Маці ўрагану
Шрифт:
Агна. Спазніліся. Усё.
Грукат – адкінуў дзверы, і ў капліцу ўварвалася завіруха, забіўся, затрапятаў агонь. Пасля ў праём упаўзае з акрываўленай галавою Ілья Карпач.
Ілья. Ярам прайшлі. Табар штурмуюць. Мяне аглу... (Траціць прытомнасць.)
Агна (бярэ пісталет). Бяры і ты.
Чакаюць. Несамавіты, вар’яцкі, безупынны гул гармат. Нема крычыць сама зямля.
Надзея.
Агна. Бегчы трэба. Адкуль прыйшлі – там іх зараз няма. Коні за прыбудовай. Бяжыце.
Надзея. Куды нам бегчы, асуджаным? Ад каго? Ад сябе?
Агна. Якія вы асуджаныя? Якія вы да д’ябла асуджаныя?! Хто асуджаны – ведаю. А вы – не!
Надзея. Не разумею.
Агна. Зразумееш. Шукай яго. Усё яшчэ наперадзе ў вас.
Адстрэльваючыся, збіраюцца ў капліцы ўсе, што спачатку былі тут.
Вашчыла. Усе тут? Усе. Хаця ненадоўга, а ўсе. Сціхнулі гарматы, але страляніна мацнее. Ненадоўга. Што ж, дзешава яны нас не возьмуць. Зараджайце ўсё, што ёсць. У каго колькі пісталетаў?
Галасы: Адзін... тры... два... тры... адзін...
Поп. У мяне два. Дзве кулі. Так і загінеш.
Агна. Не трэба гінуць. Яр вольны ад іх. Коней завадных – пятнаццаць. Вось, праз прыбудову. Вы можаце яшчэ зноў пачаць. Гэта не канец.
Вецер. Астатнія хай бягуць. Мне – нашто?
Агна. Нічога ты не ведаеш, дурню. Ты...
У гэты момант знадворку рвануў залп, замалаціла па мурах і атынкоўцы. Сёй-той страляе ў адказ у праём дзвярэй. Страляе з абодвух пісталетаў і поп. Прыцэльна. Не ў дзверы. Цішыня.
Карпач. Параненыя ёсць?
Вашчыла (трымаючыся за плячо). Я... Я, здаецца, адваяваўся.
Вецер. Дурань, ты толькі пачынаеш ваяваць. Не сёння дык заўтра зноў пачнеш. Уцякайце! Добра, што аднаго цябе зачапіла.
Гамана. Усе спяшаюцца да лазу.
Больш нікога. Надзея... Надзея!
Кінуўся да яе. Тая ляжыць нерухома.
Вецер. Надзея! (Прыўзняў ёй галаву.)
Надзея. Няма... надзеі... Шчаслівая... I бог з намі... I я з табой... Ва ўсе дні да сканчэння веку.
Дудар. Усё.
Агна (як праз сон). Не, цяпер я не скажу яму. Як гэта яму будзе. Ведаючы. Пакінуць яе адну... Цяпер я знікну. Чаму – не пытай. Трэба.
Вецер. Я цябе не пакіну. Не. Вы ідзіце. Мы прыкрыем вас.
Агна. Благаславенне чалавечае з табой.
Вецер. Ідзіце. Мы прыкрыем вас.
Усе выбіраюцца праз прыбудову. Выносяць параненага Вашчылу. Вецер падцягвае да дзвярэй пацурбалкі і дошкі. Стаў ля дзвярэй. Пасля, пачуўшы ўдары сталі, выглянуў у байніцу.
Перастрэлі... Вось, хапаюць кагосьці... Не, прарваліся... Частка прарвалася ўсё ж.
Голас Пястжэцкага (за сцэнай). Вашчыла, здавайся.
Вецер (страляючы ў адказ, бурчыць сам сабе). Чорта
б вы выпусцілі тых, каб не думалі, што Васіль тут. Пагналіся б усім палком.Некалькі стрэлаў, і зноў ціха. Вецер узводзіць ля дзвярэй барыкаду. Моўчкі. I ўвесь час гучыць і гучыць у ягоных вушах голас Дудара:
Везлі ў Крычаў палонных скутых... Паўсюль, як страшныя сны, Глухія і безнадзейныя Пажары вёсак начных. Панства сабрала сілу I там, каля Сожа-ракі, Жалезам сваім раздушыла Яно мужыкоў палкі. Не было ў тыя дні адлігі, Але ў першы раз на зямлі Ад крыві нашай вогненнай крыгі Па Сожы ў Дняпро паплылі. I ўцякалі людзі па звею, А вакол снягі і ільды, I завея, завея, завея, завея Космамі снегу Лізала, залізвала іх сляды. Кроў на лёдзе гарэла расная, Трушчыў косці ім крыгаход. О, радзіма мая няшчасная!!! О, мой бедны народ!Сціхнуў голас. Вецер паставіў лаўку, расклаў на ёй пістілеты, падцягнуў цела Надзеі да агню і лёг побач з ёй, замёр.
Голас Пястжэцкага. Вашчыла, здавайся!
Вецер страляе ў адказ. Перастрэлка. Цішыня.
Вецер. Баліць табе? Не... табе ўжо не баліць. Я так і не сказаў... I што я даў табе, акрамя холаду?! (Страляе.) Нічога, мы затрымаем іх. (Мосціць яе бліжэй да агню.) Бедная. Цёпла табе?
Стрэлы.
Цёпла... Цёпла табе.
Карціна восьмая
У цемры вядзе песню хор мужчынскіх галасоў:
Сядзеў крумкач на магіле, Дый каркнуў шалёна. Наша слава, наша воля Ў палоне, ў палоне. Наша сонца ў кайданах, Доля ўмерла ад ранаў. Наша зброя, наша воля Пабіты, зламаны.Святлее. Вядуць песню людзі, кінутыя ў сутарэнне Крычаўскага замка. Хто сядзіць, хто ляжыць без усякай змогі ўстаць.
Кат (зверху сходаў, што вядуць у сутарэнне). Ды канчайце. Усю душу на шматкі падзерлі.
Лаўрэн. Гэта ты нас... На шматкі. Дзёгаць ты чорны, шыя твая як халява. Толькі цягаеш людзей, як дурань дзверы. Узрадаваўся.
Кат. Вялікая гэта мне, думаеш, радасць? Загад. Не зробіш – са ўсіх маіх скуры злупяць. А яны... Кожную раніцу цягнуцца сюды, як казіная смерць. Рыгаць хочацца. Вы ўжо не таіце злога, хлопцы.