Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
Шрифт:
– Ну-с, Мiканор Iванавiч, пакажыце нам прыклад, - задушэўна загаварыў малады артыст, - i здавайце валюту.
Наступiла цiшыня. Мiканор Iванавiч перавёў дух i загаварыў цiха:
– Богам клянуся, што...
Але не ўспеў ён прамовiць гэтыя словы, як уся зала абурана закрычала. Мiканор Iванавiч разгубiўся i замоўк.
– Як я вас зразумеў, - загаварыў вядучы праграмы, - вы хацелi паклясцiся богам, што ў вас няма валюты?
– i ён спачувальна паглядзеў на Мiканора Iванавiча.
– Так точна, няма, - адказаў Мiканор Iванавiч.
– Так, - адазваўся артыст, - тады прабачце за нясцiпласць: адкуль узялiся чатырыста даляраў, якiя знойдзены ў прыбiральнi
– Чары!
– яўна iранiчна прамовiў нехта з залы.
– Так точна, чары, - нясмела адказаў Мiканор Iванавiч не то артысту, не то ў цёмную залу i растлумачыў: - Нячыстая сiла, клятчасты перакладнiк падкiнуў.
I зноў абурана зараўла зала. Калi ж наступiла цiшыня, артыст сказаў:
– Вось якiя байкi Лафантэна даводзiцца мне выслухоўваць! Падкiнулi чатырыста даляраў! Вось вы: вы ўсе тут валютчыкi! Звяртаюся да вас як да спецыялiстаў - цi магчыма такое?
– Мы не валютчыкi, - пачулiся асобныя пакрыўджаныя галасы ў тэатры, - але гэта немагчыма.
– Цалкам да вас далучаюся, - цвёрда сказаў артыст, - i спытаюся ў вас: што могуць падкiнуць?
– Дзiця!
– крыкнуў нехта з залы.
– Вось гэта праўда, - пацвердзiў вядучы праграмы, - дзiця, ананiмнае пiсьмо, пракламацыю, адскую машыну цi мала што яшчэ, але чатырыста даляраў нiхто не будзе падкiдаць, бо гэтакага iдыёта няма на свеце, - i, звярнуўшыся да Мiканора Iванавiча, артыст дадаў з дакорам i сумам: - Засмуцiлi вы мяне, Мiканор Iванавiч! А я на вас спадзяваўся. Дык вось, нумар ваш не праходзiць.
У зале пачуўся свiст у адрас Мiканора Iванавiча.
– Валютчык ён, - выкрыквалi ў зале, - з-за такiх мы, невiноўныя, пакутуем!
– Не сварыцеся на яго, - мякка сказаў канферансье, - ён пакаецца.
– I, паглядзеўшы на Мiканора Iванавiча поўнымi ад слёз блакiтнымi вачыма, дадаў: Ну, iдзiце, Мiканор Iванавiч, на месца!
Пасля гэтага артыст пазванiў званочкам i гучна аб'явiў:
– Антракт, нягоднiкi!
Уражаны Мiканор Iванавiч, якi зусiм неспадзявана стаў удзельнiкам нейкай тэатральнай праграмы, зноў апынуўся на сваiм месцы на падлозе. Тут яму саснiлася, што ў зале запанавала цемра i што на сценах выскачылi чырвоныя палкiя словы: "Здавайце валюту!" Потым зноў расхiнулася заслона, i канферансье запрасiў:
– Прашу на сцэну Сяргея Герардавiча Дунчыля.
Дунчыль аказаўся дабрачынным, але моцна занядбаным мужчынам гадоў пяцiдзесяцi.
– Сяргей Герардавiч, - звярнуўся да яго канферансье, - вось ужо паўтара месяца вы седзiце тут, упарта адмаўляецеся здаць валюту, якая засталася ў вас, у той час як краiне яна патрэбна, а вам зусiм не, а вы ўсё ўпарцiцеся. Вы чалавек iнтэлiгентны, цудоўна ўсё гэта разумееце i ўсё ж не хочаце пайсцi нам насустрач.
– На жаль, нiчога зрабiць не магу, бо валюты ў мяне больш няма, - спакойна адказаў Дунчыль.
– Дык, можа, ёсць брыльянты?
– спытаўся артыст.
– I брыльянтаў няма.
Артыст апусцiў галаву i задумаўся, а потым пляснуў у ладкi. З-за кулiсаў выйшла на сцэну панi сярэдняга ўзросту, модна апранутая, у палiто без каўняра i ў маленькiм капялюшыку. Панi была ўстрывожаная, а Дунчыль паглядзеў на яе i нават вокам не мiргнуў.
– Хто гэтая панi?
– спытаў вядучы праграмы ў Дунчыля.
– Гэта мая жонка, - з годнасцю адказаў Дунчыль i паглядзеў на доўгую шыю панi крыху непрыязна.
– Мы патрывожылi вас, панi Дунчыль, - звярнуўся да жанчыны канферансье, вось чаму: мы хацелi спытаць, цi ёсць у вашага мужа валюта?
– Ён тады ўсё аддаў, - усхвалявана сказала панi Дунчыль.
– Ну, - сказаў
артыст, - ну што ж, калi так, дык так. Калi ўсё здаў, то вам давядзецца зараз разлучыцца з Сяргеем Герардавiчам, нiчога не зробiш! Калi хочаце, вы можаце пакiнуць тэатр, Сяргей Герардавiч, - i артыст зрабiў царскi жэст.Дунчыль завярнуўся i з годнасцю пайшоў за кулiсы.
– Адну хвiлiнку!
– спынiў яго канферансье.
– Дазвольце мне на развiтанне паказаць вам яшчэ адзiн нумар нашае праграмы, - i зноў пляснуў у ладкi.
Чорная задняя заслона расхiнулася, i на сцэну выйшла юная прыгажуня ў бальнай сукенцы, якая трымала ў руцэ залаты падносiк, на iм ляжаў тоўсты пакунак, перавязаны цукеркавай стужкаю, i брыльянтавае калье, ад якога ва ўсе бакi адскоквалi сiнiя, жоўтыя i чырвоныя агнi.
Дунчыль ступiў крок назад, твар яго пабялеў. Зала замерла.
– Васемнаццаць тысяч даляраў i калье на сорак тысяч золатам, - урачыста аб'явiў артыст, - хаваў Сяргей Герардавiч у горадзе Харкаве на кватэры ў сваёй каханкi Iды Геркуланаўны Ворс, якую мы маем радасць бачыць зараз i якая ахвотна дапамагла нам гэтае багацце знайсцi, марнае i мёртвае ў руках прыватнае асобы. Вялiкi дзякуй, Iда Геркуланаўна.
Прыгажуня ўсмiхнулася, блiснула зубамi, i пушыстыя яе павекi здрыганулiся.
– А за ўсёй вашай важнасцю i прыстойнасцю, - сказаў артыст Дунчылю, хаваецца прагны павук, умелы ачмурала i лгун. Вы замучылi за месяц усiх сваёй тупой упартасцю. Iдзiце цяпер дадому, i тое пекла, якое наладзiць там ваша жонка, будзе вам пакараннем.
Дунчыль пахiснуўся, i здавалася, упадзе, але нечыя спагадлiвыя рукi падхапiлi яго. Тут апусцiлася пярэдняя заслона i схавала ўсiх, хто быў на сцэне.
Шалёныя апладысменты скаланулi залу гэтак, што Мiканору Iванавiчу здалося, быццам у люстрах задрыжалi агнi. А калi першая чорная заслона пайшла ўгору, на сцэне ўжо нiкога не было, акрамя адзiнокага артыста. Ён сарваў другi залп апладысментаў, раскланяўся i загаварыў:
– У асобе гэтага Дунчыля перад вамi выступаў у нашай праграме тыповы асёл. Я ж гаварыў учора, што тайнае захоўванне валюты не мае нiякага сэнсу. Выкарыстоўваць яе нiхто не можа нi пры якiх умовах, запэўнiваю вас. Возьмем хаця б гэтага Дунчыля. Ён атрымлiвае цудоўны аклад, у яго ўсё ёсць, цудоўная кватэра, жонка i прыгажуня каханка. Дык не, замест таго каб жыць цiха i мiрна, без усякiх непрыемнасцей, здаўшы валюту i каменьчыкi, гэты зайздросны дурань дамогся таго, што быў выкрыты пры ўсiх, i на закуску атрымаў вялiзную сямейную непрыемнасць. Ну, дык хто здае? Няма жадаючых? У такiм разе наступны нумар нашае праграмы - вядомы драматычны талент, артыст Сава Патапавiч Куралесаў, якi знарок запрошаны, каб выканаць урыўкi са "Скупога рыцара" паэта Пушкiна.
Абяцаны Куралесаў не марудзiў, з'явiўся на сцэне i аказаўся рослым i мясiстым голеным мужчынам у фраку i белым гальштуку.
Без усякага ўступу ён зрабiў хмуры твар, насупiў бровы i загаварыў ненатуральным голасам, касавурачыся на залаты званочак:
– Как молодой повеса ждет свидания с какой-нибудь развратницей лукавой...
I Куралесаў расказаў пра сябе многа нядобрага. Мiканор Iванавiч чуў, як Куралесаў прызнаваўся, што нейкая няшчасная ўдава выла, стоячы перад iм на каленях у дождж, але не кранула чорствага артыставага сэрца. Мiканор Iванавiч да свайго сну зусiм не ведаў твораў паэта Пушкiна, але самога яго ведаў цудоўна i кожны дзень па некалькi разоў гаварыў нешта падобнае на такое: "А за кватэру Пушкiн плацiць будзе?" альбо "Лямпачку на лесвiцы, значыць, Пушкiн выкруцiў?", "Нафту, значыць, Пушкiн купляць будзе?"