Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Матчын дар

Гарун Алесь

Шрифт:

23. С песьняў няволі

Праўду мусім ведаць, браце: Покуль мы ня ў роднай хаце, Не на ніве покуль роднай, — Нашай думачцы ніводнай Век ня спраўдзіцца, ня збыцца — Мусім ў цеснай клетцы біцца Нашых думак, і жаданьняў, I няволі наляганьняў. У гароце, у няволі Без пасьпеху, а паволі Нешта розум ў нас вымае, Смокча душу — выпівае I за шыю душыць больна, Што часамі мімавольна З болю гэтага заплачыш, Што аж слонейка ня бачыш! Мусім ведаць, што мялеем, Што паволі ўсё малеем, Не жывём, але канаем, — Зранку долы вымяраем I надзею штодзень губім, Хоць яе, як жыцьце, любім. Нашы брацьця — там, на волі, Паляглі моў-ся на полі, Чыстым полі ваявецкім, Велькім колам маладзецкім, З пасячонымі плячыма, З выпалёнымі вачыма. Мы зьявілісь зь яснай казкі, Братняй міласьці і ласкі, З краю-Далі, краю-Сьвета, Дзе цяплюхна, вечне лета, — А нас кінулі у пушчы, Ды у холад, дый у гушчы, Дзе брат з братам вечне б’юцца, Спруцянелі, а дзяруцца. Мы хацелі даць ім сьвету, Зруйнаваці пушчу гэту, Даць ім міласьці прагненьне, Дзён шчасьлівых даці меньне… Мы ішлі вялікім валам, Войскам буйным а зухвалым, Ды ня стала нашай мочы:
Сьвет слабейшы быў ад ночы…
Што ж? Няхай! Няхай так будзе, Мусіць, гэтак доля судзе. Цяжка, страшна жыці, праўда, Дык цярпеці ж нам ня наўда. Так на моры-акіяне Часам хваля перастане… Можа ж, прыйдзе навальніца, Толькі б ветрыку зьявіцца! Будзем ў неба цікавацца, Будзем зорак прыглядацца; Без пакоры у пакоры Перабудзем сваё гора. Мо’ і нам аднекуль зь неба Скажуць: «Чуйце, ўстаньце, трэба!» I ўзмацьняць. Парвуцца путы, Будзе вольны, хто закуты. Не адны, а з грамадою, Разам зь людзьмі, Чарадою. Пойдзем поплеч зноў у далі, Скуль прыйшлі і скуль паўсталі. А калі ж ня хопіць сілы Ўстаць на гэты воклгч мілы, — Сэрца хоць мацьней заб’ецца, Твар пахмурны усьміхнецца. Можа ж быць, раней загінем, Дык усё ж мы сьлед пакінем, Бо, браток, хоць промень сьвету Прынясьлі мы ў пушчу гэту!

24. Вечнай памяці Т. Р. Шаўчэнкі

За тысячу вёрст ад радзімага краю, У стэпу, пустэчы бязьлюднай Сумуець казак па загубленым раю, Па маці-Украіне цуднай. Няма яму волі, пад вартаю пільнай Начуе і днюе і ходзіць, Ніводнай ня мае людзіны прыхільнай, Самотна дзянёчкі праводзіць. А думка, як віхар, імчыцца, нясецца Ад берагу мора Аралу На родну старонку, дзе вораг сьмяецца I ўсіх абдзірае памалу. Ў душы яго ласка, каханьне малююць Пакутніцы вобраз бяз сказы. Ах, мучаць Украйну, рабуюць, ганьбуюць!.. Імчацца, нясуцца абразы: «Вее вецер, сонца грэе На сьцяпу шырокім, Што відаць здалёк, чарнее, Дзе курган высокі? Сьляпы гэнам на бандуры Перабэндзя грае, Аб казацтве, аб гетманстве Сам сабе сьпявае: «Ой, лунала наша слава, Аж у звоны білі! Меч гетманскі і булава К каралям хадзілі. Мелі славу, мелі долю, А цяпер прапала; Мелі шчасьце, мелі волю, А цяпер ня стала; Стогнуць, плачуць стэп і людзі Пад чужой рукою, Вораг цёмны ўсьсеў на грудзі, Не даець спакою. Дзе, Багдане, слаўны Хмелю, Дзе ты? Адгукніся! За народ наш, за Ўкраіну, Браце, заступіся». Слонца грэе, вецер вее, Па стэпу разносіць Тыя словы залатыя, — Да касцоў даносіць. Ўчулі людзі праўды слова, Засьпявалі ціха Аб тым зьдзеку, паняверцэ, Панаваньню ліха. Пан аконам — бочка піва. — Цівуны у злосьці: «Нуж-ма, хлопцы, жыва, жыва! Бо зьдзяром да косьці!» Сорам, сорам!.. Люд пакорны Галавой схіліўся… Пане, пане — гадзе чорны, Каб ты зь сьвету збыўся!..» Адна за аднэю праносяцца зьявы, Мігцяцца безупынна абразы, Нявольнічы побыт, і сьлёзы крывавы, I зьдзек глузаваньня, уразы… Туды, да няшчасных, у думцы сягае Пясьняр гэніяльны прыгону І Богу на небе любіць прысягае Народ свой — любіці да скону.

25. *** Эх, сягоньня…

Эх, сягоньня, ў гэту ночку Я ўцяку адгэтуль проч! Шэрым воўкам па лясочку, Хай дагоніць, хто ахвоч! Хай тагды сярод дарогі Станець хто — ня будзе рад: Чорны вуж абкруцідь ногі, Буду вужам, буду гад! Хай тагды шукаюць ў лесе Цёмных, вузкіх, воўчых троп! Як арол у паднябесьсе, Я ўзьлячу над земскі строп. Ў небе роўным, чыстым шляхам Яснай зоркай палячу І скачуся па-над дахам Роднай вёскі і ўскрычу: — Гэй, хто ёсьць тут! Люд галодны, Люд пакутны! Да мяне! Станьма, брацьця, ў шых паходны — Наша гора праміне. Досыць нам зь нядолі віці Ценкі жыцьця свайго пас, Слухай, люд: прынёс я віці, Хто за мною, брацьця? Час! Ўстануць, рушаць: «Проч з дарогі! Хто нам хоча заступіць? Мы пайшлі, мы, люд убогі, Ўсё узяць ці ўсё згубіць…» Думкі, думкі-звадыяшкі, Ах, ня мучайце мяне! Вам ўсё гульні, а мне цяжка, Мне няволя не міне…

26. На сьмерць

Памёр ты, татачка, ўспакоіўся навекі! На вочы сумныя насунуліся векі, Прыціснула іх сьмерць мацьней за чужанца. I вот айца Ня стала, родны мой, ад сьмерці тваяе. О, сьмерць бязь літасьці, ратунак ты і кара! Нашто ж яму, як тая чорна хмара, Заслонай вечнаю ты стала прад вачмі? Скажы, сьлязьмі Нашто пасквапілась радзіны ты мае? Ах, родны, блізкі мой! Гаротны і бяздольны, Жыцьцё сваё, той шлях, няўдатны і нявольны, Ты з больлю цяжкаю у сэрцы перабыў I свой згубіў Апошні стон, адзін, ў чужжсьцьве, ў цішы. Бясшчасны тата мой! Усім адна дарога… I торганьня разлукі ня так катуюць строга, Як тое, любы мой, што ў ноч, ў апошню ноч, Ў цябе із воч Сьляза скацілася аб скрыўджанай душы. Дратуе сэрца мне, цьвікі ў мазгі ўбівае, З грудзей і боль, і стоны здабывае Здагадка страшная: ў гадзіну ўсіх гадзін Ты там адзін, Маўляў, бясплеменьнік усім чужы, сканаў… Адно бліжэйшае, адно б хаця стварэньне, Хаця б ня роднае, хаця бы на здарэньне, Прасіў Вялікага к табе хутчэй паслаць, Каб зь ім аддаць Сваім апошні свой, гарачы свой прывет. Ня меў Ён літасьці, ня даў табе спакою, Ў самоце, ў больніцы жалезнаю рукою Ён сэрца кволага спыніў нятрвалы рух I бедны дух Прымусіў твой пакінуць гэты сьвет. Казаў: «Маліся ты». За што ж, каму маліцца? Ці ж можна праўду нам знайсьці, калі маніцца, У неба чорнае ўляпіўшыся вачмі? З журбой, зь сьлязьмі Нясьці туды сваю найбольшую з надзей? Пабач, гаротны мой: ці ж ты ня моцна верыў? Сьвятою праўдаю ці ж кожан шаг ня мерыў? Сьлязьмі крывавымі ня плакаў? не прасіў? Ня ўсё знасіў, Запомнены празь неба, нязнаны празь людзей? Ці ж меў ты, родны мой, хоць дзень на адпачынак? З гароты, зь беднасьці ці знаў перапачынак За веру гэтую? Ці ж не балеў ты заўсягды, Ня сох зь бяды З душою прэснаю, адкрытаю да ўсіх? Салодкіх мала хвіль, а горкіх натт багата Памеў за жыцьце ты, мой родны, бедны тата, А можа, горкую табе і я хвілінку даў, Не спагадаў Табе калі… Цяпер за гэта выбачай. Няхай пуховаю табе зямелька будзе, Няхай спакой табе твой Пан прысудзе. Я некалі прыйду пад той убогі крыж, Дзе ты ляжыш. I там наплачуся. А пакуль што — прашчай!

27. *** Думкі-дыямэнты…

Думкі — дыямэнты, краскі жыцьця, Песьні — вас гэтак люблю, З вамі салодкіх гадзін забыцьця Часам і я пазнаю.
Жыцьце-няволя ў чужой старане,
Працы надмернай яром Зараз зьнікаюць, бы ў госьці ка мне Вы паказаліся ў дом. Слухайце ж, думкі: як прыйдзе мой скон, Ў хатку зьляціце ка мне, Хай перадсьмертны уцішыцца стон, Сэрца на момант спачне. Хай засьпяваю, як лебедзь, калі Прыйдзе гадзіна яму, Ўзьнёсшыся ў неба ад маці-зямлі, Рыне ў адвечную цьму; Хай засьпяваю аб сьне залатым Веку людскога радства, Роўнасьці, вольнасьці, брацтва — аб тым Веку красы хараства. Можа, пачуўшы прадзгонны мой сьпеў, Сьціхла б на сьвеце вайна… З радасным духам бы я паляцеў Ў царства каханьня, відна.

28. Вясна

Эх, вясна, вясна!.. Як прыйшла яна, Прынясла сьвятла, Прынясла цяпла, Наліла ў лагох Сьнегавой вады, Расьцьвіла ў лугох, Распляла сады, Прабудзіўся лес На вясеньні шум, А глыбокі сум Мне ў душу улез… Першыя гусі ужо праляцелі, Палі на рэчцы, узгорак абселі, Гвагалі доўга, нараду сабраўшы, Потым згадзіліся, дось пакрычаўшы, Ўзляцелі высока над сосны, над елі I недзе прапалі ў нябескім касьцелі… Ах, каб крыльля, крыльля мне I той лёт гусачы, Я прапаў бы ў гарыне, Хто б мяне і бачыў! Раз у пораз, раз у раз Ў неба б біў крыламі… Гусі, гусі, я да вас, Я лячу за вамі! Дзе былі вы? Што было там? Дзе жылі вы? Над балотам? Мо’ ля рэчкі? Мо’ ля хаткі? Ля сялібы майго таткі? Мае маткі, майго браткі Вы ня бачылі часамі? А сястрыцы? А дзявіцы, Маёй любы, Вы ня бачылі часамі? А у шлюбы Не зьбіраецца сястрыца? Не? А люба, чараўніца?.. Ці там ймгліста, Ці там ясна? Красна? Міла? Гусі! Шчасна?..

29. Nocturno

Спаткаў сягоньня я сваю Нядолю, Знайшоў яе у сіненькім ляску. Брадзіў бяз мэты я, душа гарэла з болю, I думаў: будзе мне лягчэй у халадку. Спаткаў, пазнаў яе і вось пытаю: — Скажы ты мне, Нядоленька мая, Багата жыцьця кніг яшчэ перачытаю? Калі і на якой чытаньне скончу я? Скажы, ня крыйся мне, мая камратка, Дзянькі мае маркотныя чаму? Адзін ў адзін ідуць, ва ўсіх адна апратка, Як душы грэшныя ці вінныя каму. Чаму, яшчэ скажы, мая ядына, Люблю зямлю, вялікі жыцьця ток, Як неба зорачкі, каханьнем моцным сына, А сам — адлучаны ад дзераўца лісток? Яна у вочы люба мне зірнула, Ўзлажыла белы ручанькі на мне, Маўляў, сястра мая, да сэрца прыгарнула, Часамі так цябе каханка прыгарне. — Чакай, харошы мой, пакінь задумы! Душу сваю пытаньнямі ня муч, Зірні на гэты лес, прыслухайся у шумы, А можа, знойдзеш ты жыцьцёвы вечны ключ! Стаіць магутны лес, ізноў убраны Ў зялёны ліст дагледлівай рукой, I п’ець спажыўны клёк, старыя гоіць раны… Зірні: якая моц! Зірні, які спакой! Штогод ўміраець ён парой асеньняй, Каб зноў аджыць, убачыўшы вясну. I гэтак ўсё ідзець чаргою пераменнай: То скіне сон з вачэй, то зноў ідзець да сну. Расьцець дубочак тут, — які зялёны! Другі, стары, калодаю палёг; I сын ідзець ўгару, як бацька ў час мінёны, Што даў жыцьцё яму, а сам зваліўся ў мох. Цячэць ручайка вось, і ту ж ня стала! Няма яго, схаваўся у зямлі, А недзе — тамака рака зямлю прарвала, I воды тэй ракі па лузе пацяклі. I ты, о, любы мой! Як лес зімовы, Заснуў, ляжыш, ня можучы устаць, Але наступіць дзень вясёлы, пекны, новы, I радасьць вольнасьці павінна завітаць. Дзянькоў маркотнасьць ты сваіх ў распачы I тэй сваей адлюднасьці ня гудзь: Пакуту Рок табе, шчасьліваму, прызначыў, I ўдзячным за яе Вялікаму ты будзь. Няма пакуты дзе — няма пазнаньня, Душа тагды лагчынамі паўзець, А што гарчэй, скажы, цяжэй перапаўзаньня? А што страшней яшчэ, як вочмі не глядзець. Аб сьмерць пытаеш ты? Калі сканчыцца Жыцьцё тваё, — міленькі, не пытай! Спрабуй ад думак тых, ад хворых палячыцца, Прыходзь у гэты лес — паветра тут глытай. Жыві, каб жыцьце даць другім, малодшым, Як дуб стары, што ўзгадаваў дубка. А там… ручайка зьнік! I мы пуцём каротшым Пайдзём ў зямлю за ім, каб выплысьць, як рака.

30. *** Дзяўчыначка-сэрцо…

Дзяўчыначка-сэрца, сябе не трывож, Ня песьці надзеі і жалю ня множ. З табою пабрацца мне волі няма, — Даўно заручыўся я ўжо са трыма: Айчызна, — я ёй у няволі жыву, Штоноч яе бачу, маўляў, наяву, За ёю сумую, журуся адно, Бо шчырым каханьнем зьвязаўся даўно. Другая: матуля. Радзіўся калі I голас мой першы падаў на зямлі, Замучаны твар усьміхнуўся яе: «Сыночак мой любы», — вітала мяне. Аб трэцьцяй, дзяўчынка, скажу, што яна, Другое ня знойдзеш — на сьвеце адна: За краты няволі паслала «люблю», Дык хіба ж з табою яе падзялю? Пакінь жа, галубка, з каханьнем сваім! Шукай сабе шчасьця за кім за другім; Пяшчоты, залёты ня траць ззадарма, Даўно заручыўся я ўжо са трыма.

31. Мая люба

У любы маеі дый косы ільняныя й вочкі нябескія, Губкі вішнёвыя; I шчочкі ружовыя, шыйка і ручкі, як бель лебядзіная, — Грудкі пуховыя; I голас у любай, як ў лесе зьвінючай, бліскучай крынічанькі Сьпевы адвечныя; А ўсьмешка каханай — ў зялёным аксаміце лугу мурожнага Перлы сланечныя; Ідзець каралеўнаю, добрай, ласкаваю, роўнай паходкаю, Ціха ступаючы; Заўсёды ўсьміхаецца думцы захованай, ў сэрцы мілосную Песьню сьпяваючы; Вяночкі штовечара ў рэчку спушчаючы, кажа: «Плывіце вы Разам з вадзіцаю! Скажэце каханаму: станем прад Богам мы параю шлюбнаю, Хоць бы з грамніцамі». А гэтак далёкая! Так яно, зорачка захаду раньняя, Будзе і станецца. Над нашым каханьнейкам людзі ня сільныя, леты ня ўластныя — Хай жа мінаюцца.

32. *** Хто сказаў…

Хто сказаў: «I я з народам», Хто зь ім поплеч стаў, як з братам, Хто пайшоў зь ім роўным ходам К роўным зыскам, к роўным стратам, — З тым і я. Няхай жа ліча, Будзе трэба — хай пакліча. Хто ж сказаў, а потым здрадзіў, Хто пайшоў, а потым кінуў, Хто ў душы сумленьне згладзіў, Ў кім апошні сорам згінуў, — Хай дрыжыць. У дзень прысуду, Ў страшны дзень, я сьведчыць буду!

33. Ідуць гады

Ідуць сабе гады, ідуць, Бы карагод, бясконца, Што ў небе зорачкі вядуць Ля месяца, ля сонца. Ідуць сабе гады, ідуць — І чалавек за імі. Куды цябе яны вядуць І сьцежкамі якімі? «Няведама мне, скуль усё і што я; Няведама мне сама сьцежка мая, Няведама мне, і куды я іду. Пытаньня ня маю, ці што там знайду, Ня ведаю жыцьцё, ці шчасьце, ці не, — Пачалося гэта, браток, не на мне». Ідуць гады, ідуць гады, І зь імі ўсё на сьвеце. Сягоньня ты, а йшлі дзяды, А заўтра пойдуць дзеці. Ідуць гады, і ты ідзеш Ўздагонь за імі, зь імі. Нашто, скажы мне, ты жывеш І з думкамі якімі? «З аднэю я думкай у сьвеце жыву, Настаўнікам ўзяўшы і лес і траву, Крыніцы, і кветкі, і цемру, і сьвет, І месяц, і зоры, і сонца прывет. Прысуджаны шлях свой рабі дарагім, Красуйся на радасьць сябе і другім».
Поделиться с друзьями: