Мадэмуазэль дэ Скюдэры
Шрифт:
Кардыльяк тым часам выпрастаўся і загаварыў як не ў сабе, бліскаючы вачыма і ўпарта працягваючы скарбонку Скюдэры:
— Злітуйцеся нада мной, мадэмуазэль, вазьміце ўпрыгожанні. Вы не паверыце, якую глыбокую пашану да вас за вашыя цноты, вашыя вялікія заслугі нашу я ў сваім сэрцы! Зразумейце ж мой сціплы падарунак толькі як імкненне выказаць вам мае самыя шчырыя пачуцці!
Паколькі Скюдэры ўсё яшчэ вагалася, Мэнтэнон узяла скрыначку з рук Кардыльяка, кажучы:
— Клянуся небам, мадэмуазэль, вы заўжды згадваеце свой немалады век, гаворыце, як няпроста нам, вам і мне, агораць свае гады і іх цяжар! Але ці не паводзіце вы сябе якраз цяпер як сарамлівая дзяўчынка, што з радасцю прыняла б прапанаваны салодкі плод, калі б толькі магла гэта зрабіць без дапамогі рукі і пальцаў? Не адмаўляйце ж слаўнаму майстру Рэнэ па сваёй
Мэнтэнон усунула скарбонку ў рукі Скюдэры, і тут Кардыльяк зноўку ўпаў на калена, пацалаваў Скюдэры край спадніцы, потым рукі — застагнаў, уздыхнуў, заплакаў, усхліпнуў, ускочыў і, як звар’яцелы, імкліва пабег прэч, перакульваючы сталы і крэслы, так што зазвінеў парцалянавы і шкляны посуд у шафах.
Скюдэры, зусім спалоханая, закрычала:
— Дзеля ўсіх святых, што гэта робіцца з чалавекам!
Але маркіза, відавочна, у асабліва вясёлым настроі, ажно да гарэзлівасці, звычайна ёй зусім не ўласцівай, ясна ўсміхнулася і сказала:
— Дык вось яно што, мадэмуазэль! Майстар Рэнэ смяротна закаханы ў вас і пачаў, па добрых, правераных часам звычаях сапраўднай галантнасці, атакаваць вашае сэрца дарагімі падарункамі!
Мэнтэнон гарэзіла далей, перасцярогшы Скюдэры ад залішняй жорсткасці да роспачнага каханка, і тая, даючы волю прыроджанай весялосці, рынулася ў бурлівую плынь тысячаў дасціпных прыдумак. Яна выказала меркаванне, што калі ўжо ўсё так паварочваецца, ёй, нарэшце пераможанай, напэўна наканавана стаць нечуваным у свеце прыкладам сямідзесяцітрохгадовай нявесты ювеліра з бездакорна арыстакратычным паходжаннем. Мэнтэнон вызвалася сплесці вясельны вянок для маладой і навучыць яе абавязкам добрай хатняй гаспадыні, пра якія такое малое дзяўчо, зразумела ж, ведае няшмат.
Калі Скюдэры нарэшце паднялася, каб развітацца з маркізай, то, нягледзячы на смех і жарты, зноўку стала вельмі сур’ёзнай, узяўшы ў рукі скарбонку з упрыгожаннямі. Яна сказала:
— І ўсё ж, шаноўная маркіза, я ніколі не змагу скарыстацца гэтымі каштоўнасцямі. Што б там ні казалі, яны аднойчы пабывалі ў руках тых слугаў д’ябла, якія з ягоным нахабствам ды, мусіць, і ў праклятым хаўрусе з ім рабуюць і забіваюць. Мяне страшыць кроў, сляды якой нібы бачныя на бліскучых каралях. Дый паводзіны Кардыльяка, мушу прызнацца, падаліся мне вусцішнымі і злавеснымі. Я ніяк не магу пазбавіцца цьмянага прадчування, што за ўсім гэтым хаваецца нейкая жахлівая, жудасная таямніца, і, прыгадваючы тую гісторыю цалкам, з усімі дэталямі, я, тым не менш, не магу сабе нават уявіць, дзе хаваецца гэтая таямніца і што ўвогуле сумленны, слаўны майстар Рэнэ, узор добрага, прыстойнага грамадзяніна, можа мець агульнага з чымсьці злым і заганным. Але прынамсі адно я ведаю дакладна: я ніколі не дазволю сабе надзець гэтыя ўпрыгожанні.
Маркіза выказалася ў тым духу, што гэта значыла б паддацца згрызотам сумлення, але калі Скюдэры папрасіла яе з усёй шчырасцю адказаць, што б яна рабіла на яе месцы, заявіла сур’ёзна і ўпэўнена: «Хутчэй бы ўжо кінула ўпрыгожанні ў Сену, чым стала б іх калі-небудзь насіць».
Выпадак з майстрам Рэнэ натхніў Скюдэры на мілыя вершаваныя радкі, якія яна наступным вечарам у пакоях Мэнтэнон прачытала каралю. Цалкам верагодна, што ў яе атрымалася, не надта шкадуючы майстра і здалеўшы страх злавесных прадчуванняў, жывымі колерамі намаляваць забаўны вобраз сямідзесяцітрохгадовай нявесты ювеліра з бездакорна старадаўнім арыстакратычным паходжаннем. Гэтага хапіла, каб кароль пасмяяўся да глыбіні душы, пакляўшыся, што мадэмуазэль пераўзышла самога Нікаля Буало-Дэпрэо. І дзякуючы гэтаму верш Скюдэры пачаў лічыцца самым дасціпным творам з усяго напісанага ўвогуле.
Праз некалькі месяцаў лёсу было заўгодна, каб Скюдэры праехала ў карэце са шкельцамі герцагіні Мантансье па Новым мосце. Выкшталцоныя зашклёныя карэты вынайшлі яшчэ так нядаўна, што з’яўленне на вуліцах транспарту такога кшталту спараджала цісканіну цікаўнага люду. Вось і тым разам здарылася так, што натоўп разявакаў атачыў на Новым мосце карэту Мантансье, амаль што спыняючы рух коней. І тут Скюдэры нечакана пачула лаянку і праклёны і заўважыла нейкага чалавека, які, штурхаючыся і раздаючы кухталі, прабіраўся праз найшчыльнейшую чалавечую масу. Калі ён наблізіўся, Скюдэры працяў ліхаманкавы бляск вачэй на смяротна белым змучаным юнацкім
твары. Малады чалавек не адрываў ад яе пагляду, локцямі і кулакамі энергічна вызваляючы сабе дарогу, ажно пакуль не дасягнуў дзверак карэты, якія расчыніў у шалёным парыве, кінуў Скюдэры ў прыпол паперку і, дорачы налева-направа ды прымаючы ў адказ удары, знік там жа, адкуль з’явіўся. Ледзь толькі незнаёмец паўстаў ля дзверак карэты, Марціньер, што сядзела побач са Скюдэры, з крыкам жаху павалілася на падушкі як нежывая. Дарэмна Скюдэры абрывала шнурок званочка і гукала фурмана — той, быццам апанаваны злым духам, насцёбваў коней, што, пырскаючы пенай, кідаліся, ускоквалі на дыбкі і нарэшце жвавай рыссю прагрукаталі па мосце. Скюдэры ліла на непрытомную служанку пахкую вадкасць са сваёй пляшачкі, пакуль Марціньер не расплюшчыла вочы на скажоным жудой белым твары і, дрыжучы і калоцячыся ўсім целам, сутаргава ўчапіўшыся ў гаспадыню, з цяжкасцю не прастагнала:— Дзеля Найсвяцейшай Багародзіцы! Чаго хацеў гэты жахлівы чалавек? Ах! Гэта ж ён, гэта быў ён, той самы, што прынёс вам скарбонку ў тую страшную ноч!
Скюдэры суцешыла небараку, давёўшы ёй, што насамрэч нічога благога не здарылася і што галоўнае цяпер — даведацца, што ў лісце. Яна разгарнула паперку і ўбачыла такія словы:
«Ліхі лёс, які вы маглі адвярнуць, штурхае мяне ў бездань! Заклінаю вас, як сын сваю маці, якую ён не можа кінуць, ахоплены полымем дзіцячай любові, перадаць каралі і бранзалеты, што вы атрымалі праз мяне (хаця з якой нагоды… напрыклад, каб нешта ў іх паправіць) майстру Рэнэ Кардыльяку. Вашае здароўе, вашае жыццё залежаць ад гэтага. Калі вы не зробіце гэтага да паслязаўтра, я ўварвуся ў ваш дом і заб’ю сябе ў вас на вачах!»
— Ну вось, цяпер відавочна, — прамовіла Скюдэры, прачытаўшы, — што нават калі загадкавы малады чалавек сапраўды належыць да банды нягодных злодзеяў і забойцаў, ён не мае наўме нічога кепскага супраць мяне. Калі б у яго атрымалася пагаварыць са мной у тую ноч, хто ведае, якая таямніца адкрылася б, якая цьмянасць праяснілася б для мяне, што дарэмна шукае цяпер у душы хоць бы слабы намёк на разгадку. Але як бы ні разгортваліся далей падзеі, я зраблю тое, што мне прапанавана ў гэтай цыдулцы, хаця б дзеля таго, каб пазбавіцца злашчасных упрыгожанняў, што здаюцца мне пякельным талісманам самога зла. Напэўна, Кардыльяк па сваёй старой звычцы ўжо так лёгка не выпусціць зноўку гэтыя каштоўнасці з рук.
Скюдэры мелася ўжо на наступны дзень выправіцца з упрыгожаннямі да ювеліра. Але сталася так, што ўсе найлепшыя розумы Парыжу нібы дамовіліся менавіта гэтым ранкам абрынуцца на мадэмуазэль са сваімі вершамі, п’есамі і анекдотамі. Толькі ля Шапэль дачытаў сцэну з новай трагедыі і хітравата запэўніў, што разлічвае атрымаць перамогу над Расінам, як той з’явіўся сам і адолеў суперніка патэтычнай прамовай нейкага караля, а пасля Буало асвятліў чорны трагічны небасхіл феерверкам сваёй дасціпнасці, каб толькі не слухаць вечных развагаў пра каланаду Луўра, архітэктар якой — доктар Перо — давёў яму сваю рацыю.
Было ўжо далёка за поўдзень, Скюдэры мусіла наведаць герцагіню Мантансье, і візіт да майстра Кардыльяка давялося адкласці да наступнай раніцы.
Скюдэры мучыла нейкая незвычайная трывога. Перад яе вачыма нязменна стаяў той юнак, і з самых глыбіняў свядомасці намагаўся прабіцца на паверхню цьмяны ўспамін — быццам яна ўжо дзесьці бачыла гэтае аблічча, гэтыя рысы твару. Лёгкую дрымоту перарывалі неспакойныя мроі, ёй здавалася, што яна неразважна, нават недаравальна ўпусціла шанец прыйсці на дапамогу няшчаснаму, які, падаючы ў бездань, умольна цягнуў да яе рукі, што ў яе сілах было супрацьстаяць нейкай блізкай фатальнай падзеі, гнюснаму злачынству! На самым золку яна загадала апрануць сябе і, захапіўшы скарбонку з упрыгожаннямі, рушыла да ювеліра.
На вуліцу Нікез, дзе жыў Кардыльяк, імкнуўся натоўп, збіраўся перад уваходнымі дзвярыма, гарлаў, віраваў, лютаваў, хацеў прабіцца ўсярэдзіну. Яго з цяжкасцю стрымлівалі гвардзейцы, што атачылі дом. У дзікім няўцямным гомане чуліся раз’юшаныя галасы: «Раздзярыце, раструшчыце праклятага забойцу!» Нарэшце з’явіўся Дэгрэ на чале вялікай каманды, якая ўтварыла ў самай гушчы народу праход. Дзверы расчыніліся, з іх вывелі чалавека, закутага ў ланцугі, і павялі далей пад самыя жудасныя праклёны раз’юшанага натоўпу. У той момант, калі Скюдэры, ледзь жывая ад жаху і страшных прадчуванняў, назірала за тым, што адбываецца, вушы ёй працяў гучны лямант.