Маці ўрагану
Шрифт:
Яўхім (спявае).
Завея над хатамі свішча, Вакол на ўзгорках ваўкі. На полі пад Царкавішчамі Мужыцкія сталі палкі. I кліча груган груганятаў На палеткі заўтрашніх сеч. У магнатаў гарматы і латы, У нас – толькі ісціны меч. Але вера наша і гордасць, СлавыВашчыла. Які я кароль? Нашто мне гэта?
Iлья. Праўду кажа. Сілы ў нас, як у караля. Нашага караля. У Варшаве.
Вашчыла. Гэта праўда. Чатыры тысячы слаба ўзброеных людзей. Сапраўды, кароль.
У прыбудове-загоне поп з Бесавічаў ціха нешта гаворыць Цялецкаму, захутанаму ў плашч.
Поп. ...Вось так. Які ён кароль? Чатыры тысячы людзей.
Цялецкі. Многа. У Пястжэцкага каля дзевяцісот чалавек.
Поп. Узброеных да зубоў. Дзвесце пяхоты, сто пяцьдзесят конных казакоў і пяцьсот з гакам гусараў. Ды твае людзі. Ды яшчэ чатыры твае гарматы і гарматы з крычаўскіх муроў.
Цялецкі. Усё адно мала.
Поп. Заўтра яны выступяць. Перадай палкоўніку, ёсць план аблогі горада. Калі закрыецеся там – возьмуць зморам. Адзіная ваша надзея – апярэдзіць. Зараз. Знянацку. Неспадзеўкі. Ноччу. Вы ж на падыходзе. Унь там галоўныя сілы мужыцкага табара. Як снег на галаву. I яны ж без гармат. Здыміце каравул ля Воўчага Яра і – ярам у самы цэнтр табара.
Цялецкі. Не папом бы табе, а палкоўнікам. Аднаго не разумею – ты чаго пнешся? Табе якая карысць?
Поп. Вашчыла хоча, каб князі ў зрэб’і хадзілі. Усе. А каб усе папы былі – як Антох. А роўнасць – дзе ты яе бачыў? Святыя на іконах – у парчы.
Цялецкі. А Хрыстос на крыжы – голы.
Поп. А хто нармальны хоча на крыж?
Цялецкі. Ну так, папом быць лепей... нават у Бесавічах... Іду.
Пайшоў. Поп заходзіць у капліцу.
Антох. Ты дзе цягаўся?
Васка. Адвяжыся ад яго, смала.
Антох. Святы стаў. Анёл!
Васка. Калі ж чортам быць абрыдла.
Антох. Калі табе дазарэзу прахвост патрэбен – ты ведаеш, як яго шукаць?
Лаўрэн. Ну.
Антох. Ідзі ў касцёл або царкву і глядзі, хто там шырэй за ўсіх хрысціцца. Бяры. Не памылішся.
Поп. Гэта наш абавязак хрысціцца... (Крыва.) Нас з табою і возьмуць.
Антох. Ты мяне да сябе прыпражным
не бяры.Вашчыла. Ну до, до... Значыць, так, людзі, заўтра выступаем. Нас чатыры тысячы ды ў Крычаве прыдатных да зброі знойдзецца столькі ж. Карпач, каравулы праверыў?
Карпач. Праверыў. I перад імі хаця б чый след.
Iлья. Які след? Завея мяце. I пройдзе нехта – міргні вокам і ўжо не відаць.
Поп. Хто ў такую завіруху куды палезе? Спяць на печках.
Вашчыла. Усё ж трэба яшчэ прайсці. I асабліва ля Воўчага Яра. Ідзі туды... ну хаця ты, Ілья.
Поп. I я з ім.
Антох. Я пайду.
Вашчыла. Вы там перасабачыцеся. Ты, Антох, ідзі лепей з Бачком і Ветрам на ўсходнюю лінію вазоў. Вы, Карпач з Яўхімам, на лінію Мікіты з Барсукоў. Ну, а я з Васкам ды Лаўрэнам праверым з боку Сажа. Рушылі.
Разыходзяцца ўсе, акрамя Надзеі, якая зараджае і раскладае на лаве пісталеты. Дзесятка паўтара.
Надзея. I пораху няшмат. У Крычаве порах. Куды ні кінь, адна дарога, Крычаў.
Вяртаецца поп з Бесавічаў.
Ты што так скора, айцец?
Поп. А Ілья адзін пайшоў. Мне сказаў вяртацца і не кідаць цябе адну. Каб бярог.
Надзея. Мяне страх беражэ. Лепей, чым што.
Поп. Ды што, урэшце, з табою і з Ветрам такое?
Надзея. А ты спытай, як скончыў войт з Ківаверцаў.
Поп. Страх з ім скончыў. А іншага, можа, нічога й няма.
Надзея. Паспрабуй.
Поп. Ну, не. На ўсякі выпадак не буду.
Надзея. I правільна зробіш.
Поп. I вораг памрэ, калі дакранецца?
Надзея. I ён.
Абтрасаючы бурку, заходзіць Агна Вецер.
Ты?
Агна. Дзе сын?
Надзея, На пасты пайшоў. Што такое?
Агна. Пястжэцкі яшчэ ўдзень рушыў з усімі сіламі на Царкавішчы. Папярэдзь Васіля і Вашчылу.
Поп. Я папярэджу (выходзіць).
Надзея. А вы ж як?
Агна. А мы пайшлі папярэдзіць вас ды збіліся. Блукалі. А пасля ўбачылі след, што вёў з вашага табара. Напаўзанесены. Па ім і прыйшлі.
Надзея. А як жа каравулы мінулі?
Агна. А не было ніякага каравула. Выбіліся па следу акурат на Воўчы Яр.
Надзея. Чакай. Там жа самы моцны каравул. Туды Ілья пайшоў. Папа назад адаслаў. Ой, нешта нядобрае. Ой, маці, нядобра!
I тут яны замерлі, бо спачатку наводдаль, а пасля бліжэй і бліжэй з усіх бакоў пачуўся крык, тупат ног, ярасны ляск сталі аб сталь, ломат мячоў, а пасля гул гармат. Вялікага мноства гармат, у акружэнні якіх зараз яны.
<