Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
Шрифт:

Кот насуплена сядзеў, пакуль адбываўся вопыт са стралянiнай, i раптам аб'явiў:

– Бяруся перакрыць рэкорд з сямёркай!

Азазела ў адказ штосьцi прабурчаў. Але кот быў упэўнены i запатрабаваў адразу два рэвальверы. Азазела дастаў другi рэвальвер з другое задняе кiшэнi, пагардлiва скрывiў рот i разам з першым перадаў хвальку. Пазначылi два ачкi на сямёрцы. Кот доўга меркаваўся, адвярнуўшыся ад падушкi. Маргарыта заткнула вушы пальцамi, сядзела i глядзела на саву, якая драмала на камiннай палiцы. Кот стрэлiў з абодвух рэвальвераў, пасля гэтага адразу вiскнула Гела, забiтая сава ўпала з камiна, i спынiўся пабiты

гадзiннiк. Гела, у якой адна рука была акрываўленая, завыла i ўпiлася кату ў поўсць, а ён ёй у валасы, i яны клубком пакацiлiся па падлозе. Адзiн з келiхаў упаў са стала i пабiўся.

– Адцягнiце ад мяне гэтую ашалелую ведзьму!
– завываў кот i адбiваўся ад Гелы, якая сядзела верхам на iм.

Забiяк разнялi, Кароўеў падзьмухаў на прастрэлены Гелiн палец, i той загаiўся.

– Я не магу страляць, калi гавораць пад руку!
– крычаў Бегемот i стараўся прымайстраваць на ранейшае месца вылуплены на спiне вялiзны камяк поўсцi.

– Магу паспрачацца, - сказаў Воланд i ўсмiхнуўся Маргарыце, - што гэтую штуку ён усмалiў знарок. Ён страляе даволi няблага.

Гела з катом памiрылiся i ў знак гэтага прымiрэння пацалавалiся. Дасталi з-пад падушкi карту. Нiводнае з ачкоў, акрамя прастрэленага Азазелам, не было закранута.

– Не можа гэтага быць, - гаварыў кот i глядзеў праз карту на святло ад свечнiка.

Вясёлая вячэра працягвалася. Свечкi аплывалi ў свечнiках, па пакоях хвалямi расплывалася сухое духмянае цяпло ад камiна. Маргарыта наелася, i яе ахапiла адчуванне задаволенасцi. Яна глядзела, як шызыя абараначкi дыму з Азазелавае сiгары плылi ў камiн i як кот ловiць iх на кончык шпагi. Ёй нiкуды не хацелася iсцi, хоць было ўжо позна. Калi меркаваць па ўсiм, што адбылося, было ўжо гадзiн шэсць ранiцы. Маргарыта выкарыстала паўзу i нясмела сказала Воланду:

– Вiдаць, мне час ужо... Позна...

– Куды вы спяшаецеся?
– спытаў Воланд ветлiва, але стрымана.

Астатнiя прамаўчалi, прытварылiся, што захапiлiся колцамi сiгарнага дыму.

– Ага, пара, - зусiм збянтэжана паўтарыла Маргарыта i азiрнулася, быццам шукала адзежыну.

Тое, што яна голая, пачало бянтэжыць яе. Яна ўстала з-за стала. Воланд моўчкi зняў з ложка свой зашмальцаваны халат, i Кароўеў накiнуў яго на плечы Маргарыце.

– Дзякуй вам, месiр, - ледзь чутна прамовiла Маргарыта i запытальна паглядзела на Воланда.

Той у адказ усмiхнуўся ёй ветлiва i абыякава. Чорная нуда раптоўна падступiла пад Маргарыцiна сэрца. Яна адчула сябе абманутаю. Нiякае аддзякi за ўсе яе паслугi на балi нiхто, вiдаць, i не збiраўся ёй прапаноўваць, нiхто i не затрымлiваў яе. А мiж тым яна цудоўна ведала, што iсцi ёй адсюль болей няма куды. Згадка пра тое, што ёй давядзецца вярнуцца ў асабняк, выклiкала ў душы выбух адчаю. Самой напрасiцца, як спакуслiва раiў Азазела ў Аляксандраўскiм садзе? "Не, нiколi!" - сказала яна сама сабе.

– Усяго вам добрага, месiр, - прамовiла яна, а сама падумала: "Каб толькi выбрацца адсюль, а там дайду да рэчкi i ўтаплюся".

– Сядзьце!
– раптам загадаў Воланд.

Маргарыта змянiлася з твару i села.

– Можа, хочаце што-небудзь сказаць на развiтанне?

– Не, нiчога, месiр, - ганарлiва адказала Маргарыта, - акрамя таго, што калi яшчэ вам патрэбная, то гатова выканаць усё, што вы захочаце. Я зусiм не стамiлася, i мне весела было на балi. Такiм чынам, калi

б ён працягваўся яшчэ, я ахвотна падстаўляла б сваё калена дзеля таго, каб яго цалавалi вiсельнiкi i забойцы.
– Маргарыта глядзела на Воланда як скрозь заслону, вочы яе напоўнiлiся слязьмi.

– Правiльна! Вы гаворыце правiльна!
– моцна i страшна сказаў Воланд. Гэтак i трэба!

– Гэтак i трэба!
– рэхам паўтарыла Воландава свiта.

– Гэта было выпрабаванне, - сказаў Воланд, - нiколi i нiчога не прасiце! Нiколi i нiчога, асаблiва ў тых, хто мацнейшы, чым вы. Самi прапануюць i самi ўсё дадуць. Сядайце, ганарлiвая жанчына.
– Воланд сарваў цяжкi халат з Маргарыты, i яна зноў апынулася побач з iм на ложку.
– Ну, Марго, - працягваў Воланд, i голас у яго памякчэў, - чаго вы хочаце за тое, што сёння ў мяне былi гаспадыняй? Чаго хочаце за тое, што правялi гэты баль голай? Як вы ацэньваеце ваша калена? Якiя страты ад маiх гасцей, якiх вы толькi што назвалi вiсельнiкамi? Кажыце! I цяпер не саромейцеся, бо я прапанаваў.

Маргарыцiна сэрца закалацiлася, яна цяжка ўздыхнула, пачала думаць.

– Ну, чаго вы, смялей!
– падахвочваў Воланд.
– Будзiце сваю фантазiю, падганяйце яе! Адна толькi прысутнасць пры забойстве гэтага нягоднiка-барона вартая таго, каб чалавека ўзнагародзiлi, асаблiва калi гэты чалавек - жанчына. Ну?

Дух заняло ў Маргарыты, i яна хацела выказаць запаветнае жаданне, вымавiць даўно падрыхтаваныя словы, але раптам пабялела, разявiла рот, вылупiла вочы. "Фрыда! Фрыда! Фрыда!
– стаяў крык у вушах, надакучлiвы, умольны.
– Мяне завуць Фрыда!" I Маргарыта, заiкаючыся, загаварыла:

– Значыць, я магу папрасiць... папрасiць адну паслугу?

– Запатрабаваць, запатрабаваць, мая донна, - адказаў Воланд i ўсмiхнуўся з разуменнем, - запатрабаваць адну паслугу!

Ах, як спрытна i выразна Воланд падкрэслiў, паўтараючы Маргарыцiны словы, - "адну паслугу"!

Маргарыта ўздыхнула яшчэ раз i сказала:

– Я хачу, каб Фрыдзе перасталi прыносiць тую насоўку, якой яна задушыла дзiця.

Кот пусцiў вочы пад лоб i ўздыхнуў шумна, але нiчога не сказаў, мабыць, памятаў, як закруцiла за вуха на балi.

– Калi ўлiчыць, - загаварыў Воланд, - што магчымасць атрымаць вамi хабар ад гэтае дурнiцы Фрыды, вядома, выключаецца - гэта было б несумяшчальна з вашай каралеўскаю годнасцю, - я нават не ведаю, што тут рабiць. Застаецца толькi адно - набраць ануч i затыкаць iмi ўсе шчылiны ў маёй спальнi!

– Пра што вы гаворыце, месiр?
– здзiвiлася Маргарыта, калi пачула гэтыя сапраўды незразумелыя словы.

– Цалкам згодны з вамi, месiр, - умяшаўся ў гаворку кот, - менавiта анучамi!
– i кот раззлавана грукнуў па стале.

– Я гавару пра мiласэрнасць, - тлумачыў свае словы Воланд i не адводзiў ад Маргарыты вогненнага вока.
– Часам яна пралазiць скрозь сама вузенькiя шчылiнкi неспадзявана i каварна. Вось чаму я i гавару пра анучы.

– I я пра гэта кажу!
– усклiкнуў кот i на ўсякi выпадак падаўся далей ад Маргарыты, прыкрыў лапамi выпацканыя ў ружовы крэм свае вострыя вушы.

– Пайшоў прэч, - сказаў яму Воланд.

– Я кавы яшчэ не пiў, - адказаў кот, - як гэта я пайду? Няўжо месiр у святочную ноч гасцей дзелiць на два гатункi? Адны - першае, а другiя - як гаварыў гэты скнара буфетчык, другое свежасцi?

Поделиться с друзьями: