ён устаў, выціраючы рукі хусцінкай. — Ты ведаеш, Марынка, табе прыйдзецца пераводзіцца… Няёмка мне неяк перад гэтым… Валатовічам. Панясло яго сюды! Як ён тут?
— Пераводзіцца? — спытала яна, раскладаючы кавалкі сала на скавародцы. — Куды?.. Не… Не хачу. Мне тут добра.
— Добра? — насцярожыўся ён.
— А чаму мне павінна быць дрэнна?
— A калі мне…
— Калі ты стаў такі баязлівы… я буду прыязджаць да цябе!
Ён зарагатаў.
— Чортава лялька ты, Марына! Табе — мора па калена. Зайздрошчу я твайму характару! Але не ў баязлівасці справа — зразумей.
Ён дастаў з кішэні паліто бутэльку віна i панёс у пярэдні пакой, пачаў там прыбіраць са стала вучнёўскія сшыткі.
Паставіўшы скавародку на пліту, Марына Астапаўна таксама пайшла туды, хацела памагчы яму, але позірк яе ўпаў на газету, i твар адразу зрабіўся сур'ёзным, хмурным.
— Арцём, скажы шчыра, ты ведаў пра гэта? — Яна паказала на газету.
— Пра што? — здзівіўся ён.
— Пра фельетон на Лемяшэвіча?
— Як i фельетон? — Ён узяў газету. — Дзе? Ліха ведае, газету няма калі прагледзець. Тры дні матаюся па раёне.
Марына выйшла паварочаць с. ала i праз дзверы назірала, як ён чытае фельетон, як нездаволена хмурыцца. «Значыцца, не ведаў», — вырашыла яна з радасцю i спакойна пачала разбіваць яйкі над скавародай са смажаным салам. Яйкі пырскалі, злосна шквырчалі, пад скавародкай гуд зела полымя.
Арцём Захаравіч, зразумеўшы, што ўсё гэта можа скончыцца непрыемнасцямі, i ўспомніўшы сваю размову з намеснікам рэдактара, у думках вылаяў i сябе, i Стукава. Аднак пра размову гэтую вырашыў — нікому ні слова, а таму, выглянуўшы з дзвярэй, сказаў Марыне:
— Але, нейкія дурні перасалілі.
— Значыцца, ты не ведаў?
— Першы раз чую i бачу.
— Добра, што ты не ведаў.
— А чаму ты, уласна кажучы, так устрывожана? За каго? За Лемяшэвіча? Дзіўна. Фельетон, безумоўна, дрэнь… A ўвогуле гэтага выскачку даўно правучыць трэба.
— За што?
— Як за што? Тое, што тут напісана, — ён ляпнуў далоняй па газеце, — ты сама расказвала мне.
— Ах, вось што! Значыцца, ты хлусіш, што не ведаў, гэта — твая работа.
— Ну, ведаеш!
— Але я не магла расказваць пра школу, пра дошкі! Гэта — паклёп!
— З якога гэта часу Ты стала адвакатам Лемяшэвіча?
— З якога? — Яна стаяла надзіва спакойная, прытуліўшыся плячамі да печы, склаўшы на поўных грудзях свае белыя прыгожыя рукі.— З таго, калі даведалася, што гэта сапраўдны чалавек.
— І мужчына? — з іроніяй спытаў Бародка.
— І мужчына! — з сур'ёзнай злосцю адказала яна, i вочы яе бліснулі гневам, яна адчула сябе абражанай i ўжо не магла спыніцца, не магла дараваць абразы. — І мужчына, калі табе хочацца ведаць! Не табе раўня!