Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Лабух

Някляеў Уладзімір

Шрифт:

Калі я спусціўся, Таня сядзела ў альтанцы і курыла.

— Ты хіба курыш?

— Закурыш тут... Амед вам не сказаў: яго пасадзяць, калі ўсё не прададзім і не заплацім, каб адпусцілі. А ніхто не купляе, баяцца... Як там у турме?

— Так сабе.

Яна затушыла цыгарэту.

— Хлапчук тут быў... З таго боку дома. Цяпер сапраўды збег, дзяўчынка ўскрыквала моцна...

Я не чуў.

— Я б Амеда забіла...

— За што?

— За гэта, — кіўнула яна на мансарду. — Але кажуць, што вы секс-сімвал...

— І што яшчэ кажуць?

Яна зніякавела, пацепнула плячыма.

— Не ведаю...

Больш нічога.

“...і калі я ўночы чакала цябе, ад прэзідэнта вырваўшыся, ад брыды ўсёй, якая наліпла, ледзь жывая, а ты прыйшоў, гідліва ўзраўнаваў і пайшоў, я зразумела, што няма ў табе сілы, волі на маю волю, і ўспомніла, як ужо ў чатыры гады я цябе ненавідзела. Мне лягчэй стала паміж табой і Феліксам, калі ты прыйшоў і пайшоў, ведаючы, што Фелікс — з-за сілы сваёй — у турме”.

З турмы мяне выпусцілі не праз дзве гадзіны, а праз два дні. Сярод ночы. То нешта ўсё вырашалі — ніяк вырашыць не маглі, а тут вывелі на вуліцу і кінулі: ідзі, куды хочаш... Я ў начніку гарэлкі купіў, сеў на лаўку ў скверыку, дзе яшчэ адзін жалезны Фелікс стаяў, і пад ягоным бюстам бронзавым выпіў. Бо не ведаў ні таго, што самому рабіць, ні таго, што са мной зробяць... Цяпер я быў ім ні для чаго, і са мной — адны праблемы.

Ад жалезнага Фелікса ценем аддзяліўся начны прахожы...

— Правароніў я вас, — сеў на лаўку Алік. — З таго боку чакаў.

Я дапіў з бутэлькі рэшткі.

— Скуль ты ведаў?..

— Лі-Лі пазваніла, што вас выпусцяць...

— Лі-Лі ў Маскве.

Алік сказаў:

— Дык і там, мусіць, ёсць тэлефоны.

Магчыма, ён і не пажартаваў...

— Што гэта яна табе ўсё звоніць? То адсюль, то з Масквы...

— Яна не мне, — сказаў Алік. — У вас ключоў няма — і каб вы не напіліся адразу.

Ключоў у мяне не было.

— Дома ў двары пачакаў бы, калі такі паслужлівы...

— Дома Лідзія Паўлаўна, дасць яна ўночы ў двары пачакаць. — І Алік спытаў: — Праўда, што ў вас цяпер Зіначка жыць будзе?

Вось чаму ён прыйшоў.

— Як гэта?..

Як жыла Лі-Лі.

Я паспрабаваў яшчэ выпіць, але бутэлька толькі пуста цмокнула...

— Табе хто сказаў такое?

— Зіначка.

— Сама?

— Сама.

— У яе ёсць, дзе жыць. Ёсць маці... бацька...

Алік забраў пустую бутэльку і кінуў у сметніцу. Няўдала — бутэлька пабілася, сыпанула шкло...

— Няма ў яе нікога, апроч мяне.

Крыўдзіць мне Аліка не хацелася.

— Можа, і так... — І далей яно само спыталася: — А што ты можаш зрабіць для яе? — і Алік адказаў ціха, але адразу, імгнення не прамарудзіўшы:

— Памерці.

Мне трэба было б пачуць яго — ды я і пачуў, але не так: я ўспомніў пра пісталет.

Пакуль мной займаліся турэмшчыкі, прэзідэнт адплыў на задні план... Нібы мной займаліся не ягоныя турэмшчыкі.

У скверыку рамантаваўся тратуар. Сярод камянёў прэнт, з канца заплясканы, ляжаў, нехта з рабочых пакінуў — як наўмысна... Падабраўшы яго, я амаль прабег два кварталы да туалета насупраць рэзідэнцыі, Алік ледзьве за мной паспяваў.

— Куды вы?..

— На шухеры стой.

Я паазіраўся наўкол: на тэатр, на фантан, на дрэвы ў скверы, у якім не жалезны Фелікс стаяў, а хлопчык з лебедзем — і ламануў замок.

Пісталет быў на месцы. Я праверыў яго, пастаяў над унітазам, зашпіліўся, торгнуў

ланцужок з абарванай ручкай — вада не зашумела.

Перакрылі. Болей тут не туалет — каб Снягір не прысікаўся.

Алік ускочыў:

— Ідуць двое!.. — Убачыў пісталет — і вочы ў яго крутануліся: — Нашто ён вам?

— Застрэліцца.

Хутка яны... Знайшлі пісталет і чакалі, хто за ім прыйдзе? Тады б абойму дасталі...

Прынёс пісталет — ледзь не арыштавалі, забраць хачу — арыштоўваць ідуць... Што ні рабі ў гэтай сральні — за ўсё арыштоўваюць.

Я ўзяў вядро, там вядро з анучай стаяла, паклаў пісталет пад анучу і даў вядро Аліку.

— Па ваду да фантана пойдзеш, зусім адсюль пойдзеш і дома ў мяне схаваеш, зразумеў?

Алік кіўнуў — і яны ўвайшлі:

— Вы што тут робіце?

Яны ў форме былі, два сержанты.

— Прыбіраем.

— Я па ваду да фантана, — бразнуў дужкай вядра Алік, і я торгнуў ланцужок: — Ваду перакрылі.

— Ноччу прыбіраеце?

— Днём тут нельга. Ці вы не ведаеце?..

Яны на мяне зырыліся, прапусціўшы Аліка. Мусіць, я падобны быў на прыбіральшчыка: п’яны, зарослы, пакамечаны, пабіты...

— А замок?

— Ключы згубіў.

Яны кабінкі агледзелі, мяне абшукалі... Дзякуй Аліку, што дома ў двары не чакаў.

— Хадзем і ў нас прыбярэш, заадно разбярэмся, — сказаў адзін, а другі, які мяне абшукваў, гідліва рукі абцёр і паморшчыўся: — Ды ну яго, хіба не чуеш — смярдота якая...

Як ты пахнеш — самому не чуваць, але я зразумеў, што патыхаю парашай. І доўга яшчэ патыхаць буду, калі разбірацца павядуць.

— Вы, хлопцы, ці сцыце, ці ідзіце, — сказаў я і па локаць залез ва ўнітаз...

Яны павярнуліся і пайшлі. Непадалёку, насупраць ангельскай амбасады, пастарунак мясціўся, і гэтыя менты адтуль былі, не з аховы. Паставы каля параднага ўваходу ў рэзідэнцыю, які іх, пэўна, і паклікаў, сонна спытаў:

“Што там?”

“Гаўнадраі”.

“А-а...”

Прэзідэнт спачывае, ахова дрэмле. Спакойна ў краіне, адны гаўнадраі не спяць...

Я выглянуў: Аліка не відаць каля фантана, ён зразумеў мяне правільна. Хаваючыся за дрэвамі, я пачаў перабягаць сквер — і тут насустрач мне ад Кастрычніцкай плошчы ўзвыла міліцыйская машына: мусіць, апамяталіся. Я ўжо быў амаль на праспекце, каля былой урадавай трыбуны — і, не знаходзячы, дзе яшчэ схавацца, нырнуў у яе мармуровую нішу.

Машына павыла і сціхла, але я не высоўваўся: ну іх... Рашыў дачакацца раніцы, калі з’явяцца людзі і пойдзе метро. Тым больш, што грошай на таксі не меў, іх на гарэлку толькі і хапіла, а пад абяцанкі разлічыцца дома ніякі таксіст такога кліента, якім я выглядаю, не возьме. Хіба што той знаёмы, які на могілкі вазіў...

Уявіўшы, як добра было б ні ў карцэры не сядзець, ні ва ўнітазы не лазіць, ні ад ментоў не бегаць, а ляжаць сабе на могілках... толькі не цесна і дзе-небудзь побач з Аміляй... — я скруціўся і паспрабаваў прыснуць на мармуры.

Трое сутак я нідзе і ні на чым не спаў, бо то не мог, то не давалі, а тут, калі засну, магу спаць, колькі захачу. Былая ўрадавая трыбуна ніякім правадырам болей не патрэбная. У іх ёсць новая каля Дома ўраду... ці яе там няма?.. я не мог успомніць. Там нібыта толькі Ленін — на чым жа тады стаяць правадыры і народ вітаюць? Ці Ленін вітае?..

Поделиться с друзьями: