Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Мадэмуазэль дэ Скюдэры

Гофман Эрнст Тэадор Амадэй

Шрифт:

Мадэмуазэль Скюдэры паднялася і пачала павольна хадзіць па пакоі, нібыта абдумваючы, што рабіць далей. Потым яна загадала Батысту падрыхтаваць партшэз, а Марціньер — апрануць яе, бо неадкладна захацела наведаць маркізу дэ Мэнтэнон.

Яна прыехала да маркізы якраз у той час, калі тая, як было вядома Скюдэры, была ў сваіх пакоях адна. Скрыначку з каштоўнасцямі мадэмуазэль захапіла з сабой.

Маркіза надзвычай здзівілася, пабачыўшы, што мадэмуазэль Скюдэры, якая заўжды ўвасабляла годнасць і нават, нягледзячы на паважны ўзрост, пекнасць і саму ласкавасць, уваходзіць няпэўнымі крокамі са збялелым, скажоным тварам.

— Што, дзеля ўсіх святых, з вамі здарылася? — усклікнула маркіза, звяртаючыся да беднай спалоханай дамы, якая, нібыта не ў сабе і ледзьве ў стане трымацца роўна, прагнула толькі як найхутчэй апусціцца на крэсла, што пасунула ёй маркіза.

Калі мадэмуазэль урэшце змагла загаварыць, то расказала, якую глыбокую, невыносную крыўду прынёс ёй той неабдуманы жарт, што

нарадзіўся ў адказ на петыцыю застрашаных каханкаў. Маркіза, выслухаўшы ўсю гісторыю ад пачатку да канца, выказала меркаванне, што мадэмуазэль Скюдэры прымае занадта блізка да сэрца гэтае недарэчнае здарэнне, што глумленне гнюснай набрыдзі ніколі не зможа зачапіць чыстае, высакароднае сэрца, і ўрэшце запатрабавала паказаць ёй каштоўнасці.

Мадэмуазэль Скюдэры падала ёй адчыненую скарбонку, і маркіза, пабачыўшы выкшталцоныя каралі, не змагла стрымаць гучнага воклічу здзіўлення. Яна дастала пацеркі і бранзалеты і падышла з імі да акна, дзе то назірала за пералівамі каменьчыкаў на сонцы, то падносіла вытанчаны залаты выраб зусім блізка да вачэй, каб добра разгледзець, з якім неверагодным майстэрствам быў выштукаваны кожны маленечкі гачак пераплеценых паміж сабою ланцужкоў.

Раптам маркіза рэзка павярнулася да мадэмуазэль і ўсклікнула:

— Вы напэўна ж ведаеце, шаноўная, што гэтыя бранзалеты і гэтыя каралі не мог стварыць ніхто іншы, як Рэнэ Кардыльяк?

Рэнэ Кардыльяк быў тады найлепшым парыжскім ювелірам, адным з самых па-мастацку адораных і пры тым своеасаблівых людзей свайго часу. Хутчэй нізкі, чым высокі, але шыракаплечы і з моцным, мускулістым тулавам, Кардыльяк, які ўжо даўно размяняў шосты дзясятак, яшчэ меў сілу і рухавасць юнака. Пра гэтую сілу, якую можна было назваць незвычайнай, сведчылі таксама густыя і кучаравыя рудаватыя валасы і прысадзістае спрытнае цела. Калі б увесь Парыж не ведаў Кардыльяка як найсумленнейшага чалавека гонару, бескарыслівага, адкрытага, без задняй думкі, заўсёды гатовага дапамагчы, то вельмі своеасаблівы позірк яго маленькіх, глыбока пасаджаных зыркіх зеленаватых вачэй мог бы навесці на думку пра таемную падступнасць і злосць. Як ужо згадвалася, Кардыльяк быў найвялікшым майстрам не толькі ў Парыжы, але, магчыма, у свеце ўвогуле. Глыбока абазнаны ў прыродзе каштоўных камянёў, ён меў здольнасць апрацоўваць і апраўляць іх так, што ўпрыгожанне, якое спачатку здавалася някідкім, выходзіла з майстэрні Кардыльяка ў бляску раскошы. Ён прымаў кожную замову з шалёнай прагнасцю і прызначаў кошт, які, здавалася, быў настолькі нізкі, што аніяк не суадносіўся з будучай працай. І тады новы твор не пакідаў яго ў спакоі, удзень і ўночы з майстэрні чуўся постук, а часта, калі праца была амаль скончаная, яму раптам магла не спадабацца форма, выклікала сумнеў зграбнасць аправы нейкага з камянёў, якога-небудзь маленькага гачка — і гэтага было дастаткова, каб кінуць плён працы ў плавільны тыгель і пачаць нанова. Так кожны выраб станавіўся чыстым, непараўнаным шэдэўрам, які ашаламляў замоўцу. Але ж атрымаць гатовы твор у майстра было амаль немагчыма. Ён знаходзіў тысячу падставаў, каб трымаць кліента ў няведанні тыдні і месяцы. Дарэмна яму прапаноўвалі за працу ўдвая больш — ён не хацеў ніводнага луідора звыш дамоўленага. Калі ж ён урэшце мусіў саступіць націску замоўцы і аддаць упрыгожанне, то не мог схаваць найглыбейшай прыкрасці, нават унутранай лютасці, якая віравала ў ім. Калі яму даводзілася аддаваць значны, асабліва багаты твор, што каштаваў, магчыма, многія тысячы, мяркуючы па дарагіх камянях і звыштонкай апрацоўцы, ён насіўся па пакоі, як вар’ят, праклінаючы сябе, сваю працу, усё навокал. Але як толькі нехта падбягаў да яго ззаду і гучна крычаў: «Рэнэ Кардыльяк, ці не хацелі б вы зрабіць прыгожыя каралі для маёй нявесты, бранзалеты для маёй каханай» і г.д., той раптам сцішваўся, бліскаў сваімі маленькімі вочкамі і пытаўся, паціраючы рукі: «Ну, што ў вас тут?» Тады чарговы замоўца выцягваў скарбонку і казаў: «Тут каменьчыкі, увогуле, нічога асаблівага, звычайная рэч, але ж у вашых руках…».

Не даючы дагаварыць, Кардыльяк вырываў скрыначку з рук суразмоўцы, выцягваў камяні, і сапраўды не надта вартыя з выгляду, падносіў іх да святла і гукаў у захапленні: «Хо-хо, звычайная рэч? Так, ды не так! Прыгожыя каменьчыкі, цудоўныя каменьчыкі, толькі дайце мне волю! Калі ж вам не так важная жменька луідораў, я дадаў бы яшчэ пару каменьчыкаў, якія будуць іскрыцца ў вашых вачах, як само сонца». У адказ гучала: «Я ўсё давяраю вам, майстар Рэнэ, і заплачу колькі вам будзе заўгодна!»

Без розніцы, быў перад ім багаты буржуа ці шляхетны прыдворны, Кардыльяк палка кідаўся яму на шыю, ціскаў, і цалаваў, і гаварыў несупынна, што цяпер ён зноўку абсалютна шчаслівы і што аздоба будзе гатовая праз восем дзён. Ён стрымгалоў ляцеў дадому, зашываўся ў майстэрні, стукаў-грукаў, і праз восем дзён паўставаў шэдэўр. Але варта толькі было прыйсці замоўцу, які хацеў на радасцях заплаціць запатрабаваную невялікую суму і забраць гатовае ўпрыгожанне, як Кардыльяк рабіўся змрочным, грубым і наравістым. «Але майстар Кардыльяк, падумайце толькі, на заўтра прызначанае маё вяселле». — «Якая мне справа да вашага вяселля, падыдзіце праз 14 дзён». — «Упрыгожанне гатовае, вось грошы, мне трэба

яго атрымаць». — «А я кажу вам, што павінен яшчэ што-нішто памяняць у вырабе і не магу аддаць яго сёння». — «А я вам кажу, што калі вы па-добраму не аддасце аздобы, за якую я вам, дарэчы, хачу заплаціць удвая больш, то хутка ўбачыце мяне ў суправаджэнні службоўцаў Аржансона». — «Ну, тады хай шатан катуе вас тысячай распаленых абцугоў і навесіць на каралі гіру ў тры цэнтнеры, каб яны задушылі вашую нявесту!»

З гэтымі словамі Кардыльяк запіхваў упрыгожанне жаніху ў нагрудную кішэнь, хапаў бедака за руку і выштурхваў яго з пакоя так, што той грукатаў па ўсіх прыступках, а пасля з д’ябальскім рогатам глядзеў праз акно, як небарака выходзіць з дому, кульгаючы і заціскаючы хусцінкай акрываўлены нос. Зусім незразумела было і тое, што часта Кардыльяк, з энтузіязмам узяўшыся за справу, раптам з усімі прыкметамі глыбокага душэўнага хвалявання, самымі ўзрушанымі клятвамі, нават са слязьмі і ўсхліпамі, маліў замоўцу дзеля Панны Марыі і ўсіх святых вызваліць яго ад пачатай працы. Некаторыя вельмі шанаваныя каралём і народам асобы дарэмна прапаноўвалі вялікія грошы, каб атрымаць хоць найдрабнейшы выраб з рук Кардыльяка. Ён кідаўся ў ногі каралю і скуголіў акі сабака, просячы дазволу не працаваць для Яго Вялікасці. Гэтак жа ён адмаўляў у любой замове маркізе Мэнтэнон, а аднойчы з агідай і абурэннем адрынуў яе просьбу вырабіць маленькі ўпрыгожаны сімваламі мастацтва пярсцёнак, які мусіў атрымаць з яе рук Расін.

— Магу паспрачацца, — сказала Мэнтэнон, — што Кардыльяк, калі я і пашлю да яго чалавека, каб хаця б даведацца, для каго ён вырабіў гэтае ўпрыгожанне, адмовіцца прыйсці, бо ён напэўна баіцца магчымай замовы і зусім не хоча рабіць для мяне анічога. Хоць, праўду кажучы, апошнім часам здаецца, што яго непахісная ўпартасць крыху аслабела, бо я чула, што ён працуе цяпер больш увішна, чым калі, і аддае свае вырабы адразу ж, адно што ўсё яшчэ з глыбокім засмучэннем і адвярнуўшы твар.

Мадэмуазэль Скюдэры, якой было вельмі важна, каб упрыгожанне, калі гэта магчыма, найхутчэй трапіла ў рукі законнага ўладальніка, сказала, што майстру-дзіваку можна адразу патлумачыць, што ад яго чакаюць не працы, а толькі меркавання пра каштоўнасці. Маркіза ўхваліла такі падыход. Паслалі па Кардыльяка, і той, нібыта ўжо сам быў па дарозе сюды, неўзабаве ўвайшоў у пакой.

Убачыўшы Скюдэры, ён, здаецца, збянтэжыўся і, як бывае з людзьмі, што, заспетыя нейкай неспадзяванкай, забываюцца на правілы прыстойнасці, якіх патрабуе сітуацыя, спярша нізка і з пашанай схіліўся перад гэтай зацнай дамай і толькі пасля павярнуўся да маркізы. Тая паспешліва спыталася, паказваючы на каралі, што зіхацелі на цёмна-зялёнай паверхні стала, ці не ягоных гэта рук справа. Ледзь кінуўшы вокам, Кардыльяк, утаропіўшыся маркізе ў твар, хутка сабраў бранзалеты і каралі ў скарбонку, якая стаяла побач, а потым рэзка адсунуў яе ад сябе. І тады загаварыў, а агідная ўсмешка не сыходзіла з яго чырвонага твару:

— Сапраўды, пані маркіза, трэба кепска ведаць працу Рэнэ Кардыльяка, каб хоць на момант паверыць, што нейкі іншы ювелір на свеце здольны змайстраваць такое ўпрыгожанне. Зразумела ж, гэта мая праца.

— Але скажыце тады, — працягвала маркіза, — для каго вы зрабілі яго?

— Выключна для сябе самога, — адказаў Кардыльяк. — Так, пані маркіза, — працягнуў ён, калі абедзве дамы, Мэнтэнон і Скюдэры, агаломшана зірнулі на яго, адна — з недаверам, другая — з нясмелым чаканнем. — Вам гэта можа падацца дзіўным, але гэта менавіта так. Проста каб вырабіць прыгожую рэч, я выбраў мае найлепшыя каменьчыкі і ад радасці шчыраваў над імі больш дбайна і старанна, ніж зазвычай. Нядаўна ўпрыгожанне незразумела як знікла з маёй майстэрні.

— Хвала небу! — усклікнула Скюдэры, радасна бліскаючы вачыма, і хутка ды спрытна, як дзяўчынка, ускочыла са свайго крэсла, падышла да Кардыльяка і паклала рукі яму на плечы. — Прыміце назад, майстар Рэнэ, вашую ўласнасць, якую скралі ў вас гнюсныя нягоднікі.

І яна падрабязна расказала, як упрыгожанні трапілі ёй у рукі.

Кардыльяк слухаў моўчкі, апусціўшы вочы. Ён толькі раз-пораз кідаў невыразныя «гм», «так», «гэй», «уга» і то закладаў рукі за спіну, то ціха паціраў падбароддзе і шчокі. Калі ж Скюдэры скончыла, стварылася ўражанне, што Кардыльяк змагаецца з нейкімі думкамі, што наведалі яго падчас яе аповеду, і не можа прыняць якоесьці рашэнне. Ён цёр сабе лоб, уздыхаў, праводзіў даланёю па вачах, нібыта каб стрымаць гатовыя пырснуць слёзы. Нарэшце ён схапіў скрыначку з рук мадэмуазэль Скюдэры, павольна апусціўся на калена і прамовіў:

— Вам, высакародная пачцівая пані, гэтыя ўпрыгожанні прызначыў лёс. Так, я толькі цяпер разумею, што падчас працы над імі думаў пра вас, папросту працаваў для вас. Не адмоўцеся, прашу вас, прыняць і насіць гэтыя ўпрыгожанні як найлепшае, што зроблена мною, напэўна, за доўгія гады.

— Ах не, — адказала Скюдэры крыху гулліва, — ці вы мяркуеце, майстар Рэнэ, што мне ў маім веку пасуе так аздабляць сябе бліскучымі каменьчыкамі? І як вам толькі прыйшло да галавы так пышна мяне адорваць? Ідзіце, ідзіце, майстар Рэнэ. Калі б я была прыгожая, як маркіза дэ Фантанж, і такая ж заможная, я б не выпусціла каштоўнасці з рук, але нашто гэтым друзлым запясцям пыхлівая раскоша, навошта бліскучае ўбранне гэтай захутанай шыі?

Поделиться с друзьями: