Мадэмуазэль дэ Скюдэры
Шрифт:
І ён стрымаў слова. Пражыўшы у яго некалькі тыдняў, я яшчэ не бачыў Мадлон, якая ў той час, калі мяне не падводзіць памяць, гасцявала недзе ў вёсцы, у адной з яго цётак. Калі ж яна прыехала… сілы нябесныя! Што здарылася са мною, калі я ўбачыў гэты анёльскі твар! Ці кахаў калісь хоць адзін чалавек так, як я? Мадлон…
Ад засмучэння Аліўе не мог гаварыць далей. Ён закрыў твар далонямі і гучна ўсхліпнуў. Урэшце, перамогшы намаганнем волі нясцерпны боль, юнак працягнуў:
— Мадлон глядзела на мяне прыязна. Яна часцей і часцей прыходзіла ў майстэрню. Я з глыбокім узрушэннем адчуў, што і яна мяне кахае. Пад суворым наглядам бацькі нават таемны поціск рук здаваўся знакам заключанага хаўрусу. Кардыльяк нібыта нічога не заўважаў. Я збіраўся, здабыўшы яго прыхільнасць і атрымаўшы статус майстра, прасіць рукі Мадлон. Аднаго ранку, калі я хацеў прыступіць да працы, Кардыльяк падышоў да мяне. У яго змрочным позірку чыталіся гнеў і пагарда. «Я больш не маю патрэбы ў тваіх паслугах, — сказаў ён. — Зараз жа прэч з майго дому, і каб я цябе больш ніколі не бачыў. Думаю, не варта тлумачыць, чаму я больш не магу трываць цябе тут. Завысока для цябе, недарэкі, вісіць салодкі плод, якога ты прагнеш!» Я хацеў адказаць, але ён схапіў мяне магутнай ручышчай і выкінуў з дзвярэй, так што я паваліўся і моцна выцяўся галавой і рукой. Абураны, катаваны пякучым болем, я пакінуў гэты
— Майстар Кардыльяк, што вы робіце?!
— Пракляцце! — зароў Кардыльяк, вокамгненна праляцеў паўз мяне і знік. Агаломшаны, ледзь перастаўляючы ногі, я наблізіўся да цела, укленчыў перад ім, думаючы, што яго яшчэ можна ўратаваць, але марна. Ахоплены смяротным жахам, я не пачуў, што мяне атачылі жандармы.
— Яшчэ аднаго завалілі, чэрці! Хо-хо, юнача, а ты што тут робіш? Ці ты адзін з гэтай хеўры? Узяць яго! — і яны накінуліся на мяне.
Я ледзь здолеў прамармытаць, што ніяк не мог бы здзейсніць такое жахлівае злачынства, і папрасіў пакінуць мяне ў спакоі. Тады адзін з іх пасвяціў мне ў твар і, смеючыся, закрычаў:
— Дык гэта ж Аліўе Брусон, вучань ювеліра, які робіць у нашага слаўнага майстра Рэнэ Кардыльяка!
— Ага, не падобны ён да таго, хто забівае людзей пасярод вуліцы!
— Так, да таго ж гэтыя забойцы не лямантуюць над трупам, каб лягчэй было арыштаваць.
— Ну давай, расказвай, як гэта адбылося.
— Проста перада мной, — сказаў я, — нейкі чалавек раптоўна кінуўся на гэтага мужчыну, закалоў яго і вокамгненна збег пасля майго воклічу. А я толькі хацеў паглядзець, ці можна яшчэ дапамагчы ахвяры.
— Не, сынок, — гукнуў адзін з тых, што падымалі труп, — яму канец, клінок, як заўжды, прайшоў праз сэрца.
— Д’ябал! — сказаў другі жандарм, — мы ізноў спазніліся, як і заўчора.
З гэтымі словамі яны сышлі, несучы труп.
Я не магу перадаць сваіх адчуванняў… мне здавалася, што я бачу кепскі сон, што зараз я прачнуся і буду дзівіцца, якая лухта мне прымроілася. Кардыльяк — бацька маёй Мадлон — бязлітасны забойца! Я знясілена прысеў на каменныя прыступкі нейкага дому. Паціху віднела, капялюш, багата ўпрыгожаны пер’ямі, ляжаў перада мной на бруку. Раптам перад маім унутраным зрокам яскрава паўстаў крывавы ўчынак Кардыльяка, здзейснены акурат на месцы, дзе я цяпер сядзеў. У жаху я паспяшаўся прэч.
Агаломшаны, амаль непрытомны, сядзеў я ў сваёй каморцы на паддашку, калі адчыніліся дзверы і ў пакой увайшоў Рэнэ Кардыльяк.
— Святая Марыя! Што вам трэба? — спалохана закрычаў я. Ён жа, не зважаючы на гэта, наблізіўся да мяне і ўсміхнуўся спакойна і прыветна, што толькі ўзмацніла маю агіду. Ён пасунуў стары лядашчы зэдлік і сеў побач, а я быў не ў стане адарвацца ад свайго саламянага ложка, на які паваліўся перад тым.
— Ну, Аліўе, як маешся, бедны хлопча? Я страшэнна пагарачыўся, калі прагнаў цябе з дому, мне вельмі цябе не хапае. Якраз цяпер я заняты адной аздобаю, якую ніяк не магу давесці да ладу без тваёй дапамогі. Як бы ты паглядзеў на прапанову ізноў працаваць у маёй майстэрні? Маўчыш? Я ведаю, што пакрыўдзіў цябе. Не буду хаваць, я раззлаваўся праз твае заляцанні да маёй Мадлон, але потым добра разважыў і вырашыў, што пры тваім умельстве, руплівасці і сумленнасці я не мог бы пажадаць сабе лепшага зяця. Карацей, хадзем са мной, паглядзім, як ажаніць цябе з дачкою.
Яго словы распалавінілі мне сэрца. Усё ўва мне віравала ад усведамлення ягонай заганнасці, але я не мог выціснуць ані слова.
— Ты вагаешся? — прамовіў ён ужо больш рэзка, свідруючы мяне бліскучымі вачыма. — Вагаешся? Відаць, ты не можаш сёння пайсці са мной, у цябе іншыя пільныя справы… Ты хацеў бы, мажліва, наведаць Дэгрэ альбо ўвогуле папрасіцца на размову да Аржансона ці ля Рэньі? Але сцеражыся, дружа, каб кіпцюры, якія ты хочаш скіраваць на згубу іншых, не ўхапілі і не разадралі цябе самога.
І тут я даў волю свайму глыбокаму абурэнню.
— Лепей вам самому — крыкнуў я, — вінаватаму ў страшным злачынстве, пайсці да тых, каго вы толькі што згадалі. Мне з імі няма пра што гаварыць.
— Па сутнасці, — казаў далей Кардыльяк, — для цябе будзе лепей зноў пачаць працаваць у мяне — найслыннейшага майстра свайго часу, шанаванага паўсюль за сумленнасць і прыстойнасць, так што кожны злы паклёп цяжка ўдарыць па галаве самога паклёпніка. Што да Мадлон, то мушу табе прызнацца, што за маю спагадлівасць ты мусіш дзякаваць ёй адной. Яна кахае цябе з такой сілаю, якое я зусім не чакаў ад пяшчотнага дзіцяці. Адразу ж па тваім сыходзе яна кінулася да маіх ног, ахапіла мне калені і са слязьмі на вачах прызналася, што не можа без цябе жыць. Я падумаў, што яна проста ўбіла сабе нешта ў галаву, як гэта звычайна здараецца з юнымі закаханымі паненкамі, гатовымі зараз жа памерці, варта ім толькі злавіць прыязны позірк нейкага маладзёна.
Але мая Мадлон напраўду захварэла і пачала чэзнуць. А калі я паспрабаваў высветліць прычыну гэтага вар’яцтва, сто разоў паўтарыла тваё імя. Што мне было рабіць? Ці ж мог я пакінуць яе ў роспачы? Учора ўвечары я сказаў ёй, што згодны на ўсё і сёння ж прывяду цябе. За ноч яна расцвіла нібы тая ружа і цяпер не можа дачакацца, сама не свая ад жарсці.Хай даруюць мне сілы нябесныя, але я сам не ведаю, як апынуўся ў доме Кардыльяка, а Мадлон, усклікнуўшы: «Аліўе! Мой Аліўе! Мой каханы! Мой нарачоны!» — кінулася да мяне, абхапіла абедзвюма рукамі і прыціснула да грудзей. І ў найвышэйшым захапленні я пакляўся Панне Марыі і ўсім святым ніколі, ніколі больш з ёю не разлучацца!
Узрушаны ўспамінам, Аліўе мусіў перапыніць аповед. Скюдэры, поўная жуды ад бясчынстваў чалавека, якога лічыла ўвасабленнем цноты і сумленнасці, усклікнула:
— Які жах! Рэнэ Кардыльяк належаў да хеўры забойцаў, што столькі часу рабілі з нашага добрага горада зладзейскі прытон?
— Што вы, пані, — адказаў Аліўе, — да якой хеўры? Ніякай хеўры ніколі не існавала. Кардыльяк быў адзіным, хто па ўсім горадзе ўтрапёна шукаў сабе ахвяраў. Якраз тое, што ён быў адзін, тлумачыць упэўненасць, з якою ён чыніў свае беззаконні, і непераадольныя цяжкасці ў пошуках следу забойцы. Але дазвольце мне працягнуць, каб раскрыць вам таямніцу найгнюснейшага і адначасова найняшчаснейшага з людзей. Можна лёгка ўявіць сабе становішча, у якім я апынуўся, вярнуўшыся да майстра. Крок быў зроблены, я ўжо не мог павярнуць назад. Часам мне здавалася, што я стаў хаўруснікам Кардыльяка, і толькі ў каханні да Мадлон я забываўся на пакуты, што раздзіралі маю душу, толькі з ёю мог сцерці ўсе вонкавыя праявы невыказнай нуды. Працуючы са старым у майстэрні, я не меў сілы нават зірнуць яму ў твар, не казаў амаль ні слова ад жаху, што працінаў мяне ў прысутнасці гэтага страшнага чалавека, які дэманстраваў усе якасці вернага, пяшчотнага бацькі, добрага грамадзяніна, у той час як ноч хавала ягоныя злачынствы. Мадлон, рахманае, анёльскай чысціні дзіця, хінулася да яго з бязмежнай любоўю. Маё сэрца аблівалася крывёю ад думкі, што калі адплата ўрэшце напаткае ліхадзея, ёй, падманутай пякельнай шатанскай хітрасцю, давядзецца перажыць найглыбейшы адчай. Адно гэта прымушала мяне маўчаць нават пад пагрозай ганебнай смерці. Хоць я дастаткова даведаўся з размовы жандармаў, учынкі Кардыльяка, яго матывы, спосаб дзеянняў заставаліся для мяне загадкай. Але разгадка не змусіла сябе доўга чакаць. Аднаго дня Кардыльяк, які меў звычку працаваць у найлепшым настроі, з жартамі і смехам, абуджаючы тым маю агіду, падаўся мне вельмі сур’ёзным і заглыбленым у сябе. Раптам ён адшпурнуў каралі, над якімі шчыраваў, так што камяні і перлы разляцеліся навокал, рашуча падняўся і сказаў:
— Аліўе! Нашыя стасункі не могуць больш заставацца такімі, як ёсць, гэтае становішча невыноснае. Тое, што не патрапілі раскрыць Дэгрэ і яго памагатыя з іх выкшталцонай хітрасцю, воляю выпадку звалілася табе проста ў рукі. Ты пабачыў мяне за начною справай, да якой мяне прымушае мая злая зорка, і супрацьстаяць гэтаму немагчыма. А твая злая зорка скіравала цябе за мною наўздагон, ахутала цябе шчыльным вэлюмам, надала тваім крокам лёгкасць, дзякуючы якой ты рухаўся нібы найдрабнейшы звярок, і я, той, што бачыць вачыма тыгра ў самую цёмную ноч, што чуе самы нязначны шоргат, нават камарыны піск па ўсёй даўжыні вуліцы, цябе не заўважыў. Гэта твая злая зорка прывяла цябе, майго хаўрусніка, да мяне. Пра здраду, як ты бачыш, няма й гаворкі. Таму ты мусіш ведаць усё.
«Ніколі я не буду тваім хаўруснікам, крывадушны злодзей!» — хацеў быў крыкнуць я, але ўнутраны жах, што ахапіў мяне ад словаў Кардыльяка, замкнуў мне вусны. Заместа словаў я змог выціснуць адно незразумелы гук. Кардыльяк сеў на крэсла і выцер пот з ілба. Здавалася, яму цяжка даліся ўспаміны пра мінулае і цяпер складана было авалодаць сабой. Нарэшце ён пачаў:
— Мудрыя людзі шмат кажуць пра дзіўныя ўражанні, на якія здольныя цяжарныя жанчыны, пра неверагоднае ўздзеянне такіх жывых міжвольных уражанняў на дзіця. Мне расказалі незвычайную гісторыю пра маю ўласную маці. Носячы мяне першы месяц, аднойчы яна разам з іншымі кабетамі была на пышным свяце, што ладзілася ў Трыяноне. І там яе позірк упаў на шэвалье ў гішпанскім строі з бліскучай нізкай каштоўных камянёў на шыі, ад якой яна не магла адвесці вачэй. Усёй сваёй істотай яна прагнула зіхоткіх каменьчыкаў, што здаваліся ёй незямным блаславеннем. Гэты шэвалье за некалькі гадоў да таго, калі мая маці была яшчэ незамужняю, квапіўся на яе цноту, але быў з агідаю адрынуты. Маці пазнала яго, але цяпер ёй мроілася, што ў бляску асляпляльных дыяментаў перад ёю стаіць найвышэйшага істота, само ўвасабленне прыгажосці. Шэвалье заўважыў жарсныя і палкія позіркі маёй маці і вырашыў, што цяпер яму пашэнціць болей, чым мінулым разам. Ён здолеў наблізіцца да яе, больш за тое, завабіць яе далей ад сябровак у зацішнае месца. Там ён горача абняў яе, мая маці ўхапілася за прыгожы ланцужок, але ў той жа момант мужчына асеў і пацягнуў яе з сабой на зямлю. Ці то яго напаткаў удар, ці яшчэ што, але ён памёр. Дарэмна мая маці намагалася вызваліцца з рук мерцвяка, акасцянелых у смяротных сутаргах. Уперыўшыся ў яе пустымі патухлымі вачыма, нябожчык катаўся з ёю па зямлі. Нарэшце яе пранізлівыя крыкі даляцелі да далёкіх мінакоў, якія кінуліся на дапамогу і ўратавалі яе з рук жудаснага каханка. Перажыты страх надоўга прыкуў маці да ложка. Яе, дый мяне таксама, лічы, спісалі з рахунку, але яна акрыяла і нарадзіла лягчэй, чым можна было спадзявацца. Але жах таго вусцішнага моманту паланіў мяне. Мая злая зорка ўзышла і паслала іскрынку, што распаліла ўва мне адну з самых дзіўных і згубных жарсцяў. Ужо ў раннім маленстве бліскучыя дыяменты, залатыя пацеркі былі мне даражэйшыя за ўсё. Спярша гэта лічылі звычайнай дзіцячай схільнасцю, але не: ужо дзіцем я пачаў красці золата і каштоўныя камяні паўсюль дзе магчыма. Нібы самы дасведчаны знаўца, я інстынктыўна адрозніваў сапраўдныя каралі ад падробкі. Толькі першыя вабілі мяне, на фальшывыя ўпрыгожанні і фальшывыя залатыя манеты я не звяртаў увагі. Прыроджаную жарсць не змаглі ўтаймаваць нават жорсткія пакаранні бацькі. Каб мець справу толькі з золатам і каштоўнымі камянямі, я абраў прафесію ювеліра. Я працаваў утрапёна і неўзабаве стаў першым майстрам у гэтай галіне. І вось прыйшоў час, калі прыроджаная схільнасць, якую я так доўга стрымліваў, бурліва вырвалася вонкі і пачала разрастацца, паглынаючы ўсё. Варта мне было вырабіць і прадаць каралі, як мяне апаноўвалі неспакой і маркота, што пазбаўлялі сну, здароўя і жыццёвае моцы. Перад вачыма дзень і ноч, нібы прывід, стаяў той, для каго я працаваў, упрыгожаны маімі каралямі, а нейкі голас няспынна нашэптваў: «Гэта тваё, тваё, дык забяры ж яго, нашто дыяменты мерцвяку!» І я пачаў авалодваць майстэрствам злодзея. Я меў доступ у дамы знатных асобаў і спрытна карыстаўся кожнай магчымасцю: ніводзін замок не мог супрацьстаяць майму ўмельству, і ў хуткім часе ўпрыгожанні, зробленыя маімі рукамі, ізноў апыналіся ў мяне. Але нават гэта не вяртала мне супакою. Той вусцішны голас не змаўкаў, ён кпіў з мяне і крычаў: «Ха-ха, твае каралі носіць мярцвяк!»