Мадэмуазэль дэ Скюдэры
Шрифт:
— Далей, далей наперад! — адчайна крыкнула яна фурману, які, спрытна зрабіўшы разварот, прабіўся праз людскую гушчу і спыніў карэту ля самых дзвярэй дому Кардыльяка.
Там перад вачыма Скюдэры паўстаў Дэгрэ і ля яго ног — юная дзяўчына, прыгожая, як ясны дзень, з распушчанымі валасамі, напалову раздзетая, на твары — шалёны страх і несуцешная роспач. Яна абхапіла калені рукамі і енчыла як ад найгоршага, нястрымнага, смяротнага болю: «Але ж ён невінаваты, ён невінаваты!» Дарэмна Дэгрэ і яго людзі намагаліся адчапіць яе, адарваць ад зямлі. Урэшце дужы камлюкаваты хлопец грубымі ручышчамі ўзяў яе пад пахі, гвалтам адарваў ад Дэгрэ, але раптам нязграбна спатыкнуўся і выпусціў з яе рук, так што дзяўчына скацілася па каменных прыступках і знерухомела — мёртва засталася ляжаць на вуліцы. Скюдэры не вытрымала:
— У імя Хрыста, што здарылася, што тут адбываецца? — крыкнула яна, рэзка адчыніла дзверку і выйшла.
Народ пачціва адступіў перад шляхетнай дамай, якая, бачачы, як некалькі спагадных кабет паднялі дзяўчыну, пасадзілі
— Здарылася страшнае, — адказаў Дэгрэ. — Рэнэ Кардыльяк быў сёння раніцай забіты ўдарам кінжала. Забойца — яго вучань Аліўе Брусон. Яго якраз павялі ў турму.
— А дзяўчына? — усклікнула Скюдэры.
— Дзяўчына, — працягнуў Дэгрэ, — завецца Мадлон, яна дачка Кардыльяка. Той жудасны чалавек быў яе каханкам. І вось яна плача, галосіць і выкрыквае раз ад разу, што Аліўе невінаваты, зусім не вінаваты. Але ў любым выпадку яна нешта ведае пра злачынства, і я мушу яе таксама адправіць ў турму Кансьержэры.
З гэтымі словамі Дэгрэ кінуў на дзяўчыну хітравата-зласлівы позірк, які прымусіў Скюдэры здрыгануцца. Мадлон якраз пачала ціха дыхаць, але, не маючы змогі вымавіць ні гуку альбо паварушыцца, ляжала з заплюшчанымі вачыма, і ніхто не ведаў, што рабіць — аднесці яе ў дом ці яшчэ пастаяць побач, пакуль не апрытомнее. Глыбока ўзрушаная, Скюдэры са слязьмі на вачах глядзела на цнатлівага анёлка. Ёй было вусцішна ад выгляду Дэгрэ і яго памагатых. Тут пачуўся глухі грукат на лесвіцы — выносілі труп Кардыльяка. Імгненна прыняўшы рашэнне, Скюдэры гучна прамовіла:
— Я забіраю дзяўчынку з сабой, паклапаціцеся пра астатняе, Дэгрэ!
Па натоўпе пракаціўся глухі ўхвальны рокат. Жанчыны паднялі Мадлон, усё навокал заварушылася, сотні рук імкнуліся дапамагчы ім, і, быццам праплыўшы ў паветры, дзяўчо апынулася ў карэце, пры гэтым з вуснаў усіх зляталі блаславенні на адрас годнай дамы, якая ўратавала бязвінную ахвяру ад крывавага суда.
Дзякуючы высілкам Серона, самага вядомага лекара ў Парыжы, Мадлон, якая да гэтага некалькі гадзін нерухома праляжала ў бяспамяцтве, нарэшце апрытомнела. Скюдэры скончыла пачатую доктарам справу, цеплячы ў душы дзяўчыны ласкавыя промні надзеі, пакуль слёзы, што магутным патокам лінулі з вачэй, не прынеслі Мадлон палёгку і яна, пераадольваючы пранізлівы боль, ад якога словы раз-пораз патаналі ў горкім усхліпе, расказала, што адбылося ў тую ноч.
Апоўначы Мадлон абудзіў ціхі стук у дзверы пакоя, і яна пачула голас Аліўе, які заклінаў яе зараз жа падняцца, бо бацька яе памірае. У жаху яна ўскочыла з ложка і адчыніла дзверы. Аліўе, белы і страшны з твару, заліты потам, трымаючы ў руцэ ліхтар, няпэўнымі крокамі пайшоў у майстэрню, а яна рушыла следам. Там ляжаў яе бацька з ашклянелымі вачыма і хрыпеў у перадсмяротнай агоніі. Яна загаласіла, кінулася яму на грудзі і толькі тады заўважыла крывавую пляму на кашулі. Аліўе, мякка адцягнуўшы дзяўчыну, пачаў прамываць і перавязваць рану на левым баку Кардыльяка. Тым часам бацька апрытомнеў, перастаў хрыпець, замілавана паглядзеў на дачку, потым на вучня, узяў яе руку, уклаў у руку Аліўе і моцна сціснуў абедзве. Яны разам укленчылі перад ложкам старога, які памкнуўся быў прыўзняцца з апошнім гукам на вуснах, але адразу ж абмяк і глыбока ўздыхнуў апошні раз.
Абое заплакалі ўголас. Аліўе расказаў, як падчас шпацыру, на які яго ўначы паклікаў Кардыльяк, майстар быў забіты ў яго на вачах і як яму давялося з вялізнымі намаганнямі цягнуць дадому цяжкога мужчыну, не цямячы, што той смяротна паранены. На золку гаспадары дому, устрывожаныя начным шумам, гучным плачам і лямантам, падняліся наверх і заспелі няўцешную Мадлон, што кленчыла ля цела бацькі. Тут пачуўся галас, уварваліся жандармы і пацягнулі Аліўе ў турму як забойцу ўласнага настаўніка. Мадлон найкранальна апісала цноты, рахманасць і вернасць каханага Аліўе, які шанаваў майстра як роднага бацьку, а той напоўніцу адказваў на яго любоў, прызнаўшы яго, хоць і беднага, сваім зяцем, бо ўмельства вучня спалучалася з надзейнасцю і чыстым сэрцам. Усё гэта Мадлон сказала цалкам шчыра і запэўніла, што нават калі б каханы пры ёй ударыў яе бацьку кінжалам у грудзі, яна хутчэй палічыла б гэта д’ябальскім насланнём, чым паверыла, што Аліўе здольны на такое жудаснае, вусцішнае злачынства.
Скюдэры, да глыбіні душы кранутая нясцерпнымі пакутамі Мадлон і ўжо схільная прызнаць беднага Аліўе невінаватым, папытала людзей і атрымала пацверджанне словаў Мадлон пра ўзаемаадносіны майстра і вучня. Гаспадары дому і суседзі ў адзін голас хвалілі Аліўе як узор добрапрыстойных, лагодных, адданых, руплівых паводзінаў, ніхто не мог сказаць пра яго нічога благога. І ўсё ж, калі размова заходзіла пра жудасны ўчынак, усе паціскалі плячыма і мармыталі, што тут нешта незразумелае.
Як стала вядома Скюдэры, Аліўе, дапытаны ў Вогненнай палаце, з найвялікшай непахіснасцю, з найчысцейшым сумленнем адмаўляў абвінавачанне і сцвярджаў, што стаў сведкам нападу на свайго майстра з нажом проста на вуліцы, што прыцягнуў яго яшчэ жывога дадому, дзе той вельмі хутка памёр. І гэта таксама супадала з аповедам Мадлон.
Скюдэры зноў і зноў аднаўляла найдрабнейшыя дэталі жахлівага здарэння. Яна дакладна высвятляла, ці мелі калі-небудзь месца спрэчкі паміж майстрам і вучнем, ці быў Аліўе зусім пазбаўлены той запальчывасці, якая часта, як сляпое шаленства,
нападае на самага добразычлівага чалавека і вядзе да ўчынкаў, што ўжо нібыта не залежаць ад яго волі. Але чым больш узрушана Мадлон казала пра спакойнае ўтульнае шчасце, у якім тры чалавекі жылі, злучаныя шчырай любоўю, тым хутчэй знікаў нават цень падазронасці да асуджанага на смерць Аліўе. Дакладна правяраючы ўсе абставіны, зыходзячы з дапушчэння, што Аліўе, нягледзячы на ўсё тое, што яўна сведчыла пра яго невінаватасць, усё ж быў забойцам Кардыльяка, Скюдэры не магла знайсці аніводнага прымальнага матыву для жахлівага ўчынку, які ў любым выпадку мусіў разбурыць шчасце Аліўе.«Ён бедны, але майстравіты. Яму шэнціць заслужыць прыхільнасць знакамітага ювеліра, ён кахае яго дачку, і майстар спрыяе гэтаму каханню, яго дабрабыт мае быць забяспечаны на ўсё далейшае жыццё! Ды нават калі ўявіць сабе, што Аліўе, Бог ведае чаму раздражнёны, ахоплены гневам, здзейсніў замах на свайго дабрадзея, свайго бацьку, якая д’ябальская крывадушнасць дазволіла б яму так трымацца пасля злачынства?» Цвёрда перакананая ў невінаватасці Аліўе, Скюдэры пастанавіла ўратаваць бязвіннага юнака, чаго б гэта ёй ні каштавала.
Ёй здавалася найбольш слушным, перш чым заклікаць да літасці самога караля, звярнуцца да ля Рэньі, выклаўшы ўсе абставіны, што мусілі б сведчыць пра невінаватасць Аліўе, і, быць можа, абудзіць у душы старшыні Вогненнай палаты ўнутранае перакананне, спрыяльнае для падсуднага, якое затым дабратворна перадалося б суддзям.
Ля Рэньі прыняў Скюдэры з глыбокай пашанай, на якую годная дама, якую высока цаніў сам кароль, справядліва магла разлічваць. Ён спакойна выслухаў аповед пра жахлівае здарэнне, пра жыццё Аліўе і яго характар, і тонкая, амаль з’едлівая ўсмешка была адзінай прыкметай таго, што запэўненні і часта перарываныя слязьмі напаміны, што кожны суддзя не вораг падсуднаму, а мусіць браць пад увагу ўсе абставіны, якія сведчаць на яго карысць, увогуле даходзілі да вушэй суразмоўцы. Калі ж нарэшце цалкам знясіленая Скюдэры, выціраючы слёзы, змоўкла, ля Рэньі вырашыў адказаць:
— Гэта ўласціва вашаму высакароднаму сэрцу, шаноўная пані: кранутая слязьмі юнай закаханай дзяўчыны, вы верыце кожнаму яе слову і нават дапусціць не можаце думкі пра жудаснае злачынства. Але зусім іншае — суддзя, які прызвычаіўся выкрываць нахабнае прытворства. Думаю, маёй пасадзе не вельмі пасуе тлумачыць кожнаму, хто пытаецца, сутнасць крымінальнага працэсу. Мадэмуазэль, паверце, я толькі выконваю свой абавязак, мяне мала трывожыць суд гэтага свету. Усе ліхадзеі павінныя дрыжаць ад страху перад Вогненнай палатай, якая не ведае іншых пакаранняў, апрача крыві і агню. Але ў вашых вачах, вялебная пані, я не хачу выглядаць грубай і жахлівай пачварай, таму дазвольце мне ў некалькіх словах ясна сфармуляваць крывавую правіну маладога злачынца, якога, дзякаваць Небу, напаткала помста. Тады ваш востры розум сам адкіне прэч добразычлівасць, якая робіць гонар вам, але мне зусім не да твару. Дык вось. На золку Рэнэ Кардыльяка знаходзяць забітым ударам кінжала. Побач з ім няма нікога, апрача яго вучня Аліўе Брусона і дачкі. У пакоі Аліўе, апроч іншага, натрапляюць на кінжал, афарбаваны свежай крывёю, вастрыё якога дакладна паўтарае форму раны. «Кардыльяка, — кажа Аліўе, — зарэзалі ўначы на маіх вачах». — «Яго хацелі абрабаваць?» — «Не ведаю». — «Ты ішоў разам з ім і не здолеў абараніць ад забойцы, затрымаць яго, паклікаць на дапамогу?» — «Майстар ішоў за пятнаццаць ці, можа, дваццаць крокаў ад мяне, я рухаўся за ім». — «А чаму так далёка?» — «Так захацеў майстар». — «Што ўвогуле майстар Кардыльяк мог рабіць так позна на вуліцы?» — «Не магу сказаць». — «Але ж звычайна ён ніколі не выходзіў з дому пасля дзевяці гадзін вечара». І тут Аліўе бянтэжыцца, пачынае запінацца, цяжка ўздыхае, плача і клянецца ўсімі святымі, што Кардыльяк напраўду выходзіў з дому тае ночы і напаткаў сваю смерць. А цяпер, пані, падумайце вось пра што. Абсалютна дакладна высветлена, што ў тую ноч Кардыльяк не пакідаў дому, таму сцверджанне Аліўе пра тое, што ён выходзіў разам з гаспадаром, — дзёрзкая мана. На дзвярах вісіць цяжкі замок, які падчас адмыкання і замыкання пранізліва скрыгоча, а потым так агідна рыпяць і выюць завесы, што шум (гэта пацверджана неаднаразовымі спробамі) чуваць на апошнім паверсе. Унізе ж, то бок непасрэдна перад уваходнымі дзвярыма, жыве стары мэтр Клод Патру са сваёй пакаёўкай, асобай амаль васьмідзесяці гадоў, але ўсё яшчэ бадзёрай і рухавай. Яны абодва чулі, як у той вечар Кардыльяк, паводле сваёй завядзёнкі, роўна а дзявятай спусціўся па лесвіцы, з вялікім шумам зачыніў і заваліў дзверы, пасля ізноў падняўся, гучна прачытаў вечаровую малітву і, як можна было меркаваць з грукату дзвярэй, пайшоў да сябе ў спальню. Мэтр Клод пакутуе на бяссонніцу, як гэта нярэдка здараецца са старымі, і ў тую ноч ён таксама не мог заплюшчыць вочы. Таму пакаёўка — была, мусіць, палова дзясятай — запаліла святло на кухні, куды яна трапляе праз агульны калідор, і прысела за стол да мэтра Клода са старой хронікай, з якой нешта чытала ўголас, пакуль гаспадар, занураны ў думкі, то сядаў у фатэль, то зноўку падымаўся і, каб нарэшце стаміцца і заснуць, паціху хадзіў па пакоі туды-сюды. Усё было ціха і мірна да паўночы. І тут жанчына пачула наверсе хуткія крокі, потым удар, нібы нешта цяжкае павалілася на падлогу, і адразу за гэтым — глухі стогн. Абодва адчулі дзіўны страх і неспакой, трымценне ад толькі што здзейсненага жудаснага злачынства. З надыходам ранку праяснілася тое, што адбылося ў цемры.