Мадэмуазэль дэ Скюдэры
Шрифт:
— Але, — прамовіла Скюдэры, — дзеля ўсяго святога, ці можаце вы, з улікам акалічнасцяў, пра якія я вам так падрабязна расказала, прывесці хоць адзін матыў гэтага д’ябальскага ўчынку?
— Гм… — адказаў ля Рэньі. — Кардыльяк быў нябедны чалавек, меў цудоўныя камяні.
— Ці ж не дачка атрымлівала ўсё ў спадчыну? — стаяла на сваім Скюдэры. — Не забывайцеся, што Аліўе мусіў стаць зяцем Кардыльяка.
— Імаверна, ён павінен быў дзяліцца ці ўвогуле забіваць толькі дзеля іншых, — выказаў здагадку ля Рэньі.
— Дзяліцца? Забіваць дзеля іншых? — вельмі здзіўлена перапытала Скюдэры.
— Ведайце ж, — сказаў старшыня палаты, — ведайце, мая пані, што Аліўе ўжо даўно сплыў бы крывёю на Грэўскай плошчы, калі б яго ўчынак не меў сувязі з глыбока схаванай таямніцай, што дагэтуль трымала ў страху
— А як жа Мадлон? — ускрыкнула Скюдэры, — Мадлон, адданая, бязвінная галубка?
— О, — адказаў ля Рэньі, з’едліва ўсміхаючыся, — ды хто паручыцца, што яна таксама не ўваходзіць у хеўру? Якая ёй справа да ўласнага бацькі, яна пралівае слёзы толькі па ягоным забойцу.
— Што вы такое кажаце! — абурылася Скюдэры. — Гэта проста немагчыма! Уласнага бацьку! Гэтае дзяўчо!
— Эге! — ля Рэньі не збіраўся адступаць. — Прыгадайце Брэнвілье! Папрашу вас дараваць мне, калі ў хуткім часе я буду змушаны забраць ад вас вашую падапечную і кінуць яе ў турму Кансьержэры.
Ад такога вусцішнага падазрэння Скюдэры ахапіў жах. Ёй падалося, што для гэтага жудаснага чалавека не існуе вернасць ці цнота, што ён быццам высочвае ў самых інтымных, самых патаемных думках прагу забойства і крыві. Яна ўстала.
— Будзьце чалавечным, — гэта было ўсё, што яна здолела пакутліва, цяжка дыхаючы, выціснуць у адказ.
Ужо пачаўшы спускацца лесвіцай, да якой старшыня палаты праводзіў яе з цырымоннай ветлівасцю, яна злавіла сябе на дзіўнаватай думцы, што невядома як прыйшла ёй у галаву.
— Ці не будзе мне ласкава дазволена пабачыць няшчаснага Аліўе Брусона? — спытала яна ў ля Рэньі, рэзка павярнуўшыся да яго.
Той скептычна паглядзеў на жанчыну, і на яго твары з’явілася характэрная непрыемная ўсмешка.
— Зразумела, — сказаў ён, — што вы, шаноўная пані, больш давяраючы свайму пачуццю, свайму ўнутранаму голасу, чым таму, што дзеецца ў вас на вачах, хочаце асабіста вызначыць вінаватасць ці бязвіннасць Аліўе. Калі вас не палохае думка ўбачыць змрочны прыстанак злачынства, малюнкі маральнага заняпаду на ўсіх яго прыступках, для вас на дзве гадзіны адчыніцца брама Кансьержэры, і вас адвядуць да гэтага Аліўе, чый лёс выклікае ў вас такую спагаду.
Мадэмуазэль Скюдэры сапраўды не паверыла ў вінаватасць юнака. Так, усё сведчыла супраць яго, і ніводзін суддзя, маючы такія пераканаўчыя доказы, не змог бы дзейнічаць іначай, чым ля Рэньі, Але карціна сямейнага шчасця, у самых жывых фарбах намаляваная Мадлон, пераўзыходзіла нядобрыя падазрэнні, таму Скюдэры хутчэй была гатовая пагадзіцца з нераскрытай таямніцай, чым паверыць у тое, супраць чаго пратэставалі ўсе яе пачуцці.
Яна разлічвала пачуць ад Аліўе аповед пра ўсё, што адбылося ў тую фатальную ноч, і, наколькі гэта будзе магчыма, заглыбіцца ў таямніцу, якая, імаверна, засталася схаванай ад суддзяў, бо справа здавалася ім не вартай далейшых высілкаў.
Па прыездзе ў турму Кансьержэры мадэмуазэль Скюдэры суправадзілі ў вялікае светлае памяшканне. Неўзабаве да яе вушэй данёсся бразгат ланцугоў. Гэта вялі Аліўе Брусона. Як толькі ён з’явіўся ў праёме, Скюдэры самлела. Трошкі ачомаўшыся, яна ўбачыла, што Аліўе знік. Яна нецярпліва загадала адвесці сябе да карэты. Прэч, зараз жа прэч адтуль, дзе пануе злачынная подласць! Ах! Яна з першага погляду пазнала ў Аліўе юнака, які на Новым мосце шпурнуў ёй у карэту цыдулку і які прынёс скарбонку з упрыгожаннямі. Цяпер усе сумневы рассеяліся, а страшная здагадка ля Рэньі цалкам пацвердзілася. Аліўе Брусон належыць да жудаснай хеўры забойцаў. Бясспрэчна, гэта ён пазбавіў жыцця майстра. А як жа Мадлон? Так горка, як ніколі раней, падманутая ўнутраным
чуццём, ахопленая смяротным жахам перад сіламі пекла на зямлі, існаванню якіх яна не давала веры, Скюдэры адчула глыбокае расчараванне ў магчымасці праўды ў гэтым свеце. Яна дазволіла пратачыцца ў сваю свядомасць вусцішнаму падазрэнню, што Мадлон замяшаная ў змову і магла мець дачыненне да страшнага забойства. Як чалавечаму розуму ўласціва рупліва шукаць і знаходзіць новыя фарбы, каб усё ярчэй расквечваць аднойчы паўсталы малюнак, так і Скюдэры, наноў узважваючы кожную акалічнасць злачынства і найдрабнейшыя дэталі ў паводзінах Мадлон, знайшла багата падставаў для падазрэння, і многае з таго, што раней служыла доказам бязвіннасці і чысціні, зрабілася прыкметай злосці пад маскай умелага прытворства. Немыя енкі і крывавыя слёзы маглі, цалкам імаверна, быць спараджэннем смяротнага страху, але не ад таго, што давядзецца пабачыць крывавае пакаранне каханага, о не — ад таго, што ёй самой наканавана загінуць пад рукой ката.Скюдэры выйшла з карэты з ужо прынятым рашэннем: неадкладна скінуць з шыі змяю, якую прыгрэла на грудзях! Але варта ёй было зайсці ў пакой, як Мадлон кінулася да яе ног. Падняўшы на мадэмуазэль нябесныя вочы, яснейшыя за анёльскія, усхвалявана склаўшы рукі на грудзях, дзяўчына лямантавала і голасна маліла аб дапамозе і спагадзе. З цяжкасцю трымаючы сябе ў руках, Скюдэры загаварыла, намагаючыся надаць голасу як мага больш строгасці і ўпэўненасці:
— Ідзі ўжо, ідзі, хай цябе суцешыць забойца, якога чакае справядлівая кара за ганебныя ўчынкі. І маліся святой Панне Марыі, каб на цябе саму не лёг цяжар віны за крывавае злачынства.
— Ах, гэта канец! — з адчайным воклічам Мадлон упала непрытомная.
Скюдэры загадала Марціньер паклапаціцца пра дзяўчыну і сышла ў іншы пакой.
Цалкам знявераная, у разладзе з усім зямным, Скюдэры не жадала больш жыць у свеце, поўным д’ябальскага ашуканства. Яна папракала свой лёс, які, нібы на горкі здзек, многія гады дазваляў ёй мацаваць веру ў цноты і сумленнасць, каб цяпер, у такім узросце, знішчыць прыўкрасны вобраз, што асвятляў яе жыццё.
Скюдэры пачула голас Мадлон, што ціхенька ўсхліпвала і жалілася, пакуль Марціньер выводзіла яе з пакоя:
— Ах, і яе, яе таксама ашукалі гэтыя жорсткія людзі. Гаротная мая доля, бедны, няшчасны Аліўе!
Гэтыя гукі трапілі Скюдэры ў самае сэрца, і з глыбіняў душы зноў узнялося прадчуванне нераскрытай таямніцы, вера ў невінаватасць Аліўе. Зняможаная пад націскам супярэчлівых пачуццяў, яна адчайна закрычала:
— Якая шатанская сіла ўблытала мяне ў жахлівую гісторыю, што можа каштаваць жыцця?!
У гэты момант увайшоў Батыст, бледны і спалоханы, з паведамленнем, што звонку чакае Дэгрэ. З часу змрочнага працэсу над ля Вуазэн з’яўленне Дэгрэ ў тым ці іншым доме было прадвесцем прыкрага абвінавачання, таму Батыст і злякаўся. Гаспадыня з мяккай усмешкай спытала ў яго:
— Што з табою, Батыст? Хіба імя Скюдэры было ў спісе ля Вуазэн?
— Ах, дзеля Хрыста, — адказаў Батыст, калоцячыся ўсім целам, — як вы можаце казаць такое! Але гэты жудасны Дэгрэ трымаецца так загадкава, так нецярпліва! Здаецца, ён проста не можа дачакацца сустрэчы з вамі!
— Тады, Батыст, — сказала Скюдэры, — праводзьце яго хутчэй сюды. Чалавека, які наводзіць на вас такі жах, у мяне, прынамсі, не можа выклікаць трывогі.
— Ля Рэньі, — пачаў Дэгрэ, зайшоўшы ў пакой, — паслаў мяне да вас, мая пані, з просьбай, на выкананне якой ён зусім не меў бы надзеі, калі б не ведаў вашых цнотаў, вашай мужнасці, калі б апошняя магчымасць раскрыць ліхое забойства не была ў вашых руках, калі б вы самі ўжо не ўзялі ўдзел у працэсе, які трымае ў напружанні Вогненную палату, нас усіх. Аліўе Брусон, пабачыўшы вас, бадай што ашалеў. Наколькі ён ужо быў схільны прызнацца, настолькі цяпер зноў клянецца Хрыстом і ўсімі святымі, што невінаваты ў забойстве Кардыльяка, хоць з радасцю прыме смерць, якую заслужыў. Заўважце, мадэмуазэль, што апошнія словы відавочна намякаюць на іншыя злачынствы, якія абцяжарваюць яго сумленне. Але мы марна спрабуем выцягнуць хаця б слова ў працяг, нават пагроза катаванняў не мела плёну. Ён моліць, ён заклінае нас даць яму магчымасць пагаварыць з вамі. Толькі вам, вам адной хоча ён ва ўсім прызнацца. Зрабіце ласку, вялебная пані, выслухайце прызнанне Брусона.