Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Матчын дар

Гарун Алесь

Шрифт:

34. Навука

Казаў настаўнік мне (ён блізкі быў Прароку, Які жывым узьняўся ўвыш, ў блакіт нябескіх сфер): «Мой сын, з пачатку мы падуладны пану-Року — У гэта вер. Які бы крыж табе ні выпаў ў жыцьці гэтым: Галеці век чы быць царом і царскі мець пасад, Ў балоце бросьнеці чы йсьці к нязнаным мэтам, — Яго загад. I вось калі табе трываць ня хопіць змогі, I цяжкім здасца крыж табе і доля вельмі злой, Ня трэба, сын, шукаць лягчэйшае дарогі, — Ідзі старой. I мусіць час настаць: убачыш сьвет праменны, — Ідзець ўладар адвечны твой, яго спаткай здалёк, Узьдзеўшы бітвы меч на свой паяс раменны. I скажа Рок: «Ідзі хутчэй, слуга! Спавіты сьвет маркотай, Ў ім крыўды легіён забраў зямлі апошню чвэрць, Нясі ж свой праўдзе меч. — Мой сын! ідзі з ахвотай На чэсьць і сьмерць».

35. Адбітак

Дзіўлюся
я на зьзяньне ясных зораў, —
I сумна-сумна так, што я ня разам зь імі, Што жыць ня лёс мне ў вышыне нагорнай I сьцежкамі хадзіць па небе залатымі.
Сярод нязнаных мне, ня бачаных прастораў Раўнінай той, што зьвецца Бесканечнасьць, Я лётаў думкаю б і воляй непакорнай I, можа б, там пазнаў цябе, Адвечнасьць. Дзіўлюся я на зораў ясных зьзяньне, На сьцежкі іх, ўсё тыя ж, як прад векам, I сумна гэтак мне, і родзіць сум пытаньне: Нашто пачаўся я ад Бога — чалавекам?

36. *** Як ліст вярбінкі…

Як ліст вярбінкі маладой, Што вецер злосны адарваў I кінуў ў рэчку і з вадой У даль няведаму пагнаў, — Плыву сабе. Рака мая — жыцьцё, Па ёй плывуць і кветкі і сьмяцьцё. Я раз спытаўся у вады: — Скажы, адкуль ты прыцякла? Яна сказала: — З-пад грады Каменных гораў уцякла. — Куды ж бяжыш? — Цяпер бягу над спад У мора сіняе. — А вернесься назад? — Над мной закон — колазварот. Плыву я з мора ў акіян I стуль зьбіраюсь ў паварот, Калі узьнімецца туман I ўзьляжа ноч. Лячу хутчэй тагды, Цячы ракой з-пад горнае грады. Як ліст вярбінкі маладой, Што вецер злосны адарваў, I я плыву сваёй ракой, Жыцьцём якую хтось назваў. Нясець яна і кветкі і сьмяцьцё… А ты ж скажы, ці вернесься, жыцьцё?

37. Нізнаны госьць

Дзіцятка малое у жыцьце прыйшло. Спытаўся яго я: — А дзе ж ты было? Скажы мне, пісклятка, ў якіх гарадох? Скажы мне, дзіцятка, ў далёкіх краёх? Скажы, анялятка, ці доўга блукаў? Скажы мне, ягнятка, каго ты спаткаў? Скажы мне, малое, ці быў ты ў раю? Скажы, залатое, ці долю сваю У Эдэме ўбачыў, спаткаў, палюбіў Ці што, неабачны, благога зрабіў? Напрыкрыўся ў небе? Ці сум сустрачаў Па іншаму жыцьці, што гэтта пачаў? Скажы мне, малое! Хачу я пазнаць, А дай, залатое, цікавасьць спагнаць. I ціхай задумы заслона зыйшла З спакойнага твару, і хмарка найшла, З блакітненькіх вочак, што зь неба прынёс, Скаціліся сьлёзкі — дзьве пэрлінкі сьлёз. Аб чым яно плача? аб райскіх садох? Аб кветках праменных? анельскіх сьпявох? Аб чыстасьці, яснасьці, сьвятасьці душ? Тварца маястатнасьці? Дзеткі, чаму ж? Аб чым ты заплакала? Мне у адказ Скаціліся новых дзьве пэрлінкі ўраз.

38. Матчын дар

Як радзіла маці мяне ў цёмну ночку, Дык дала скрыпіцу: «На, іграй, сыночку! Грай сабе на шчасьце, грай на добру долю, Грай на век даўгуткі, грай на вольну волю». Помню, дзіцянёткам з тугой я ня знаўся, Жыў, як тая птушка, граў і забаўляўся; Дзень мне быў спакойны, ўночы сон бязгрэшны, А цяпер застаўся я навек няўцешны. Ой, чаму ж, матуля, жыцьце-скрыпку дала, Як іх шанаваці дый не навучала? Гэта ж падзівіся — я адкрыцца мушу, Што сапсуў скрыпіцу, што згубіў я душу. Здаўна, сівакрыла, шчасьця я ня маю, Долі я ня бачу, радасьці ня знаю. Граю, праўда! граю… А на сэрцы важка, А у сэрцы больна, аж трываці цяжка. Тыя не прыходзяць песьні-весялушкі, Як пяе зямліца, як шчабечуць птушкі. Жаль з нудой заплачуць, глуха як зайграю… Маю я скрыпіцу, а душы — ня маю!

39. Змора

М. В.

Сэрца, спаць хачу я, спаць! Заўтра рана ўстаць мне, ўстаць. Вочы сьлепіць сон мне, сон, Ў вуха шэпча ён мне, ён: — Не журыся, палажыся, адпачні, Мардаваньне, сумаваньне адгані. — Заўтра зрана, сьвет ня сьвет, Выйдзеш з хаты з гэтай, з гэтт, Стаць на працу мусіш, стаць, Здаць прыгоны мусіш, здаць. Не мардуйся, не крапуйся, адпачні, Думаваньне, сумаваньне адгані! Рыбка, спаць хачу я, спаць!

40. Літаньне

Адзіноце

Зноў я прыходжу у часе зьмярканьня Складаю Літаньне, нясу Табе даньне Ад сэрца свайго, Адзінота; Можа, раней, як яшчэ не радзіўся, Табе быў адданы, Табе прысудзіўся; Крулева мая, Адзінота; Можа быць, маці, калі спавівала І ночы ня спала, над люлькай сьпявала, Аддала Табе, Адзінота; Меў я ад родных пяшчоты — упады, Мне мамка-галубка і ўсе былі рады, А Ты — над усіх, Адзінота; Ты надавала мне брэдняў у садочку Ля хаткі радзімай, ў вішнёвым куточку, Дзіцяці яшчэ, Адзінота; Ласка Твая, што ўсяго навучыўся, Ў жыцьцё, і ў людзей, і ў Цябе улюбіўся, І воля Твая, Адзінота; Сьмерцю сваёю — ці наглаю згіну, Ніколі Цябе я ужо не пакіну, — Ня здолеці мне, Адзінота. Часам Табе пасылаю праклёны, Зубоў скрыгітаньне, уразаў мільёны Ўладаньню Твайму, Адзінота; І дух непакоры, руіны, паўстаньні Над ўсе пераможны, кідае ў расстаньне, Абы ад Цябе, Адзінота; Потым прыходжу пануры, пахілы, Хачу падзівіцца на вобраз Твой мілы, Пякнейшы за ўсё, Адзінота! Ты ж, як матуля, прытуліш і прымеш, Ашушкаеш ласкай і тугу сунімеш, І зноў я з Табой, Адзінота! Гэтак, нявольны ніколі сабою, Прыходзіў сягоньня па спрэчцы з Табою Ў пакоры. Прымі, Адзінота!

41. Начлег

Сьпіць душа, і розум сьпіць, Смачна, без трывогі, Піць і есьці, есьць і піць — Клопат ўвесь нямногі. Лёгка так. Ня маеш дум… Ў прочках гдзесь маркота… Боль прайшоў, уняўся сум, — Спаць адно ахвота. Сьпіць душа… і розум сьпіць! Часам нехта ўзбудзіць, Нібы ўстыдзіць, нібы кпіць, Нібы крышку судзіць: «Сорам, брат…» А далей слоў Я праз сон ня чую. Зьнікне голас, ціха зноў… Ў ясны дзень — начую.

42. *** Скажы, братухна…

Скажы, братухна, калі параньне? Калі сьвітаці пачнець у нас? Прамчыцца ночка, і сонца ўстане, I дасьць вясельле, і дасьць пакрас? Скажы, братухна, калі прачнуся Ад тэй навалы, ад тэй жуды І зь ветрам буйным гуляць пушчуся На сьвет, на людзі ці хоць куды? А можа, браце, і сонца ўстала? I льець праменьні на лес, стэпы? Ды так глыбока душа запала, Што я нявістны, што я сьляпы?

43. Ноч

У гэту ноч мне няўмоч — Няма сілы чакаць і маліцца… Каб я ўмеў, каб я сьмеў Узьляцець, паляцець ці разьбіцца! Як сакол, як арол, Я падняўся б высока страшэньне, Я б узяў, я б украў І сабе і усім адпушчэньне. Калі ж не, калі б мне Адпушчэньня на небе ня далі, Я б маліў, я б прасіў, Каб і крыльлі мае паламалі. І тады, наўсягды Папрашчаўшыся б зь небам, зямлёю, З гарыні, з вышыні Паляцеў бы за сьмерцю сваёю. Але ж не, то ня мне От такая вялікая доля: Узьляцець-паляцець Ці упасьці разьбітым на попе. Не пры нас сьвяты час Вызваленьня людскога настане, Мо’ празь век чалавек Да вялікага жыцьця устане. Безь бяды, без жуды Будзе жыць-панаваць, весяліцца; А для нас — цяжкі час — I чакаць, і цярпець, і маліцца…

44. З. Б-ку

Хрыстос нарадзіўся! Хрыстос нарадзіўся! Сьпяваюць у небе анелі: Збавіцель для сьвету на сьвеце зьявіўся, Збавіцель, якога ня мелі! «Хрыстос нарадзіўся!» Каб гэтая праўда З’ісьцілася, браце, сягоньня… Каб ўстала на сьвеце вялікая Праўда, Што крыўду у цемры прагоне. «Хрыстос нарадзіўся!» Ці ж мала мы чулі Такую зь нябёс абяцанку? А вочы свае ледзь ад сну разамкнулі, — Няма і ня відна паранку! «Хрыстос нарадзіўся!» А дзе ж яго знакі? Цяпер я Тамаш і ня веру. Здаецца мне сьвет, як і быў, адзінакі, А ў ім лютаваньне над меру. «Хрыстос нарадзіўся!» Не, хіба што будзе Яго нараджэньне. Мы знаем, Яго дачакаюцца іншыя людзі, — Ня мы дачакаем.
Поделиться с друзьями: