Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
Шрифт:

– Я зрабiла ўсё, што змагла, я шаптала яму пра сама спакуслiвае, а ён i ад гэтага адмовiўся.

– Тое, пра што вы яму шапталi, я ведаю, - запярэчыў Воланд, - але гэта не самае спакуслiвае. Я вам скажу, - з усмешкаю звярнуўся ён да майстра, - ад вашага рамана будуць яшчэ вам сюрпрызы.

– Гэта вельмi сумна, - адказаў майстар.

– Не, не, не, не сумна, - сказаў Воланд, - страшнага болей нiчога не будзе. Ну, Маргарыта Мiкалаеўна, усё зроблена. У вас да мяне ёсць якiя-небудзь прэтэнзii?

– Што вы, што вы, месiр!

– Тады вазьмiце гэта на памяць, - сказаў Воланд i дастаў з-пад падушкi

невялiкую залатую падкову, усыпаную алмазамi.

– Не, не, за што!

– Вы хочаце паспрачацца са мною?
– з усмешкаю спытаўся Воланд.

Маргарыта паклала падкову на сурвэтку, завязала яе вузлом, бо ў плашчы кiшэняў не было. Яна азiрнулася на акно, у якiм ззяла поўня, i сказала:

– Вось чаго я не разумею... Чаму гэта ўсё поўнач, поўнач, а павiнна быць ужо ранiца?

– Святочную поўнач можна i падоўжыць, - адказаў Воланд.
– Ну, жадаю вам шчасця!

Маргарыта малiтоўна працягнула абедзве рукi да Воланда, але не пасмела наблiзiцца да яго i цiха ўсклiкнула:

– Бывайце! Бывайце!

– Да сустрэчы, - сказаў Воланд.

I Маргарыта ў чорным плашчы, майстар у бальнiчным халаце выйшлi ў калiдор ювелiршынае кватэры, у якiм гарэла свечка i дзе iх чакала Воландава свiта. Гела несла чамадан, у якiм быў раман i небагаты Маргарыцiн скарб, кот дапамагаў Геле. Ля дзвярэй на лесвiцу Кароўеў пакланiўся i знiк, а астатнiя пайшлi праводзiць па лесвiцы. Яна была пустая. Калi iшлi па пляцоўцы трэцяга паверха, там штосьцi мякка шлёпнула, але на гэта нiхто не звярнуў увагi. Ля самых дзвярэй з шостага пад'езда Азазела дзьмухнуў угору, а як толькi выйшлi на двор, куды не даставала святло поўнi, убачылi чалавека ў ботах i ў кепцы, якi спаў, i спаў, вiдаць, мёртвым сном, а таксама вялiкую чорную машыну з патушанымi фарамi, якая чакала ля пад'езда. Скрозь лабавое шкло цьмяна вiднелася аблiчча грака.

Ужо збiралiся садзiцца, як Маргарыта адчайна ўскрыкнула:

– Божа, я згубiла падкову!

– Сядайце ў машыну, - сказаў Азазела, - i пачакайце мяне. Я зараз вярнуся, толькi разбяруся, у чым справа.
– I ён вярнуўся ў пад'езд.

А справа была ў тым: крыху раней, да выхаду Маргарыты i майстра з iх праважатымi, з кватэры No 48, якая была пад ювелiршынай кватэрай, на лесвiцу выйшла сухенькая жанчына з бiтонам i сумкаю ў руках. Гэта была тая самая Анечка, якая ў сераду разлiла, на бяду Берлiёза, алей ля круцёлкi.

Нiхто не ведаў, ды, пэўна, нiколi i не даведаецца, чым займалася гэтая жанчына ў Маскве i за што яна iснавала. Вядома пра яе было толькi тое, што яе кожны дзень можна было ўгледзець то з сумкаю, то з бiтонам, а то i з сумкаю i з бiтонам адначасна - альбо ў нафталаўцы, альбо на базары, альбо ля варот дома, альбо на лесвiцы, а часцей за ўсё на кухнi ў кватэры No 48, дзе i жыла Анечка. Акрамя таго, а нават i найбольш было вядома, што дзе не з'яўлялася б альбо не знаходзiлася Анечка - там адразу ўсчынаўся скандал, акрамя ўсяго, мела яна мянушку "Чума".

Чума-Анечка прачыналася чамусьцi надзвычай рана, а сёння наогул успаролася нi свет нi зара, а палове першае. Павярнуўся ключ у дзвярах, Анеччын нос высунуўся з iх, а потым высунулася i ўся яна цалкам, грукнула за сабой дзвярыма i ўжо наважылася рушыць кудысьцi, як на верхняй пляцоўцы грукнулi дзверы, нехта паляцеў унiз, наскочыў на Анечку, адкiнуў яе ўбок гэтак, што яна ўдарылася

патылiцай аб сцяну.

– Куды гэта цябе чорт нясе ў адных падштанiках?
– завiшчала Анечка, ухапiлася за патылiцу.

Чалавек у адной бялiзне, з чамаданчыкам у руцэ i ў кепцы, з заплюшчанымi вачыма адказаў Анечцы дзiкiм сонным голасам:

– Калонка! Купарвас! Адна пабелка колькi каштавала!
– I, заплакаўшы, раўнуў: - Прэч!

Тут ён кiнуўся бегчы, але не ўнiз, а назад - угору, туды, дзе было выбiта нагою эканамiста шкло ў акне, i праз акно дагары нагамi вылецеў на двор. Анечка i пра патылiцу забылася, ахнула i кiнулася да акна. Яна легла жыватом на пляцоўку, высунула голаў праз акно, чакала, што ўбачыць на асветленым лiхтаром асфальце чалавека з чамаданам, якi забiўся насмерць. Але на асфальце на дварэ зусiм нiчога не было.

Заставалася меркаваць, што сонная i дзiўная асоба паляцела з дому як птушка i не пакiнула пасля сябе нiякага следу. Анечка перахрысцiлася i падумала: "Ну, сапраўды, кватэра нумар пяцьдзесят! Не дарэмна людзi гавораць!.. Ай ды кватэрка!.."

Не паспела яна так падумаць, як дзверы зноў ляпнулi, i другi хтосьцi пабег зверху. Анечка прытулiлася да сцяны i ўбачыла, як нейкi даволi салiдны грамадзянiн са свiнячым тварам, як здалося Анечцы, шмыгнуў паўз яе i гэтаксама, як i першы, вылецеў з дома праз акно i не думаў забiвацца аб асфальт. Анечка забылася ўжо, чаго выйшла, куды збiралася iсцi, засталася на лесвiцы, хрысцiлася, вохкала, размаўляла сама з сабой.

Трэцi, без бародкi, з круглым паголеным тварам, у талстоўцы, выбег зверху праз нейкi час i гэтаксама вылецеў праз акно.

Трэба з гонарам сказаць, што Анечка была надзвычай цiкаўная i вырашыла пачакаць, цi не здарацца новыя дзiвосы. Дзверы наверсе зноў адчынiлiся, i цяпер зверху сыходзiла цэлая кампанiя, але не бягом, а звычайна, як i ўсе людзi. Анечка адбегла ад акна, сышла да сваiх дзвярэй, хуценька адамкнула i схавалася за iмi, а ў пакiнутай шчылiнцы засвяцiлася яе цiкаўнае вока.

Хтосьцi хворы не хворы, але белы з твару, зарослы шчэццю, у чорнай шапачцы i ў нейкiм халаце сыходзiў зверху няцвёрдаю хадою. Яго клапатлiва вяла пад руку нейкая кабетка ў чорнай расе, як здалося Анечцы ў прыцемку. Кабетка не то босая, не то ў нейкiх празрыстых, мабыць, замежных, туфлях, зусiм парваных. Цьфу ты! Што ў туфлях? Ды кабетка ж голая! На самай справе раса накiнута проста на голае цела! "Ай ды кватэрка!" У душы ў Анечкi ўсё аж звiнела ад радасцi, ад прадчування, як яна раскажа пра ўсё ўбачанае суседзям.

Следам за дзiўнаю кабеткаю iшла зусiм голая, з чамаданчыкам у руцэ, а ля чамаданчыка ўвiваўся вялiзны чорны кот. Анечка ледзь нешта не пiскнула, працерла вочы.

Апошнiм iшоў маленькага росту кульгавы чужаземец з крывым вокам, без пiнжака, у белай фрачнай камiзэльцы i пад гальштукам. Уся гэтая кампанiя паўз Анечку пайшла ўнiз. Але нешта ўпала на пляцоўку.

Анечка паслухала, пакуль крокi зацiхлi, як змяя, выслiзнула з-за дзвярэй, бiтон паставiла ля сценкi, упала жыватом на пляцоўку i пачала мацаць рукамi. У руках у яе апынулася сурвэтка з нечым цяжкiм. Вочы ў Анечкi палезлi на лоб пасля таго, як яна разгарнула сурвэтку. Анечка падносiла да самых вачэй каштоўнасць, i вочы ў яе гарэлi зусiм воўчым агнём. У галаве ў Анечкi круцiлася завiруха:

Поделиться с друзьями: