Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
Шрифт:

– Змоўкнi, - загадаў яму Воланд i спытаўся ў Маргарыты: - Вы, калi меркаваць па ўсiм, чалавек надзвычай добры? Высокамаральны чалавек?

– Не, - гучна адказала Маргарыта, - я ведаю, што гаварыць з вамi можна толькi шчыра i скажу адкрыта: я чалавек легкадумны. Папрасiла за Фрыду толькi таму, што незнарок абнадзеiла яе. Яна чакае i верыць, што я дапамагу. I калi яна застанецца падманутая, мне не будзе спакою ўсё жыццё. Нiчога не зробiш! Гэтак атрымалася.

– А, - сказаў Воланд, - гэта зразумела.

– Дык вы зробiце?
– цiха спытала Маргарыта.

– Нiколi, - адказаў Воланд, -

справа ў тым, дарагая каралева, што тут адбылася блытанiна. Кожнае ведамства павiнна займацца сваёй справай. Не пярэчу, нашы магчымасцi вельмi вялiкiя, намнога большыя, чым думаюць некаторыя не вельмi празорлiвыя людзi...

– Вядома, намнога большыя, - не ўтрываў кот, якi, мабыць, ганарыўся вельмi гэтымi магчымасцямi.

– Замоўкнi, чорт пабяры!
– сказаў яму Воланд i працягваў гаварыць Маргарыце: - Але якi сэнс рабiць тое, што павiнен рабiць нехта iншы, другое ведамства, як я сказаў? Таму я гэта рабiць не буду, а вы зробiце самi.

– А хiба маё жаданне збудзецца?

Азазела iранiчна, коса зiрнуў сваiм крывым вокам на Маргарыту, непрыкметна пакруцiў рыжаю галавою i фыркнуў.

– Ды рабiце, вось марока мне, - прамармытаў Воланд, пакруцiў глобус i пачаў прыглядацца да нейкае дэталькi, бо, вiдаць, у час гаворкi з Маргарытаю займаўся яшчэ i нейкаю сваёй справай.

– Ну, Фрыда...
– падказаў Кароўеў.

– Фрыда!
– пранiзлiва крыкнула Маргарыта. Дзверы расчынiлiся, i растрапаная, голая, але ўжо зусiм цвярозая жанчына з адчайнымi вачыма ўбегла ў пакой i працягнула рукi да Маргарыты, а тая велiчна сказала:

– Табе даруецца. Насоўку болей прыносiць не будуць.

Пачуўся крык Фрыды, яна ўпала на каленi на падлогу нiцма i распласталася перад Маргарытаю крыжам. Воланд махнуў рукой, i Фрыда знiкла з вачэй.

– Дзякуй вам, бывайце, - сказала Маргарыта i ўстала.

– Ну што ж, Бегемот, не будзем нажывацца на непрактычнасцi чалавека ў святочную ноч, - загаварыў Воланд. Ён завярнуўся да Маргарыты: - Такiм чынам, гэта не лiчыцца, я нiчога не рабiў. Што вы сабе хочаце?..

Настала маўчанне, i перапынiў яго Кароўеў, якi зашаптаў Маргарыце на вуха:

– Алмазная донна, цяпер вам раю быць разумнаю! А то ўдача можа i знiкнуць.

– Я хачу, каб мне зараз, у гэтую самую хвiлiну, вярнулi майго каханка, майстра, - сказала Маргарыта, i твар яе сцяла сутарга.

I адразу ў пакой уварваўся вецер гэтак, што полымя свечак у свечнiках легла, цяжкая фiранка на акне адсунулася, адчынiлася акно, а ў далёкай вышынi паказалася поўня, але не ранiшняя, а начная. Ад падаконнiка на падлогу разаслалася зялёная хустка начнога святла, i ў iм з'явiўся начны Iванаў госць, якi называўся майстрам. Ён быў у сваiм бальнiчным адзеннi - у халаце, у туфлях i чорнай шапачцы, з якою не разлучаўся. Няголены твар сутаргава крывiўся, ён па-вар'яцку,спалохана зiркаў на агонь свечак, а месячны струмень кiпеў вакол яго.

Маргарыта яго пазнала адразу, застагнала, пляснула рукамi i пабегла да яго. Яна цалавала яго ў лоб, у губы, тулiлася да яго калючае шчакi, i слёзы, якiя яна доўга стрымлiвала, цяклi ручаямi па яе твары. Яна паўтарала адно толькi слова, недарэчна паўтарала яго:

– Ты... ты... ты...

Майстар адхiлiў яе ад сябе i глуха прамовiў:

– Не плач, Марго, не

муч мяне. Я цяжка хворы, - ён ухапiўся рукамi за падаконнiк, быццам збiраўся ўскочыць на яго i ўцякаць, выскалiў зубы, прыгледзеўся да тых, хто сядзеў, i закрычаў: - Мне страшна, Марго! У мяне зноў пачалiся галюцынацыi...

Плач душыў Маргарыту, яна шаптала, душачыся словамi:

– Не, не, не... не бойся нiчога... я з табою... я з табою...

Кароўеў спрытна i непрыкметна падапхнуў майстру крэсла, i той сеў на яго, а Маргарыта ўпала на каленi, прыцiснулася да боку хворага i гэтак зацiхла. Ад хвалявання яна не заўважала, што была ўжо не раздзетая, на ёй цяпер быў шаўковы чорны плашч. Хворы нагнуў голаў i глядзеў на зямлю сумнымi хворымi вачыма.

– Сапраўды, - загаварыў Воланд пасля маўчання, - яго сапраўды моцна скалечылi.
– Ён загадаў Кароўеву: - Дай, рыцар, гэтаму чалавеку чаго-небудзь выпiць.

Маргарыта ўпрошвала майстра дрыготкiм голасам:

– Выпi, выпi! Ты баiшся? Не, не, павер мне, што табе дапамогуць!

Хворы ўзяў шклянку i выпiў тое, што было ў ёй, але рука яго здрыганулася, i апусцелая шклянка зазвiнела асколкамi ля яго ног.

– На шчасце! На шчасце!
– зашаптаў Кароўеў Маргарыце.
– Глядзiце, ён пачынае ўжо ачуньваць.

Сапраўды, позiрк хворага зрабiўся не гэтакi дзiкi i трывожны.

– Гэта сапраўды ты, Марго?
– спытаў месячны госць.

– Не сумнявайся, гэта я, - адказала Маргарыта.

– Яшчэ!
– загадаў Воланд.

Пасля таго як майстар асушыў другую шклянку, яго вочы ажылi i зрабiлiся разумнымi.

– Ну вось, цяпер iншая справа, - сказаў Воланд i прымружыўся, - цяпер i пагаварыць можна. Хто вы будзеце?

– Цяпер я нiхто, - адказаў майстар, i рот ад усмешкi толькi скрывiўся.

– Вы адкуль зараз?

– З вар'яцкага дома. Я - псiхiчна хворы чалавек, - адказаў прышэлец.

Ад гэтых слоў Маргарыта не стрымалася i заплакала зноў. Потым выцерла вочы i закрычала:

– Жахлiвыя словы! Жахлiвыя словы! Ён майстар, месiр, я вас папярэджвала пра гэта! Вылечце яго, ён заслугоўвае гэтага!

– Вы ведаеце, з кiм зараз размаўляеце, - спытаўся ў прышэльца Воланд, - у каго вы зараз знаходзiцеся?

– Ведаю, - адказаў майстар, - маiм суседам у вар'яцкiм доме быў гэты хлопчык, Iван Бяздомны.Ён расказаў мне пра вас.

– Ну, вядома, вядома, - адказваў Воланд, - я меў радасць сустракацца з гэтым маладым чалавекам на Патрыярхавых сажалках. Ён мяне ледзь самога да вар'яцтва не давёў, даказваў, што я не iсную! Але вы верыце, што гэта на самай справе я?

– Даводзiцца верыць, - сказаў прышэлец, - вядома, спакайней было б лiчыць, што вы проста праява галюцынацыi. Выбачайце, - спахапiўся майстар.

– Ну, што ж, калi спакайней, то i лiчыце, - ветлiва адказаў Воланд.

– Не, не!
– спалохана загаварыла Маргарыта i трэсла майстра за плячук. Апамятайся! Перад табою сапраўды ён!

Кот i тут не вытрываў:

– Хiба я адзiн падобны на галюцынацыю. Звярнiце ўвагу на мой профiль, асветлены поўняй.
– Кот палез пад месячнае святло i хацеў нешта яшчэ сказаць, але яго папрасiлi сцiхнуць, i ён адказаў: - Добра, добра, я гатовы замоўкнуць. Я буду маўклiвая галюцынацыя.
– I замоўк.

Поделиться с друзьями: