Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Маці ўрагану

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Выходзяць. Цякуць імгненні. Магда і Агна маўчаць, і маўчанне ўжо нясцерпнае. Зарыва за вокнамі: нешта загарэлася.

Магда. Лаўрэн вяселле правіць.

Агна. Не. Не паспелі б яны яшчэ нічога падпаліць. Дый не трэба ім. I гэта кепска, вельмі кепска. I ці не замкавыя гэта самі падпалілі, каб поле асвятліць?

Магда. Адкуль ім ведаць?

Агна. Кепска. Цяжкае будзе вяселле. Кепска, вельмі кепска.

Магда. Ды – не – кар-кай!

Надзея (вяртаючыся). Пасадзіла

на каня. Пайшлі. I адышлі недалёка, а ля замка нешта як шугне, як запалае. (Паўза.) Маці, ты не гаруй. Хай табе не баліць ні за яго, ні за мяне. Не было б у нас так добра, каб не тое, што шчасце наша адмеранае і кароткае, як дзіцячы пальчык. А так ён мне і я яму – усё. Бо абапірацца нам толькі адно на аднаго. Бо мы адны і нікога больш, акрамя цябе, у нас няма і не будзе. Сонца згары, неба трэсні, зямля раскаліся – нам горш, чым цяпер, не будзе. Бо кожная хвіліна мая з ім – як апошняя. I таму трэба ўсю душу аддаваць, бо “праз гадзіну” можа і не быць. Дзякуй, матуля! Жыццё сплывае...

Агна. Пясок сплывае. Апошнія пясчынкі.

Магда. Ціха!.. Чуеце!..

Здалёк нястройны шум, а затым уздымаецца рык соцень галасоў: “Край! Край! Наш!.. Наш!.. Наш горад!!!”

Агна. Усё. Сплыў пясок.

У гэты момант, перакрываючы ўсё, выбухае пякельны рык. Затрэсліся, закалаціліся сцены, дзынкнула ў вокнах шкло. Над усім светам раве наканаваны, пякельны, хаўтурны пярун. Ва ўсю глотку, дзіка, як нямы сатана.

Надзея. Што гэта?

Магда. Пярун з яснага неба?

Агна. Гэта гарматы.

Усе падышлі да акна, за якім злавесна скача зарыва.

Магда. Б’юць ва ўпор у натоўп.

Надзея. Падаюць! Падаюць! Божа, заслані іх!

Магда. Ля гармат б’юцца. Каша.

Агна. Б’юць з вокан палаца! Паспелі колькі там гармат туды ўсцягнуць!

Натужлівы, на апошнім дыханні, пагрозлівы рык гармат.

Магда. Бягуць!

Надзея. Бог мой, бягуць!

Агна. Так, бягуць. (Паўза.) Што ж, дарэмная ахвяра?.. Ну не, хай да скону вякоў ведаюць: мы ніколі не гінулі. Ніколі не гінем дарэмна.

У дзверы ўвальваюцца ўдзельнікі няўдалага штурму: усе выкачаныя, твары ў парахавым куродыме, сёй-той паранены.

Вашчыла (у дзвярах). Гэй там, падбіраць параненых. Каб ніводнага жывога ім у рукі. Убачыце, цягнуць некага – дзесяць ляжце касцямі, а выручыце аднаго.

Агна. I што?

Бачко. Патрапалі нас.

Карпач. Адбілі.

Яўхім. Гэта ўсё.

Вашчыла. Не, гэта не ўсё. Адыходзім пад Царкавішча. Збіраем усіх.

Поп. Пад Царкавішча?

Вецер. Там збіраюцца з усіх бакоў.

Вашчыла. I

ўсе абкладзем горад. Зморам возьмем.

Лаўрэн. Ясна, возьмем. Спалох тут развялі. Якое тут усё? Мы з іх яшчэ тэльбух вытрасем (ірвануў рукаў). Зачапіла-такі (да Магды). Пасунь сваю тоўстую паню, дай сесці. Не адну цябе ногі не трымаюць.

Вецер. I мяне зачапіла.

Яўхім. Дай перавяжу. Пляваць на гэты праклён. Усё адно канец.

Надзея. Не. (Перавязвае Ветру плячо.)

Вецер. Не, нам не канец. Мы яшчэ вернемся з-пад Царкавішча (устае). Хлопцы, я не патрабую ў вас клясціся ў любові да Крычава, Пасожжа, Падняпроўя, усёй нашай зямлі... Я проста хачу спытаць у вас, ці дарэмна вас нарадзілі вашы маці?

Людзі моўчкі пацягнуліся да выхаду. Выйшлі. За акном сумятня, стук падкоў.

Ты – недарэмна, маці. Давяду ўсім на свеце.

Пайшоў. Стук капытоў. Стрыманая песня:

Ой, едзь, сынку, мой Васільку, ды не аглядайся, За год, за два, за тры, за чатыры назад варачайся. О бог знае, бог ведае, калі я вярнуся, На двары, двары шырокім мой конь спатыкнуўся.

Сціхла песня. Агна і Магда адны.

Агна. Бывай, сынок.

Магда. Ды што вы гэта, нібы ў палонцы седзіцё?

Агна. Веры ў добры канец няма. Няма веры, Магда. I я нават не магу яму сказаць, што праклён з яго зняты, што праклятая – гэта я. Хай ён і надалей страшыць ворагаў і хлуслівых сяброў. Без гэтага ён можа часам злітавацца з сябе, а ён павінен быць не Ветрам, ён павінен быць сынам урагану. (Паўза.) I ўсё ж я праклінаю тое, што зрабіла. Такое глупства – Крычаў, добрае імя, памяць мёртвых. Дзеля гэтага забіць хоць у адным чалавеку радасць?.. Я ўсяго слабая жанчына, Магда... I нельга нават, каб ты мяне пашкадавала... Пракляты будзь той дзень.

Магда. Ты мацуйся. Я не ведаю, што з табою, які гэта праклён, але я веру табе. Мацуйся, маці ўрагану.

Дзея трэцяя

Карціна сёмая

Ноч на 26 студзеня 1744 года. Поле пад Царкавішчамі. Сям-там гараць на ім вогнішчы. Справа – памяшканне напаўразбітай капліцы з вузкімі байніцамі акон. Тут, на каменных плітах падлогі, таксама гарыць вогнішча. Да вонкавага мура капліцы прыткнулася нейкая пабудова: капліца не дзейнічае так даўно, што нехта палічыў за магчымае прыбудаваць да яе летні крыты загон для быдла. Паўсюль безнадзейнае запусценне, на якое глядзіць з адзінага, што збераглося ў капліцы, – з распяцця, – Хрыстос. У капліцы сядзяць ля вогнішча Вашчыла, Васіль і Васка Ветры, Надзея, дудар Яўхім Хмыз, Іван і Ілья Карпачы, Антох, Лаўрэн і Бачко.

Поделиться с друзьями: