Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Легенда аб бедным д'ябле і адвакатах Сатаны

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Табе хтось казаў, што ты прыгожая?

Дубраўка апусціла галаву.

…I вось ужо стаiць на палянцы прысадзiстая хата з надворнымi будоўлямi.

Рогач зноў сячэ лес.

…Сцягвае сосны ўбок.

…Дубраўка прынесла яму абед. Рогач сядзіць і есць. Яна, прысеўшы, глядзіць на яго.

— Ай, Дубраўка, — пахвальвае ён. — Добра. Шкада, халаднаватая капуста.

— Што ты. Назнарок у анучах несла. Як агонь.

— Гм… А мне здалося — ахалода.

— Ты б і агонь жывы, напэўна, глытаў.

— Агонь? — твар Рогача стаў задумлівы і асвяціўся ўсмешкай. — Я люблю агонь.

Толькі яго ніколі не паляць проста так, для агню.

— Але. Я аднойчы бычыла, як палілі ерэтыкоў, - па-свойму зразумела яна.

– І ў вас?

— Ну так. Ты ж ад гэтага і ўцёк у лес?

Рогач апусціў веі.

— Я люблю агонь. Вельмі. Тут вельмі халодна, цёмна. Але я хачу, каб проста агонь, каб нікога на ім не паліць… І няхай тут халодна.

Ён паглядзеў на Дубраўку, усміхнуўся.

— Д'ябал з ім, няхай халодна… Разумееш, калі я знайшоў цябе там, у хаце, у мяне вось тут, злева, пачало калаціцца нешта.

…Быццам васьміногі, раскарачыліся ў ямах аголеныя пні. Вакол палаюць вогнішчы. І ў гэтым вогненным марыве Рогач выдзірае бервяном-падважнікам вялізны пень.

— Гэ-эх, гэх, — чувацць цяжкае дыханне.

Пень рыпіць, лезе з зямлі, раскарачваецца. Вылез, дрыжучы карэннямі, як жывы.

…Агонь. Цяжкае дыханне. Сотні пнёў, выкарчаваных з зямлі.

І вось ужо гарыць ляда: выпальваюць карчоўку пад пасеў. Палае вялізны клін высечанага.

І Рогач глядзіць на агонь такімі вачыма, што Дубраўка кажа яму:

— Я палохаюся, калі ты глядзіш у агонь.

— У агонь? Так, — ён паспрабаваў быў абняць яе, але яна адхілілася.

— Ты так добра працуеш. Калі б ты яшчэ быў добры.

— Да каго? Усё наваколле пустое.

__________

Доўгае лясное возера. Яны сядзяць на ягоным беразе. Рогач абняў Дубраўку за плечы.

— Вось я ўжо дастаў быкоў, узараў і засеяў. Пчолы завяліся ў борцях. У нас усё ёсць. А ты не дазваляеш і дакрануцца да сябе.

— Нельга невянчаным. Нельга, мілы.

Яна ўздыхнула:

— А павянчацца няма дзе. Папам тут няма чаго ўзяць.

Рогач крадкама чыніць крыж наадварот.

"Слава пеклу, — думае ён. — Іначай мяне б даканалі".

Сонца сядае ў возера. І раптам загучэў празрысты голас Дубраўкі:

Шыпшыннік і хатняя ружа Калісьці разам раслі, Кахалi друг друга, любiлi друг друга, Без друга жыць не маглі. Абняўшыся, ля агароджы Стаялi ўсю ноч да зары, І дзеткамі іх лічылі Вішня і ясень стары.

Рогач перарваў песню, пацалаваўшы руку дзяўчыны.

— Не трэба, — просіць яна.

Барва дагарае на вадзе. Даляцеў аднекуль далёкі-далёкі звон.

— Кажуць, на дне глыбокіх азёр стаяць цэрквы, якія зніклі, - кажа Дубраўка. — Я б хацела пайсці ў адну такую… з табой. Там добра: не паміраюць з голаду, не забіваюць, не паляць.

Рэзкае, трохі жорсткае аблічча Рогача набліжаецца да

яе аблічча.

— Я часам баюся цябе, — кажа яна. — Паслухай, гэта адтуль звон.

Рогач нахіляецца і цалуе яе.

— Што гэта? — неўразумела пытае яна, вызваліўшыся. — Сонца загарэлася? Радуга.

У яе кружыцца галава. І раптам слёзы пырснулі з яе вачэй. Разгублены Рогач абдымае яе, гладзіць косы.

— Ну, ну.

І, прыціснуўшы да сябе, кажа:

— Я зразумеў. Ты хочаш, каб я не ўхадзіў так хутка з тваёй падводнай царквы. Не сыходзіў з тваёй радугі. Так?

— Так.

— Добра. Сядзі ціха. Слухай звон.

__________

Раніца. Над нядаўняй лядою падае снег. Першыя сняжынкі. Яны яшчэ не паспелі засыпаць густую шчотку руні. Рогач стаіць каля поля, разглядае яго. Сеў на кукішкі, пяшчотна пагладзіў чырванаватую рунь.

— Кхе-кхе, — чуе ён за спіною.

Паварочваецца — на пні сядзіць дзядок-лесавічок. Успёрся на сучкаваты кій. Зялёныя, дрымучыя вочы з насмешкай глядзяць на Рогача.

— З хлебам будзем? — пытае ён.

— З хлебам.

І тады лесавічок сіпіць горлам, нахіліўшыся наперад:

— Як па-твойму, "Браняносец Пацёмкін" новае слова ў кіно ці не?

Рука Рогача здрыганулася над рунню. Ён маўчыць, і выраз твару ў яго такі, быццам ён трапіў у пастку.

— Чаму не ўходзіш? — пытае лесавічок, выпраміўшыся. — Я ўвесь час бачыў, як ты корпаўся ў гразі, як жук-гнаявік.

Рогач устаў:

— Выбірайся адсюль… Я павінен выхаяць яе.

— Гадуеш гуся? Ну-ну. — Скрогат крыва ўсміхнуўся. — А каралева пытала, чаму гэта я падарыў табе зайца.

— А ты?

— А я спытаў, чаму гэта яна падарыла табе жыццё.

Твар Рогача суровы.

— Мне добра тут. Чуеш, добра.

— Веру. Хутчэй дасягай самага добрага. А потым ідзі да каралевы і заработвай амністыю.

Ён усміхаецца:

— У пекле цёпла. Палаюць вогнішчы. Вакол смех. Ідзе гульня па буйнай.

Чырвоныя вуголлі ляжаць на далонях.

Рогач, здрыгануўшыся, з міжвольнай тугой агледзеў поле, рунь, якая стыне пад снегам, нізкія хмары.

— Катлы, — кажа Скрогат. — Вечны агонь, што скача…

— Мне халодна тут, — кажа Рогач. — У лесе халодна. А за лесам такая злосць, нянавісць… голад.

— Ну вось. А там Жупел нават спіць у агні. Не хочаш дзяжурыць каля катлоў — не трэба. Будзеш вучыць або яшчэ што.

Зачаравана слухае Рогач. І раптам узнік у ягоных вушах дурненькі, просты матыў песні:

Кахалі друг друга, любілі друг друга, Без друга жыць не маглі.

— Прэч, — раўнуў ён.

Скрогат устае.

— Пакуль не спакусіш — можаш не ўхадзіць. Але тэрмін да раставання снягоў. Іначай давядзецца адабраць у цябе памяць аб Дубраўцы і дабрыні. Будзеш памятаць усіх, акрамя іх… І тады ты ўспомніш, хто клікаў цябе…

Ён знікае. Рогач у ярасці рынуў сякеру на ствол маладзенькай бярозкі.

Ссек, наступіў на яго нагой.

__________
Поделиться с друзьями: