Крыніцы
Шрифт:
— Рая, ты ведаеш, дзе Алёша?
Яна спалохалася i адказала не сваім голасам:
— Не. Я не ведаю.
Рая чакала, што сам Даніла Платонавіч скажа, дзе Алёша. Ён не сказаў. Ёй увесь вечар хацелася спытаць — дзе ж ён? — але яна не адважылася.
А пасля ёй зрабілася яшчэ больш пакутліва. Чаму яна не ведае, дзе Алёша? Так нельга, яна павінна ведаць, бо ўсё гэта здарылася з-за яе. Яна перамагла свой гонар, хоць гэта было вельмі i вельмі нялёгка, i спытала ў Каці, ці не ведае тая, куды паехаў Алёша. Каця ведала — Рая зразумела па яе вачах, — але таксама не сказала. Чаму? Гэта так бязлітасна, так не па-сяброўску, што Рая зноў плакала дома ад крыўды. Хіба можна так сурова караць за тое, што яна была неразумная? Ад яе адвярнуўся ўвесь клас. Хіба ім цяжка зразумець, што яна стала іншай? Рая не ведала i не здагадвалася, што i
— Каму? Снегірысе? Нізавошта! І не думай! — у адзін голас адказалі яны. Дарэмна яна спрабавала даказаць гэтым «чорствым мужчынам», што Рая змянілася i шчыра хоча ведаць, дзе Алёша.
— Гарбатага магіла выправіць, — адрэзаў на яе довады Валодзя Полаз. — Ведаем мы яе. Адразу Арэшку ўсё раскажа.
A Віктар Паўлавіч сапраўды хадзіў вакол дзяўчыны, як ліс, па-ранейшаму хітры, далікатны, чулы, — заглядваў у шчыліны i імкнуўся заглянуць у душу, але дарэмна — Рая замкнулася надзейна i больш не давярала яму.
У гэты час у яе жыцці здарылася яшчэ адна падзея, якая спусціла яе з вышыні ўзнёслых мар да цвярозага зямнога роздуму над сваім талентам, пра які так многа гаварыў Віктар Паўлавіч.
Пастаноўка «Паўлінкі» драматычным гуртком, якім кіравалі Даніла Платонавіч i Бушыла, атрымала высокую ацэнку на раённым аглядзе школьнай самадзейнасці. Калектыў накіроўваўся на абласную алімпіяду. Але нечакана захварэла выканаўца ролі Паўлінкі — вучаніца дзевятага класа Маша Леванчук. Да алімпіяды Маша, вядома, магла ачуняць, але Даніла Платонавіч, каб не рызыкаваць, вырашыў мець на ўсякі выпадак дублёра, тым больш што спектаклі прыходзілася даваць часта. І ён прапанаваў гэтую ролю Раі. Прапанаваў наўмысля. Рая з радасцю згадзілася, бо адразу падумала, што гэта паможа ёй зноў зблізіцца з сябрамі па школе, па класу. Два дні да рэпетыцыі з натхненнем i ўздымам вучыла яна ролю. Чытаючы п'есу, яна па-новаму асэнсоўвала яе змест, глыбей i больш усеабдымна, не так павярхоўна, як тады, калі вучылі па праграме. Ёй раптам здалося, што шмат якія пачуцці Паўлінкі нагадваюць яе ўласныя, дарма што ўсё іншае не такое. І яшчэ яна з усмешкай падумала, што Быкоўскі крыху нагадвае Арэшку. Яна так i падумала, наадварот: не жывы чалавек падобны да літаратурнага героя, а герой — да жывога чалавека.
Дні да рэпетыцыі прынеслі ёй многа ўцехі, радасці, прыемнага хвалявання i ранейшую самаўпэўненасць. Рэпёціруючыся перад люстрам, яна нават аднойчы падумала з гонарам:
«Я вам пакажу, як трэба іграць».
Але ўсё атрымалася інакш: яна правалілася на першай жа рэпетыцыі. Чакаючы Якіма, яна заспявала «Ой, ляцелі ryci дый з-пад Беларусі», i ўсе — Даніла Платонавіч i выканаўцы — неяк устрапянуліся, i на тварах ix засвяціліся цёплыя ўсмешкі: яна хораша заспявала! Потым з'явіўся Якім — Павел Варанед, той ціхі непрыкметны Пашка, з якога ў класе ўвесь час кпілі, што ён ходзіць на спатканне за васемнаццаць кіламетраў. Ён сказаў першыя словы, сказаў так проста, звычайна, што Рая, ведаючы на памяць сваю ролю, разгубілася i не магла яму адказаць. Суфлёр падказаў, яна паўтарыла за ім без ігры, потым паўтарыла так, як іграла дома, перад люстрам. Даніла Платонавіч узняў рукі, каб спыніліся, i растлумачыў спакойна, як на ўроку:
— Рая, ты кахаеш гэтага чалавека. Ты модна кахаеш Якіма. Успомні: «Такі ён міленькі, такі прыгожанькі, такі паслухмяны». Ты з трывогай чакала яго… Не дэкламуй… Гавары так, як ты сказала б каханаму ў жыцці. Забудзь, што ты на сцэне.
Яна засаромелася ад гэтых слоў, але ўбачыла, што іншыя выканаўцы прынялі ix як зусім звычайнае рэжысёрскае тлумачэнне.
Яна паспрабавала выканаць гэтую параду. Не, не так, не тое. Якім яе кахае, а яна — не, у яе словах няма кахання, хоць яна i паўтарае ix даволі ўзнёсла.
Яна ўбачыла, што Павел нервуецца, злуе, a іншыя выканаўцы стаялі, апусціўшы вочы, быццам адчувалі нейкую няёмкасць. Даніла Платонавіч суцяшаў не яе, а, здаецца, ix:
— Нічога, нічога. Гэта самая цяжкая сцэна. Нішто не даецца адразу. Папрацуем — i будуць вынікі. Галоўнае — працаваць…
«Няўжо я такая бяздарная?» — раптам з жудасцю, ад якой выступіў халодны пот, падумала Раіса.
Яна амаль пераканалася ў гэтым, калі паслухала, як рэпеціруюць яе сяброўкі — выканаўцы
роляў Агаты, Альжбеты, але гонар усё яшчэ не дазваляў прызнаць сваё паражэнне.«Не, ім лягчэй, у ix іншыя ролі, прасцейшыя. Ды й іграюць яны соты раз. Галоўнае — праца, нічога не даецца без працы», — паўтарыла яна словы Данілы Платонавіча. Але, ідучы разам дадому, яна не вытрымала i каля самай хаты спытала дрыжачым голасам:
— Скажыце, Даніла Платонавіч, шчыра… не вых'одзіць у мяне, так?
Ён адказаў не адразу — дайшоў да каліткі, спыніўся:
— Не, нічога. Калі ўпарта папрацаваць… Мы — самадзейнасць.
У роспачы Рая вырашыла, што нагі яе не будзе больш у Шаблюка. Але на другі дзень яна адчула, што ў сэрцы няма ні злоецi на Данілу Платонавіча, ні крыўды, няма i сораму перад аднакласнікамі. Цяпер ёй усё адно: няхай кажуць, што хочуць, няхай здзекуюцца i кпяць з яе «артыстычнай кар'еры». Яна сама будзе смяяцда з неразумных мар сваіх i маці. Якая яна актрыса! Глупства ўсё!
Але пасля гэтага яшчэ пабольшала яе жаданне зноў пасябраваць з Кацяй, з усім класам i даведацца, дзе Алёша. Яна не думала, што напіша яму, абавязана напісаць, — ёй проста хацелася ведаць, дзе ён, што робіць, ці працягвае вучыцца. Жаданне такое расло з дня ў дзень i ўрэшце вымусіла яе на рашучы крок. Аднойчы ўдзень, калі, Рая ведала, мужчын дома не бывае, яна пайшла да Касцянкоў i, страшэнна хвалюючыся, папрасіла Аню:
— Скажы, калі ласка, дзе Алёша.
— А ён у МТС у Рагачах працуе. Гэта ў нашай вобласці, не вельмі далека, — проста адказала Аня. Прастата гэтая i шчырасць узрадавалі дзяўчыну. — У Мінску ён пахадзіў тры дні, да Дашы нават не зайшоў i… вярнуўся. Піша Сяргею, што ў МТС пацягнула, дзе ўсё знаёма…
— А школа? — са страхам спытала Рая.
— Вучыцца ў вячэрняй. Піша, што добрая школа.
У Раі вырваўся ўздых палёгкі. Аня чуццём жанчыны зразумела яе i па-сяброўску параіла:
— Ты напісала б яму, Райка.
— Я напішу, напішу, — паабяцала яна і, запісаўшы адрас, хутка развіталася.
Ёй нялёгка было напісаць гэтае пісьмо. Яна склала ў галаве дзесяткі варыянтаў. Але ўрэшце-такі напісала, хаваючыся ад Арэшкіна, які сачыў за ёй так пільна i нахабна, што сама яна пачала заўважаць гэта. Але раней чым прыйшоў адказ, яна ўбачыла Алёшу на фотаздымку ў газеце «Чырвоная змена»: група маладых хлопцаў каля трактара i сярод ix — ён. A ў невялікім артыкуле пра моладзь Рагацкай МТС пісалася, што камсамольцы Аляксей Касцянок, Юрка Кнышэвіч, Валодзя Коханаў, Валодзя Мігай выконваюць на рамонце па 200–250 працэнтаў нормы. Пісалася скупа i афіцыйна, як у справаздачы. Але як гэта ўзрадавала Раю! Яна ўсяму надавала значэнне: i таму, што на здымку Алёша на пярэднім плане, i таму, што ў пераліку ён першы i што імёны іншых дадзены памяншальна — Валодзя, Юрка, а яго — Аляксей. Рая не стрымалася i паказала газету маці. Аксіння Хвядосаўна, мабыць, адчуўшы мацярынскім сэрцам, што робіцца ў сэрцы дачкі, лагодна сказала:
— А я заўсёды гаварыла, што з Касцянкоў Алёша — самы разумны.
Некалі яна гаварыла гэта па чарзе пра Сяргея i пра Дашу. Рая не разумела, чаму маці не любіла ix усіх разам.
Здымак i скупыя словы ў газеце ўзрадавалі не толькі Раю i сяброў Алёшы. Яны ўзрадавалі i настаўнікаў. У той дзень у настаўніцкай увесь час вярталіся да размовы пра Алёшу. Газета хадзіла з рук у рукі, яе паказвалі кожнаму, хто заходзіў у школу. Лемяшэвіча за дзень колькі чалавек спытала:
— Чыталі, Міхась Кірылавіч? Малайчына наш Алёша!
A калі ўбачылі, што размовы гэтыя не падабаюцца аднаму чалавеку — Арэшкіну, настаўнікі пачалі гаварыць яшчэ больш — каб насаліць яму.
37
— Не адставайце, не адставайце, Міхась Кірылавіч! — крычала Лена i смяялася, шпарка з'язджаючы на лыжах з высокага ўзгорка. Смех яе абуджаў маўклівы ўзлесак i поле, залітае яскравьш сакавіцкім сонцам. Быў пачатак першага вясновага месяца, але снег ляжаў некрануты i блішчаў на сонцы так, што балюча было глядзець. Трымаўся мароз, хоць сярод дня капяжы са стрэх выбівалі ў снезе на прызбах канаўкі. Цудоўна ў такія апошнія дні зімы хадзіць на лыжах! Дзень доўгі, не як у снежні, пад вечар бадзёрыць мароз i вока лашчыць снежная ўрачыстасць поля. Як бы ўсюды яшчэ пануе зіма, аднак па нейкіх няўлоўных прыкметах адчуваецца набліжэнне вясны, яе подых, асабліва моцна гэта адчуваецца на такім вось узлеску, дзе вятрамі ачышчана кожная галінка.