Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
Шрифт:

Цяпер, пасля знаёмства з адным з яго твораў, Мiканор Iванавiч засумаваў, уявiў жанчыну на каленях, з сiратамi на дажджы, i мiжволi падумаў: "А гэты Куралесаў усё ж тып!"

А той усё мацней i мацней каяўся i зусiм заблытаў Мiканора Iванавiча, таму што раптам пачаў звяртацца да некага, каго на сцэне i не было, i за гэтага адсутнага сам i адказваў, i называў сябе то "гасударам", то "баронам", то "бацькам", то "сынам", то на "вы", то на "ты".

Мiканор Iванавiч зразумеў толькi адно, што памёр артыст нядобраю смерцю, закрычаўшы напаследак: "Ключы! Ключы мае!" - пасля гэтага ўпаў на падлогу,

хроп i асцярожна зрываў з сябе гальштук.

Пасля таго як памёрлы Куралесаў абтрос пыл з фрачных штаноў, пакланiўся, усмiхнуўся фальшываю ўсмешкаю i пайшоў пад слабенькiя апладысменты, канферансье загаварыў:

– Мы з вамi паслухалi ў цудоўным выкананнi Савы Патапавiча "Скупога рыцара". Гэты рыцар спадзяваўся, што лёгкiя нiмфы збягуцца да яго i адбудзецца яшчэ многа прыемнага. Але, як бачыце, нiчога не здарылася, нiякiя нiмфы не збеглiся да яго, а музы не прынеслi яму данiны, палацаў ён нiякiх не пабудаваў, а наадварот, скончыў вельмi дрэнна, памёр к д'яблу ад iнсульта на сваёй скрынцы з валютаю i камянямi. Папярэджваю вас, што i з вамi можа здарыцца нешта такое, а то i горшае, калi вы не здасце валюту!

Паэзiя Пушкiна зрабiла гэтакае ўражанне цi празаiчная прамова канферансье, але нечакана з залы пачуўся сарамлiвы голас:

– Я здаю валюту!

– Калi ласка, прашу на сцэну!
– ветлiва запрасiў канферансье, углядаючыся ў цёмную залу.

I на сцэне апынуўся маленькага росту бялявы грамадзянiн, якi з выгляду не браў ужо тры тыднi ў рот.

– Вiнаваты, як ваша прозвiшча?
– папытаўся канферансье.

– Канаўкiн Мiкалай, - сарамлiва абазваўся незнаёмы.

– А! Вельмi прыемна, грамадзянiн Канаўкiн, ну?

– Здаю!
– цiха сказаў Канаўкiн.

– Колькi?

– Тысячу даляраў i дваццаць залатых дзесятак.

– Брава! Усё, што маеце?

Вядучы праграмы паглядзеў у вочы Канаўкiну, i Мiканору Iванавiчу здалося нават, што з гэтых вачэй пырснулi промнi, якiя пранiзалi Канаўкiна наскрозь, нiбы рэнтгенаўскiя. У зале перасталi нават дыхаць.

– Веру!
– нарэшце ўскрыкнуў артыст i патушыў свой позiрк.
– Веру! Гэтыя вочы не хлусяць. Колькi ж я вам гаварыў, што асноўная ваша памылка заключаецца ў тым, што вы недаацэньваеце значэння чалавечага позiрку. Зразумейце, язык можа ўтоiць праўду, а вочы - нiколi! Вам задаюць нечаканае пытанне, вы нават не ўздрыгваеце, iмгненна авалодваеце сабою i ведаеце, што трэба сказаць, каб утаiць праўду, i пераканаўча гаворыце, i нiводная маршчынка на вашым твары не здрыганецца, але ўстрывожаная пытаннем iсцiна на iмгненне скача з дна душы ў вочы, i ўсё скончана. Яна заўважана, а вы злоўлены!

Артыст прамовiў гэта палымяна i пераканаўча, ласкава пацiкавiўся ў Канаўкiна:

– А дзе ж схаваныя?

– У маёй цёткi, Парахоўнiкавай, на Прачысцiнцы...

– А! Гэта... пачакайце... гэта ў Клаўдзii Iльiнiчны?

– Ага.

– Ах, ну, ну, ну, ну! Такi маленькi асабнячок? Насупраць яшчэ агародчык? Ведаю, а як жа! А куды вы iх там запхнулi?

– У пограбе, у каробцы з-пад Эймена...

Артыст успляснуў рукамi.

– Цi бачылi вы нешта падобнае?
– ускрыкнуў ён засмучана.
– Ды яны там заплеснеюць, адсырэюць! Ну цi можна такiм людзям давяраць валюту?! Га? Ну зусiм як дзецi, дальбог!

Канаўкiн, i сам зразумеўшы, што нарабiў i як праштрафiўся, панурыў чубатую галаву.

– Грошы, - працягваў артыст, - павiнны захоўвацца ў дзяржбанку, у спецыяльных сухiх i ахоўваемых памяшканнях, а не ў цётчыных паграбах, дзе iх могуць, напрыклад, папсаваць пацукi! Дальбог, сорамна, Канаўкiн! Вы ж дарослы чалавек.

Канаўкiн

ужо не ведаў, куды i дзецца, толькi i мог калупаць пальцам абшлаг свайго пiнжака.

– Ну, добра, - злiтаваўся артыст, - хто старое ўспомнiць...
– i раптам дадаў нечакана: - Ага, дарэчы: за адзiн заход, каб машыну дарэмна не ганяць... у цёткi ў самое таксама нешта ёсць? Га?

Канаўкiн не чакаў такога павароту, разгубiўся, i ў тэатры настала маўчанне.

– Э-э, Канаўкiн, - з ласкавым дакорам сказаў канферансье, - а я яго яшчэ i пахвалiў! Вось табе i маеш, узяў ды i схаваў нi з таго нi з сяго! Глупства гэта, Канаўнiк! Я што гаварыў пра вочы? Вiдаць жа, што ў цёткi ёсць. Навошта вы дарэмна нас мучыце?

– Ёсць!
– па-залiхвацку крыкнуў Канаўкiн.

– Брава!
– крыкнуў канферансье.

– Брава!
– зараўла зала.

Калi ўсё сцiхла, канферансье павiншаваў Канаўкiна, пацiснуў яму руку, прапанаваў адвезцi на машыне ў горад i ў той жа машыне загадаў некаму ў кулiсах заехаць па цётку i запрасiць яе ў жаночы тэатр на праграму.

– Ага, я хацеў спытацца, не гаварыла цётка, дзе хавае сваё?
– пацiкавiўся канферансье, паслужлiва прапаноўваючы папяроску i запаленую запалу. Той запалiў i неяк сумна ўсмiхнуўся.

– Веру, веру, - уздыхнуў i адазваўся артыст, - гэта старая качарга не толькi сваяку, чорту не скажа пра такое. Ну што ж, паспрабуем абудзiць у ёй чалавека. Можа, яшчэ не ўсе струны пагнiлi ў яе лiхвярскай душы. Усяго добрага, Канаўкiн!

I шчаслiвы Канаўкiн паехаў. Артыст спытаў, цi няма жадаючых здаць валюту, але атрымаў у адказ маўчанне.

– Дальбог, дзiвакi, - пацiснуўшы плячыма, прамовiў артыст, i заслона схавала яго.

Патухлi лямпачкi, было цёмна, i з цемры быў чуваць тэнар, якi спяваў:

"Там груды золота лежат, и мне они принадлежат!"

Потым аднекуль здалёк двойчы пачулiся апладысменты.

– У жаночым тэатры дамачка нейкая здае, - нечакана загаварыў рыжы барадаты сусед Мiканора Iванавiча, уздыхнуў i дадаў: - Эх, каб не мае гусi! У мяне, дарагi мой чалавеча, байцовыя гусi ў Лiкнозаве. Здохнуць, баюся, без мяне. Птушка баявая, далiкатная, патрабуе догляду... Эх, каб не гусi!.. Пушкiным мяне не проймеш, - i ён зноў уздыхнуў.

Тут зала асвятлiлася, i Мiканору Iванавiчу пачало снiцца, што з усiх дзвярэй у залу пасыпалiся кухары ў белых каўпаках з рознымi лыжкамi ў руках. Кухарчукi ўцягнулi ў залу чан з супам i латок з нарэзаным чорным хлебам. Гледачы ажывiлiся. Вясёлыя кухары снавалi мiж тэатраламi, налiвалi суп у мiскi i раздавалi хлеб.

– Абедайце, хлопцы, - крычалi кухары, - i здавайце валюту! Чаго вам тут дарэмна сядзець? Ахвота вам сёрбаць гэтую баланду. Паехаў дадому, выпiў як след, добра закусiў!

– Ну чаго ты тут, напрыклад, сядзiш, бацька?
– звярнуўся непасрэдна да Мiканора Iванавiча тоўсты, з малiнавай шыяй кухар, працягваючы яму мiску, дзе ў полiўцы плаваў адзiн капусны лiст.

– Няма! Няма! Няма ў мяне!
– страшным голасам закрычаў Мiканор Iванавiч. Разумееш, няма!

– Няма?
– грозным басам зароў кухар.
– Няма?
– жаночым ласкавым голасам папытаўся ён.
– Няма, няма, - дабрадушна замартымаў i ператварыўся ў фельчарыцу Праскоўю Фёдараўну.

Яна ласкава штурхала Мiканора Iванавiча, якi стагнаў спрасонку. Тады знiклi кухары i развалiўся тэатр з заслонаю. Мiканор Iванавiч скрозь слёзы разгледзеў свой пакой у бальнiцы i двух у белых халатах, але не нахабных кухараў, якiя лезлi да людзей са сваiмi парадамi, а доктара i тую ж Праскоўю Фёдараўну, якая трымала ў руках не мiску, а талерачку, на якой ляжаў прыкрыты марляй шпрыц.

Поделиться с друзьями: