Легенда аб бедным д'ябле і адвакатах Сатаны
Шрифт:
— Ну вось, — кажа Жупел. — Хіба не хараство? Ідзі, брат мой. Табе будзе вельмі цяжка. Зямля ж цвіце. Д'ябал нічога не можа зрабіць.
Яна цвіце.
Жупел глядзіць услед Рагачу, што ідзе ўсё далей і далей па схіле ўзгорка. Вось Рагач памахаў рукой на вяршыні. Знік.
…Рагач ідзе пагоркамі, з якіх далёка-далёка бачны суцэльны кілім лясоў.
Зямля раскошная. Зямля цячэ малаком і мёдам. Дрэвы дастаюць верхавінамі да хмар… У лясной рацэ нястрымна б'е рыба… Лань кінулася
Лес скончыўся. Нагляднае поле, што залацее баркуном, лясы, стромы. І потым лугі, лугі, лугі.
Рагач шырокімі вачыма глядзіць на свет.
Ідзе палявой дарогай фігурка, апранутая ў касцюм шкаляра.
Рагач падыходзіць да весніц вёскі. Весніцы зламаныя: жэрдкі ляжаць на зямлі. Уражвае поўная цішыня: ні голасу, ні сабачага брэху.
Насцярожаны, ён ідзе вёскай. Цішыня.
Крок, яшчэ крок. Яшчэ.
І раптам гук, кароткі, рэзкі! Нешта ляснула на ветры.
…Над дзвярыма хаты ўмацаваны белы жалобны сцяг… Далей яшчэ адзін… Яшчэ… Яшчэ… Рагачу пачынае здавацца, што лопанне сцягаў падобнае на хрыплы і кароткі трубны рык.
Сцягі на ўсіх хатах. Некаторыя ўжо зусім запыленыя: вісяць даўно. Ляпаюць на ветры ў поўнай цішыні сцягі.
І раптам непадалёку пачуўся хрыплы крык, падобны на лямант смяротна параненай жывёлы.
З узгорка Рагач бачыць, як з хаты вываліўся на карачках у двор моцны мужчына сярэдніх год. Ён паўзе, не ў змозе стаць на ногі, вые і ўвесь час апускае галаву ўніз.
Непаразумелы Рагач глядзіць на яго і, урэшце, разумее…
…Чалавек есць траву.
"Голад, — штурханулася ў галаве Рагача кароткае слова. — А казалі "цвіце". Разведка, халера на іх! Дэзінфарматары!.."
Ён сядае і глядзіць на паміраючага.
"Дапамагчы? — думае ён. — Чым? Ды і нельга. Павінен жа я быць д'яблам".
А з двара ўсё яшчэ ляціць выццё, у якім няма ўжо нічога чалавечага.
А потым цiша.
Рагач устае, спускаецца з узгорка і заходзіць у двор.
Прайшоўшы паўз труп, Рагач уваходзіць у хату.
Унутры цёмна. Бычыны пузыр у вокнах ледзь прапускае святло ў хату. Комін печкі пашыраецца, як звон. Пад ім ачаг, некалькі зэдлікаў, пралка.
Пустая міса на стале.
Рагач шарахаецца ўбок, заўважыўшы на іконе ў покуці вялізныя белыя вочы. Ён зусім было кінуўся наўцёкі, але тут чуе ў кутку слабы стогн. Падыходзіць, запальвае трут.
На нізкім ложку, у рыззі, ляжыць, накрытая кажухом, дзяўчына. Рагач углядаецца. Ахае.
Дзяўчына — тая самая, якая з'явілася на экране дзякуючы памылцы мантажора ў пекле.
Яна непрытомная. Падталае аблічча. Вялізныя вачаніцы. Рагач глядзіць і глядзіць на яе.
Заляпаў за акном белы сцяг.
І тады Рагач, страпянуўшыся, асцярожна бярэ дзяўчыну на рукі і нясае да выхаду.
…Праносіць паўз мёртвага… Выносіць на вуліцу… Нясе па сяле, і сцягі ляскаюць яму ў спіну… Настойлівей… Грамчэй… Нясцерпна. Рагач кідаецца бегчы… Роў сцягаў за яго спіной.
За вёскай ён супакойваецца. Стаў на кургане,
амаль зроўненым з зямлёю. Глядзіць на твар дзяўчыны.Два чалавекі ідуць палявой дарогай. Апрануты ў звычайныя белыя світкі, у сялянскія белыя магеркі. Толькі ў абаіх за пояс заторкнутыя бязмены. Гэта браты Ян і Антон Шыбні.
З-за ўзгорка далятае гук рога. Яны насцеражыліся. Зварацілі з дарогі і заляглі ў хмызах. Ляжаць.
— Ты яшчэ не ведаеш, што тут робіцца, брат Антон, — кажа Ян. — Толькі і выхадзі з бязменам на дарогу.
— А што?
— За два месяцы тройчы збіралі падатак. Яноўцы там, за ўзгоркам, збунтаваліся. У іх адабралі ўсё і паставілі вакол сяла варту, пакуль усе не пазбавіліся магчымасці хадзіць. У астатніх вёсках забаранілі паляваць і лавіць рыбу.
— Гэта нашто?
— Зберагалі зверыну для палявання каралевы… З-за вайны забаранілі бадзяцца па дарогах. І вось вымерла Яноўка, вымерлі Радзевічы, вымер Сіні Млын, вымерлі Пнюхі, Міхайлаўка, Жытавічы. Вымерлі…
— Досыць. Бачу сам. Белы сцяг на кожнай хаце.
— Даколе цярпець, Божа?.. А ты як уцёк з войска, Антон?
— Абрыдла. Ад цецівы лука баліць левая рука. Усялякая сволач лаецца.
— Ціха. Маўчы.
Яны змаўкаюць. На дарозе нарастае пошчак капытоў.
…Шалёным намётам праімчаліся паўз Шыбняў некалькі коннікаў у паляўнічых касцюмах: гэта іх кліча рог за ўзгоркам.
— У, сволачы, — Ян сціснуў зубы. — Нарумяненыя, як кастраты, разубраныя, як непатрэбныя дзеўкі… Будзьце вы праклятыя!
Коннікі зніклі за гарбом.
Рагач усё яшчэ стаіць на кургане з дзяўчынай на руках. Усё больш правісае яе галава, усё слабейшыя подыхі. І тады Рагач, спалохана здрыгануўшыся, шэпча:
— Сённяшні цуд… Няхай яна не памрэ. Няхай зробіцца сытай.
І прыбаўляе:
– І няхай спіць, пакуль я не здабуду для яе ежы.
Дыханне дзяўчыны стала больш роўным.
Цень упаў на твар Рагача. Ён падымае вочы. У небе лунае сокал.
Зніжаецца. Каменем падае на нешта ў траве… Заяц вырваўся быў, але сокал спасціг яго. Раздаўся адчайдушны, дзіцячы крык схопленага звярка.
…Рагач бягом спускаецца з узгорка, нагінаецца да птушкі. Сокал супраціўляецца, але Рагач усё ж адбірае зайца. Забітага.
…Ён стаіць з дзяўчынай на адной руцэ, з зайцам у другой.
І раптам тупат капытоў. З-за гарба вырваўся коннік у багатым адзенні. Падляцеў. Рэюць на ветры чорныя, бы ў грака, валасы.
— Я магнат П'янда з Чапяліна. Ты адабраў здабычу ў майго сокала.
Сокал узляцеў на ягоную рукавіцу. П'янда ў гневе рвануў меч.
І, раптам угледзеўшыся, кажа ціха:
— Рагач?
Рагач, сціскаючы зайчыныя ногі, непрымірыма глядзіць на конніка.
І тады П'янда нагінаецца з каня і канфідэнцыяльна пытае:
— Ваша думка аб… "Салодкім жыцці" Феліні?
— Вы… адтуль? — ачмурэла пытае Рагач.
— Так, адтуль, дзе няма часу. Не пазнаеш?
— Скрогат Зубоўны! — ахнуў Рагач, угледзеўшыся.