Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Мадэмуазэль дэ Скюдэры

Гофман Эрнст Тэадор Амадэй

Шрифт:

Марціньер, пазбыўшыся смяротнага страху, пра ўсё расказала. Абодва, яна і Батыст, выйшлі ў калідор і знайшлі на падлозе падсвечнік, які кінуў, збягаючы, чужынец.

— Відавочна, — прамовіў Батыст, — што нашую гаспадыню хацелі абрабаваць, а можа, нават і забіць. Той чалавек ведаў, як вы кажаце, што вы засталіся ўдзвюх з пані, і нават пра тое, што яна яшчэ сядзела над сваімі рукапісамі; напэўна ж гэта быў адзін з тых клятых прайдзісветаў і махляроў, якія пранікаюць у дом і хітра выведваюць усё, што можа паслужыць іхным д’ябальскім планам. А гэтую скрыначку, пані Марціньер, мне думаецца, лепей кінуць у Сену, туды, дзе найглыбей. Хто можа паручыцца, што нейкі гнюсны ліхадзей не імкнецца адабраць жыццё ў нашай добрай гаспадыні, што яна, адчыняючы скрыначку, не ўпадзе мёртвай, як стары маркіз дэ Турнэй, які ўскрыў ліст, атрыманы з рук невядомага!

Пасля доўгай нарады верныя слугі ўрэшце вырашылі нараніцу расказаць усё гаспадыні і перадаць ёй загадкавую скрыначку, якую, канечне ж, трэба адчыняць з належнай асцярожнасцю. Яны дэталёва абмеркавалі ўсе абставіны з’яўлення падазронага незнаёмца і прыйшлі да высновы, што тут напэўна не абышлося без нейкай таямніцы, якую яны не рызыкавалі раскрыць самавольна, а мусілі пакінуць гэта сваёй гаспадыні.

Для

непакою Батыста былі ўсе падставы. Якраз у той час Парыж стаў месцам дзеяння найстрашнейшых злачынстваў, якраз тады пякельнае, д’ябальскае вынаходніцтва адкрывала самыя лёгкія шляхі для гэтага.

Глазер, аптэкар-немец, найлепшы хімік свайго часу, займаўся, як гэта нярэдка бывае з людзьмі яго роду дзейнасці, алхімічнымі доследамі. Ён мерыўся знайсці філасофскі камень. Да яго далучыўся адзін італьянец на імя Экзілі. Але апошняму алхімія служыла адно для адводу вачэй. Толькі змешванню, гатаванню, сублімаванню атрутных рэчываў, у якіх Глазер спадзяваўся знайсці свае шчасце, хацеў ён навучыцца, і ўрэшце ў яго атрымалася вынайсці такую тонкую атруту, якая, не маючы ані паху, ані смаку, забівала альбо на месцы, альбо павольна, не пакідала якіх-кольвечы слядоў у чалавечым целе і ашуквала лекараў з усім іхным майстэрствам і вучонасцю, якія, не падазраючы смерці ад атруты, былі вымушаныя тлумачыць яе нейкай натуральнай прычынай. Як ні сцярогся Экзілі падчас сваіх заняткаў, яго ўсё адно запасочылі ў продажы атруты і кінулі ў Бастылію. У тую ж камеру неўзабаве пасадзілі і капітана Гадэна дэ Сэнт-Круа. Ён доўгі час жыў у пазашлюбнай сувязі з маркізай дэ Брэнвілье, ганьбячы тым гонар усёй сям’і, і нарэшце, паколькі маркіз не зважаў на бздуры сваёй жонкі, гэта прымусіла яе бацьку, Дрэ д’Абрэя, важнага чыноўніка Парыжскага суду, разлучыць злачынную парачку з дапамогаю ордэра на арышт, які быў здзейснены насуперак волі капітана. Для жарснага, бесхарактарнага, па-ханжаску пабожнага, але схільнага з юнацтва да ўсіх магчымых заганаў, раўнівага, помслівага да шаленства капітана нішто не магло быць больш дарэчы, чым д’ябальская таямніца Экзілі, што давала яму моц знішчыць усіх сваіх ворагаў. Ён стаў старанным вучнем Экзілі і ў хуткім часе ні ў чым не саступаў свайму настаўніку, так што пасля вызвалення з Бастыліі мог працягваць працу самастойна.

Дэ Брэнвілье і так была распусніцай, а праз сувязь з дэ Сэнт-Круа ўвогуле ператварылася ў пачвару. Той прымусіў яе атруціць спачатку ўласнага састарэлага бацьку, пры якім яна жыла, даглядаючы яго з рэдкай крывадушнасцю, пасля абодвух братоў і нарэшце сястру; бацьку — з помсты, астатніх — дзеля вялікай спадчыны. Гісторыі многіх атручальнікаў ёсць жудаснымі сведчаннямі таго, як гэтае злачынства робіцца непераадольнай жарсцю. Без ніякае мэты, толькі каб задаволіць сваю прагу, накшталт хіміка, што эксперыментуе дзеля забавы, атручальнікі часта забівалі людзей, жыццё і смерць якіх маглі быць ім цалкам абыякавыя. Раптоўны скон некалькіх беднякоў у шпіталі «Атэль-Д’ё» пазней абудзіў падазрэнні, што хлеб, які штотыдзень раздавала там дэ Брэнвілье, выстаўляючы сябе ўзорам пабожнасці і дабрачыннасці, быў атручаны. Але дакладна вядома, што яна труціла галубіныя пірагі і частавала імі запрошаных гасцей. Шэвалье дзю Ге і шэраг іншых асобаў сталі ахвярамі гэтых д’ябальскіх абедаў. Сэнт-Круа, яго памочнік ля Шасэ і сама Брэнвілье доўгі час паспяхова хавалі свае жахлівыя ўчынкі пад шчыльнай завесай таямнічасці, але як бы ні хітравалі гэтыя ліхадзеі, адвечная нябесная сіла вырашыла пакараць грэшнікаў ужо тут, на зямлі! Атрута, якую гатаваў Сэнт-Круа (парыжане называлі яе «спадчынным парашком»), была настолькі моцнай, што калі яна ляжала адкрытая, досыць было адзінага ўдыху, каб сканаць у той жа момант. Таму Сэнт-Круа праводзіў свае маніпуляцыі ў масцы з тонкага шкла. І вось аднойчы, калі ён якраз збіраўся засыпаць гатовы парашок у колбу, маска ўпала, і Сэнт-Круа, удыхнуўшы тонкі пылок атруты, імгненна аддаў Богу душу. Паколькі ён не пакінуў нашчадкаў, судовыя ўлады паспяшаліся ў ягоны дом, каб апячатаць спадчыну, і там натрапілі на замкнёную скрыню, дзе змяшчаўся ўвесь д’ябальскі атрутны арсенал, якім карыстаўся гнюсны Сэнт-Круа, а таксама знайшлі лісты дэ Брэнвілье, якія не пакідалі сумневу ў яе злачынствах. Яна збегла ў кляштар у Льежы. Наўздагон быў пасланы Дэгрэ, афіцэр жандармерыі. Пераапрануты святаром, ён з’явіўся ў кляштары, дзе хавалася жанчына. Дэгрэ здолеў завязаць з жахлівай кабетай любоўную інтрыжку і завабіць яе на таемную сустрэчу ў закінутым садзе за горадам. Ледзь толькі яна ўвайшла ў сад, яе ўмомант абкружылі шпегі Дэгрэ, святар-каханак раптам ператварыўся ў афіцэра жандармерыі і прымусіў жанчыну сесці ў вазок, які ўжо стаяў напагатове і адразу ж накіраваўся ў Парыж. Ля Шасэ адсеклі галаву яшчэ раней, дэ Брэнвілье пакаралі гэтак жа, пасля чаго яе цела спалілі і развеялі попел у паветры.

Парыжане ўздыхнулі з палёгкай, калі монстр, здольны беспакарана выкарыстоўваць таемную знішчальную зброю супраць сваіх і чужых, знік са свету. Але неўзабаве высветлілася, што страшнае майстэрства праклятага Сэнт-Круа знайшло пераемнікаў. Як нябачная падступная здань, смерць праточвалася ў найцяснейшыя колы, якія толькі могуць утварыць сваяцтва, каханне і сяброўства, і ўпэўнена й хутка выхоплівала адтуль няшчасных ахвяраў. Той, каго сёння бачылі ў цудоўным здароўі, заўтра хістаўся ад хваробы і чэзнуў, і ніякае ўмельства лекараў не магло ўратаваць яго ад смерці. Багацце, прыбытковая пасада, прыгожая і, магчыма, занадта маладая жонка — гэтага было дастаткова, каб стаць мэтай смяротнага пераследу. Самы страшны недавер ірваў найсвяцейшыя повязі. Муж дрыжэў ад страху перад жонкай, бацька — перад сынам, сястра — перад братам. Некранутымі заставаліся стравы і віно на бяседных сталах, накрытых сябрамі для сяброў, і там, дзе звычайна панавалі жарты і весялосць, здзічэлыя позіркі высочвалі патаемных забойцаў. Можна было ўбачыць таго ці іншага бацьку сямейства, які спалохана набываў у аддаленых раёнах прадукты і сваімі рукамі гатаваў іх у якім-небудзь брудным шынку, баючыся д’ябальскай здрады ва ўласным доме. І ўсё-такі час ад часу нават найбольшая перасцярога аказвалася дарэмнай.

Каб даць рады бязладдзю, што ўсё больш ахоплівала горад, кароль прызначыў асобны трыбунал, які надзяліў выключнымі паўнамоцтвамі па расследаванні і пакаранні таямнічых злачынстваў. Гэта была так званая Вогненная палата, якая засядала непадалёк ад Бастыліі пад старшынствам ля Рэньі. Доўгі час намаганні апошняга, як бы ён ні высільваўся, не давалі плёну,

але хітраму Дэгрэ было наканавана накрыць самае кубло злачынцаў. — У прадмесці Сэн-Жэрмэн жыла старая жанчына на імя ля Вуазэн, што займалася прадказаннямі і заклінаннем духаў і з дапамогаю сваіх чаляднікаў ле Сажа і ле Вігаро ўмела выклікаць страх і подзіў нават у тых, каго нельга было назваць слабым ці легкаверным. Але яна рабіла далёка не толькі гэта. Як і Сэнт-Круа, вучаніца Экзілі, яна гатавала паводле яго рэцэпту тонкую атруту, што не пакідала слядоў, і так дапамагала нягодным сынам хутчэй атрымаць спадчыну, а распусніцам — прыдбаць іншага, маладзейшага мужа. Дэгрэ раскрыў яе таямніцу, яна ва ўсім прызналася, была прысуджаная Вогненнай палатай да спалення і скончыла жыццё на Грэўскай плошчы. Пры ёй знайшлі спіс усіх, хто карыстаўся яе паслугамі, і гэта не толькі пацягнула шэраг смяротных пакаранняў, але і выклікала цяжкія падазрэнні нават у адрас высокапаважаных людзей. Так, казалі, што кардынал Банзі узяў у ля Вуазэн сродак, з дапамогай якога ўсе, каму ён мусіў плаціць пенсіі ў якасці арцыбіскупа Нарбоны, у хуткім часе пайшлі з жыцця. Так былі абвінавачаныя ў сувязі з клятай кабетай герцагіня Бульёнская і графіня Суасон, імёны якіх значыліся ў спісе, не пашкадавалі нават Франсуа Анры дэ Манмарансі-Будэбеля, герцага Люксембургскага, пэра і маршала Францыі. І на яго накінулася жудасная Вогненная палата. Ён сам з’явіўся ў турму Бастыліі, дзе праз нянавісць з боку дэ Лувуа і ля Рэньі яго пасадзілі ў каморку даўжынёй шэсць футаў. Прайшлі месяцы, перш чым канчаткова высветлілася, што злачынства герцага ўвогуле не заслугоўвала кары: ён толькі аднойчы замовіў у ле Сажа гараскоп.

Відавочна, што сляпы імпэт штурхаў ля Рэньі да гвалту і здзекаў. Трыбунал цалкам ператварыўся ў інквізіцыю: найдрабнейшага падазрэння было дастаткова для суровага ўвязнення, і часта доказ невінаватасці зняволеных аддаваўся на волю выпадку. Пры гэтым Рэньі меў агідны твар і падступную натуру, так што хутка зрабіўся аб’ектам нянавісці тых, дзеля чыёй абароны ці помсты быў пакліканы. Герцагіня Бульёнская, якую ён спытаў падчас допыту, ці бачыла яна д’ябла, адказала: «Мне падаецца, я бачу яго якраз у гэты момант!»

У той час, калі на Грэўскай плошчы ручаямі цякла кроў вінаватых і падазраваных і загадкавыя атручанні здараліся ўсё радзей і радзей, з’явілася іншая бяда, што непакоіла ўсё больш народу. Нейкая банда рабаўнікоў нібыта пастанавіла сабе завалодаць усімі каштоўнасцямі ў Парыжы. Багатыя ўпрыгожанні знікалі незразумелым чынам, нягледзячы на любую ахову, ледзь толькі іх паспявалі набыць. Але яшчэ горшым было тое, што кожнага, хто насмельваўся надзець каштоўнасці, рабавалі пасярод вуліцы альбо ў цёмных дварах і нават забівалі. Ацалелыя ахвяры прыгадвалі, што нехта збіваў іх з ног моцным ударам па галаве, нібы бліскавіцай, а апрытомнеўшы, яны бачылі навокал зусім іншую мясцовасць, чым тая, дзе заспеў іх напад. Забітыя ж, целы якіх знаходзілі на вуліцах ці ў дамах амаль штодня, усе мелі аднолькавыя смяротныя раны. Удар кінжала ў сэрца, па сведчанні лекараў, забіваў так хутка і надзейна, што, атрымаўшы яго, чалавек без гуку валіўся долу. Хто з асобаў, блізкіх да пышнага двара Людовіка XIV, ублытаны ў любоўную інтрыгу, не спяшаўся крадком да каханкі, часам несучы салідны падарунак? Нібыта змовіўшыся з духамі, рабаўнікі дакладна ведалі, калі хтось мусіў мець пры сабе нешта падобнае. Почасту нешчаслівец нават не паспяваў дасягнуць дома, дзе разлічваў на любошчы, нярэдка ён падаў мёртвы на парозе дый нават проста перад дзвярыма ў пакой сваёй каханай, якая ў жаху знаходзіла акрываўленае цела.

Дарэмна начальнік паліцыі Аржансон загадваў хапаць у Парыжы кожнага, хто выклікаў хоць найменшае падазрэнне, дарэмна лютаваў ля Рэньі, выбіваючы прызнанні, дарма ўзмацнялі патрулі і ахову — нішто не дапамагала натрапіць на след злачынцаў. Толькі асаблівыя перасцярогі, калі ўзбройваліся да зубоў і бралі з сабой чалавека з ліхтаром, давалі пэўны плён, але ўсё роўна здаралася, што слугу закідвалі камянямі, каб запалохаць, а гаспадара ў той жа момант забівалі і рабавалі.

Дзіўным было тое, што, нягледзячы на ўсе росшукі паўсюль, дзе толькі быў магчымы гандаль каштоўнасцямі, на вочы шпегам не трапілася нават найдрабнейшая са скрадзеных рэчаў, таму і тут не намацваўся след, якім можна было б рухацца далей.

Дэгрэ пырскаў пенай ад злосці, бо махляры патраплялі абысці нават ягоную хітрасць. Той квартал горада, дзе знаходзіўся ён, ніхто не чапаў, а ў іншым раёне, дзе непрыемнасцяў не чакалі, смерць ад рукі рабаўніка падпільноўвала багатых ахвяраў.

Дэгрэ даўмеўся завесці некалькі двайнікоў, настолькі падобных паміж сабой хадою, паставай, моваю, фігурай і тварам, што нават шпегі не ведалі, хто ж з іх сапраўдны Дэгрэ. Ён жа тым часам, рызыкуючы жыццём, адзін высочваў па самых схаваных кутках і зводдаль суправаджаў таго, хто на яго загад меў пры сабе ўпрыгожанні. Але той заставаўся недасяжны; значыць, зламыснікам была вядомая і гэтая мера. Паліцэйскага ахопліваў адчай.

Аднойчы ранкам Дэгрэ з’явіўся да ля Рэньі, белы, з перакошаным тварам, увесь сам не свой.

— Што ў вас? Якія навіны? Вы натрапілі на след? — выгукнуў ля Рэньі, ідучы яму насустрач.

— Ах, мсье, — пачаў Дэгрэ, заікаючыся ад ярасці, — ах, мсье, учора ўночы пры мне блізу Луўра напалі на маркіза дэ ля Фара.

— Сілы нябесныя! — радасна загаласіў ля Рэньі. — Яны ў нашых руках!

— Ды паслухайце ж вы, — перарваў яго Дэгрэ з горкай усмешкай. — Паслухайце спярша, як усё было. Дык вось, стаю я ля Луўра і падпільноўваю з цяжкім сэрцам гэтых чарцей, што кпяць з мяне. Тут нехта праходзіць няпэўным крокам, усцяж азіраючыся, зусім блізка ля мяне, але мяне не заўважае. У месячным мігценні я пазнаю маркіза дэ ля Фара. Я мог бы чакаць яго там, бо ведаў, куды ён выправіўся. Толькі ён аддаляецца на дзесяць-дванаццаць крокаў, як нібыта з-пад зямлі выскоквае нейкая фігура, цягне яго на зямлю і накідваецца зверху. Агаломшаны тым, што забойца амаль трапіўся мне ў рукі, я гучна крычу і збіраюся адным вялізным скачком дапяць да яго са свайго схову, але заблытваюся ва ўласным плашчы і падаю. Бачу, як гэты чалавек спяшаецца прэч нібы на крылах ветру, выпростваюся, кідаюся наўздагон, на бягу дзьму ў свой ражок — здаля адгукаюцца свісткі шпегаў. Робіцца горача — ляскат зброі, тупат капытоў з усіх бакоў. «Сюды, сюды, Дэгрэ, Дэгрэ!» — крычу я на ўсю вуліцу. Я ўсё яшчэ бачу чалавека перад сабою ў яркім месячным святле. Каб падмануць мяне, ён збочвае; мы трапляем на вуліцу Нікез, і падаецца, што сілы яго на зыходзе. Я ж падвойваю свае намаганні — дыстанцыя скарачаецца, цяпер яна не большая за пятнаццаць крокаў…

Поделиться с друзьями: