Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
Шрифт:
– Я памыляўся!
– крычаў зусiм ахрыплы Левiй.
– Ты бог злосцi, а не дабра! Цi табе засцiў вочы дым ад куродымнiц у храмах, а вушы твае ўжо нiчога не чуюць, акрамя папоўскiх трубных галасоў? Ты не ўсемагутны бог. Ты чорны бог. Пракляцце табе, бог бандытаў, iхнi абаронца i iх душа!
I тут нешта павеяла ў твар былому зборшчыку падаткаў i шорхнула ў яго пад нагамi. Павеяла яшчэ раз, i тады Левiй расплюшчыў вочы i ўбачыў, што ўсё навокал, цi ад яго праклёнаў, цi з-за нечага iншага, перамянiлася. Знiкла сонца, якое гэтак i не дайшло да мора, у якiм танула штовечар. Навальнiчная хмара праглынула яго i ўставала з захаду грозна i няўмольна. Краi хмары ўжо закiпалi белаю пенаю, чорнае дымнае чэрава адсвечвала жаўцiзною.
Левiй паглядзеў на падножжа ўзгорка, на тое месца, дзе стаяў рассыпаны кавалерыйскi полк, i заўважыў, што там адбылiся вялiкiя перамены. З вышынi Левiю добра было вiдаць, як салдаты мiтусiлiся, вырывалi з зямлi пiкi, ахiлялiся плашчамi, каняводы подбегам спяшалiся да дарогi з варанымi коньмi на павадах. Полк ад'язджаў, гэта было зразумела. Левiй прыкрываў твар ад пылу, пляваўся i стараўся здагадацца, што гэта значыць, калi кавалерыя збiраецца ад'язджаць? Ён перавёў позiрк вышэй i ўгледзеў маленькую постаць у барвовай вайсковай хламiдзе, якая ўзыходзiла да пляцоўкi, на якой адбывалася пакаранне. I тут прадчуванне радаснага канца пахаладзiла сэрца былога зборшчыка падаткаў.
Той, хто ўзыходзiў на гару на пятай гадзiне пакут асуджаных, быў камандзiр кагорты, якi прыехаў з Ершалаiма ў суправаджэннi ардынарца. Салдацкi ланцуг па камандзе Крысабоя разамкнуўся, i кентурыён адсалютаваў трыбуну. Той адвёў убок Крысабоя i нешта шапнуў яму. Кентурыён другi раз адсалютаваў i рушыў да групкi катаў, якiя сядзелi на камянях ля слупоў. Трыбун сам накiраваўся да таго, хто сядзеў на трохногай табурэтцы, i чалавек ветлiва ўстаў насустрач трыбуну. I яму штосьцi цiха сказаў трыбун, i яны абодва падышлi да слупоў. Да iх далучыўся i начальнiк храмавай варты.
Крысабой гiдлiва зiрнуў на брудныя анучы, якiя ляжалi на зямлi ля слупоў, тое, што нядаўна было адзеннем злачынцаў, ад якога адмовiлiся каты, паклiкаў двух i загадаў:
– За мною!
З блiжэйшага слупа чулася хрыплая незразумелая песенька. Павешаны на iм Гестас на трэцяй гадзiне звяр'яцеў ад мух i ад сонца, i цяпер нешта цiхенька спяваў пра вiнаград, але галавой, якая была прыкрыта чалмою, зрэдку варушыў, i тады мухi нехаця ўзляталi з твару i потым зноў садзiлiся назад.
Дзiсмас на другiм слупе пакутаваў болей за астатнiх, таму што не трацiў прытомнасцi, i ён размерана матляў галавой у бакi, каб вухам даставаць да пляча.
Шчаслiвейшы быў Iешуа. На першай гадзiне ў яго пачалiся вобмаракi, а потым ён i зусiм самлеў, звесiў галаву ў развязанай чалме. Мухi i слепакi ўшчэнт абляпiлi яго, гэтак, што i твару не было вiдаць пад чорнай масай, якая варушылася. На пахвiне, на жываце, пад пахамi сядзелi тлустыя слепакi i ссалi жоўтае голае цела.
Падпарадкуючыся загаду чалавека ў башлыку, адзiн з катаў узяў кап'ё, а другi прынёс да слупа вядро з вадой i губку. Першы кат падняў кап'ё i пастукаў iм спачатку па адной, потым па другой руцэ Iешуа. Рукi былi выпрастаны i прывязаны да папярэчыны на слупе. Цела здрыганулася худымi рабрынамi. Кат правёў кончыкам кап'я па жываце. Iешуа падняў галаву, мухi загулi, узляцелi, адкрыўся твар павешанага, распухлы ад укусаў, з заплыўшымi вачыма, твар, якi нельга было пазнаць.
Га-Ноцры разляпiў павекi i зiрнуў унiз. Вочы ў яго, заўсёды ясныя, цяпер
былi каламутныя.– Га-Ноцры!
– сказаў кат.
Га-Ноцры паварушыў распухлымi губамi i адазваўся хрыплым бандыцкiм голасам:
– Чаго ты хочаш? Чаго прыйшоў да мяне?
– Пi!
– сказаў кат, i набрынялая ад вады губка на вастрыi кап'я прытулiлася да губ Iешуа.
Радасць блiснула ў яго ў вачах, ён прыпаў да губкi i прагна пачаў смактаць ваду. З суседняга слупа пачуўся голас Дзiсмаса:
– Несправядлiва! Я гэтакi ж бандыт, як i ён.
Дзiсмас напружыўся, але паварушыцца не змог, яго рукi ў трох месцах на перакладзiне былi прывязаны вяроўкамi. Ён уцягнуў жывот, пазногцямi ўпiўся ў канцы перакладзiны, галава была павернута да слупа, на якiм быў Iешуа, злосць палала ў Дзiсмасавых вачах.
Пыльная хмара закрыла пляцоўку, моцна пацямнела. Калi пыл праляцеў, кентурыён крыкнуў:
– Маўчаць на другiм слупе!
Дзiсмас змоўк. Iешуа адарваўся ад губкi, намогся, каб голас прагучаў ласкава i пераканаўча, але не змог, i хрыпла папрасiў у ката:
– Дай яму напiцца.
Рабiлася ўсё цямней. Хмара ўжо ахапiла паўнеба, iмкнула на Ершалаiм, белыя воблакi закiпалi i iмчалiся паперадзе напоенай чорнай вiльгаццю i агнём хмары. Блiснула i грымнула над самым узгоркам. Кат зняў губку з кап'я.
– Праслаўляй высакароднага iгемона!
– урачыста прамовiў ён i цiхенька кальнуў Iешуа ў сэрца.
Той здрыгануўся, шапнуў:
– Iгемон...
Кроў пацякла ў яго па жываце, нiжняя скiвiца сутаргава ўздрыгнула, i галава абвiсла.
У час другое грымоты кат паiў ужо Дзiсмаса i з тымi самымi словамi:
– Праслаўляй iгемона!
– забiў i яго.
Звар'яцелы Гестас спалохана ўскрыкнуў, як толькi кат апынуўся ля яго, але калi губка дакранулася да яго губ, нешта забурчаў, упiўся ў яе зубамi. Праз некалькi хвiлiн абвiсла i яго цела, як толькi дазвалялi вяроўкi.
Чалавек у башлыку iшоў услед за катам, а за iм начальнiк храмавай варты. Чалавек у башлыку спынiўся ля першага слупа, уважлiва агледзеў скрываўленага Iешуа, дакрануўся белай рукою да ступака i сказаў спадарожнiкам:
– Мёртвы.
Тое ж самае паўтарылася i каля двух астатнiх слупоў. Пасля гэтага трыбун падаў знак кентурыёну, завярнуўся i пачаў сыходзiць з вяршынi разам з начальнiкам храмавай варты i чалавекам у башлыку. Зрабiлася змрочна, маланкi кроiлi неба. З яго раптам палыхнула агнём, i крык кентурыёна "Здымай ланцуг!" патануў у грымотах. Шчаслiвыя салдаты кiнулiся бегчы з узгорка i надзявалi шлемы. Цемра накрыла Ершалаiм.
Лiвень абрынуўся нечакана i заспеў кентурыi на паўдарозе на ўзгорку. Вада лiлася гэтак, што, калi салдаты беглi ўнiз, наўздагон iм ужо ляцелi бурлiвыя раўчукi. Салдаты слiзгалiся i падалi на размоклай глiне, спяшалiся да роўнае дарогi, па якой - ужо ледзь бачная скрозь дождж, - прамоклая ўшчэнт, уваходзiла ў Ершалаiм кавалерыя. Праз некалькi хвiлiн у дымным варыве навальнiцы, вады i агню на ўзгорку застаўся толькi адзiн чалавек. Ён пагражаў недарэмна ўкрадзеным нажом, зрываўся са слiзкiх выступаў, чапляўся за што толькi можна было зачапiцца, часам поўз на каленях, - ён iмкнуўся да слупоў. Ён то знiкаў у суцэльнай iмгле, то раптам асвятляўся дрыготкiм святлом.
Як толькi дабраўся да слупоў, ужо па костачкi ў вадзе, ён скiнуў з сябе цяжкi, набрынялы ад вады талiф, застаўся ў адной кашулi i прыпаў да ног Iешуа. Ён перарэзаў вяроўкi на нагах, узлез на нiжнюю папярочку, абняў Iешуа i вызвалiў яго рукi ад верхнiх вяровак. Голае мокрае цела Iешуа ўпала на Левiя i павалiла яго на зямлю. Левiй хацеў адразу ўскiнуць яго на плечы, але нейкая думка затрымала яго. Ён пакiнуў на зямлi ў вадзе цела нябожчыка з адкiнутай галавой i раскiнутымi ў бакi рукамi i пабег да астатнiх слупоў. Ногi ў яго раз'язджалiся на мокрай глiне. Ён перарэзаў вяроўкi i на астатяiх слупах, i два целы ўпалi на зямлю.