Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ланцуг

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

— Прывітанне. Што ты такі строгі?

Ён узяў яе за руку, адвёў да пад’езда, каб сяброўка не толькі не пачула, але каб і вуснаў іхніх не магла бачыць, ціха сказаў:

— Жана… Я даўно хачу… з табою.

— Ну, мала хто хоча са мною.

— Пачакай! — ён прытрымаў яе сілаю. — Глядзі, — хуценька дастаў грошы. — Усё забярэш.

— Што гэта? — прыжмурыла яна зеленаватыя вочы.

— Даляры.

— А колькі?

— Не ведаю.

Яна азірнулася на сяброўку, сказала:

— Заходзь, калі я буду адна. Толькі дачакайся, чуеш? Кватэру ведаеш? — і яна назвала кватэру.

Ён кіўнуў.

— Ну, пакуль, — яна пабегла да сяброўкі, што пакорліва чакала,

прытрымліваючы на каленях сукенку, надзьмутую ззаду ветрам, як шар. Васіль яшчэ раз зірнуў ёй услед, каб запомніць гэтыя моцныя, доўгія ногі. Падумаў, здрыгануўшыся: «Усё правільна — вось тое, што варта любых багаццяў у свеце!»

— Хто гэта? — спытала сяброўка, калі яны адышліся.

— Так, журналіст адзін знаёмы.

— Журналіст? А што ён хацеў?

— Даляры прадае.

— Па колькі? — зацікавілася сяброўка.

— Я сама разбяруся… Слухай, я ўспомніла. Я не магу цяпер паехаць, пазней пад’еду.

Сяброўка з яшчэ большай цікавасцю зірнула на яе, але прамаўчала.

— Я толькі куртку забяру, — сказала яна.

Падняліся ў кватэру. Жана жыла ў маленькай аднапакаёўцы з маці, якая была цяпер на працы (яна працавала санітаркаю, толькі не ў той клініцы, дзе давялося адмучыцца Васілю). Жана вынесла скураную куртачку, сяброўка адразу ж апранула, сцепанула плячыма, саграваючыся. Папрасіла:

— Можна, я хуценька вып’ю кавы?

— Ну, ідзі на кухню.

Праз хвіліну забулькала кававарка, і хутка сяброўка, грэючы аб кубак далоні, з асалодаю цягнула духмяны напітак. Жана закурыла.

— А што ў цябе з Жэнькам Вінярскім?

— Так… Я яго не бачыла ўвесь апошні тыдзень.

— I не званіла?

— Не.

Жана хлусіла спакойна, як толькі жанчына можа хлусіць жанчыне. Калі ж напраўду, яна званіла Вінярскаму кожны дзень, раз нават уночы, але нехта падымаў трубку і адразу ж клаў назад. Жана думала, што гэта была Яўгенава маці, настаўніца, якая яшчэ са школы не любіла сваю гультаяватую, вострую на язык, распусную вучаніцу. З-за гэтага Жана не магла да Вінярскага заходзіць.

Сяброўка дапіла каву і пайшла, і Жанна ўздыхнула з палёгкаю, памыла кубачак, села і пачала чакаць. «Найперш глянуць, ці не фальшывыя, — думала яна, — калі не: няўжо такія аслы яшчэ жывуць на свеце?! Хоць што — журналіст, а журналісты ўсе прытыраныя». На міг яна пашкадавала, што згадзілася, — нейкае нядобрае прадчуванне не пакідала яе. Што яна ведае пра яго, акрамя таго, што журналіст і жыве блізка?.. Пазнаёміліся неяк у гастраноме, у яго не хапала грошай на выпіўку, ён прасіў прадаўшчыцу даць напавер. Жана ўжо выходзіла з магазіна, як раптам пашкадавала яго, вярнулася і даплаціла, колькі трэба. На другі дзень бялявы падпільнаваў яе і аддаў. Прайшліся побач, перакінуліся парай слоў. Ён сказаў, што працуе ў рэдакцыі. Імя не запомніла, затое добра запомнілася, якой пажадаю гарэлі ў яго вочы, калі ён пазіраў на яе ногі. Жане гэта спадабалася.

Прыгадала яна той позірк і цяпер, адмахнулася — чорт з ім! Галоўнае, каб даляры былі не фальшывыя; але калі і атрымаецца з усім гэтым пралёт, падкладзецца свіння — Бог з ім, мала з кім яна спала, спіць і будзе спаць… А гэты — не самы горшы.

Між тым сяброўка далёка ад Жанінага дома не адышла. Яна, азіраючыся, мінула пад’езд, каля якога перастрэў Жану гэты падазроны журналіст, завярнула за вугал, тады прахадным дваром вярнулася назад і зайшла ў гастраном, стала каля шырокага вітрыннага акна. Адсюль Жанін пад’езд быў відаць як на далоні. Чакаць давялося нядоўга. Хутка паказаўся журналіст, зайшоў у пад’езд… Сяброўка пахваліла сябе за кемлівасць. Неўзабаве яна здымала трубку таго

самага таксафона, з якога Васіль званіў у бар і да сябе ў рэдакцыю; трохі павагалася — усё ж Жана была ёй сяброўкаю. Але ўздыхнула і пачала набіраць нумар.

— Мне здаецца, Жанка падпольна прымае, — сказала яна ў трубку. — З журналістамі звязалася…

— А, ну добра, — адказалі ёй. — Прыязджай сама.

Пачуўшы званок, Жана выйшла ў пярэднюю рашучая, настроеная на злосць і рэзкасць, але, убачыўшы рашучы Васілёў твар, моцна сцятыя вусны, угледзеўшы ў яго вачах тую самую пажадлівасць, якая не магла ёй не падабацца, супакоілася: «Прытыраны, несумненна!»

— Дай, — адразу ж працягнула руку, забрала пакунак, вярнулася ў пакой.

Нямецкая машынка пішчала, як рацыя. Даляраў было многа, яны былі сапраўдныя. Што за чорт? Добра, галоўнае, пакуль яны ў маіх руках, а там я ўжо змагу разабрацца… Ну ж і прыдурак. Хай — на, калі так хочаш.

Яна выйшла да Васіля ласкавая, марудлівая, паманіла пальцам у пакой:

— Ну, распранай мяне, — і абняла за галаву, калі ён апусціўся на калені перад ёю…

Менш чым праз гадзіну Васіль выходзіў ад Жаны хістаючыся.

«Лёгкі, пусты і нікому не патрэбны»

Што гэта было?! I чаму было?! Ён плюнуў, пастукаў сябе па галаве, якая адразу ж адазвалася цягучым пахмельным болем.

«Чортавая творчая асоба! Ні гадзінніка, ні даляраў…» Каб хоць трохі супакоіцца, пачаў хадзіць узад-уперад каля свайго пад’езда, не зважаючы на моцны вецер і пакуль рэдкія, але буйныя кроплі дажджу, — хадзіў і думаў: «А-а, як прыйшло — так і пайшло. А лепш было б, калі б гэтыя грошы сапраўды аказаліся нячыстыя, калі б мне іх падкінулі?»

Успомніў Вавенарга — «Ніколі ў маладыя гады не будзь сквапным, ні ў якіх памерах — шчодрасць твая акупіцца табе тройчы!»

Зрэшты, даляраў усё роўна было шкада, як шкада было і загубленага яшчэ аднога дня. Без падоранага гадзінніка, без грошай, на працу не пайшоў… I пацягнула раптам Васіля, як толькі можа цягнуць стомленага пасля працы чалавека ў лазню, каб хутчэй змыць, адпарыць з сябе бруд, — так і яго пацягнула да Стэльмахаў, у траурную цішыню пакояў, пасядзець у паўзмроку з Мілаю, убачыць, як заіскрацца яе вочы, патрымаць яе далонь у сваёй…

Калі паўпусты тралейбус разам з Васілём не проста ехаў, а імчаўся разам у напрамку Паўднёвага Захаду, дождж пляжыў ужо ваўсю; і пад стук цяжкіх кропляў аб вокны ў Васілёвай галаве адбівалася кожнае слова, з усімі непаўторнымі «песняроўскімі» інтанацыямі:

«Ці помніш ты, Жана, шчаслівы мамэнт?..»

XII

У адрозненне ад Вінярскага і Васіля, якія не ведалі, як распарадзіцца сваім нечаканым багаццем, перад Жанаю такога пытання не стаяла. Гэта былі яе грошы, яна іх не ўкрала, не знайшла, а сумленна, як магла і ўмела, зарабіла.

Жана даўно і добра ведала Вінярскага — вучылася з ім у адной школе, была ўсяго на год маладзейшая, — ведала яго думкі, чым ён жыве; і цяпер, не паспелі зачыніцца дзверы за ненармальным журналістам, яна яшчэ раз пералічыла даляры і, машынальна пералічваючы, ужо прыкідвала свой план. Грошай было больш чым дастаткова, трохі знойдзецца ў яе, столькі ж, калі не больш— яна добра ведала — будзе ў Вінярскага. Аб’яд-наць — і атрымаецца някепскі капітал…

Яна паклала даляры ў пакет, села на падлогу каля секцыі, дзе быў тэлефон, перад люстэркам, у якім уся адбівалася, і набрала знаёмы нумар; набіраючы, адразу ж падрыхтавалася пакласці трубку, калі адкажа Яўгенава маці. Але, на яе шчасце, на гэты раз азваўся сам Вінярскі.

Поделиться с друзьями: