Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Легенда аб бедным д'ябле і адвакатах Сатаны

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Хата. Раскошная, завешаная шкурамі. Вушакі разьблёныя. Жужыць кола пралкі. Рогач сядзіць, працягнуўшы рукі ледзь не ў самы ачаг.

Змоўкла кола. Вецер шпурнуў у акно цэлы зарад сняжынак.

— Апошняя завіруха ў гэтым годзе, — кажа Дубраўка.

— Але, — няўважна кажа ён.

Маўчанне. Толькі вые завея.

— Рогач, — кажа Дубраўка, — што з табою? Ты больш не кахаеш мяне.

— Чаму?

— З самага першага снегу ты такі чужы, халодны. Ты баішся ўзяць мяне за руку, сказаць цёплае слова. Прападаеш у лесе.

Рогач апускае вочы. Пакутліва змагаючыся

з сабою, ён кажа:

— Ты ж сама хацела, каб я не спускаўся з тваёй радугі… Я і сам не хачу ўхадзіць. Нікуды не хачу ісці адсюль.

— Нашто табе ўхадзіць?

— Ты нічога не ведаеш… Ты як падснежнік… Якая яму справа да снягоў вакол?.. Якая яму справа, растаюць яны ці стаяць?

Яна пакінула пралку і падсела да яго на шкуры.

— Я разумею… Я зусім дурная… Ты ледзь не пайшоў… Бог з ёю, з царквою, што затанула… Я ж люблю, я ж кахаю цябе.

І яна цалуе Рогача.

— Што ты разумееш? — прабуе працівіцца ён. — Я ж на апошнім шляху, я ж…

— Маўчы… Паслухай, агонь таксама звініць.

Хіліцца да яе твар Рогача. Ён ужо не можа валодаць сабой.

Вусны зліліся…

…скачуць на тварах адбіткі агню.

. . . . . . . . . . . .

…Агонь амаль згас. Дубраўка спіць. Рогач, абапёршыся на рукі, глядзіць на яе. На вуснах ягоных лёгкая ўсмешка.

Скончылася дуйка. Стаяў лёд на слюдзе акна. Птушка-клёст села на галінку, зазірнула ў пакой.

І раптам у Рогача затрэсліся вусны. У адчаі ён схапіўся за галаву, сціснуў далонямі скроні.

Пацягнуўся быў да Дубраўкі, але рыпнуў зубамі. Расціснуў яе пальцы і вызваліў сваю руку.

— Бывай, — ціха кажа ён.

__________

Лес шуміць зусім не па-зімняму. Пасля мяцеліцы кінула ў адлігу. Рогач рашуча ідзе ад хаты да лесу. Проста па руні. Твар яго асуджаны і жорсткі.

Ён амаль падыходзіць да пушчы і раптам спыняецца.

На перадзе — лес. Ззаду — дрыготкі агеньчык у акне.

Рогач прысядае, разрывае снег і глядзіць на кволыя сцяблінкі.

__________

На ўзлессі, на тым самым месцы, гарыць вогнішча. Маленькае вогнішча. Рогач сядзіць каля яго і, грэючы рукі, глядзіць на агеньчык, што згасае ў акне.

Узяў прыгаршчу снегу, зусім быў сабраўся забіць вогнішча, але, падумаўшы, падклаў яшчэ галінку, яшчэ.

Твар ягоны задумлівы.

…І раптам ён бачыць у праталіне, поруч з вогнішчам, блакітную змерзлую кветку пралескі. Бярэ яе і чуе, як яна ламаецца ў пальцах, бы льдзінка.

Сціснуліся вусны Рогача. Ні аб чым ужо больш не думаючы, ён устае і ідзе да агеньчыка ў акне.

__________

Ён апускаецца на шкуры поруч з Дубраўкай.

— Ты недзе быў? — сонна пытае яна.

— Але, хадзіў паглядзець пралескі.

— Пацалуй мяне… Я вельмі цябе кахаю… Вясна скора.

__________

Ранняя вясна. Снег растаяў. Ліловымі кашлатымі снамі ўкрыўся ўвесь спад перад лясной хатай.

Ляніва замыкаў на лужку гарбаты бык.

Рогач, седзячы на прызбе, пляце драўляную барану. Дубраўка лётае ад ракі да хаты з вёдрамі

вады.

— Мыць, скрэбці, чысціць! — радасна крычыць яна.

Рогач паглядзеў на босыя ногі, што топчуць траву, усміхнуўся, пакруціў галавою.

— Вясна, — крычыць Дубраўка. — Дзякуй Богу, не трэба агню…

Рогач спахмурнеў… А з хаты далятае голас Дубраўкі. Яна спявае:

Кахалі, любілі, стаялі, I так яно йшло i йшло, Пакуль не паслаў за падаткам Кароль гайдукоў на сяло. "Карову — за вокны ў хаце, Сто злотых — ад бараны", — Падружку шчасліваму нашаму З пагардай сказалі яны.

Рогач пляце, слухае. І раптам у песню ўварваўся тупат капытоў.

…Здзіўленне ў вачах Рогача.

…Ад узлесся рухаюцца да хаты чатыры коннікі. Пярэдні — у чорным сукне, астатнія — у кальчугах і з мячамі.

…Застыла ў акне Дубраўка.

— Зборшчыкі, - ціха кажа яна. — Ох, Андрэй!

Пад'ехаўшы да самай хаты, коннікі спыняюцца.

– Імем каралевы, — выгукае пярэдні. — Божы і зямны падатак!

– Іх няма ў плане, — кажа адзін з кальчужных.

— Значыць, за зямлю, — кажа пярэдні. — За лес. За ваду.

— За святло нябёс плаціць не трэба? — пытае Рогач.

— Тут тры акны, — кажа зборшчык. — Значыць, каня і двух быкоў… Тут комін — значыць, два залатых за дым.

— Гаспадар зборшчык, — кажа Рогач, — не прымушайце мяне рабiць цуды. Я iх тры месяцы не рабiў.

Зборшчык рагатнуў:

— Узяўся плаціць падатак — абавязаны тварыць цуды. Іначай як чарадзействам не ўправішся.

Адзін з кальчужных торкнуў Рогача дрэўкам дзіды.

— Ну!

— Што я вам, раджу?

— Родзіш, — кажа зборшчык. — Не расплацішся — забяром дзяцей, калі ёсць.

— Гэта што ж, як у песні аб шыпшынніку?

Не жыць ім ля роднай хаты, Не чуць ім мужыцкіх слоў: Расці ім ля гордых палацаў, Уцехаю быць для паноў.

— Тая песня забаронена ўказам каралевы, — кажа зборшчык.

— А што яшчэ не забаронена?

— Плаціць.

Рогач, ускіпеўшы, адрывае ад загарадзі жэрдку:

— Дык Госпадзі благаславі!

Жэрдка акрэсліла круг у паветры. Коннікі схапіліся за мячы.

— Андрэй! — чуцен адчайдушны лямант Дубраўкі.

Але пайшла ўжо калатня. Мільгае жэрдка. Іржуць і ўстаюць свячой коні. Упаў і ўторкнуўся ў зямлю меч. Пакаціўся па зямлі коннік. Размятаўшы і аглушыўшы ўсіх, Рогач выбіў з сядла зборшчыка. Занёс жэрдку.

— Сцеражыся, мужык, — хрыпіць той. — Не гняві каралевы. Мы — пярэднія. Цівун з гайдукамі — за намі.

— Блаславі, Божа!

Рогач апусціў жэрдку, узняў зноў.

— Памятай аб пякельных катлах, — хрыпіць акрываўлены зборшчык, губляючы прытомнасць.

Рогач устаў і захістаўся, быццам яго ўдарылі ў сэрца. Плыве перад яго вачыма твар зборшчыка, твар лесавічка, рунь, засыпаная снегам, зноў лесавічок, які бязгучна кажа нейкія словы і зларадна ўсміхаецца.

Поделиться с друзьями: