Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
Шрифт:

Праз некалькi хвiлiн на вяршынi ўзгорка засталiся толькi гэтыя два целы i тры пустыя слупы. Вада гнала i пераварочвала нябожчыкаў.

Нi Левiя, нi цела Iешуа на вяршынi ўзгорка ў гэты час ужо не было.

Раздзел 17

ТУРБОТНЫ ДЗЕНЬ

Ранiцай у пятнiцу, гэта значыць назаўтра пасля праклятага сеанса, увесь штат служачых Вар'етэ - бухгалтар Васiль Сцяпанавiч Ластачкiн, два рахункаводы, тры машынiсткi, абедзве касiршы, кур'еры, капельдынеры i прыбiральшчыцы, - адным словам усе, хто быў тут, не займалiся справаю кожны на сваiм месцы, а ўсе сядзелi на падаконнiках вокнаў, якiя выходзiлi на Садовую, i глядзелi на тое, што рабiлася пад сцяною Вар'етэ. Пад гэтаю сцяною ў два рады ляпiлася шматтысячная чарга, хвост якой

быў ажно на Кудрынскай плошчы. У пачатку гэтае чаргi стаялi дзесяткi два добра вядомых усёй тэатральнай Маскве перакупшчыкаў.

Чарга паводзiла сябе ўсхвалявана, прыцягвала да сябе ўвагу грамадзян, якiя цяклi паўз яе, i абмяркоўвала спакуслiвыя расказы пра ўчарашнi небывалы сеанс чорнае магii. Гэтыя расказы ўшчэнт збянтэжылi бухгалтара Васiля Сцяпанавiча, якi на спектаклi не быў. Капельдынеры расказвалi чортведама што, а таксама i пра тое, як пасля сеанса некаторыя грамадзяне ў непрыстойным выглядзе бегалi па вулiцы, i яшчэ, i яшчэ... Сцiплы i цiхi Васiль Сцяпанавiч толькi вачыма лыпаў, слухаючы гэтыя расказы пра ўсе тыя дзiвосы, i канчаткова не ведаў, што яму рабiць, а рабiць нешта трэба было, i рабiць яму, бо цяпер ён быў сама старшы з усяе каманды ў Вар'етэ.

Пад дзесяць гадзiн ранiцы чарга гэтак разбрыняла, што пра яе дайшлi чуткi да мiлiцыi, i надзiва хутка былi прысланы не толькi пешыя, але i конныя нарады, якiя гэтую чаргу крыху давялi да ладу. Аднак i гэтая ўпарадкаваная вужака, даўжынёю з добры кiламетр, сама па сабе была спакуслiвая i здзiўляла грамадзян на Садовай.

Гэта звонку, а ў самiм Вар'ерэ таксама не было ладу. З самага ранку пачалi званiць бесперастанку тэлефоны ў кабiнеце ў Лiхадзеева, у кабiнеце ў Рымскага, у бухгалтэрыi, у касе i ў кабiнеце ў Варэнухi. Васiль Сцяпанавiч спачатку нешта спрабаваў адказваць, адказвала i касiрка, мармыталi нешта ў слухаўку капельдынеры, а потым i яны перасталi адказваць, таму што на пытаннi, дзе Лiхадзееў, Варэнуха, Рымскi, адказаць было немагчыма. Спачатку паспрабавалi адгаварыцца "Лiхадзееў дома", а з горада адказвалi, што тэлефанавалi дадому i што там адказваюць, што Лiхадзееў у Вар'етэ. Патэлефанавала ўсхваляваная панi, пачала патрабаваць Рымскага, ёй параiлi патэлефанаваць жонцы, у адказ слухаўка заплакала i адказала, што яна i ёсць яго жонка i што Рымскага няма нiдзе. Усчалося чортведама што. Прыбiральшчыца ўжо расказала ўсiм, што калi зайшла ў кабiнет фiндырэктара, каб прыбраць, убачыла, што дзверы адчынены насцеж, лямпы гараць, акно ў сад пабiта, крэсла валяецца на падлозе i няма нiкога.

На пачатку адзiнаццатае гадзiны ўварвалася ў Вар'етэ панi Рымская. Яна плакала i заломлiвала рукi. Васiль Сцяпанавiч зусiм разгубiўся i не ведаў, што параiць. А палове адзiнаццатае з'явiлася мiлiцыя. Першае i зусiм правамернае пытанне было:

– Што тут у вас, грамадзяне, адбываецца? Што здарылася?

Каманда падалася назад, выставiла наперад збялелага i ўсхваляванага Васiля Сцяпанавiча. Давялося гаварыць тое, што ёсць, прызнацца, што адмiнiстрацыя Вар'етэ, якую ўвасаблялi дырэктар, фiндырэктар i адмiнiстратар, знiкла i дзе знаходзiцца - невядома, што канферансье пасля ўчарашняга сеанса завезлi ў псiхiятрычную бальнiцу i што, калi коратка сказаць, учарашнi сеанс быў скандальны сеанс.

Заплаканую панi Рымскую як маглi супакоiлi, адправiлi дадому i больш за ўсё зацiкавiлiся расказам прыбiральшчыцы пра тое, якi быў кабiнет фiндырэктара, калi яна зайшла. Служачых папрасiлi разысцiся на свае месцы i пачаць работу, i хутка ў памяшканнi Вар'етэ з'явiлася следства з вастравухiм, мускулiстым, пад колер папяроснага попелу сабакам з надзвычай разумнымi вачыма. Служачыя Вар'етэ адразу пачалi шушукацца, што сабака той самы знакамiты Тузбубен. Вядома, гэта быў ён. Яго паводзiны здзiвiлi ўсiх. Як толькi Тузбубен убег у фiндырэктарскi кабiнет, адразу загырчаў, выскалiў страшныя жаўтаватыя iклы, потым лёг на жывот, з нейкiм сумам i лютасцю ў вачах папоўз да выбiтага акна. Пераадолеў

страх, раптоўна ўскочыў на падаконнiк, задраў угору вострую морду, люта i злосна завыў. Ён не хацеў пакiдаць акно, гырчаў i ўздрыгваў, парываўся саскочыць унiз.

Сабаку вывелi з кабiнета i пусцiлi ў вестыбюлi, адтуль ён выйшаў праз галоўны ўваход на вулiцу i прывёў следства да таксаматорнага прыпынку. Каля яго ён след, па якiм iшоў, згубiў. Пасля гэтага Тузабубена адвезлi.

Следства размясцiлася ў кабiнеце ў Варэнухi, куды i пачало па чарзе выклiкаць тых служачых у Вар'етэ, якiя ўчора былi сведкамi здарэнняў на вячэрнiм спектаклi. Варта адзначыць, што следству на кожным кроку даводзiлася пераадольваць непрадбачаныя цяжкасцi. Нiтачка рвалася i рвалася ў руках.

Афiшы былi? Былi. Але за ноч iх пазаклейвалi новымi, i цяпер няма нiводнае, хоць ты забiся. Адкуль узяўся гэты самы маг? Бог яго ведае. Атрымлiваецца, з iм быў заключаны дагавор?

– Павiнен, - адказаў усхваляваны Васiль Сцяпанавiч.

– А калi быў дагавор, то ён павiнен прайсцi праз бухгалтэрыю.

– Абавязкова, - адказаў усхвалявана Васiль Сцяпанавiч.

– Дык дзе ж ён?

– Няма, - адказаў бухгалтар, яшчэ больш пабялеў i развёў рукамi.

I сапраўды, нi ў папках у бухгалтэрыi, нi ў фiндырэктара, нi ў Лiхадзеева, нi ў Варэнухi i следу дагавора няма.

Якое прозвiшча ў гэтага мага? Васiль Сцяпанавiч не ведае, ён учора не быў на сеансе. Капельдынеры не ведаюць, бiлетная касiрка моршчыла лоб, моршчыла, думала-думала, нарэшце сказала:

– Во... Здаецца, Воланд.

А магчыма, i не Воланд? Магчыма, што i не. Магчыма, Фоланд.

Высветлiлася, што ў замежным бюро нi пра якога мага Воланда, а таксама i пра Фоланда i чуць нiчога не чулi.

Кур'ер Карпаў паведамiў, што нiбыта гэты самы маг спынiўся на кватэры ў Лiхадзеева. На кватэру, вядома ж, адразу з'ездзiлi. Нiякага мага там не аказалася. Самога Лiхадзеева таксама няма. Хатняе работнiцы Грунi няма, i нiхто не ведае, дзе яна дзелася. Старшынi праўлення Мiканора Iванавiча няма, Пролежнева няма!

Атрымлiвалася нешта зусiм несусветнае - знiкла ўся галоўка адмiнiстрацыi, учора адбыўся дзiўны скандальны сеанс, а хто яго арганiзаваў i па чыёй падказцы - невядома.

А час iшоў, наблiжаўся поўдзень, калi павiнна адчынiцца каса. Але пра гэта i гаворкi быць не можа! На дзвярах Вар'етэ неадкладна павесiлi вялiзны кавалак кардону з надпiсам: "Сёння спектакль адмяняецца". У чарзе пачалося хваляванне, з галавы спачатку, але чарга пахвалявалася-пахвалявалася i пакрысе пачала распадацца, i прыкладна праз гадзiну ад яе i следу не засталося. Следства паехала працягваць работу ў iншым месцы, служачых адпусцiлi, пакiнулi толькi дзяжурных, i дзверы Вар'етэ замкнулi.

Бухгалтару Васiлю Сцяпанавiчу тэрмiнова трэба было выканаць два заданнi. Першае, з'ездзiць у Камiсiю вiдовiшчаў i забаў аблегчанага тыпу з дакладам пра ўчарашнiя здарэннi, другое - пабыць у фiнглядацкiм сектары, каб здаць учарашнюю выручку - 21 711 рублёў.

Акуратны i паслухмяны Васiль Сцяпанавiч запакаваў грошы ў газетную паперу, вяровачкаю перавязаў пакет накрыж, паклаў яго ў партфель i, згодна з iнструкцыяй, вядома ж, пайшоў не на аўтобус, а на таксаматорны прыпынак.

Як толькi шафёры трох машын угледзелi чалавека з туга напакаваным партфелем, якi спяшаўся на прыпынак, усе трое з-пад самага носа паехалi ўпустую ды яшчэ чамусьцi i злосна азiралiся.

Уражаны гэтай акалiчнасцю, бухгалтар доўга стаяў слупком, не мог зразумець, што гэта магло абазначаць.

Хвiлiны праз тры пад'ехала парожняя машына, i твар у шафёра адразу скрывiўся, як толькi ён убачыў пасажыра.

– Машына свабодная?
– здзiўлена кашлянуў i спытаўся Васiль Сцяпанавiч.

– Грошы пакажыце, - злосна сказаў шафёр i не глянуў на пасажыра.

Бухгалтар, усё болей i болей нiчога не разумеючы, цiснуў партфель пад пахай, дастаў з кашалька чырвонец i паказаў шафёру.

Поделиться с друзьями: