Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
Шрифт:
З кашлем i задышкаю, трымаючыся рукой за грудзiну, ён абабег вакол узгорка, хацеў на паўночным баку знайсцi шчылiну ў ланцугу, каб можна было праслiзнуць. Але спазнiўся. Кола замкнулася, i чалавек з болем на твары вымушаны быў адмовiцца ад спроб прарвацца да павозак, з якiх ужо знялi слупы. Гэтыя спробы нiчога не давалi, акрамя таго, што яго маглi схапiць, а быць затрыманым у гэты дзень ён не збiраўся.
I вось ён адышоў убок, да трэшчыны, дзе было спакойна i нiхто яму не перашкаджаў.
Цяпер гэты чорнабароды чалавек з гноем у вачах ад сонца i бяссоння сумна сядзеў на каменi. Ён то ўздыхаў, расхiнаў свой, зашмальцаваны за час бадзяння, калiсьцi блакiтны, а цяпер брудна-шэры
Чалавек гэтак пакутаваў, што час ад часу пачынаў загаворваць сам з сабой.
– Ой, дурань я!
– мармытаў ён, пагойдваючыся з боку ў бок на каменi ад душэўнага болю i пазногцямi драпаючы смуглую грудзiну.
– Дурань, дурная баба, баязлiвец! Падла я, а не чалавек!
Ён зацiхаў, апускаў галаву, потым пiў цёплую ваду з драўлянае флягi, зноў ажываў, пачынаў хапацца то за нож, схаваны пад талiфам на грудзях, то за кавалак пергаменту, якi ляжаў перад iм на каменi побач з палачкаю i бутэлечкай з тушшу.
На гэтым пергаменце былi ўжо накрэслены запiсы:
"Пралятаюць хвiлiны, i я, Левiй Мацей, знаходжуся на Лысай Гары, а смерцi ўсё няма!"
Потым:
"Сонца на схiле, а смерцi ўсё няма".
Зараз Левiй Мацей безнадзейна запiсаў востраю палачкаю вось такое:
"Божа! За што ты маеш крыўду на яго? Пашлi яму смерць".
Пасля запiсу ўсхлiпнуў без слёз i зноў пазногцямi драпнуў грудзiну.
Адчай Левiя быў з-за тае вялiкае няўдачы, якая спасцiгла яго i Iешуа, у дадатак да ўсяго яшчэ i страшэнная памылка, якую ён, Левiй, на яго думку, зрабiў. Пазаўчора ўдзень Iешуа i Левiй знаходзiлiся ў Вiфанii пад Ершалаiмам, гасцявалi ў аднаго агароднiка, якому надзвычай спадабалiся пропаведзi Iешуа. Цэлую ранiцу госцi працавалi на агародзе, дапамагалi, а пад вечар, халадком, сабралiся iсцi ў Ершалаiм. Але Iешуа чамусьцi заспяшаўся, сказаў, што ў яго тэрмiновы клопат у горадзе, i апоўднi пайшоў адзiн. Вось гэта i была першая памылка Левiя Мацея. Чаму, чаму ён адпусцiў яго аднаго!
Вечарам Мацею не ўдалося пайсцi ў Ершалаiм. Нейкая нечаканая i жахлiвая хвароба раптоўна навалiлася на яго. Яго калацiла, цела гарэла, зубы стукалi, i ён бясконца прасiў пiць. Нiкуды iсцi болей не мог. Ён звалiўся на дзяружку ў будане агароднiка i праваляўся на ёй да ранiцы ў пятнiцу, калi хвароба гэтак жа раптоўна, як i навалiлася, адпусцiла Левiя. Хаця ён яшчэ быў слабы i ногi дрыжалi, ён развiтаўся з гаспадаром i накiраваўся ў Ершалаiм, бо мучыла нейкае прадчуванне бяды. Там ён даведаўся, што прадчуванне не падманула. Няшчасце здарылася. Левiй быў у натоўпе i чуў, як пракуратар аб'явiў прысуд.
Калi асуджаных павялi на Лысую Гару, Левiй Мацей бег побач з ланцугом у натоўпе зявак, стараўся як-небудзь непрыкметна падаць знак Iешуа хаця б пра тое, што ён, Левiй, тут, з iм, што ён не пакiнуў яго на апошняй дарозе i што ён за яго, каб смерць да Iешуа прыйшла як мага хутчэй. Але Iешуа, якi глядзеў удалечыню, туды, куды яго везлi, вядома, Левiя не заўважыў.
I вось калi працэсiя прайшла амаль паўвярсты па дарозе, Мацею, якога штурхалi ў натоўпе паўз самы ланцуг, прыйшла простая i генiяльная думка, i адразу ж, у гарачцы, ён пракляў сябе за тое, шго не падумаў пра гэта раней. Салдаты iшлi няшчыльным ланцугом. Памiж iмi былi прамежкi. Пры добрым спрыце i дакладным разлiку можна было сагнуцца, праскочыць памiж двума легiянерамi, дарвацца да павозкi i ўскочыць на яе. Тады Iешуа
будзе выратаваны ад пакут.Аднаго iмгнення дастаткова, каб ударыць Iешуа нажом у спiну, крыкнуць яму: "Iешуа! Я ратую цябе i адыходжу разам з табой! Я, Мацей, твой адданы i адзiны вучань!"
I калi б бог быў лiтасцiвы i даў яму яшчэ адно iмгненне, можна было б зарэзацца i самому, пазбегнуць смерцi на слупе. Хаця апошняе мала турбавала Левiя, былога зборшчыка падаткаў. Яму было ўсё роўна, як загiнуць. Ён хацеў толькi аднаго, каб Iешуа, якi не зрабiў нiкому нiчога дрэннага ў жыццi, пазбег катаванняў!
План быў вельмi добры, але справа ў тым, што Левiй не меў з сабой нажа. Не было ў яго i нiводнага грошыка.
Злосны на самога сябе Левiй выбраўся з натоўпу i пабег назад у горад. У гарачай яго галаве бiлася адна толькi лiхаманкавая думка: здабыць у горадзе нож i паспець дагнаць працэсiю.
Ён дабег да гарадскiх варот, прабiраючыся ў натоўпе i таўкатнi караванаў, якiя ўцягвалiся ў горад, i злева ўбачыў адчыненыя дзверы крамкi, у якой прадавалi хлеб. Цяжка задыханы пасля бегу па спякотнай дарозе, Левiй авалодаў сабой, паважна зайшоў у крамку, прывiтаў гаспадыню, якая стаяла ля прылаўка, папрасiў яе зняць з палiцы верхнi каравай, якi яму чамусьцi спадабаўся болей, i, як толькi яна адвярнулася, хутка i моўчкi схапiў з прылаўка тое, што лепшым i быць не можа, - навостраны, як брытва, доўгi хлебны нож, i адразу кiнуўся прэч з крамы. Праз некалькi хвiлiн ён быў зноў на Яфскай дарозе. Але працэсii ўжо i не было вiдаць. Ён пабег. Час ад часу ён падаў проста на пыл i ляжаў нерухома, пакуль аддыхваўся. Гэтым ляжаннем ён здзiўляў тых, хто ехаў на мулах i iшоў пешшу ў Ершалаiм. Ён ляжаў i слухаў, як калоцiцца яго сэрца не толькi ў грудзях, але ў галаве i ў вушах. Аддыхаўшыся крыху, ён усхоплiваўся i бег далей, але ўсё павольней i павольней. Калi ён нарэшце ўгледзеў запыленую ўдалечынi працэсiю, яна была ўжо ля падножжа ўзгорка.
– Мой божа...
– прастагнаў Левiй, бо разумеў, што спазняецца. I ён спазнiўся.
Пасля чатырох гадзiн пакарання Левiй не мог болей трываць пакут i разлютаваўся. Устаў з каменя, кiнуў на зямлю непатрэбны цяпер ужо, як думалася яму, нож, растаптаў нагою бiклагу з вадой, скiнуў з галавы кефi, ухапiўся за рэдзенькiя валасы на галаве i пачаў праклiнаць сябе самога.
Ён праклiнаў сябе, выкрыкваў незразумелыя словы, выў i пляваўся, лаяў свайго бацьку i мацi за тое, што нарадзiлi на свет божы дурня.
Праклёны i лаянка не дзейнiчалi, i нiчога пад спякотным сонцам не мянялася, ён бачыў гэта, i таму заплюшчыў вочы, сцiснуў маленькiя кулачкi, падняў iх угору ў неба, да сонца, якое апускалася ўсё нiжэй i нiжэй, доўжыла ценi i адыходзiла, каб упасцi ў Мiжземнае мора, i запатрабаваў у бога неадкладнага цуду. Ён патрабаваў, каб бог адразу паслаў Iешуа смерць.
Калi ён расплюшчыў вочы, то пераканаўся, што на ўзгорку нiчога не змянiлася, хiба толькi патухлi блiскучыя плямы на грудзях у кентурыёна. Сонца пякло ў спiны пакараным, якiя вiселi тварамi да Ершалаiма. Тады Левiй закрычаў:
– Божа, я праклiнаю цябе!
Асiплым голасам ён крычаў пра тое, што пераканаўся ў божай несправядлiвасцi i больш не будзе верыць яму.
– Ты глухi!
– крычаў Левiй.
– Калi б ты быў не глухi, ты пачуў бы мяне i забiў бы яго адразу!
Левiй заплюшчыў вочы, чакаў агню, якi абрынецца на яго з неба i спапялiць. Гэтага не здарылася, i Левiй з заплюшчанымi вачыма працягваў крычаць зняважлiвыя i крыўдныя словы небу. Ён крычаў пра тое, што зусiм расчараваўся, што ёсць на свеце iншыя багi i iншыя рэлiгii. Другi бог не дапусцiў бы такога, нiколi не давёў бы, каб такi чалавек, як Iешуа, згараў ад сонца на слупе.