Ланцуг
Шрифт:
Добра ведаючы, што планы пра ад’езд у вёску самападман, Васіль на гэты раз вырашыў цвёрда: «Сёння я зраблю гэта — як бы мне ні станавілася лягчэй!.» Ён падняўся, сціснуўшы зубы, пасядзеў на ложку, пачакаў, пакуль перастане кружыцца галава і ад сэрца не адступіць млоснасць; не засцілаючы ложка, не хочучы нават глядзець на яго, апрануў свой учарашні касцюм, які ў Васіля быў усяго адзін больш-менш прыстойны, і выйшаў на двор, стаў каля пад’езда. Шэры, пахмурны ранні ранак… Людзей амаль няма. Каля бака для смецця варона наскоквае на голуба, адганяе, вось вылез з-за бака блудны кот з нейкай кішкай у зубах, пачаў есці… Голуб з варонаю адышліся, пачціва пазіраюць…
Васіля ледзь не зблажыла. Ён хуценька выбраўся з двароў, да кальца, і
Ад гэтай раптоўнай злосці Васілю захацелася есці. Гэта быў добры сімптом. Няўжо, дзякуй Богу, і на гэты раз усё скончыцца? Ён перайшоў вуліцу, сеў у тралейбус, прыехаў назад; дома адразу ж кінуўся на кухню, паставіў на пліту чайнік, дастаў з халадзільніка (халадзільнік таксама быў чужы, гаспадарскі, і за карыстанне ім Васіль плаціў яшчэ, асобна) кубік сухога курынага булёну, у алюмініевым кубку зварыў яйка, накрышыў яго разам з цыбулінай у глыбокую міску, заліў кіпнем з чайніка і, заядаючы сухім батонам, апякаючы язык і горла, выхлебтаў усё гэта за лічаныя хвіліны — вострае, гарачае. Пот прабіў з галавы да ног. Зрабіў моцнай гарбаты, закурыў. Паступова ў галаве ўсё змякчалася, разгладжвалася… Нічога страшнага — жыць можна! Вунь, у акне, дзед паўзе ў магазін, ледзь ногі пасоўвае — з якой радасцю ён памяняўся б са мною здароўем! А мне — толькі дваццаць тры. Дзяўчына цудоўная любіць мяне. Сябры любяць. У часопісах друкуюся…
Ён пайшоў у пакой, каб хоць не заслаць, а трохі прыкінуць зверху коўдраю ложак, і тут раптам убачыў на чамаданах, якія служылі яму шафай, — распранаючыся, ён кідаў на іх адзенне — пакунак. Ён узяў, пачаў развязваць капронавыя ніткі, што крыжам апярэзвалі пакет, і пакуль развязваў, разгортваў шчыльную паперу, нешта цьмяна варушылася ў памяці… Ці то Вінярскі яму нешта перадаваў, ці то Сымон у кафэ, ці то ён выпадкова забраў гэты пакунак з таксоўкі… Заварушылася, ды так і не акрэслілася, не ўспомнілася. Разгарнуўшы паперу, у якой аказаўся цэлафанавы мяшэчак, Васіль зрабіў нязграбны рух, мяшэчак раскрыўся — і на падлогу ўпалі пачкі даляраў — па пяць, дзесяць, сто купюраў…
У Васіля закружылася і без таго ўсё яшчэ слабая галава. Ён сеў на падлогу. Не, гэта не сніцца. Вось ён, Васіль, вось ложак, там кнігі, тут чамаданы, вось даляры. Ён ускочыў, пабег, невядома чаму, на кухню, паглядзеў у акно. Вярнуўся ў пакой — грошы ляжалі, як і ляжалі. Сабраў іх, склаў у мяшэчак, прынёс на кухню, кінуў на стол, прысеў, паспрабаваў разважаць цвяроза.
Спачатку, вядома, горшае. Ясна, што грошы не яго. Ніхто яму іх даць не мог. Дапусцім, гэта пакунак Вінярскага, забыты ім у таксоўцы, а ён, Васіль, выпадкова, чыста машынальна, прыбраў яго сабе. Тады трэба чакаць Вінярскага — тым больш ён недзе таксама ў Вяснянцы жыве і павінен лёгка ўспомніць дом, да якога ўчора падвезла іх таксоўка. У крайнім выпадку па даведцы вызначыць рэдакцыі і патэлефануе Васілю на працу. Можа, ужо звоніць…
Калі гэта пакунак таксіста — тое самае. Трэба чакаць таксіста, гэты ўжо дакладна будзе ведаць дом. Праўда, ні Вінярскі, ні таксіст не ведаюць нумара кватэры, але, калі захочуць вярнуць такія грошы, абзвоняць кожную, знізу даверху…
Калі ж ён прыхапіў даляры ў кавярні— там яго ведаюць усе. Тады тым больш не трэба чакаць, пакуль там спахопяцца, а самаму спытаць, што ў іх прапала. Інакш падумаюць, чаго
добрага, што ён гэты пакунак украў.Гэта — горшае. Цяпер — лепшае. А калі дапусціць, што грошы… нічые? Што яны — «нячыстыя»? Што іх не будуць шукаць, каб не «засвяціцца»? Хіба не бывае так? Дык тады што, атрымліваецца, што даляры гэтыя яго, Васіля. I што з імі можна рабіць?
— Ды што хочаш! — уголас адказаў сабе Васіль.
Можна купіць кватэру, каб не залежаць ад Стэльмахаў. Можна машыну. Піць, гуляць — але на гэта доўга здароўя не хопіць… Паездзіць па замежжы? Гэта можна…
Успомнілася сённяшняя раніца, планы пра ад’езд у вёску, маці… Вось! Памажы маці! Купі ёй у горадзе кватэру, пакладзі ў бальніцу — прыстойную — на абследаванне, звазі на курорт… Гэта можна. Можна, але ці трэба?.. Ці зможа матка без зямлі, без працы?.. Ну, адарве ён яе ад гаспадаркі, свайго агародчыка, дзе кожная жменя зямлі перабрана, перасыпана між пальцаў, павязе купацца хоць у залаты басейн — і што? Ды яна праз некалькі дзён змарнее, засохне, захварэе яшчэ больш! Хіба не забірала яе да сябе ў Гомель, у сваю вялізную кватэру, старэйшая Васілёва сястра? — маці і слухаць не захацела. Пакуль Васіль вучыўся, а цяпер і працаваў у Мінску, яна нават ні разу не выбралася да яго прыехаць — не было на каго пакінуць гаспадарку.
Нічога: былі б грошы, а што з імі рабіць — прыдумаецца. Праз колькі.часу Васіль выйшаў на двор, дзе каля самага пад’езда быў таксафон, пазваніў у «Мутнае вока», папрасіў, каб паклікалі бармэна.
— Слухай, учора ў вас нічога не прападала?
— Здаецца, не. Пачакай, я спытаюся, — паклаў трубку, хутка вярнуўся. — Не, нічога. А што? Калі ты шукаеш свой гадзіннік, можаш не шукаць — яго ўжо ў нас няма. Яшчэ адзін вечар буду паіць цябе бясплатна.
— Ну і ўсё! — сказаў Васіль, націснуў на рычажок і набраў нумар рэдакцыі. — Як вы там? Шукалі мяне?
— Не, ніхто, — адказаў сябар.
— А якая зараз гадзіна?
— Дванаццаць хутка.
Васіль падняўся ў кватэру, сеў зноў на кухні, задумаўся. «Згубіўшы такія грошы, сапраўдны нармальны гаспадар іх апамятаўся б у шэсць-сем гадзін раніцы і да гэтага часу перавярнуў бы дагары нагамі паў-Мінска». Адно з двух: ці гэтыя даляры сапраўды, як ён і думаў нядаўна, баяцца шукаць, ці… Ці яму іх падкінулі.
I вельмі проста. Забілі чалавека, падчысцілі ўсё, што можна. Частку даляраў падкінулі яму, Васілю. Цяпер застаецца толькі патэлефанаваць у міліцыю, назваць яго адрас, прыедуць, закруцяць рукі — і даказвай, што ты быў учора на пахаванні, потым п’янстваваў на вачах дзесяткаў людзей…
Ён страсянуўся — ды што за глупства?! У яго жалезнае алібі! I потым: як яму маглі падкінуць, калі ён прынёс гэты пакунак у сваіх руках? Ён помніць, як нёс яго пад пахаю па прыступках…
Тым не менш ад усіх гэтых разваг даляры неяк згубілі для Васіля нядаўнюю прыцягальнасць. Ад іх раптоўна павеяла нейкім неспакоем, няўтульнасцю… Нячыстыя яны, і думаць няма чаго!
«Зробім так, — падумаў Васіль і сам у сябе спытаў: — Як?»
XI
Васіль сядзеў на кухні, курыў, піў гарбату і глядзеў у акно. На двары ўсчынаўся вецер, ляпаў адчыненай форткай, матаў яе туды-сюды, шумеў у лісці дзвюх таполяў, што раслі каля пад’езда, ганяў па двары і кружыў каля бака для смецця абрыўкі папер. Неба зноў зацягвалася хмарамі, цямнела. Як звычайна перад дажджом, хацелася спаць…
Раптам Васіль уздрыгнуў, схапіў, засунуў пад крысо пінжака пакунак з грашыма і стрымгалоў кінуўся з кватэры.
Калі ён выскачыў на двор, дзве дзяўчыны якраз перайшлі дарогу і параўняліся з яго пад’ездам.
— Жана! — паклікаў ён, і адна, чарнявая, з прыгожым вялікім ротам, павярнулася, заўсміхалася яму. — Пачакай… Можна на хвілінку?
Жана ахвотна падышла; сяброўка, зусім маладая, падобная на школьніцу, у лёгкай сукеначцы, з якой забаўляюся вецер, то задзіраючы яе, то абляпляючы вакол ног, спынілася пачакаць.