Лабух
Шрифт:
Ды Фелікс ні ў чым і не зманіў. Проста не сказаў усёй праўды. Якой я не любіў, і якую — таксама не ўсю — зараз хутка сказала Лі-Лі.
Так заўсёды будзе: не ўсю, не ўсё... Бо, калі б было ўсё, дык даўно б усё скончылася.
На Наваградак ехалі асобна: Лі-Лі і Лідзія Паўлаўна, Зоя, Стэфа і Зіначка, якую Стэфа змусіла паехаць — у катафалку з Алікам, а я з Крабічам, Росцікам і чатырма лабухамі — у мікрааўтобусе.
Трубу Росцік прынёс.
Калі даехалі, каля дома з востранахіленым чарапічным дахам тоўпіўся люд — незвычайна для хаўтур узбуджаны. Сакрат сустрэў, заклапочаны: “Тут нечаканка такая...” — і правёў у дом, дзе ў гасцёўні два сталы пад белымі абрусамі стаялі, і на адным, накрытая вечкам, труна. Я ўцяміць не мог: мы з труной — і ў доме труна... перакладваць, ці
Ён памёр, бо я накаркаў!.. І як дзіўна, што вечка на труне — у нас толькі на могілках накрываюць...
Казімір, які ў куце пры высокай кафлянцы сядзеў, я і не заўважыў яго адразу, стаў на мыліцы: “Давай выйдзем...”
“Як гэта, Казімір?..”
“Вы ад’ехалі — зноў той міліцыянт, які пра Аліка ўраніцы сказаў, на газіку. І кажа, каб я знайшоў, калі гаспадароў няма, каго-небудзь па Альгерда з’едзіць. Я адказваю, што так зразумеў — яго не павязуць, у Менску хаваць будуць, туды Сакрат з Гэляй і паехалі, а ён: ды па старога!.. Таго ў кар’еры пад Гародняй знайшлі, тыдні паўтары як забітага. А перад тым ён у пастарунку ў іх сядзеў, адкуль нібыта збег... Самі забілі і закапалі, а потым самі знайшлі, каб на іх не вісела — я табе кажу. І міліцыянт гэтак думае, ён іхнія норавы ведае і ён з нашых, толькі баіцца...”
Апошняе Казімір прамовіў так, нібы я, гарадскі, сталічны, магу не баяцца і здолею нешта зрабіць, знайсці нейкую ўправу...
У руху хаўтур штосьці не складвалася, не стыкавалася, Крабіч з Росцікам і Сакратам разбіраліся на падворку з папом, на нешта яго, прыціснуўшы да дрывотні, уломвалі, у іх не выходзіла — і Крабіч паклікаў мяне:
— Я пабажыўся, што ўсё плёткі, хлопчык не самагубца — ты пабожышся?
Сакрат перамінаўся вінавата: гэта сапраўды ягоны клопат, калі ўзяўся за хаўтуры... Ды, канечне, не ў галаве было, як і ў мяне нават не прамільгнула — у каго ў галаве такое, хоць бы і ў Сакрата?.. Гадоў трыццаць таму ведаў я падлетка, якога поп на могілках пахаваць не даў. І хоць там было зусім іншае, але ў граху яно, выходзіць, тое самае — ва ўсякім разе для папоў?..
Ах ты, Зіначка, каза...
Адзіны Бог паміраць пачаў, калі з пячоры выйшаў... А ў храмах Ягоных не Ён, а папы з ксяндзамі жывуць.
— Не самагубца. І калі ты пабажыўся, дык чаго ўсім...
— Няхай... — нібыта здаўся поп. — Я мог і не ведаць. Але астатняе ўсё — не.
Крабіч спытаў нахабна, не адышоўшы са мной, не адвярнуўшыся нават:
— У цябе грошы ёсць?
Поп насупіўся.
— Пры чым грошы? Адзін праваслаўны, другі каталік — і разам? Ні за якія грошы.
Госпадзі, нашто мы сюды прыехалі?..
Аказалася, праблема не ў самагубстве адно... Маці Аліка праваслаўнай была, выйшла за каталіка і не памяняла канфесію, Аліка таксама ў царкве хрысціла — і цяпер, калі адпяваць, дык сына ў царкву несці, а бацьку ў касцёл... Ды яшчэ, калі ксёндз згодзіцца, якога няма: учора — ніхто ж нічога не ведаў — некуды ўзяў ды падаўся. Паслалі па яго, але ці знойдуць...
Росцік сказаў: “Добра, што я жыд”, — і Крабіч з ім, як мне здалося, упершыню згадзіўся.
Я адвёў папа:
— А калі дамовімся...і дома?..
— Дома хай абодва ляжаць, — глянуўшы па баках, безвыходна ўздыхнуў поп. — Скуль я ведаю, хто і што ў некага дома... Хоць сабе ў труне.
Сакрат на ўсё быў згодны:”Ужо хоць так, хоць як... Няхай над сынам адслужыць, дык нешта і бацьку перападзе, ды і бабы адпяюць... А ксяндза, можа, і да лепшага няма, а то б упёрся: а каго, а ці таго хаваем? У труну б яшчэ палез — такі заядлы”.
Іх жа яшчэ і на розныя могілкі несці! Сына і бацьку на розныя могілкі...
— Казаў жа табе, чаму я не беларус, — буркнуў Казімір, калі я спытаў, як жа яно выглядаць будзе? — Быў бы свой Бог са сваёй царквой, дык і выглядала б усё па-боску і па-людску.
Учора, калі ён пра свайго Бога казаў, я не надта яго зразумеў, цяпер уцяміў...
Ва ўсіх нечаканых хаўтурных мітрэнгах чамусьці ўсім хацелася браць удзел, ніхто не заставаўся ўбаку, нават Лідзія Паўлаўна тэалагічны дыспут завяла з папом, які адказваў, гледзячы на
яе сумна і стомлена, адно і тое ж: “Не намі прыдумана...” — і толькі Лі-Лі ні на што і ні на каго не зважала — сядзела каля труны. Прыехала да Аліка і з ім была.Нарэшце поп сваё адслужыў, бабы адпяялі... з дому рушылі, сталі выносіць кветкі, вянкі... вечка... панеслі труны... з нейкай прычыны ці без яе — сына першым — бацьку за ім — але выйшлі з падворка на вуліцу і падраўняліся, панеслі труны побач — працэсія трымала пасярэдзіне — тутэйшыя і прыезджыя, выпадковыя, зусім выпадковыя.. ці не?.. — Лі-Лі і Лідзія Паўлаўна, Стэфа і Зіначка, Росцік і Крабіч — чужыя?.. — Сакрат і Галіна, Гэля, Казімір на мыліцах — свае?.. — мы, лабухі, усіх прапусцілі і пайшлі ўпяцёх у самым канцы — з музыкай, з пахавальнам маршам...
Выглядала яно ўрэшце лепш, чым уяўлялася: гаспадарлівыя людзі загадзя пра смерць думаюць. Праваслаўныя і каталіцкія могілкі ляжалі на двух схілах аднаго пагорка, адны ў бок касцёла, другія ў бок царквы — раздзеленыя акуратна-невысокай агароджай, каля якой, на даўжыню магілы разгароджанай, і пахавалася маці. Побач з ёй, на каталіцкім баку, была выкапаная адна свежая магіла, і гэтаксама побач, на баку праваслаўным — другая.
“Хоць на два метры разгарадзілі...” — сказаў Казімір.
Поп, асвянчаючы магілу сына, пырснуў употай ад сябе самога і на магілу бацькі...
Бог адзін.
Паклалі вечка на труну Аліка, пачалі плакаць... На сельскіх могілках, дзякуй Богу, не кажуць развітальных прамоў. Толькі той жа Казімір прамовіў: “Хаваем вас, можа быць, адных з апошніх беларусаў, бывайце...”
Лі-Лі не плакала дагэтуль, я ва ўсякім разе не бачыў, а тут усхліпнула, калі поп сказаў, каб развітваліся, і, як толькі накрылі Аліка вечкам, павярнулася і пайшла. Уніз з магільнага пагорка, не азіраючыся, адна.
Я ўзяў трубу.
Дзень быў гожы, ясны, сонечны — і далёка відаць было: да небасхілу і нават далей. Але як бы неабсяжна ні кацілася з пагорка на пагорак і зноў на пагорак ва ўсе бакі далеч — вышыня над пагоркамі была большай: бясконцай. І я ўскінуў у яе пранізлівы гук чыстай трубы.
Я даўно не граў на трубе — і міжволі скасіўся на лабухаў: можа, лажа? — я б не хацеў сыграць для Аліка лажова, каб ён не падумаў, што ўсё яму Зіначка наманіла, і ніякі я не музыкант, але Чэсік, трубач і цёзка Чэсіка Пілевіча, з якім мы некалі ў адной рок-групе гралі і які з-за кахання павесіўся, вялікі палец узняў і кіўнуў: не лажа, — і тады я зліўся з трубой, сам-адзін з адным гукам, бо лабух ён і ёсць — толькі гук.
Я, ты ведаеш, Альгерд, лабух... хоць ёсць, як Муля кажа, нюансы... і ты, выбачай, ты для мяне Алік, бо нязвыкла — Альгерд, замінае гуку... Альгердам я бацьку твайго буду зваць і для яго граць буду таксама, бо я не поп, а лабух, мне няма чаго і каго дзяліць, і я рэдка, амаль ніколі не задумаўся над тым, што падзеленае, пра што апошнімі днямі думаю: айчына, зямля, людзі, мне не да таго было — ды й паўсюль жа ў свеце нейкія, падзеленыя, айчыны, землі, народы, да саміх сябе так прывязаныя, што не даюць самім сабе ўзляцець, сцягі розныя, транспаранты цягаючы, кожны сам сваё, а музыка — над усім, не падзеленая і не прывязаная... і я толькі адно і паспяваў, што лавіць яе, лятучую, і яшчэ кахаць... можа быць, грэшны, не так чыста, як чыстая труба пяе, але гэтак жа пранізліва, бо каханне і музыка — адно і тое, без кахання не чуваць музыкі, але пра яго пазней, ты пачуеш, тэма ягоная хутка ўзнікне, Лі-Лі недалёка адыйсці паспее...
а пакуль — пра пагорак, па якім яна ідзе, ледзьве зямлі кранаючыся, лёгка, хоць і са слязьмі, пра неба над пагоркам, над тымі дубамі, пад якімі сядзеў я ўчора з Казімірам, калі прыехаў сюды, каб дазнацца, ці не вярнуўся твой бацька, дык во і вярнуліся вы разам, адны з апошніх, можа быць, беларусаў — і, як баліць, чуеш?..
бо гэта пра тое, пра што раней мне не думалася: пра нашага, свайго беларускага Бога, якога — я так і не ўцяміў са слоў Казіміра — ці мы пакінулі, ці ён нас пакінуў, але, думаю, Бог не можа пакінуць, чакае, калі мы да яго вернемся, і глядзіць з вышыні, якая большая за самую дальнюю далеч, на якую можа адыйсціся Лі-Лі, пазіраючы ўслед якой і Чэсік не вытрываў — так яна адыходзіць!..