Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
Шрифт:
Тады Маргарыта зноў угледзела Воланда. Ён iшоў, акружаны Абадонам, Азазелам i яшчэ некалькiмi, падобнымi на Абадону, чорнымi i маладымi. Маргарыта цяпер угледзела, што насупраць яе ўзвышэнне было падрыхтавана i Воланду. Але ён на яго не ўзышоў. Уразiла Маргарыту тое, што Воланд з'явiўся на гэты свой апошнi вялiкi выхад у тым самым адзеннi, у якiм быў у спальнi. Тая самая брудная залапленая сарочка звiсала ў яго на плячах, на нагах былi зношаныя пакаёвыя туфлi. Воланд быў са шпагаю, але гэтай аголенай шпагаю ён карыстаўся замест кiйка.
Воланд накульгваў. Ён спынiўся ля свайго ўзвышэння, i адразу Азазела апынуўся перад iм з мiсай у руках, а ў гэтай мiсе
– Мiхаiл Аляксандравiч, - цiха звярнуўся Воланд да галавы, i тады павекi забiтага расплюшчылiся, i на мёртвым твары Маргарыта, якая аж скаланулася, убачыла жывыя, напоўненыя думкамi i пакутамi вочы.
– Усё збылося цi не? працягваў Воланд i глядзеў галаве ў вочы.
– Галава адрэзана жанчынаю, паседжанне не адбылося, i жыву я ў вашай кватэры. Гэта - факт. А факты - сама ўпартыя рэчы на свеце. Але цяпер iнтарэс мае наступнае, а не тое, што адбылося ўжо. Вы заўсёды былi прыхiльнiкам той тэорыi, што пасля таго, як адрэзана галава, жыццё ў чалавеку канчаецца, ён ператвараецца ў прах i адыходзiць у нябыт. Мне прыемна паведамiць вам пры гасцях, хаця яны самi доказ iншае тэорыi пра тое, што ваша тэорыя грунтоўная i дасцiпная. Дарэчы, усе тэорыi варты адна аднае. Ёсць сярод iх i такая, што кожнаму будзе аддзячана ў адпаведнасцi з яго вераю. Няхай збудзецца гэта! Вам адысцi ў нябыт, а мне радасна будзе з чашы, у якую вы ператвараецеся, выпiць за iснаванне!
Воланд падняў шпагу. Адразу ўсё на галаве пацямнела, скурчылася, потым паадвальвалася кавалкамi, вочы знiклi, i хутка Маргарыта ўбачыла ў мiсе жаўтлявы, з iзумруднымi вачыма i жамчужнымi зубамi, на залатой ножцы чалавечы чэрап. Адчынiлася накрыўка.
– Адзiн момант, месiр, - сказаў Кароўеў, калi перахапiў запытальны Воландаў позiрк, - ён будзе перад вамi. Я чую ў гэтай магiльнай цiшынi, як парыпваюць яго лакiраваныя туфлi i як звiнiць келiх, якi ён паставiў на стол, апошнi раз выпiўшы шампанскага. Ды вось i ён.
У залу ўваходзiў новы адзiнокi госць i накiроўваўся да Воланда. Знешне ён нiчым не адрознiваўся ад шматлiкiх астатнiх гасцей-мужчын, акрамя аднаго: госць ажно хiстаўся ад хвалявання, i гэта было прыкметна здалёк. На ягоных шчоках гарэлi плямы, i вочы трывожна бегалi. Госць быў ашаломлены, i гэта зусiм натуральна: яго ўражвала ўсё i галоўным чынам, вядома, Воландава адзенне.
Аднак сустрэлi госця надзiва ласкава.
– А, мiлы барон Майгель, - прыветна ўсмiхнуўся i загаварыў Воланд з госцем, вочы ў якога мiтусiлiся i лезлi на лоб, - я шчаслiвы паказаць вам, Воланд звярнуўся да гасцей, - шаноўнага барона Майгеля, якi служыць у Камiсii вiдовiшчаў на пасадзе знаёмцы чужаземцаў са славутымi мясцiнамi сталiцы.
Тут Маргарыта замерла, таму што раптоўна пазнала гэтага Майгеля. Ён некалькi разоў сустракаўся ёй у маскоўскiх тэатрах i ў рэстарацыях. "Пачакайце...
– падумала Маргарыта, - ён, атрымлiваецца, памёр таксама?" Але ўсё адразу высветлiлася.
– Мiлы барон, - працягваў Воланд i радасна ўхмыляўся, - быў такi добры, што як толькi даведаўся пра мой прыезд у Маскву, адразу патэлефанаваў мне i прапанаваў свае паслугi адпаведна сваёй спецыяльнасцi. Зразумела, што я меў гонар адразу запрасiць яго да сябе.
У гэты час Маргарыта ўбачыла, як Азазела перадаў мiсу з чэрапам Кароўеву.
– Ага, дарэчы, барон, - раптам, iнтымна прыцiшыўшы голас, прамовiў Воланд, - разнеслiся чуткi пра вашу надзвычайную
цiкаўнасць. Гавораць, што калi злучыць яе з не меншай балбатлiвасцю, то на гэта нельга не звярнуць увагi. Мала таго, злыя языкi ўжо пусцiлi пагалоску - даносчык i шпiён. Але i гэтага мала, ёсць меркаванне, што гэта паслужыць прычынай вашага канца не пазней чым праз месяц. Дык вось, каб пазбавiць вас гэтага доўгага чакання, мы рашылi прыйсцi вам на дапамогу i выкарысталi тую акалiчнасць, што вы самi напрасiлiся да мяне ў госцi якраз дзеля таго, каб падгледзець i выслухаць усё, што толькi можна.Барон стаў бялейшы за Абадону, якi быў надзвычай белатвары ад нараджэння, а потым адбылося нешта дзiўнае. Абадона аказаўся ля барона, зняў на iмгненне акуляры са свайго твару. У тое самае iмгненне нешта вогненна блiснула ў руках Азазелы, нешта цiха ляпнула, быццам пляснулi ў ладкi, барон пачаў падаць на спiну, пунсовая кроў хлынула ў яго з грудзей i залiла накрухмаленую кашулю i камiзэльку. Кароўеў падставiў чашу пад струмень i перадаў, напоўненую, Воланду. Мёртвае баронава цела было ўжо на падлозе.
– Я п'ю за ваша здароўе, панове, - цiха сказаў Воланд, падняў чашу i дакрануўся да яе губамi.
Пасля гэтага адбылася метамарфоза. Знiкла залапленая сарочка i зношаныя туфлi. Воланд аказаўся ў нейкай чорнай хламiдзе са сталёваю шпагаю на баку. Ён хутка падышоў да Маргарыты, падаў чашу i загадаў:
– Пi!
У Маргарыты закружылася галава, яе павяло ўбок, але чаша ўжо была ля губ, i нечыя галасы, а чые - яна не магла разабрацца, шапнулi ў вуха:
– Не бойцеся, каралева... Не бойцеся, каралева, - кроў даўно пайшла ў зямлю. I там, дзе яна была, ужо растуць вiнаградныя гронкi.
Маргарыта з заплюшчанымi вачыма каўтнула, i салодкi агонь прабег па яе жылах, у вушах зазвiнела. Ёй здалося, што глушаць крыкам пеўнi, што дзесьцi iграюць маршы. Натоўпы гасцей пачалi страчваць сваё аблiчча. I фрачнiкi, i жанчыны рассыпалiся ўшчэнт. Гнiллё на вачах у Маргарыты запаланiла залу, i ў ёй запахла пограбам. Калоны рассыпалiся, патухлi агнi, усё сцялася, прапалi фантаны, цюльпаны i камелii. А засталося тое, што i было - сцiплая ювелiршына гасцёўня, з прачыненых дзвярэй якое падала палоска святла. У гэтыя прачыненыя дзверы i ўвайшла Маргарыта.
Раздзел 24
ВЯРТАННЕ МАЙСТРА
У Воландавай спальнi ўсё было гэтакае самае, як i да балю. Воланд у сарочцы сядзеў на ложку, i толькi Гела не расцiрала яму нагу, а на стале, дзе раней гулялi ў шахматы, стаўляла вячэраць. Кароўеў i Азазела знялi фракi i сядзелi за сталом, а побач з iмi, вядома, мясцiўся i кот, якi не хацеў развiтвацца са сваiм гальштукам, хаця ён зусiм ператварыўся ў анучку. Маргарыта, хiстаючыся, падышла да стала i абаперлася на яго. Тады Воланд паклiкаў яе, як i тады, да сябе, паказаў, каб села побач.
– Ну што, вас ушчэнт замучылi?
– спытаўся Воланд.
– Ды не, месiр, - адказала Маргарыта ледзь чутна.
– Ноблес облiж, - сказаў кот i налiў Маргарыце нейкай празрыстай вадкасцi ў шклянку для лафiту.
– Гэта гарэлка?
– слаба спыталася Маргарыта.
Кот ажно падскочыў на крэсле ад крыўды.
– Злiтуйцеся, каралева, - захрыпеў ён, - хiба я дазволiў бы сабе налiць панi гарэлкi? Гэта - чысты спiрт!
Маргарыта ўсмiхнулася i памкнулася адсунуць шклянку.
– Пiце смела, - сказаў Воланд, i Маргарыта адразу ўзяла шклянку ў руку. Гела, сядай, - загадаў Воланд i растлумачыў Маргарыце: - Ноч поўнi - святочная ноч, i я вячэраю з малою кампанiяй блiзкiх мне людзей i слуг. Дык як вы маецеся? Як прайшоў гэты цяжкi баль?