Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Лабух

Някляеў Уладзімір

Шрифт:

— А чаму ён у ляльку стрэліў?..

Я заглушыў матор.

— Сама ты як думаеш?

— Не ведаю... Следчы сказаў, што хвароба ёсць такая, псіхічная...

Калі паперы на дом і былі няспраўныя, дык сам дом на высокім, з валуноў, падмурку, з вокнамі ў рост чалавека, з востранахіленым, дзе-нідзе залатаным, але чарапічным дахам — яшчэ які спраўны.

На дзвярах вісеў замок.

— І што яшчэ табе следчы казаў?

— Каб вам не казала нічога... Няма гаспадароў, тады былі...

Метраў за сорак ад дома, падобная на яго падмуркам і вокнамі, стаяла ў атачэнні высозных

дубоў двухпавярховая будыніна, з дзвюма калонамі на ўваходзе, паміж якіх сядзеў на прыступках мужык з мыліцамі. Ён крыкнуў сіпла, як прастуджаны:

— У Менск яны падаліся! Сына Альгердава хаваць! З міліцыі сёння зранку сказалі, што сын Альгердаў застрэліўся! Самога яго няма, яны і падаліся...

Мы падышлі, я сеў да мужыка на прыступкі, падаў руку... Ён, падаючы сваю, выцер далонь аб крысо пінжака — такога, якім нічога ўжо нельга было выцерці:

— Казімір.

Рука ягоная, натрэніраваная мыліцамі, сціснула маю, як клешня.

— Якога сына? Аліка?..

— Альгерд ён, а не Алік. Як і бацька. Алік, каб прасцей, а па крыві — Альгерд.

Ён так і сказаў: па крыві. Але болей мяне здзівіла, што Алік — Альгерд. Бо па гучанні, на слых — гэта не розныя імёны, а розныя людзі.

Зіначка таксама здзівілася:”Паехалі?.. Яны ж чужыя...” — і Казімір сказаў: “У смерці чужых няма”. Потым спытаў:

— А вы хто?..

— Мы якраз па бацьку ягонага... Ён не аб’яўляўся?

— Наўрад ці аб’явіцца. Справядлівасць у Гародню здабываць паехаў. Прадаў дом, сабраў усе грошы — і па справядлівасць. Па нашым часе... Жывым дзе-небудзь і закапалі, грошы вырваўшы. — Казімір уздыхнуў. — Скончыўся род.

Можна было ехаць, але мне хацелася пагаварыць з ім, мне хацелася з кім-небудзь па-чалавечы пагаварыць.

— Па якую справядлівасць? Ён жа піў...

— Ды мазгі не адпіваў!.. Альгердавічы мазгі ніколі не адпівалі. Яго ў Наваградку судзілі ні за што, нібы на заводзе газавым пліты газавыя краў. Прысудзілі ўмоўна, можна сказаць — адпусцілі. Дык ідзі, калі адпусцілі, а ён не: а імя?.. Гонар?.. З раённага ў абласны суд на перагляд справы падаў — ды яшчэ патрабуючы, каб сапраўдных злодзеяў судзілі, якія краіну раскрадаюць... Як ты думаеш, каго?

Я выгляд зрабіў: скуль мне ведаць? — і Казімір кіўнуў:

— Во-во... І ўсе так... А ён хату прадаў, каб гонар адкупіць, гонар дорага каштуе.

Пра гонар бацькі Аліка Казімір з гонарам сказаў. Як пра свой...

У машыне гарэлка была, яна валюта ў дарозе, я на ўсялякі выпадак прыхапіў — схадзіў і прынёс пляшку.

Казімір пакруціў галавой: “Народ спойваеш...” — але пляшку адкаркаваў і дастаў з кішэні пінжака пластмасавую шклянку: “За памін апошняга нашчадка Альгердавічаў... Здавён завядзёнка ў іх такая: ледзь што, да трох не лічы — ці біцца, ці страляцца. Шляхта...”

Я круціў у галаве свае размовы з Крабічам і смутна ўспамінаў, што Альгердавічы — ці не з князёў...

— Во гэта маёнтак іх. Пасля тут то клуб, то бальніца, то сельсавет, цяпер нічога. Стаіць пусты, грызуць мышы з пацукамі. А той дом, што прададзены, быў для эканома. Саветы прыйшлі і, канечне, пад корань. Яны не пабеглі ад саветаў — Бог іх ведае, чаму... Адзін з іх толькі і ўцалеў, немаўля не расстралялі.

А ссылаць яго не было з кім. Гэта дзед іхні, памёр. У дзетдоме, у школе, ва ўсім савецкім жыў, а памёр Альгердавічам, га?..

Казімір сам гэтаму здзівіўся.

— Кроў... Я дзіцёнкам быў, а іх помню. Яны адны і былі тут — людзі. Астатнія ўсе — быдла. І я з таго ж статку...

Тое, як ён самазневажаецца, непрыемна было чуць... Тым больш па словах пра гонар. Хоць ён абыякава, без злосці казаў...

Маёнтак на ўзвышшы стаяў, дом для эканома трохі ніжэй — і далей вёска: са зграбнымі хатамі, упарадкаванымі сядзібамі... Гаспадарлівая, як і ўсе заходнебеларускія, вёска, толькі з гаркаватым, як дым над неўзаранымі пагоркавымі палямі, пахам запусцення.

— Ну чаму ж быдла?..

— Быдла — яно па адной прычыне быдла, — пасунуўся да мяне і пранізліва ў вочы паглядзеў Казімір. — Таму што яно быдла. Таму і ходзім пад пастухом, якога Альгердавічы і да ялавай каровы не падпусцілі б... І быдлеем, быдлеем...

Я злавіў сябе на тым, што ці не ведаю, ці забыўся, якая яна — ялавая карова?.. Ці на нешта хворая, ці з выгляду нейкая ялавая?..

Казімір падняўся на мыліцы, стаў да калоны і палез у порткі. Доўга стаяў, нічога ў яго не выходзіла...

— Халера на яе: і трываць не магу, і не.... Ты, дзяўчо, не саромейся, не гэтага трэба саромецца. Так во ўсе мы зараз: і трываць не можам, і... фу...

Зіначка адвярнулася.

— Злы які... Чаму ўсе такія злыя?..

Казімір пачуў.

— З чаго добрым быць?.. Добра, няхай тады саветы прыйшлі, бальшавікі ды яшчэ расейцы — чаго ім нас шкадаваць? А зараз хто прыйшоў?.. Якія ні ёсць, хай злодзеі, але свае. Што ж яны сваіх не шкадуюць, прадыхнуць не даюць?.. Самімі сабой не даюць пачуцца?..

Зашпіліўшы порткі, ён сеў, глынуў... Я спытаў:

— Чаму?

— Бо басата. Басаце над басатой толькі ўладу дай... І Бога няма.

— Бог ёсць, — хуценька сказала Зіначка і перахрысцілася, чаго раней за ёй я не заўважаў.

— Але не наш і не ў нас. Наш нас пакінуў...

— Бог адзін.

— Ці мы яго пакінулі... — не зважаў на набожнасць Зіначкіну Казімір. — Я во па крыві беларус, а каб прасцей — паляк. Бо з беларусам не разбярэшся, а ці да царквы, ці да касцёлу трэба хадзіць... Ха! — пляснуў ён па каленях. — Усё жыццё толькі і малюся, каб з мыліцаў злезці, а хрэна! Два месяцы таму ў Кракаве быў, там зводная сястра ў мяне... Папеж іхні з Ватыкану якраз прыехаў. Мільён народу слухаць яго сабраўся, больш за мільён! Ён гаворыць ледзь чутна, а мільён народу пацеркі за ім слоўца і слоўца паўтарае! Адным дыхам!.. Больш за мільён!.. Вось што значыць, калі Бог ёсць.

Ён глынуў яшчэ і раптам спытаў, кіўнуўшы на Зіначку: “Хлапчук з-за яе застрэліўся?..” — і Зіначка, схаваўшы ў рукі твар, закрычала, я не чакаў: “Не з-за мяне! З-за дурасці! З-за нічога!..”

Казімір закаркаваў бутэльку: “Шкада... Тут у нас і пра бацьку ягонага кажуць, што дурань. Што дом — гэта дом, а гонар — нічога. Хай бы, маўляў, пліты краў, мы б у яго куплялі...”

Супакоілася Зіначка, калі выехалі з вёскі.

— Лезуць усе... Следчы сказаў, што вас пасадзяць?..

— Могуць.

Поделиться с друзьями: