Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Лабух

Някляеў Уладзімір

Шрифт:

— На востраве свабоды засранцаў не абвяшчаюць! — рашуча сціснуўшы кулак, ускінуў руку Фідэль, і Кім Ір Сэн ускінуў: — І на паўвостраве!..

— Ну, калі ўсгаўся... — засумняваўся ў сваім выбары Ленін, і Лі-Лі дадала яму сумненняў:

— Вы гляньце на мяне!.. І ён мяне — такую! — з перапуду не трахнуў!

Усе правадыры і Ленін паглядзелі на Лі-Лі — і відаць было, што Ленін не знаходзіць, што сказаць, а Фідэль апусціў кулак і развёў рукамі: маўляў, пра што гаварыць...

Ленін пахістаўся з наскоў на пяты, заклаўшы вялікі палец левай рукі за камізэльку, правай рукой махнуў: “А газбігайцеся вы, підагы, самі!” — лёг у труну з акном і пакаціўся з горкі на катафалку.

Гэткіх жэстаў ад Леніна не чакалі — і ўсе разгубіліся, як усраліся, нават нечага забаяліся...

— Злабайце вы што-небудзь! — нікога і нічога, нават цеснай магілы,

калі са мной Лі-Лі, не баючыся, прагалёкаў я Тырдзе, тамбурмажору, які даўным-даўно побач са мною ў зводным аркестры Чырвонасцяжнай Беларусскай ваеннай акругі на тубе граў, бо на чым яму яшчэ граць, калі прозвішча ў яго такое, Тырда, а туба гучыць тыр-да, тыр-да-да, не прозвішча ж з-за гэтага мяняць, ды музыкант ён і з гэткім прозвішчам класны, пачуў мяне і ўскінуў бунчук, палку з хвастом, якая таксама тамбурмажорам называецца, таму выходзіць, нібы тамбурмажор самім сабою тамбурмажорыць, лабухам абы пацешыцца — і аркестр джаз лабануў!.. а вы думалі лабухі для таго, каб маршы вам выдзімаць?.. выдзімаюць, канечне, бо куды падзецца... сорамна, але ж неяк трэба карміцца, а так бы!.. думаеце, яны не цямяць, для каго выдзімаюць?.. і што для вас выдзімаць — гэта вам служыць... дык адсмакчыце!.. у-у, як варыяцыі “My insomnia, my sleeplessness”лабанулі!.. свінгуючы, вунь што першая труба вырабляе!.. у-а-о-у-а!.. — срэбрана ўверсе і свінцова ўніз!.. вось адкуль у Лі-Лі такія гукі... і Луі наўмысна для яе высака-высыка і чыста-чыста, там, дзе анёлы, як толькі Луі, гэты чорны бог, умее: а-о-у-а-о!.. я і не ведаў, што Армстранг у аркестры... і Майлз Дэвіс... і Дзізі Гілеспі з братамі Марсалес... і Бэні Гудман... і Джон Калтрэйн... ё-маё!.. а вакал які!.. ну, Тырда, які вакал паставіў!.. Элу з Дзюкам!.. і Макартні, абняўшыся з Мулям — лом які: песняры з бітламі!.. і Дзін Рыд, якога вы ў нямецкім возеры ўтапілі, ды нездарма кажуць: “Паміраць, дык з музыкай!” — не з вашымі ж бляцкімі прамовамі!.. дык хулі вы там на трыбуне выстаўляецеся, хто вы супраць нашых?.. во, блін, аркестр які Чырвонасцяжнай Беларускай ваеннай акругі!.. як Шчырыца шчыруе!.. як Барма барміць!.. не горш за Дзізі і Майзла!.. тыя нават косяцца трохі: што за дудары, чаму не чулі?.. а Змей з флейтай, як змей, звіваецца, яму б толькі якую флейту абкруціць, а Люты на малодшага брата Марсалеса ў імправізацыях насядае, насядае!.. які джэймс-сэйшэн!.. вам на трыбуне толькі раты разаўляць!.. правадыры-мурыны ўжо танцуюць, у мурынах хоць кроў кіпіць... яны б самі злабалі, ды дудкі не ўзялі... а вы насупіліся ў капелюшах: лабухі вам не падабаюцца!.. пасадзіць, каб ведалі!.. і давай мяне, як зайца, ганяць!.. па карцэрах, па сральнях, па трыбунах!.. — за што?.. за тое, што адны з вас хацелі ўкрасці, а другія з вас у вас перакралі?.. дык я пры чым, разбірайцеся самі, вунь як аркестр лабае, у мяне свая кампанія, у вас хрэн такая будзе, Ленін правільна сказаў, што вы підары, і што мне да ўсіх да вас — пайшлі вы ў задніцу!..

Саркафаг раптам захістаўся, плошча затрэслася ад гуду і грукату падземнага — але гэта не метро, гэта Фелікс бомбу ў Маскве змайстраваў і ўзарваў яе ў рэзананс з музыкай, зразумеўшы, што Лі-Лі са мной застаецца, канец свету з-за рэўнасці наладзіў, засранец, і ўсё пачало валіцца, падаць, рушыцца: “Ды падымай задніцу, засранец, знайшоў, п’янота, дзе спаць!..” — скочвала мяне ўніз па прыступках і піхала шчыпцамі для падбору смецця з акуркамі велічная, як бычыха ці прафесарша, цётка ў сінім халаце, што прыбіралася на трыбуне, і я, даўшыся галавой аб мармур, ледзьве падняўся і здзівіўся, якая наўкол — у самым цэнтры горада — цішыня і пустата...

Мінск — горад правінцыйны, на масавасць правадыроў не разлічаны.

Дабраўшыся на метро дахаты, я ўсё з сябе скінуў у сметніцу і стаяў, стаяў, стаяў пад душам...

“Я ў цябе фотаздымак знайшла: ты і Фелікс, абняўшыся так, нібы зросшыся — мне між вамі не стаць... Я і ўзяла яго, каб глядзець і бачыць, што мне між вамі не стаць, глядзела і не ставала, а фотаздымак прапаў. Абшукалася — няма, і тады я па памяці, абмінаючы абдымкі, адрэзала палову.

Так сон, які ты ў бальніцы прысніў, разгадаўся... Не адразу, бо ты дзяўчынак прысніў, а не хлопчыкаў, ты наогул хлопчыкаў не сніш.

У мяне блізняткі будуць, хлопчыкі, іх ужо ўва мне сфатаграфавалі — вось да чаго яшчэ сон. Адзін хлопчык на цябе падобны, другі на Фелікса, адзін твой, другі ягоны.

Даруй, калі параніла, адразаючы, я не надта ўмею, ты не навучыў адразаць...”

Не цалавалася без Лі-Лі вада.

XXII.
ПЕРАБОР

Назаўтра, як фікус забралі, пазваніла Стэфа: “Ты нашто пісталет яму даў, душа твая ў блядзях!..” — і Зіначка над Стэфай завішчала ў трубку тым голасам, які ўжо нямы: “Ён забіўся! Забіўся!! Застрэліўся!!! І ляльку застрэліў!.. Ляльку! Ляльку! Ляльку!..”

Стэфа вылаялася крабічавай лаянкай — як некалі ў маладосці, калі была спадарожніцай жыцця...

Алік прыйшоў да іх сярод ночы, выцягнуў Зіначку на вуліцу, з ёй гаварыў, пасля паехаў, зноў з’явіўся ўраніцы, яны на работу абедзьве збіраліся, папрасіўся ў іх застацца, Стэфа і Зіначка вярнуліся разам, Стэфа за Зіначкай у бальніцу заскочыла, як прадчувала нешта — а ён мёртвы ў пакойчыку Зіначкі ў абдымку з прастрэленай лялькай. Страляўся ў сэрца, ляльку прастрэліў таксама ў грудзі злева.

Тры дні таму, з турмы дахаты дабраўшыся, дзе Алік чакаў мяне, каб ключы аддаць, я спытаў адразу, дзе ён пісталет схаваў, а ён упёрся на тым, што пасля пакажа, бо, пакуль у мяне з Лі-Лі такое, нельга мне з пісталетам, ён за мяне асцерагаецца. Я сам па ўсёй хаце шукаў — не знайшоў, і Алік сказаў, што не ў хаце.

І я пайшоў і стаў пад душ...

Экспертыза паказала, што пісталет той самы, з якога Ігара Львовіча забілі. Следчы Патапейка, дапрасіўшы Стэфу і Зіначку, выклікаў мяне і спытаў, пачак запалак на краі стала падкідваючы, стараючыся, каб той вертыкальна стаў:

— Што рабіць будзем, Раман Канстанцінавіч?..

Мне ўсё адно было, што ён будзе рабіць, і тады Іван Ягоравіч сам выявіў спагадлівасць — можа, і не за грошы...

— Мы ж прасілі вас знайсці і здаць. А цяпер хто заступіцца?.. Наадварот. І паглядзіце, пакажу вам па дружбе старой, якія дзяўчынка перапалоханыя паказанні дала...

Зіначка паказвала, што ў ноч перад самазабойствам Аліка яна сказала яму пра нашу блізкасць на мансардзе. Унізе пратакола допыту:”З маіх слоў запісана правільна”.

Я не стаў аспрэчваць: няхай так, калі так Зіначка хоча. І таксама падпісаў пратакол... Падумаў толькі, як яно выглядае ўсё... бездапаможна-прыніжана, нібы на аперацыйным стале, калі з вышынь, дзе лятае, амаль няўлоўнае, спускаецца ў міліцэйскія пратаколы.

— Мы праверылі яе, хоць гэта, між намі, незаконна, — забраў пратакол Патапейка. — Яна паўналетняя і не паказвае, што вы яе змусілі, але заключэнне геніколага... вось яно, дзіўнае, плява без надрываў, дык як тады?.. Збэсцілі? Анальна-аральна?.. А калі не было нічога, дык хто ж вінаваты, што вы фантазёр такі?..

Слухаць яго немагчыма было...Толькі ў морду, у храпу... І я не стрываў — каб хоць неяк, хоць каму-небудзь з іх, хоць некаму.

— Цяпер ты ў мяне сядзеш, — сплюнуў у сметніцу Патапейка...

Гэта было на другі дзень, як Аліка не стала, ураніцы, а бліжэй да абеда мяне знайшоў брат-міліцыянт і перадаў ад Пятра Зіноўевіча, сябра Івана Ягоравіча, прапанову сустрэцца...

— Я не сказала ні слова, але вы забойца, Раман! — кінула ў твар Лідзія Паўлаўна, вярнуўшыся пасля мяне з допыту ў Патапейкі, які і ёй па старой дружбе пратаколы паказаў. — Якога хлопчыка не стала! Які хлопчык быў!.. — Раз’ятраная, Лідзія Паўлаўна ўспрацівілася нават, каб я з морга судмедэкспертызы цела забіраў, але каму яшчэ? Быў бацька, які недзе па свеце бадзяўся, ну дык дзе яго знойдзеш?.. Я нават вёскі, дзе Алік жыў, не ведаў.

Стэфа сказала, што Зіначка ведае. Нядаўна ездзіла з Алікам, ён упрасіў, каб вёску паглядзела...

Мы з Росцікам, калі багатымі былі, мікрааўтобас для студыі купілі: на хуткія заробкі з лабухамі адскокваць. Зіначка найдалей ад мяне — у самы канец, на апошняе сядзенне села. Не хацела ехаць, Стэфа прыкрыкнула: “Едзь! Тут смерць, а не твае фантазіі! Як без бацькі хаваць, калі бацька ёсць?..”

Да Наваградка, вёска Аліка за Наваградкам была, Зіначка маўчала. Далей трэба было дарогу паказваць — яна перасела. А сядзець побач і маўчаць — не проста.

— Я расказала яму так, як вы мне расказалі, як магло б у нас быць... Каб адчапіўся, мне з вамі не замінаў, па начах не бегаў — ён жа дзіця... А ён зразумеў так, нібы сапраўды было... Ён з-за нічога застрэліўся.

Мне ўпершыню падумалася, што Зіначка амаль такая ж па ўзросце, як і Лі-Лі...

— Тут направа, — паказала яна, — і вунь той дом... Там чужыя людзі жывуць, злуюцца, бо грошы аддалі, а паперы на дом няспраўныя. Шукаюць бацьку Аліка, дык, можа быць, знайшлі...

Зіначка ўсё наперад, на дарогу прагаворвала, а калі спыніліся, да мяне павярнулася:

Поделиться с друзьями: