Матчын дар
Шрифт:
67. Журба і сьмяхоцьце
68. Спрэчка
69. Каму што
Жарт
У самы жар, у летні час, Ўжо ў поўдзень, па абедзе, Назаўтра ў горад на кірмаш Народу цьма ідзець і едзе. Ну, ехаць добра, хоць пячэ, Але ж ісьці дык во дзе мука! А як з паклажаю яшчэ, Дык то найгоршая дакука. Хаця каб крышку адпачыць — Ідзеш, ідзеш, ды трэба сесьці, Бо пуд ці пару валачыць, То не пярынку ў жмені несьці. Калі ж карчма — ну, тутка стой! Тут можна выпіць і паесьці, А за работай мілай той З знаёмым гутарку завесьці. Зышліся гэтак ў карчме раз Наш беларус, цыган, хахол, I неяк трапіла на час, Што за адзін прыселі стол. Адзін узяў сабе мядку, Другі — гарчыну, той — паўпляшкі, Пакуль сядзелі ў халадку, Зьвялі знаёмства, то ж ня цяжка. Цыган да гораду сьпяшыў, — Каня ён добра знаў ўсе вады, — Купляў, мяняўся — не грашыў, Купцам на коні даваў рады. Хахол Маўчба ішоў з работ, — Заробак добры меў, багаты, — Шукаў сябра, каб без клапот Даехаць зь ім да роднай хаты. У горад брыў цялё прадаць Наш Янка Цьвік, празваньнем Дыба; Падатак мусіў ён аддаць, А так — цялё самому трэба. Адно вось так, другое не, — Сядзяць і зюкаюць паціху, Ажно глядзі ты, вохці мне! Зайшлі у спрэчку, клічуць ліха. Каб іх на царства узьвялі, Аб гэтым здумалі спрачацца! — Дык што рабіць бы пачалі, Якою працаю займацца? «Вось я, здаецца, добра б жыў, Гульнуў бы я тады бясьпечна, З сваім народам бы дружыў, Кулеш ўсё еў бы ды яешні», — Так кажа Янка першы наш. «Ну, дзе твой розум, белавусы? — Крычыць Маўчба. — Саўсім нямаш Між вас разумных, беларусы. От я іначай бы зрабіў: Ў садку пад вішняю ляжаў бы, Увесь урад пры мне б тут быў, А я бы правіў ды сьпяваў бы. А есьці — еў бы з салам хлеб, Крышыў галушкі бы зубамі, I сала з салам, і яшчэ б Я сала так бы еў часамі». «Каб вас пярун! — крычыць цыган. — Абодва варты вы нямнога, Вунь той аббіты ўвесь саган Хоць грошык варт, а вы — нічога! Каб я папаў у каралі, Дык мне ўсё гэта было б мала, З казны б украў я тры рублі, Украў каня — і… махні драла!» 70. Варожба
Засьцянковая аповесьць
Бліжыцца поўнач. У гэтай парэ Сон пахаджае па панскім дварэ. Сьпяць, паканчаўшы звычайную працу, Чэлядзь ў пякарні, паны у палацу; Толькі стары вартаўнічы Ігнацы Ходзіць з клякоткай і піпкай сваёй: Двор сьцеражэ ад людзіны ліхой. Ходзіць стары і мурмоча пад нос: — Ну і пракляты ж сягоньня мароз! Новы кажух прабірае, пся вера, Быццам кажух — не кажух, а папера! Брэша, ня зломіць старога жаўнера, — Панна Эмілья, хай Бог ёй аддасьць, Вызваліць з гора, ня пусьціць прапасьць. Цёнгле, як толькі пачнецца цямнець, Зараз палынаўкі з кухні нясець, Міла глядзіць і ласкава сьмяецца: — Хочаце, можа, Ігнацы, пагрэцца? — Гэткі парадак ня ўсюды вядзецца! Добрае сэрца! Павет абысьці, Роўную паньне, бадай, каб знайсьці… Адвэнт [1] на сходзе. Яшчэ да каляд Тыдзень астаўся адзін акурат. Неба у зорках, і кожна зь іх зьзяе, Месяц зялёны свой сьвет пасылае, Лёгкі марозік за шчокі хапае, Сьнег пад нагамі прыемна рыпіць, — Ведае варту Ігнацы, — ня сьпіць. Панна Эмілья тым часам сабе Вечар праводзіць у нейкай журбе: Нейкія брэдні плятуцца дзяўчыне, — Быццам яна не ў дварэ ахмістрыня, Быццам яна не жывець ў ахвіцыне, Быццам яна немаведама хто, Хочацца сэрцу няведама што. Ўспомніць мамульку, татульку, свой дом, Ўспомніць сябе невялічкую ў ём, Старшага брата і няньку-бабульку, Тэклю, Агатку, Ганульку, Аршульку, Даўных равесьніц… кароўку Рабульку… Дзе яно ўсё? I ня вернеш тых дзён, Зьнікла, як дым, расплылося, як сон!.. Страшна і ўспомніць далёкі той год (Чорным яго называе народ), — Пошасьць з касою па сьвеце хадзіла, Панну Эмілью сіроткай зрабіла, Родных, сямейку зямлёю пакрыла. Доля, няйначай, — ў яе ўсё руцэ: Ўзялі паны гадаваць пры дачцэ. Ўстане, паходзіць і сядзе ізноў, Б’ець у галоўку гарачая кроў; Нейкія ў сэрцы парваліся тамы [2] , Твар то збляднее, то зробіцца ў плямы… Стане прад маткай сьвятой з Вострай Брамы [3] , Просіць: «Прачыстая, згінуць ня дай, Гора адкінь, ад бяды захавай!» Ручкі заломіць, і сьлёзы цякуць… Новыя думкі ізноў набягуць, Жыцьце у людзях сабе выкладае, Цяжкае жыцьце! Хаця спагадае Маткі заступніца — пані старая, Пан як бы родны, — нявесела жыць! Час у жалобе, ў маркоце бяжыць. Хочацца сэрцайку ласкі ня той, — Хочацца спогадзі паньне другой… Тэкля, Аршулька, Ганулька — малжонкі, Шлюбныя носяць на пальцах пярсьцёнкі… Моліцца панна да ўласнай патронкі: — Панна сьвятая, ты неба ўмалі, Вернага друга мне ў жыцьці пашлі! Потым ўсьміхнецца прыгожа… Каму? Ведама — пэўне, яму аднаму… Рожы [4] цьвітуць на бялюсенькім твары, Што ж тут за цуд і чые ж гэта чары? Праўду сказаць? Вінаваты гусары, Ну, хоць ня ўсе, дык, прынамсі, адзін Паньне прычынай маркотных гадзін. Статны, прыгожы, — праўдзівы жаўнер, — Гляне — як сокал! Які ж кавалер! Майстар на жарты які, на хіхоты, Як удаецца ў шабунькі, ў залёты, Лёсткі пушчаць — навучыся ў яго ты! Як ён часамі умее глядзець, Ў танцы які! — не пазволе сядзець! Ручку як сьцісьне, на вуха шапне Слоўца такое, што й сэрца замрэ! Шкода, нядоўга яны пастаялі… Толькі тры тыдні ўсяго балявалі Гэтта ў дварэ і паехалі далей. Рушылі ў Вязьму, а стуль пад Маскву, Чуець паненка, маўляў, наяву, Як прад ад’ездам ён цяжка ўздыхаў; Помніць — навекі аб ёй прысягаў, Як ад’язджаючы, бачыць, скланіўся… Праўда ж? Ці помніць? Ці, можа, забыўся? Любіць? Ня любіць?.. Ў другую ўлюбіўся? Можа, ўдаваў закаханьне на жарт? Трэба аб гэтым спытацца у карт! Праўда, што адвэнт і грэх варажба, Што ж — калі гоніць ў сухоты журба! Бог міласэрны няхай выбачае… Панна Эмілья ў красэлка сядае, Талью картуе, шэсьць карт выкладае, Сёмая карта кладзецца пад ніз. Хітры пасьянс пачынае: «Маркіз». — Любіць? ня любіць? Любіў? не любіў?.. Верным астаўся?.. Ці верным ня быў? — Шэпча паненка. Пасьянс збунтаваўся… Дзе ж той чырвоны кароль падзяваўся? Мусіць, ня любіць!.. Не, гэты ня ўдаўся!.. Іншы спрабую цяпер разлажыць — Час памаленьку бяжыць ды бяжыць. Поўнач прайшла. У дварэ петухі Раз прапяялі з-пад цёплай страхі, Крайчыкам месяц з-за туч выглядае, Панна Эмілья варожб не кідае, Новы, хітрэйшы пасьянс раскладае: — Любіць, ня любіць, любіў, ашукаў, Верным астаўся ці ім не бываў? Рыпнулі дзьверы… I вось на парог… Панначка — зірк! — гэта ж ён, далібог! Палец да губ прылажыў, усьміхнуўся, Дзьверы прымкнуў за сабой, азірнуўся. — Панна чакала, каб я дый вярнуўся? Ціха на пальчыках к ёй падышоў, Дзеўча адразу ня знойдзе і слоў. Потым зьдзіўленьне крыху адышло. — Скуль пан узяўся і што прывяло? — Гэтак пытае. Урода асанны. Сам, як ягнятка, ласкавы, рахманы. — Жыць не магу без каханае панны! Мусіць, нігдзе не спаткаю такой… Дай ты мне шчасьце, вярні мой спакой! Рукі злажыў і на коленкі стаў, К ножкам дзяўчаці галоўкай упаў. Панна Эмілья, смуціўшыся гэтым, Хоча устаць, адхіснуцца, а дзе там! Ён не пушчае і моліць ўсім сьветам: — Будзь гаспадыняй, царыцай маёй, Сэрца зьлячы мне, душу заспакой. Што тут рабіць? Гэта ж могуць пачуць, Потым у вочы усе засьмяюць: Панна уночы госьцяў прымае! Ручкай гусара з кален падымае, Просіць устаць, не крычэць, сунімае, Садзіць у крэсла, прыносіць вады… — Ціха, мой пане, наробіш бяды! Людзі пачуюць, — нічога табе, — Сеў дый паехаў, і сам па сабе. Я ж і назаўтра тут мушу астацца; Будзе ад сораму недзе схавацца, Людзі пачнуць як навокал сьмяяцца: «Ў панны Эмілі ёсьць кавалер». — Хай не сьмяюцца! Бо плакаць, павер, Будуць, паненка, яны над сабой, Покуль гуляю яшчэ з галавой, Покуль ня судзіць мне доля прапасьці, Хіба сама ты захочаш напасьці, Думкі ня споўніш маеі аб шчасьці. Ведай: прыехаў забраць я цябе, Ў разе ж нязгоды — застрэліць сябе. Бачыш, кладу я на стол пісталет: Коркі падняты, набоі як сьлед. Добрая гэта турэцкая штука! Дзед адабраў на вайне ў мамалюка [5] ; Можа, сягоньня прыдасца на ўнука. Воля твая: рассудзі, выбірай, — Шчасьцем дары ці насьмерць пакарай. — Пан, не даеш мне з чаго выбіраць, Я не хачу ні судзіць, ні караць! Як жа так раптам… Ці ж можна, скажэце? То ж не гульня, а мы з панам ня дзеці, — Трэба падумаць яшчэ, паглядзеці. — Панна Эмілія, мне не пярэч! Хіба ня любіш?.. Ня панская рэч! Пану да гэтага дзела няма, Ведаю думкі свае я сама, Можа б, любіла, каб гэтак ня ягліў [6] , Так не пужаў і з адказам ня нагліў [7] , Быў да паненак ня гэтак павадліў, Можа б, тагды і пайшла… А цяпер?! — Панна збляднела, маўляў, бы папер; Хоча сказаць і баіцца сказаць, Вочкі спусьціла, павекі дрыжаць… Той жа гусар, як смала, прычапіўся, Ручку цалуе і з крэсла ўсхапіўся, Зноў на каленях у ног апыніўся. — Слонейка, — просіць, — кажы, не чакай: Ў пекла мне судзіш ці разам у рай? Любіш — ня любіш, шкадуеш ці не, Дай жа спакою, ня мучай мяне! Сэрца паненскае, ведама, з воску, Возьмем мы места ці зьвернемся ў вёску, Толькі б агоньчык і зараз жа сьлёзку, Ясную сьлёзку на вочка пашле, Хоча — ня хоча, дый скажа «але». Гэтак і з паннай Эмільяй было. Нешта ад сэрца к грудзям падышло, Потым у горле клубком перасела, Быццам бы выскачыць сэрца хацела; З вочак сьлязінка скацілась нясьмела, Сьледам другія сьпяшаюць ісьці… — Люблю, — кажа панна, — люблю… адпусьці! Ускочыў, падскочыў гусар малады Так, як бы чорт ад сьвянцонай вады. Рады, сьмяецца і ручкі цалуе, Пусьціць, абніме, ізноў прымілуе, Ну, не раўнуючы, мора хвалюе! Нават апомніцца ёй не дае, Рупіць зьбірацца, капоцік ўзьдзяе. Гасіць лаёўку, вядзець на парог, Клямку шукае… Ды Бог засьцярог: Панна зірнула каханку у вочы, — Так, як вугольлі, гараць сярод ночы… Верыць — баіцца, ня верыць — ня хоча. — Хто тут? — пытае. Ён цягне, маўчыць… Панна ў трывозе тады як ўскрычыць: — Маці Прачыстая! Ў помач прыйдзі! Згінь ты, шатане, — мара, прападзі! Згінь, прападзі ты, нячыстая сіла! — Правай рукою яго ахрысьціла. Чуе: рука, што трымала, пусьціла. Прывід той страшны прапаў ў цемнаце. — Кінь варажыць ў адвантовым пасьце! — Голас чужы з-за дзьвярэй прагрымеў. Панна… прачнулась. Ліхтар абгарэў, Мусіць, даўно дагарэла лаёўка, Смрод у сьвятліцы… балела галоўка, Ціха празь сені прайшла пакаёўка. Стары гадзіньнік паказвае пяць… — Ах, як заспалася!.. Трэба ж так спаць! 1
Адвэнт — калядны пост (каталіцк.).
2
Тамы — перашкоды (польск.).
3
Вядомая каталіцкая ікона ў Вільнюсе.
4
Ружы.
5
Тут у сэнсе: у турэцкага ваякі.
6
Каб гэтак настырна не дамагаўся.
7
Не прысьпешваў (паланізм).
71. Канец Паўлючонка
I
8
Злорачыш — зьневажаеш, праклінаеш (паланізм).
II
9
Райтарада — уцёкі (польск. з фр. мовы).
III
10
Фэбра — ліхаманка, трасца (польск. з лац. мовы).
11
Тайстра — кайстра, торба, клуняк.
IV
72. Шчасьце Мацея
Старадаўная казка
Жыў сабе ў сяле Мацей, Меў шасьцёра ён дзяцей, Сядзеў, бедны, без работы, Бо ня меў к таму ахвоты. Красьці ён высьцерагаўся, Знаць, астрога крат баяўся, А шасьцёрка дзетак плача, Трэба хлеба ім, аднача. Вось ад гэтае нядолі, Каб ня чуці стогнаў болей, Рушыў раз Мацей ў дарогу Проста ў рай, к Самому Богу. Ўздумаў праўды дапытацца, Што рабіць, за што узяцца? Брыў ці многа ён, ці мала, Ў лес густы яго прыгнала. Паўдня, мусіць, йшоў па лесе Ды зблудзіўся, нос павесіў, Сеў пад дрэвам і чакае, Можа, пройдзе хто. Гукае. Толькі ўчуў ён: нехта едзе; Лес трашчыць, як ад мядзьведзя, Конь капытам так грукоча… Уцячы Мацейка хоча, Хоча ўстаць — ніяк ня можа… — Вось бяда дзе, моцны Божа! Зьліўся потам ўвесь, трасецца… Бачыць — сьвет к яму нясецца: Бяжыць ясны, пекны конь, Ўвесь гарыць, маўляў агонь, Збруя белая раменна, Ўбрана ў золаце адменна; На кані, узяўшысь ў бокі, Чалавек сядзіць высокі, Пекна надта прыадзеты, Але быццам з таго сьвету. Вось узьехаў на паляну, Дзе сядзеў Мацей зьляканы, Конь спыніўся, стаў, чакае, З воч яго агонь шугае. «Што сядзіш тут, маладзец? — Так спытаўся той язьдзец. — Куды брыў, на што сабраўся?» Мацей духу тут набраўся, Зірнуў проста на яздца: «Ў імя Сына і Айца!!! Сьвяты Юр’я, пэўне, гэта: Такі з твару, так адзеты, Як я бачыў на абразу!» Пасьмялеў Мацей адразу Дый прамовіў да сьвятога: «Я — Мацей з Бару Крутога, Шмат дзяцей, паночку, маю, А карміць іх чым — ня знаю. Працаваў бы — не здалеці, Бо гультай я ў гэтым сьвеце! Красьці? — краў бы, дык баюся, Бо, крый Божа, пападуся Да пачцівых як людзей, Так паходзяць ля грудзей, Што жыць стане неахвота! Вось такія мне клапоты. Я і думаў, як мне быць, Дзе спакой сабе здабыць? Не дайшоў сам да нічога, А надумаўся — да Бога Я пайду і запытаю, Што рабіць на сьвеце маю? Ды у лесе во зблукаўся, Начаваць у ім сабраўся… Вы ж, паночак, быць павінна, Ў неба едзеце ў гасьціны? Дык мне ласку там зрабіце, Аба мне ўсё раскажыце I аб дзетках маіх разам; Што там скажуць? З пераказам Сюды едзьце проста ў лес». «Добра, добра, я увесь Для цябе гатоў служыць! Як мне толькі не забыць Тое ўсё, што ты казаў? Я б паяс расьперазаў На ўспамін, — дык меч спадзе, Што параіш у бядзе?» «Эт, панок! Я спосаб знаю, — Простым розумам параю: Каб вам мець перасьцярогу, Не забыцца б ў Пана Бога, — Адно стрэмя залатое Вы пакіньце мне на тое, Помніць будзеце ўвесь час, Што я тут чакаю вас». «Добра, розуму бярэмя Маеш, чалавеча! Стрэмя На, вазьмі маё; сядзі Ды чакай мяне, глядзі!» I, Мацею стрэмя даўшы, Сам паехаў, паскакаўшы Зноў па лесе на каню… Бляск ідзе, маўляў з агню, Зьзяе стрэмя залатое. «Вот бы мне яшчэ другое! — Гэтак думае Мацей. — Было б хлеба для дзяцей». (Ўзрос Мацей і жыў бяз цноты, Не было бацьком турботы, — Дык ня дзіва, што лазаты, Бэльзэбула сын рагаты, З гэткай думкай падступіў, А Мацей яе ўхапіў.) Потым стрэмя закапаў, Палажыўся і праспаў Аж да заўтра, да паўдня… Пралупіўшы толькі вочы, Чуе: конь ізноў грукоча. Сьвяты Юр’я то нясецца, Мацей ў вус сабе сьмяецца. Многа часу не чакаў, Хутка Юры прыскакаў; Конь пад ім гуляе, скача. «Ну, ты слухай, небарача: Аб табе з тваёю справай Я ў абедзе за расправай Богу ўсё як ёсьць сказаў; Пастараўся, як зьвязаў, I як ты жывеш, гаруеш I зь дзяцьмі сваймі бядуеш; Як галаву сваю ламаеш I які ты розум маеш! Так казаў, што ледзь-ня ледзь Сам ня плакаў. Адпаведзь Бог такую табе даць Меў мне міласьць прыказаць: Красьці — гэта грэх! Глядзі, Ты ніколі не крадзі! Калі ж будзеш ты што браць У людзей, то, каб аддаць, Надта рупіцца ня трэба, От і будзеш меці хлеба. А то часам і саўсім Не аддай нічога ім: Я ня ведаю, ня браў… Калі ж будуць набівацца, Ты ня бойся адпірацца, Шчасьце знойдзеш так сваё. А цяперака маё Стрэмя зноў ты мне зьвярні». «Стрэмя?! Я яго ня браў! Хіба ж пан мне аддаваў?!» — «Ану, як жа, — можа, не?» — «Не давалі, панок, мне! Мо’ ў дарозе дзе згубілі, Мо’ саўсім бяз стрэмя былі?..» «Не кажы, Мацей, пустога, Свайго стрэмя залатога Я ніколі не губіў; Я пакінуў, як тут быў, Ды ад’язджаць ўжо зьбіраўся». А Мацейка не спужаўся: «Ясны пане, мяне маці Не вучыла, каб ілгаці, I калі я вам сказаў, Стрэмя вашага ня браў, — Значыць, так яно і ёсьць, Дайце веры, ваша мосьць». Так Мацей выпрысягаўся. Сьвяты Юры паспрачаўся, Потым бачыць, што дарма Тут стаяці, што няма Ўжо ніякае надзеі Вярнуць стрэмя ад Мацея, Уздыхнуў дый кажа ціха: «Ну, ня жычу табе ліха, Бог з табою… Спажывай! Дробных дзетак паднімай, Хоць… Папраўдзе… Каб я знаў, Стрэмя б мо’ табе ня даў». I, сказаўшы так, сьвяты Паскакаў у лес густы. Мацей стрэмя адкапаў Дый за пазуху схаваў I пайшоў сабе дахаты I вясёлы, і багаты. Як ён сьцежачку знайшоў, Як дадому ён прыйшоў, Як далей ён сабе жыў, З кім сварыўся, з кім дружыў, Які ў жыцьцю меў ён цэль — Я ня ведаю. «Круцель!» — На яго казалі людзі. Хай і гэтак сабе будзе! Мне ж, калі так ваша ласка, За маю за гэту казку Чару мёду паднясіце Ды закускаю дарыце.
Поделиться с друзьями: